Літва старажытная

Літва (Літва ў вузкім сэнсе, уласна Літва, гістарычная Літва[1]) — гістарычны рэґіён, што аб’ядноўвае захад Беларусі і паўднёвы ўсход Летувы. Паводле традыцыйнай вэрсіі, тапонім Літва прымяркоўваць да тэрыторыяў Ашмяншчыны, Віленшчыны, Лідчыны і часткі Троччыны, аднак на падставе аналізу шматлікіх летапісных крыніцаў і зьвестак тапанімікі[2] яго пашыраюць на Браслаўшчыну, Вількаміршчыну, Ваўкавышчыну, Слонімшчыну, большую частку Наваградчыны, а таксама часткі Гарадзеншчыны, Ковеншчыны і Меншчыны[3].

Першы пісьмовы ўпамін Літвы ў летапісе — «Litua» (на лацінскай мове), 1009 г.

Літва — тэрыторыя з гістарычна мяшаным балцка-славянскім насельніцтвам[4], дзе ў XIII ст. утварылася Вялікае Княства Літоўскае. Галоўны цэнтральны рэгіён дзяржавы[1], які ў XIII—XVIII стагодзьдзях праз працэс балцка-славянскіх кантактаў набыў пераважна беларускі этнічны характар[5].

Ад назвы літва паходзіць гістарычная саманазва беларусаўліцьвіны.

НазваРэдагаваць

ПаходжаньнеРэдагаваць

 
Пячаць Багуслава I(uk), князя люцічаў, 1170 г.

Мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка на аснове аналізу формаў назвы Літва і сугучных славянскіх уласных імёнаў, ужываных у гістарычных дакумэнтах, прыйшоў да высновы, што назва Літва паходзіць ад антрапоніму L'ut-o -a з каранёвай асновай l'ut (lit-), узятай ад аднакарэнных двухасноўных антрапонімаў (Luto-voj, Luto-slav, Luto-mir) з значэньнем люты[6]. Далей ад гэтага антрапоніму ўтварыўся тапонім (харонім) *L'ut-ov-a, які паводле пашыранай мадэлі, зафіксаванай у сугучных славянскіх тапонімах, перайшоў у форму *Lit(o)va (Літва). Праз пэўны час гэты тапонім набыў сэнс палітоніму з канфэсійным і этнічным напаўненьнем[7].

Фактычна Алесь Жлутка ўдакладніў першае найбольш старажытнае тлумачэньне, выказанае яшчэ ў XIII ст. прускім храністам Хрысьціянам, паводле якога Літва як зямельнае ўладаньне атрымала назву ад імя аднаго з сваіх валадароў. Вэрсію, што гэтым валадаром быў легендарны прашчур вялікага заходнеславянскага племя люцічаў, у 1921 годзе падтрымаў і разьвіў мовазнаўца Язэп Лёсік. Пра паходжаньне назвы Літвы ад люцічаў выказаў думку яшчэ ў пачатку XX ст. Эрнст Гэніг, выдавец Прускай хронікі Лукаша Давіда. Пра тое ж выказаўся ў 1920-я гады Вацлаў Ластоўскі. Гісторык Павал Урбан сьледам за Вацлавам Пануцэвічам[8] падрабязна вытлумачыў паходжаньне ліцьвінаў (літвы, лютвы) ад часткі люцічаў[9]. Паводле гэтай вэрсіі, па доўгім змаганьні зь немцамі рэшта племя люцічаў, якое жыло паміж рэкамі Лабай і Одрай на паўночным усходзе цяперашняй Нямеччыны, дзеля паратунку ад паняволеньня і вынішчэньня перасялілася на ўсход[2]. Гэтая ж вэрсія паходжаньня назвы Літва дэкляравалася ў час агульнага сходу студэнтаў-эмігрантаў у Парыжы ў 1949 годзе, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх і летувіскіх студэнтаў. Яе выклад зьявіўся ў часопісе «Моладзь», які выходзіў у Парыжы ў 1948—1954 гадох. Сучасная беларуская мовазнаўца прафэсарка Раіса Казлова на аснове багатага анамастычнага матэрыялу з розных славянскіх краінаў, у тым ліку зь Беларусі, таксама давяла, што назва Літва ўтварылася ад славянскай асновы *l'ut-, што дазволіла ёй адзначыць: «правамерна аднесьці этнонім Літва да першапачатковага Лютва... Думаецца, што Літва — гэта славяне заходніх ускраінаў Славіі (люцічы, люты, юты, одрычы і іншыя плямёны)». Такім чынам, паводле меркаваньня дасьледніцы, мова старажытных ліцьвінаў — гэта сплаў мовы ўсходнеславянскага насельніцтва і моваў славянаў заходнеславянскіх ускраінаў[10][11].

У 2019 годзе беларускі дасьледнік Алёхна Дайліда выказаў гіпотэзу, што назва ліцьвіны ад пачатку была канфэсіёнімам (гісторык Сяргей Тарасаў зазначае ў сваёй рэцэнзіі на гэтую працу, што ва ўсходніх, гэтак званых «рускіх» крыніцах, сапраўды, не было ацэнак ліцьвінаў як паганцаў, а ў заходнеэўрапейскіх крыніцах ліцьвіны ацэньваюцца як схізматыкі, ворагі веры, «нехрышчоныя», «вераадступнікі», што адпавядала ацэнкам хрысьціянаў Полацку, Ноўгараду ды іншых земляў)[12]. Улічваючы шэраг яўна ўсходнегерманскіх імёнаў і тапонімаў люцічаў і летапіснага апавяданьня пра прыбыцьцё літоўскай шляхты зь нямецка-данскага ўзбярэжжа, Алёхна Дайліда адзначае імавернасьць повязі назвы літвы з палабскімі люцічамі, аднак больш імаверным лічыць утварэньне назвы літва (або лютва) ад усх.-герм. liþus ― 'сябра, удзельнік' або liuþs 'чалавек' — у якасьці азначэньня ўсіх перасяленцаў зь нямецка-данскага ўзбярэжжа ў Панямоньне ў XX ст. — і далейшую яго зьмену ў ліцьвіны (або люцьвіны) праз усходнегерманскія суфіксы -þwa і -in (liþwa, такім парадкам, мусіла б азначаць 'суполка, дружына', а liþwin — удзельніка такой суполкі)[a]. На думку Алёхны Дайліды, форма ліцьвіны, відаць, існавала ўжо ў пачатку XI ст. (каля 1025 году палякі ваявалі супраць Letwanos і іншых «вераадступных»)[14].

Тым часам, паводле гісторыка Аляксандра Краўцэвіча, харонім Літва ёсьць вытворным ад назвы сярэднявечнага балцкага племені (літва, літоўцы), якое займала тэрыторыю ў басэйне правых прытокаў Нёмана, пераважна Вяльлі[1].

Выказваліся і іншыя меркаваньні пра паходжаньне назвы Літва. Яшчэ ў XV ст. Ян Длугаш зьвязваў яе з трансфармацыяй арыгінальнага італьянскага l'Italia — Італія — пад уплывам гаворак суседніх народаў. У такім жа легендарным рэчышчы беларускія летапісы XV—XVI стагодзьдзяў выводзілі гэтую назву ад зьліцьця двух лацінскіх словаў litus — 'бераг', tuba — 'труба'. Пазьней вытокі назвы Літва спрабавалі адшукаць у балцкіх мовах: ад летувіскага lytus — 'дождж' або ад назваў рэк, якія нібы выводзяцца з гэтай асновы. Тым часам Алесь Жлутка паказвае на тое, што летувіскія вэрсіі непераканаўчыя і маюць шмат слабых бакоў. Сярод іншага, яны ігнаруюць велізарны анамастычны матэрыял з славянскіх тэрыторыяў і не бяруць пад увагу розныя формы назвы ў раньніх лацінскіх крыніцах з варыятыўнымі фармантамі і асновамі. Праявай хісткасьці летувіскіх гіпотэзаў і прыкметай таго, што этымалягічныя пошукі ў гэтым кірунку заходзяць у тупік, стала вылучэньне Артурасам Дубонісам новай вэрсіі, дзе Літва супастаўляецца з назвай служылага стану лейцяў. Як адзначае Алесь Жлутка, гэтая вэрсія грунтуецца пераважна на дакумэнтах позьняга часу — XVI стагодзьдзя, калі ўжо маглі адбыцца істотныя зьмены ў этнічным складзе насельніцтва і анамастыцы розных рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага, а адзінкавыя ранейшыя, адрозныя паводле формы, упаміны могуць мець іншае паходжаньне[15].

ФормыРэдагаваць

Асноўныя формы назвы Літва, якія ўжываюцца ў тэкстах лацінамоўных дакумэнтаў, зьвязаных з каралём Міндоўгам: Letovia, Litovia, Luthovia і Lutavia[16]. Пры гэтым формы Luthovia і Lutavia не маглі быць выпадковымі: яны ўжываліся ў лістох, напісаных у час знаходжаньня пасольства Міндоўга пры папскім двары і таму маглі быць успрынятымі беспасярэдне ад набліжаных караля. Падобныя формы сустракаюцца і ў пазьнейшых папскіх лістох, а таксама ў тытулах абодвух прызначаных у Літву біскупаў — Хрысьціяна і Віта[17].

Як адзначае Алесь Жлутка, у старабеларускай мове ўжываліся наступныя пары з аднолькавым значэньнем: лютовати і литовати, лютость і литость, лютостивый і литостивый ды іншыя. Такое ж чаргаваньне сустракаецца ў гідраніміі, тапаніміі і антрапаніміі Вялікага Княства Літоўскага. Апроч таго, дасьледнікі засьведчылі форму лютвін (замест літвін)[18], а этнограф Уладзімер Дабравольскі запісаў на Смаленшчыне два старажытныя паданьні, адно зь якіх сягае да XIII ст., дзе Літва завецца Лютвою[19][20]

ГісторыяРэдагаваць

Раньнія часыРэдагаваць

 
Межы старажытнай Літвы паводле Міколы Ермаловіча

Упершыню Літва ўпамінаецца ў Квэдлінбурзкай хроніцы пад 1009 годам, калі хрысьціянскі місіянэр Бруна Квэрфурцкі прыняў мучаніцкую сьмерць ад паганцаў «на мяжы Русі зь Літвой»[2]. Пачатковая лякалізацыя тапоніму Літва канчаткова ня вывучаная, аднак ёсьць пэўнае супадзеньне тэрыторыі сярэднявечнай Літвы з арэалам культуры штрыхаванай керамікі на позьнім этапе (пачатак н.э.). У такім разе ўзьнікненне гэтай назвы датуецца пачатакам нашай эры[21].

Назву літва, імаверна, мела балцкае племя (Літва — паводле Галіцка-Валынскага летапісу і littowen — у Старэйшай інфляцкай рыфмаванай хронікі), што жыло на памежжы з Полацкай зямлёй (Менскім княствам) ў часы раньняга Сярэднявечча[5]. Найстарэйшы усходнеславянскі летапіс Аповесьць мінулых часоў называе літву сярод суседніх з славянамі народаў[2]. Пазьней ва ўсходнеславянскіх летапісах літва пералічваецца сярод народаў, якія плацяць даніну Русі. Толькі пад канец ХІІ ст. літва настолькі ўзмацнілася, што пачала рабіць набегі на сваіх суседзяў. У пачатку ХІІІ ст. гэтыя набегі сталі часьцейшымі, пры гэтым у летапісах практычна няма згадак пра набегі літвы на тэрыторыі Полацкага княства і Панямоньня. Яны звычайна рабіліся на Валынь, Пскоўскую, Смаленскую і Чарнігаўскую землі, і Польшчу[22].

У XI—XIII стагодзьдзях назва Літва пашырылася на ўсё верхняе і сярэдняе Панямоньне — тэрыторыі зь мяшаных балцка-славянскім насельніцтвам[1]. У XIII ст. у гэтым рэгіёне ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. Паводле летапісных зьвестак XII—XIII стагодзьдзяў і пазьнейшай тапаніміі, Мікола Ермаловіч лякалізуе летапісную Літву каля Менску на ўсходзе, Наваградку на захадзе, Маладэчна на поўначы і Ляхавічаў на поўдні[23], але потым яе назва разам з уладай вялікіх князёў літоўскіх пашырылася на іншыя тэрыторыі балтаў у выняткова палітычным сэнсе. Алесь Жлутка таксама лякалізуе гістарычную Літву на тэрыторыі паміж Менскам і Наваградкам, пазначанай аднайменнымі тапонімамі[7].

Вялікае Княства ЛітоўскаеРэдагаваць

 
Літва на мапе з атлясу 1692 году (перадрукоўвалася ў 1702 годзе)

У Іпацьеўскім летапісе пад 1238 годам упамінаецца «Литва Минъдога». З пашырэньнем уладаньняў Міндоўга, Войшалка і наступных вялікіх князёў літоўскіх на Нальшаны, Дзяволтву, Упіту, межы Літоўскай зямлі — вялікакняскага дамэну — пашырыліся і на гэтыя землі, а назва Літва ахапіла ўсю Аўкштоту, за якой гэтае азначэньне таксама замацавалася.

У 1249 годзе валыняне ішлі выправаю «на Літву на Наўгародак». У 1257 годзе на загад папскае курыі на ўсходзе Польшчы ўтварылася новае біскупства — у Лукаве(pl) (месьціцца за 70 км на захад ад Берасьця). У буле на заснаваньне гэтага біскупства адзначалася, што яно ствараецца «in confinio Letwanorum»[24] — «на мяжы зь ліцьвінамі». У 1267 годзе псковічы, ідучы ў паход на Крэва, ішлі «на Літву». Паводле летапісу, князь Даніла Раманавіч, едучы ў 1260 годзе «па Літоўскай зямле», наведваў Ваўкавыск, Зэльву і Горадню. У 1275 і 1277 гадох валыняне ішлі ваяваць «на Літву» — на Слуцак і Капыль. У 1286 годзе, паводле крыжацкай хронікі, рака Буг месьцілася ў Літве[25].

Бізантыйскія крыніцы сьведчаць, што вялікі князь Альгерд аднавіў Літоўскую мітраполію ў 1354 годзе на жаданьне літоўскага народу: «…магутны князь Літоўскае зямлі <…> гатовы быў на ўсё, каб <…> яго край быў самастойным і быў паднесены на ўзровень мітраполіі, кіраванае ўласным мітрапалітам, пра што і прасіў сьвяты і высокі збор; і гэты збор <…> паставіў пасланага адтуль і прызнанага дастойным кандыдата (Рамана) на мітрапаліта таго краю, згодна з жаданьнем яго народу, зь мясцовымі патрэбамі і жаданьнем згаданага князя»[26]. Мітрапаліт Раман (як і ранейшыя літоўскія мітрапаліты, ад 1300 году) меў афіцыйны тытул «мітрапаліта Літвы» (грэц. μητροπολίτης Λιτβων)[27]. Рэзыдэнцыя літоўскага мітрапаліта сьпярша была ў Наваградку[28], потым у Вільні, у склад мітраполіі ўваходзілі Полацкая і Тураўская япархіі[29].

Складзены ў канцы XIV ст. у Кіеве (Вялікае Княства Літоўскае) «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», дзе пералічваліся гарады (замкі), падначаленыя ўладзе праваслаўнага («рускага») мітрапаліта — баўгарскія, валаскія, польскія (падольскія), кіеўскія, валынскія, літоўскія, смаленскія, разанскія і залескія — улучаў большасьць гарадоў на этнічнай тэрыторыі беларусаў у разьдзел літоўскія гарады[30], сярод іх Ворша, Полацак, Віцебск, Слуцак, Менск, Наваградак, Барысаў, Крычаў[31]. Тым часам беларуская народная песьня, якая ўслаўляла перамогу гетмана Канстантына Астроскага над маскавітамі пад Воршай у 1514 годзе, сьведчыць: «Слава Воршы ўжо ня горша сярод мест літоўскіх»[32]. Паводле летапісу ХVІІ стагодзьдзя, адзін з гарадоў, заснаваных маскоўскім гаспадаром Іванам ІV Тыранам на акупаванай Полаччыне, быў «ад літоўскіх гарадоў ад Лепля поў — 30 вёрст, ад Лукомля 20 вёрст». А народжаны на Берасьцейшчыне праваслаўны дзяяч Афанасі Філіповіч у 1667 годзе называў месца знаходжаньня Купяціцкага манастыра ў Літве, а гэта — «міля ад Пінску»[33].

У XIV—XVI стагодзьдзях сучасьнікі звычайна адносілі да Літвы тэрыторыі на захад ад Заходняе Бярэзіны (на захад ад лініі БраслаўБарысаўМенскСлуцакКлецакЛяхавічыКосаўПружаны ўлучна[34]) і на ўсход ад ракі Нявежы (вакол местаў Аліты, Вількаміру, Анікштаў, Ракішкаў). У XVII—XVIII стагодзьдзях назва Літва пашырылася на Берасьце, Кобрынь і Камянец[35].

У крыніцах XVI—XVIII стагодзьдзяў вызначаюцца таксама Літва Павялейская (ад Вяльлі да Нёмана) і Літва Завялейская (паміж Вяльлёй і Дзьвіной)[36]. Пры гэтым назва Літва не пашыралася на Жамойць: напрыклад, у акце разьмежаваньня Вялікага Княства Літоўскага з Інфлянтамі 1506 году «граніца Жамойцкай зямлі зь Ліфлянцкаю зямлёю» разглядалася апрычона ад літоўскай мяжы, у той час як «Літоўская граніца» ішла «да Дрысьвята і да Браслаўля, аж і да Пскоўскага рубяжа», то бо абыймала Полаччыну. Пытаньні «граніцы Літоўскае» з Жамойцю разглядаліся і на соймах 1542 і 1554 гадоў[37].

Пэўны час Літва выступала як адна з гістарычных назваў усёй сучаснай Беларусі разам зь Вільняй (Вялікае Княства Літоўскае). У выдадзеным у Лёндане 34-м томе калектыўнай навуковай працы «Universal History»(en) (1762 год) зазначалася, што Літву карэнныя яе жыхары называюць «Litwa» (анг. «...Lithuania, called Litwa by the natives»)[38], а таксама што Літва мяжуе з Расеяй, Інфлянтамі, Валыньню, Чырвонай Русьсю, Польшчай, Падляшшам, Прусіяй і Жамойцю[39]. Падобныя памежныя рэгіёны (з удакладненьнем у выглядзе Малой Польшчы — замест Чырвонай Русі і Польшчы) пазначаліся ў выдадзеным у Пэрце 13-м томе «Encyclopædia Perthensis»(en) (1806 год[b]), дзе таксама адзначалася назва «Litwa» і тое, што мова Літвы — славянскі дыялект (анг. «Lithuania, or Litwa <...> The language is a dialect of the Sclavonic»)[40].

Пад уладай Расейскай імпэрыіРэдагаваць

 
Менск Літоўскі. З вокладкі кнігі Аляксандра Ельскага, 1900 г.
 
Першая старонка нявыдадзенай Мужыцкай праўды, кастрычнік 1862 г.

Па ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскае ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай Літва ўспрымалася як рэгіён у складзе Расейскай імпэрыі, што засьведчалі падвойныя назвы такіх местаў як Менск Літоўскі і Берасьце Літоўскае[5]. Расейскі чыноўнік Аляксандар Башняк(ru) у выдадзеным у 1821 годзе дзёньніку свайго падарожжа 1815 году зь Вільні ў Кіеў пакінуў падрабязныя апісаньні прыроды і мескіх паселішчаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага, а таксама адзначыў: «Наўрад ці Прыпяць ня варта лічыць прыроднаю мяжою Літвы <…>. Да Прыпяці жывуць літоўцы <…>; да Прыпяці гавораць і апранаюцца па-літоўску…» (рас. «Едва ли Припять не должно почитать природною границею Литвы <...>. До Припяти живут литовцы <...>; до Припяти говорят и одеваются по Литовски...»)[41]. Украінскі і расейскі лінгвіст, гісторык і этнограф Міхайла Максімовіч(uk) у 1839 годзе зазначаў: «У Маларосіі называюць яе [мову Беларускую або дакладней Літоўска-Рускую] просто літоўскай, а тых, хто гаворыць ёй — ліцьвінамі; таму і Паўночна-заходняя частка Чарнігаўскай Губэрні — куды распасьціраліся засяленьні Радзімічаў і дзе гавораць па-Беларуску — называецца ўжо Літвою»[c][42].

Славуты паэт Адам Міцкевіч (1798—1855), які нарадзіўся і вырас на Наваградчыне і ў самім Наваградку, у сваёй знакамітай паэме пісаў пра родны край: «О Літва, айчына мая!…»[43]. Заснавальнік новай беларускай драматургіі і адзін з стваральнікаў сучаснай літаратурнай беларускай мовы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884) лічыў «Літвой» Менск, у якім тады жыў[32][43]. Беларускі пісьменьнік Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816—1884), які нарадзіўся на Полаччыне і жыў у Віцебску, пісаў у сваім творы: «Літва — родная зямелька»[32]. Народжаны на гістарычнай Случчыне беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) (1823—1862), які, як і яго сучасьнікі, называў Беларусь Літвой, падкрэсьліваў у адным з сваіх вершаў: «Пра адно я толькі сьпяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць ліцьвіны!»[d][45]. «Продкі мае выйшлі зь літоўскіх балотаў», — пісаў пра Піншчыну Фёдар Дастаеўскі[32][43].

Напярэдадні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў кастрычніку 1862 году зьявіўся нумар «Мужыцкай праўды», які аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт лічыцца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць беларускім сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ[46][47]:

  Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі <…> Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы.  

У другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзяў назву Літва ў форме Летува (лет. Lietuva) пераняў для сваёй краіны нацыянальны рух, які сфармаваўся галоўным чынам на этнічнай аснове Жамойці[5]. Хоць яшчэ ў 1854 годзе на старонках часопіса Библиотека для чтения(ru), які рэдагаваўся народжаным на Віленшчыне навучэнцам Менскага езуіцкага калегіюму і Віленскага ўнівэрсытэту прафэсарам-паліглётам Восіпам Сянкоўскім(ru), зьявілася крытычная нататка датычна называньня жамойтаў (летувісаў) «літвою»[48]:

Я хачу яшчэ аддаць гістарычнай і філялягічнай крытыцы сябраў віленскага камітэту самы тэрмін Літва. Я не зусім разумею адрозьненьне, якое робяць яны ў адным і тым жа чудзкім народзе, паміж Літвою і Жамойцю. Мне здаецца, што дарма адну частку гэтага народа называюць Літвою, тады як іншай пакідаюць агульную і сапраўдную назву ўсяго народа, Жамойць. Абедзьве яны — тая ж Жамойць. Слова Літва зусім не літоўскае[e] і яно належыць столькі ж і яшчэ больш славянскай частцы ранейшага літоўскага гаспадарства, як і чудзкай. Калі жыхары чудзкай часткі адгукаюцца, што яны — Літува і што яны кажуць літувішкі, па-літоўску, гэта па-мне значыць толькі, што яны ўжываюць на свой асабісты рахунак агульную палітычную назву гаспадарства, а не сваю племянную назву. Гэтак жа цяперашнія Грэкі, Італьянцы і паўднёвыя Швайцарцы, таму, што некалі знаходзіліся пад рымскім валадарствам, выхваляюцца, нібыта яны — Рымляне і гавораць па-рымску (Romeі, Rumanі, Roman). Латышы, альбо Леты, чудзкія людзі аднаго кораня зь літоўскай Чудзьдзю, не называюць сябе Літвою; такім чынам, і сястра іхняя, літоўская Чудзь, этнаграфічна, ня мае права на гэтую назву. Уся яна — Жамогусы, Жамогі альбо Жамодзі, Сямогі альбо Сямодзі, адкуль ўтварыліся словы Жамойць і Самагіція. Латышы таксама называюць сябе Земме, Семме, а гэта значыць толькі «свая зямля» падобна таму, як Сома альбо Суомі, «свая зямля» Фінляндыя і Суомалайне, «людзі сваёй зямлі», Фіны, альбо Фінляндцы. Жамогус альбо жмогус значыць — чалавек. Яны проста — людзі, а ня літоўцы. Вядома, што ў прыбалтыйскіх Чудзкіх пакаленьнях няма асобых назваў для іх моваў: кожнае запэўнівае, што яно гаворыць на мове ма-кіль, «мове зямлі». Як у літоўскай Чудзі, альбо Жамогусаў, відаць, не было асобай назвы дзеля народнай мовы, то яна тым больш ахвотна пагадзілася называць яе «літоўскай», што слова «Літва» было палітычным тытулам знакамітай дзяржавы, якой Чудзь гэтая належала.

Як адзначае гісторык Уладзімер Арлоў, па анэксіі земляў Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расейскай імпэрыі спрыялі пашырэньню назваў Белая Русь і беларусы, бо гэтыя назвы больш адпавядалі імпэрскім інтарэсам і дазвалялі трактаваць ліцьвінаў як разнавіднасьць расейцаў («вялікарусаў»)[49]. Палітыка татальнай русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага, якую праводзілі расейскія ўлады, спрыяла паступоваму зьнікненьню з ужытку назваў «Літва» і «ліцьвіны» ў гістарычным сэнсе[50][51] і іх адначаснаму замацаваньню за суседнім балцкім народам (летувісамі)[33].

У канцы XIX — пачатку XX ст. нацыянальная эліта гістарычных ліцьвінаў пры чынным удзеле выхадцаў з шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага — простых нашчадкаў гістарычнай Літвы[52] (з шляхты паходзілі заснавальнікі Нашай Нівы браты Іван і Антон Луцкевічы, заснавальнік першай беларускай партыі Вацлаў Іваноўскі, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады паэт Карусь Каганец, стваральнік беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі, клясыкі беларускай паэзіі Алаіза Пашкевіч і Янка Купала, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня Вацлаў Ластоўскі, аўтар навукова вызначаных межаў этнічнай тэрыторыі беларусаў гісторык і этнограф прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі ды іншыя) — якая выступала за адраджэньне свайго народа і яго дзяржаўнасьці, абрала назвы «Беларусь» і «беларусы». Палітык і грамадзкі дзяяч Зянон Пазьняк дае наступныя тлумачэньні, чаму дзеячы нацыянальна-вызвольнага руху мелі выступіць пад назвай «Беларусь»[53]:

І нарэшце, чаму нацыянальныя дзеячы ўмоўнай «Літвы», разумеючы гісторыю, ня выступілі пад аб’яднаўчым тэрмінам «Літва», але пад назвай «Беларусь»? Адказ на паверхні: таму што аб’яднаўчым тэрмінам у гэтай сытуацыі магла быць толькі Беларусь. Гэта ўжо была навуковая і палітычная рэальнасьць. Нашыя нацыянальныя дзеячы таго часу — гэта былі мудрыя людзі, якія грунтаваліся на аб’яднаўчай нацыянальнай ідэі, умелі стратэгічна думаць і глядзець наперад, абапіраліся на навуку і на рэчаіснасьць. Сытуацыя была такой, што калі б яны кансэрватыўна ці рамантычна выступілі пад назовам «Літва», то ўсходнюю Беларусь мы маглі б страціць назаўсёды. Царская Расея скарыстала б канфэсійны падзел і тэрміналёгію ў сваіх інтарэсах з усёй магутнасьцю імпэрскай прапаганды, бюракратычнага апарату і царквы. Вось тады зьявілася б у Расеі рэальная Белая Русь, якую б яшчэ і натравілі супраць «католической литовской ереси» ды «сэпаратызму». Бальшавікі давяршылі б гэты падзел ужо ў сьведамасьці. А сьведамасны падзел, як вядома, нашмат горшы і разбуральны, чым падзел тэрытарыяльны. Стаўка на назву «Літва» была б у тых умовах ужо сэпаратысцкай і тупіковай. У лепшым выпадку — маргінальнай. Нацыянальныя дзеячы-адраджэнцы абазначылі і ўключылі ў нацыянальны рух усю літоўскую тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага (умоўную Літву і Беларусь) пад агульнай назвай Беларусь. У выніку расейская прапаганда не змагла фармальна ўклініцца ды падзяліць адзіную ідэю (хоць увесь час імкнулася). Расея ў такіх абставінах вымушана была агулам непрызнаваць і змагацца зь беларускім нацыянальным рухам. Расейцам у ідэйным пляне фармальна нічога не дасталося. <…> Беларуская нацыя адбылася ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Вяршыняй гэтага працэсу было стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, прытым дакладна ў дзяржаўна-этнічных межах гістарычнай Літвы.

Найшоўшы часРэдагаваць

 
«Польшча і Літва за Ягайлам». Мапа з гістарычнага атлясу 1927 г.

У 1918 годзе летувісы ўзялі для сваёй нацыянальнай дзяржавы назву старажытнай Літвы і такім чынам прысвоілі ўсё яе гістарычнае мінулае[54]. У міжваенны час гістарыяграфія незалежнай Летувы манапалізавала гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, у якім яе землі складалі каля 10% тэрыторыі, а летувіская мова ня мела дзяржаўнага статусу. З прычыны браку ўласнай дзяржавы і сталінскага тэрору беларуская гістарыяграфія ў той час не магла свабодна разьвівацца, таму не брала ўдзелу ў дыскусіі. Навуковая гістарыяграфія ў Беларусі пачала актыўна фармавацца толькі па аднаўленьні незалежнасьці ў 1990-я гады. Гэта прывяло да таго, што ў сьвеце пашырэньне атрымала памылковае стэрэатыпнае атаясамленьне гістарычнай Літвы з сучаснай Летувой, а гісторыі Вялікага Княства Літоўскага (у першую чаргу палітычнай) — з гісторыяй гэтай краіны[55].

Разам з тым, яшчэ ў 1921 годзе адзін з ініцыятараў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі былы старшыня Рады БНР Язэп Лёсік апублікаваў у афіцыйным культурна-адукацыйным часопісе Беларускай ССР артыкул «Літва — Беларусь (Гістарычныя выведы)»[56], у якім зазначыў: «Беларусь у пазьнейшыя часы дзяржаўнай незалежнасьці насіла найменьне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жмудзкага й інш., або карацей — Вялікае Княства Літоўскае. <…> Сталася так, што пад Літвою разумеюць землі, заселеныя жмудзінамі, або даўнейшую Жамойць. <…> А што важней за ўсё, дык гэта тое, што Літва й Жмудзь — дзьве рэчы зусім розныя, і, апіраючыся на летапісныя весткі, ні ў якім разе ня можна зваць цяперашніх жмудзінаў літоўцамі. <…> Мала гэтага, цяперашнія літоўцы (жмудзіны) упэўнілі нават усю Эўропу, што гэты іх маленькі жмудзкі народ абладаў колісь магутнай і слаўнай Літоўска-Рускай дзяржавай. <…> Расійскія і польскія гісторыкі, дзякуючы сваім імпэрыялістычным тэндэнцыям, не вытлумачылі сабе значэньне слова Літва і вераць створанай ілюзіі, што ўвесь гістарычны скарб б. В. К. Літоўска-Рускага (Беларускага) належыць цяперашнім жмудзінам. Але правільнае асьвятленьне гістарычных фактаў сьведчыць нам пра тое, што Літва — гэта было славянскае племя, увайшоўшае ў склад цяперашняга беларускага народа. Літва, Лютва, Люцічы — іменьні славянскага племя <…> і калі нашы продкі — беларусіны ў прошлых сталецьцях звалі сябе літвінамі, то яны ведалі, што казалі». У 1926 годзе беларускі гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч на старонках віленскай газэты «Сялянская Ніва» зазначаў: «Вялікае значэньне мела імя Ліцьвін, Літва. Нашая мова часта завецца гэтым імем <…> Але нашыя продкі самі называлі сябе і далей па-старому: Крывіч, Ліцьвін, Крывія, Літва, мова крывіцкая, літоўская, руская»[57]. Пазьней ён папулярызаваў датычна Беларусі назву Вялікалітва. У 1934 годзе загаднік беларускага замежнага архіва ў Празе, былы міністар унутраных справаў БНР Тамаш Грыб у сваім артыкуле «На два франты (Галоўныя засады вызвольнай праграмы беларускага народу)» падкрэсьліваў: «Хай нас ня блытаюць розныя найменьні дзяржавы, утворанай на рубяжы XIII—XIV стагодзьдзяў на вагромністым абшары Усходняе Эўропы, найменьні, якія ўжываюцца ў сучаснай гістарычнай літаратуры — Літва, Русь, Западная Русь, Літоўская Русь, Вялікае Князьства Літоўскае, Вялікае Князьства Літоўска-Рускае, Вялікае Князьства Літоўска-Беларускае, Вялікае Князьства Беларуска-Літоўскае, а таксама: Западная Русь пад уладаю Літвы, Беларусь пад Літоўскім панаваньнем ды інш. Усё гэта ёсьць выплад надзіву годнага непаразуменьня і зблытаніны паняцьцяў. Трымаймося фактаў гістарычнае рэчаістасьці: мова і культура беларускага народу былі пануючымі ў гэнай дзяржаве. Вось жа: гэта была беларуская дзяржава! <…> Трэ мець на ўвазе пры гэтым і адрознасьць паміж Ліцьвінамі (старадаўнымі Люцічамі, Велетамі або Волатамі) і Жмудзінамі. Асабліва сяньня трэ мець на ўвазе гэну адрознасьць, калі Жмудзіны, прыняўшы старадаўнае найменьне Літва, імкнуцца прыўласьніць і гістарычны зьмест гэтага слова — гістарычную мінуўшчыну беларускага народу»[58]. У працах беларускага гісторыка Вацлава Пануцэвіча (1911—1991), які меў грунтоўную філялягічную падрыхтоўку і выдаваў у Чыкага навуковы часопіс «Litva», Літва — гэта Беларусь, як і ліцьвін — беларус, а літоўская мова — беларуская мова[59].

ЗаўвагіРэдагаваць

  1. ^ Адным з галоўных дакумэнтальных сьведчаньняў на карысьць гэтай вэрсіі Алёхна Дайліда лічыць успаміны Яна Цадроўскага, шляхціча з Случчыны, які служыў князю Багуславу Радзівілу і ў 1637 годзе падарожнічаў зь ім ў Нямеччыну ды іншыя эўрапейскія краі. У сваім дзёньніку Ян Цадроўскі пакінуў згадку пра нашчадкаў германскага народу герулаў, якіх сустрэў на паўночным узбярэжжы Нямеччыны: «...Мы ехалі на Любэк і Гамбург і там каля Рытвэгу мы напаткалі мужыкоў, якія размаўлялі на мяшаным нямецка-літоўскім дыялекце; сваё паходжаньне яны вядуць ад герулаў, продкаў ліцьвінаў»[13]
  2. ^ Перавыдаваўся ў Лёндане ў 1807 годзе і ў Эдынбургу ў 1816 годзе
  3. ^ рас. «В Малороссии называют его [язык Белорусский или точнее Литовско-Русский] просто литовским, а говорящих им — литвинами; потому и Северно-западная часть Черниговской Губернии — куда простирались заселения Радимичей и где говорят по-Белорусски — называется уже Литвою»
  4. ^ польск. «Ja jedno tylko śpiewam, choć na różną nutę: Niech żyje nasza Litwa! niech żyją Litwini!»[44]
  5. ^ Тут — у сэнсе «летувіскае»

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б в г Краўцэвіч А. Гісторыя ВКЛ. — Гародня—Уроцлаў, 2013. С. 10.
  2. ^ а б в г Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 31.
  3. ^ Краўцэвіч А. Гісторыя ВКЛ. — Гародня—Уроцлаў, 2013. С. 187—188. Мапа «Вялікае Княства Літоўскае пры Гедыміне (1341 г.)».
  4. ^ Зайкоўскі Э., Чаквін І. Літвіны // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 382.
  5. ^ а б в г Краўцэвіч А. Гісторыя ВКЛ. — Гародня—Уроцлаў, 2013. С. 11.
  6. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 106.
  7. ^ а б Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 107.
  8. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 236—255, 291—294.
  9. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 58—72.
  10. ^ Казлова Р. Беларуская і славянская гідранімія. Праславянскі фонд: У 2 т. Т. 2. — Гомель: ГДУ, 2002. С. 80—98.
  11. ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 22—27.
  12. ^ Тарасаў С. Рэцэнзія на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды «Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі», Эсхатос, 2019 г.
  13. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 16.
  14. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 33.
  15. ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 19—20.
  16. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 102.
  17. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 102—103.
  18. ^ Малевич С. Белорусские народные песни // Сборник отделения русского языка и словесности императорской АН. Т. 32, № 5. — Спб., 1907. С. 180.
  19. ^ Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. // Записки Императорского русского географического общества по отделению этнографии. Т. XX. — Спб., 1891. С. 379.
  20. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 106.
  21. ^ Зайкоўскі Э. Літва летапісная // БЭ. Т. 9. — Менск, 1999. С. 300.
  22. ^ Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
  23. ^ Зайкоўскі Э. Літва // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 380.
  24. ^ Prussische Urkundenbuch. T. 1. H. 2. — Konigsberg, 1909. № 4.
  25. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 56.
  26. ^ Памятники древнерусского канонического права / Русская историческая библиотека, т. 6. Санкт-Петербург, 1880. Прил., №15. стб. 94.
  27. ^ Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам ХIV в. // Русское обозрение. Кн. 5 (май), 1894. С. 236—241.
  28. ^ Краўцэвіч А. Гісторыя ВКЛ. — Гародня—Уроцлаў, 2013. С. 115.
  29. ^ Wilson 2012. С. 26.
  30. ^ Пазднякоў В. Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 392.
  31. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 156.
  32. ^ а б в г Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «ВЫ». Выпуск 2. — Менск, 1994.
  33. ^ а б Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 321.
  34. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 4. — Менск, 2001. С. 69.
  35. ^ Насевіч В. Літва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. С. 206.
  36. ^ Зайкоўскі Э. Літва // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 380.
  37. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 59.
  38. ^ The Modern Part of an Universal History. Vol. XXXIV. — London, 1762. P. 409.
  39. ^ The Modern Part of an Universal History. Vol. XXXIV. — London, 1762. P. 410.
  40. ^ Encyclopaedia Perthensis; or, Universal dictionary of Knowledge. Vol. XIII. — London, 1806. P. 285.
  41. ^ Дневные записки путешествия А. Бошняка в разные области западной и полуденной России, в 1815 году. Ч. 2. — Москва, 1821. С. 106—107.
  42. ^ Максимович М. А. История древней русской словесности. Кн. 1. — Киев, 1839. С. 97.
  43. ^ а б в Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 324.
  44. ^ Poezye Ludwika Kondratowicza (Władysława Syrokomli). T. 7. — Warszawa, 1872. S. 186.
  45. ^ Цвірка К. Лірнік беларускай зямлі // Уладзіслаў Сыракомля. Выбраныя творы. — Менск: «Кнігазбор», 2006. С. 4.
  46. ^ Герасімчык В. Ненадрукаваны нумар «Мужыцкай праўды» // Народная Воля. 19 чэрвеня 2018 г.
  47. ^ Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна, 2018.
  48. ^ Библиотека для чтения. Том 123, 1854. С. 28—29.
  49. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 161.
  50. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 5, 19.
  51. ^ Snyder T. The Reconstruction of Nations. — Yale Univ. Press, 2003. P. 49—50.
  52. ^ Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  53. ^ Пазьняк З. Беларусь-Літва, Беларуская Салідарнасьць, 27 сьнежня 2016 г.
  54. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 34.
  55. ^ Краўцэвіч А. Гісторыя ВКЛ. — Гародня—Уроцлаў, 2013. С. 12.
  56. ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы // Школа и культра Советской Белоруссии. — 1921. №2. — С. 12—22.
  57. ^ Станкевіч Я. Кнігапісь // Сялянская Ніва. № 16, 1926. С. 3.
  58. ^ Грыб Тамаш. На два франты // Спадчына. № 4, 1995. С. 80—120.
  59. ^ Жлутка А. Пра Вацлава Пануцэвіча // Наша Вера. № 2, 1998.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць