Замак
За́мак (ад польскага zamek, скалькаванага зь сярэдневерхненямецкага slōʒ — «замак» і «замок», якое зьяўляецца калькай лацінскаага clusa «запор, форт, умацаваньне»[1]) — паводле архітэктурнай, археалягічнай і гісторыка-сацыялягічнай сутнасьці зьяўляецца абарончай прыватнаўласьніцкай сядзібай-рэзыдэнцыяй фэўдала з пэўным наборам абарончых і жылых збудаваньняў, характэрнай для пэўнага этапу ў разьвіцьці грамадзтва (фэўдалізму). Тэрмін замак мае таксама шырокае значэньне, як і польскі «zamek» і нямецкі «Burg». Замкам часта называюць абарончыя ўмацаваньні, або адміністрацыйна-прадстаўнічыя комплексы ўвогуле (прыкладам Нясьвіскі замак).
Этымалёгія
рэдагавацьСлова замак у беларускую мову, як і ва ўсе ўсходнеславянскія мовы прыйшло з польскай. Польскае ж zamek ёсьць фактычна пераклад нямецкага Schloß і значыць «замкнуты» ці «зачынены». Трэба разумець, што паняцьце-слова замак прыйшло ў ВКЛ пазьней, чым ўзьнік сам фэномэн фэўдальнага замка. Тэрмін замак ва ўсходнеславянскіх летапісах XIII—XVI стагодзьдзяў адпавядае традыцыйным паняткам грод ці двор. У старажытных усходнеславянскіх мовах паняцьці горад або грод акрэсьлівалі ў першую чаргу пункт абароны[2]. У далейшым жа значэньне падзялілася горадам называлі як замак, так і горад-места,як асяродак рамесна-гаспадарчы.
Функцыі
рэдагавацьГалоўнымі функцыямі фэўдальнага замка (тэрмін фэўдальны замак лепей ужываць як сынонім да вузкага значэньня панятку замак) з прадмесьцямі былі:
- ваенная (цэнтар ваенных апэрацыяў, сродак ваеннага кантролю над акругай),
- адміністрацыйна-палітычныя (месца, дзе канцэнтравалася палітычнае жыцьцё краіны, адміністрацыйны цэнтар акругі),
- культурна-гаспадарчыя (месца вышэйшай элітарнай і народнай культуры, рамесна-гандлёвы цэнтар акругі).
Крытэры
рэдагавацьНайважнейшымі прыкметамі замка зьяўляюцца:
- Сацыяльны статус замка, як цэнтру ўлады фэўдала над пэўным рэгіёнам.
- Сумяшчэньне абарончых і жылых функцыяў. Замак зьяўляўся комплексам пабудоваў, часам вельмі простым, дзе пабудовы сумяшчалі абарончыя і жылыя функцыі. Асабліва яскрава гэта ўвасобілася ў г. зв. данжонах або жылых вежах (прыкладам Княская вежа Крэўскага замка).
- Вышынны прынцып абароны. Прасьцей кажучы, перавага над ворагам дасягался шляхам узьвядзеньня высокіх сьценаў і вежаў, што значна ўскладняла іх штурм і павялічвала мэханічную сілу снарадаў, якія пускалі абаронцы. З увядзеньнем якаснай вагняпальнай зброі гэты прынцып збанкрутаваў, што спрычынілася да зьнікненьня замкаў.
На сутнасьць замка не ўплывае матэрыял будаўніцтва, што адзначаюць як польскія, так і нямецкія дасьледчыкі. Абсалютная большасьць замкаў ВКЛ былі драўлянымі.
Замкі Вялікага Княства Літоўскага
рэдагавацьЗамкі ВКЛ часьцей за ўсё былі абарончымі цэнтрамі гарадоў ці мястэчак, асобна разьмешчаныя замкі зьяўляюцца рэдкасьцю. Апошняе тлумачыцца асаблівасьцю разьвіцьця дзяржаўнасьці і станаўленьня фэадалізму ў Вялікім Княстве.
Характэрнымі для замка ў ВКЛ былі прынцып актыўнай абароны з выкарыстаньнем вышыннай перавагі.
Зьяўленьне замка на беларускіх землях будучага ВКЛ адбылася ў XIII стагодзьдзі. Гэта было зьвязанае ў першую чаргу з існаваньнем моцнага Галіцка-Валынскага княства, актыўнага правадніка фэўдалізму ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне. Менавіта галіцка-валынскія князі ўпершыню ва ўсходнеэўрапейскім арэале распачалі масавае будаўніцтва ў цэнтры драўляных старажытнаславянскіх гродаў моцных мураваных абарончых вежаў, якія сталі першымі замкамі.
Прычыны пашырэньня будаўніцтва гэтых вежаў часта бачаць у разьвіцьці вайсковай тэхнікі і больш актыўным ужываньні прынцыпу вышыннай абароны, аднак падобныя вежы, у выглядзе жылога данжона ці нежылога бэргфрыда, паўсюдна ў Эўропе былі сымбалямі адзінаасобнай улады фэўдала і фэўдалізму ўвогуле. Галіцка-валынскія князі, будуючы пасярод старога драўлянага грода моцную мураваную абарончую вежу мелі на мэце ня столькі ўзмацніць сам грод, бо ўсё насельніцтва ў любым выпадку ў ім уратавацца не магло б, колькі лепей гарантаваць сабе, сваёй уладзе бясьпеку і зацьвердзіць сваё дамінаваньне над гродзкім насельніцтвам, адасобіцца ад яго. У гэтым яскрава праяўляецца каставая або саслоўная сутнасьць фэўдалізму.
Распаўсюджаньне замкаў на тэрыторыі ВКЛ пачалося, як і пашырэньне фэўдалізму, з захаду. Спачатку ў XIII стагодзьдзі гэтаму актыўна садзейнічала Галіцка-Валынскае княства, далей крыжацкія дзяржавы Прусіі і Лівоніі, а пазьней з пачаткам інтэграцыйных працэсаў — у вялікай ступені Польшча. На ўсходзе Беларусі пераўтварэньне старажытных гродзкіх дзядзінцаў у замкі было зьвязана з пашырэньнем права на самакіраваньне і разьдзяленьнем, такім чынам, грода на рамесна-гандлёвае места і фэўдальна-адміністрацыйны замак. Апошні сымбалізаваў вярхоўную ўладу сюзэрэна (вялікага князя, ці асобнага фэўдала) над местам. Ва ўсходнебеларускіх гарадах гэты працэс расьцягнуўся на даволі вялікі час. На ўсход ад Вялікага Княства Літоўскага ўвогуле не выпадае казаць пра існаваньне фэўдальных замкаў.
Верхняй мяжой існаваньня замкаў у ВКЛ зьяўляецца пералом у мілітарнай тэхніцы, зьвязаны з пашырэньнем ужытку вагняпальнай зброі, які ў ВКЛ датуецца сярэдзінай XVI стагодзьдзя. Зьнікненьне замка было выклікана галоўнымі наступствамі гэтага пералому, а менавіта падзелам абарончага збудаваньня на асобны жылы комплекс з павышаньнем яго камфортнасьці (палац) і асобны абарончы комплекс (сыстэмы бастыёнаў і курцінаў) ужо з павышэньнем эфэктыўнасьці абароны супраць вагняпальнай зброі.
Мікола Шчакаціхін
рэдагавацьМікола Шчакаціхін, «бацька» беларускага мастацтвазнаўства, у 1920-х гадох у «Нарысах з гісторыі беларускага мастацтва» першым даў характарыстыку беларускім замкам. Для яго замак быў: «спэцыяльным ваенным будынкам, які зьяўляўся абавязковай базаю для ўсялякіх ваенных апэрацыяў ва ўмовах тагачаснай ваеннай тэхнікі»[3]. Слова замак было сынонімам абарончага будынка ўвогуле. Ён піша аб «драўляных замках ў болей значных палітычных асяродках Х—ХІ сталецьця, пераважна ва ўсходняй Беларусі».
XIII стагодзьдзе Шчакаціхін вызначае як пачатак мураванага замкавага дойлідзтва на Беларусі, якое ён, дарэчы, зьвязвае выключна з заходнеэўрапейскай культурнай традыцыяй. Глава, прысьвечаная замкам, заканчваецца XVI стагодзьдзем. Не выдзяляючы фэўдальны замак у асобную значную групу абарончых збудаваньняў Сярэднявечча, Мікола Шчакаціхін выдзяляе абарончыя збудаваньні XIII—XVI стагодзьдзяў у асобную групу, бо менавіта гэты час быў росквітам фэўдальных замкаў ў ВКЛ.
Савецкі погляд
рэдагавацьСавецкі дасьледчык Павал Рапапорт у сваіх працах, прысьвечаных старажытнарускаму і сярэднявечнаму расейскаму дойлідзтву, увогуле абстрагуецца ад вызначэньня і акрэсьленьня такой катэгорыі, як замак[4][5]. Справа ў тым, што для Маскоўскага княства з дэспатычнай усходняй формай кіраваньня паняцьце прыватнай уласнасьці на зямлю, а тым больш на абарончыя збудаваньні ў Сярэднявеччы ўвогуле не існавала. Усе абарончыя збудаваньні Сярэднявечча і Новага часу ў расейскамоўнай тэрміналёгіі характарызаваліся паняткам «крепость», якое абазначала абарончае збудаваньне ўвогуле. Таксама ён ўжывае такія паняцьці як «крэмль» (цэнтральная абароненая частка гораду, дзядзінец) і «астрог»(драўлянае ўмацаваньне).
Неіснаваньне фэўдальных замкаў на тэрыторыі Ўсходняй Русі зьяўляецца даказаным фактам, але і ў Заходняй Русі[6] па самых сьмелых датыроўках іх выводзяць з другой паловы XII стагодзьдзя. Відавочна, што прычынаю памылкі тут служыць вельмі спрэчнае сьцьвярджэньне савецкай гістарычнай навукі аб раньнім разьвіцьці фэўдалізму ў Кіеўскай Русі, ва ўмовах якога па клясычнай заходнеэўрапейскай схеме фэўдалы-эксплюататары мусілі за высокімі сьценамі свайго замка хавацца ад «прыгнечаных» народных мас.
Адзін зь першых савецкіх дасьледчыкаў беларускай архітэктуры У. А. Чантурыя нягледзячы на шматлікія агрэхі сваёй заідэалягізаванай працы, усё ж такі робіць некаторыя слушныя заўвагі наконт азначэньня замак на Беларусі і ў Вялікім княстве Літоўскім увогуле. «У Беларусі замкамі называлі ўсе віды ўмацаваньняў ці рэзыдэнцыяў знаці»[7] — дасьледчык зьвяртае ўвагу на шырокае значэньне слова замак. Далей ён піша, што іншым значэньнем зьяўляецца «ўмацаванае жытло фэўдала, узьведзенае на прыватнаўласьніцкіх землях і прызначаннае толькі для яго» і падкрэсьлівае, што калі ў Маскоўскай дзяржаве падобных збудаваньняў ня сустракаецца, то на Беларусі іх безьліч[8]. Абсалютна неабгрунтаваным падаецца сьцьвярджэньне У. А. Чантурыя аб тым, што замкамі называліся ўмацаваньні XVI—XVII стагодзьдзяў.
Міхась Ткачоў
рэдагавацьМіхась Ткачоў зрабіў непараўнальна шмат для дасьледаваньняў беларускага абарончага дойлідзтва Сярэднявечча і Новага часу. Ён праводзіў як археалягічныя, так і археаграфічныя дасьледаваньні шматлікіх помнікаў, каб скласьці поўную карціну разьвіцьця абарончага дойлідзтва Беларусі. Таму варта зьвярнуць увагу на ягонае разуменьне азначэньня замак.
Пад паняткам замак у ВКЛ з атрыманьнем гарадамі права на самакіраваньне пачалі называцца мадэрнізаваныя дзядзінцы, у той час як сам горад атрымаў найменьне «места»[9]. Гэта шырокае выкарыстаньне тэрміну замак у XV—XVI стагодзьдзях, як падкрэсьлівае Ю. А. Заяц[10], для Ткачова зарэтушоўвае яго сацыяльны зьмест. У працы «Замкі Беларусі»[11], якая фактычна стала першай абагульняючай працай па гісторыі абарончага сярэднявечнага дойлідзтва Беларусі, Ткачоў падае паняцьце замак у вельмі шырокім сэнсе. Назваўшы працу «Замкі Беларусі» ён разглядае ўсе пераважна мураваныя абарончыя збудаваньні, у тым ліку гарадзкія ўмацаваньні, пачынаючы ад вежаў валынскага тыпу і заканчваючы гарадзкімі ўмацаваньнямі буйных местаў і абарончымі цэрквамі ў прамежку часу ад XIII да XVIII стагодзьдзя.
У кнізе «Замкі і людзі»[12] Ткачоў таксама не дае пэўнага азначэньня паняцьцю замак, у той жа час расповед у кнізе ідзе аб прыватнаўласьніцікіх умацаваных паселішчах XIV—XVIII стагодзьдзяў: аб гарадах, мястэчках, замках і бастыённых фартэцыях. Замак ізноў выступае як сынонім увогуле абарончага збудаваньня ці ўмацаваньня рознага кшталту Сярэднявечча і Новага часу.
Цяжка сумнявацца ў дасьведчанасьці Міхася Ткачова ў пытаньнях абарончага дойлідзтва. Прычына неакрэсьленнай тэрміналягічнай базы Ткачова палягае, відаць, у папулярызатарскім характары ягоных кніг, скіраванасьцю на аблягчэньня ўспрыманьня для неабазнанага ў пытаньні чытача. У пэўным сэнсе гэта пацьвярджаецца назвай працы «Абарончыя збудаванні і зямель Беларусі ХІІІ—ХVIII стст.»[13], дзе ён пры дакладнай лякалізацыі межаў свайго дасьледаваньня ў часе і прасторы ўжо адмаўляецца ад найменьня замак у адносінах да абарончых умацаваньняў, хаця менавіта для заходняй Беларусі яны былі найбольш характэрны.
Сучасны стан
рэдагавацьМаксім Макараў у сваім артыкуле «Да пытаньня пра выкарыстаньне тэрміну данжон (donjon) у беларускай гістарычнай літаратуры»[14] прыводзіць азначэньне замак паводле Якімовіча і Красоўскага[15]: «комплекс абарончых, жылых і гаспадарчых пабудоваў, зьвязаных агульнай лініяй умацаваньняў, прыстасаваны да кругавой абароны ва ўмовах ізаляцыі. У сацыялягічным сэнсе беларускі замак і яго эўрапейскія адпаведнікі (польскі zamek, нямецкі der Schloss, ангельскі castle) зьяўляюцца ўмацаванымі прыватнаўласьніцкімі рэзыдэнцыямі». Далей ён вельмі слушна падкрэсьлівае асаблівасьці так званых «вежаў валынскага тыпу» і іх адрозьненьне ад клясычных францускіх і ангельскіх данжонаў. Ён, дарэчы, заўважае, што сам данжон ці бэргфрыд можа быць непасрэдна замкам, або часткаю замка.
Але вернемся да азначэньня замка. Як крытэр для вызначэньня паняцьця замак выкарыстаньне часовых межаў ён лічыць ня слушным, што вельмі важна ў пытаньні адмежаваньня замкаў ад пазьнейшых бастыённых замкаў і палацаў. На падставе роднаснасьці паняцьцяў беларускага замак і нямецкага Schloss М. Макараў робіць выснову аб іх тоеснасьці. Насамрэч замак у нямецкамоўных крыніцах калі-нікалі называўся таксама і Schloss, але ж гэтая блытаніна выклікана неўпарадкаваным і не навуковым ужываньнем гэтых паняцьцяў. Г. зв. Schloss (або палац) пастае пазьней з Burg-замка, і характарызуецца павышэньнем камфортнасьці і рэдукцыяй абарончых рысаў.
Грунтоўны падыход да пытаньня азначэньня замак ва Ўсходняй Эўропе бачны ў артыкуле Генадзя Семенчука «Z problematyki Wschodnioeuropejskiego zamku w sredniowieczu»[16]. Ён у прыватнасьці зазначае, што дэфініцыя замка звычайна даецца па архітэктурных, археалягічных і гісторыка-сацыялягічных характарыстыках.
- У архітэктурным пляне замак ёсьць адной з формаў пасяленьня, якую характарызуюць наступныя архітэктурныя формы: сыстэма абароны (драўляныя або мураваныя сьцены, валы і равы, вежы-данжоны, брамы і развадныя масты), жылыя (палац), сакральныя (капліца) і гаспадарчыя памяшканьні (стайні, бровары, пякарні, сьвірны і іншыя)
- У археалягічным пляне замак — нерухомы аб’ект, які адрозьнівае сыстэма абароны, форма і памеры паверхні, спэцыфіка жыльлёвага і гаспадарчага будаўніцтва, наяўнасьць спэцыфічных рухомых прадметаў (элемэнты брані і рыштунку вершніка, разнастайныя аздобы і ювэлірныя вырабы, прадметы культу).
- У гістарычна-сацыялягічным сэнсе замак — гэта княская або прыватная рэзыдэнцыя, звычайна добра ўмацаваная, якая выконвае ролю адміністрацыйнага, гаспадарчага, вайсковага і культурнага цэнтру.
«Замак зьявіўся тады, калі сфармаваліся фэўдальныя адносіны ў грамадзтве, адным з элемэнтаў гэтых новых стасункаў была прыватная ўласнасьць, — піша Семянчук, і далей — Часам зьяўленьня замкаў на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы былі XI—XII стст., а XIII стагодзьдзе стала апагеем разьвіцьця замкаў. У XII стагодзьдзі фармуюцца княжыя дамэны з уласнымі цэнтрамі»[17]. Сваё меркаваньне ён пацьвярджае двума фактамі. Па-першае ў XII — пачатку XIII стагодзьдзя ў тры разы ўзрастае колькасьць малых абарончых збудаваньняў (да 1 гэктара), якія паводле археалёгіі былі замкамі, як і П. А. Рапапорт. Далей ён жа піша, што гэта археалягічны крытэрый, які не даказвае існаваньня прыватнаўласьніцкага права. Па-другое, ён прыводзіць у прыклад замкаў ХІІ стагодзьдзя абарончыя сядзібы Мсьціслаў, Расьціслаўль і Крычаў, што смаленскі князь Расьціслаў угрунтаваў ці разбудаваў у сваім дамэне. Аднак гэтае меркаваньне выглядае даволі сумнеўна, бо няма доказаў, якія б маглі пацьвердзіць сацыяльны статус гэтых умацаваньняў як замкаў і іх адрозьненьне ад памежных гродаў.
Грунтоўна падыходзіць да вызначэньня паняцьця замак у чацьвёртым томе «Археалёгіі Беларусі» Ю. А. Заяц [18]. Спачатку ён зазначае, што замкам у Вялікім княстве Літоўскім абазначалі ўмацаваньні рознага тыпу: сядзібы фэўдалаў, былыя дзядзінцы гарадоў, паселішчы пераважна ваеннага характару, якія ўзводзіліся для абароны краю і стратэгічных пунктаў. Станаўленьне фэўдальных замкаў на дзядзінцах старажытнарускіх гарадоў было даволі працяглым: адным зь першых у вялікакняскую рэзыдэнцыю быў пераўтвораны гарадзенскі дзядзінец у XIV стагодзьдзі, у многіх гарадах гэты працэс зацягнуўся да XVI—XVII стагодзьдзяў, пры чым на тэрыторыі замкаў яшчэ доўга захоўваліся сядзібы мяшчанаў. Вельмі слушна Ю. А. Заяц робіць націск на сацыяльным зьмесьце замка, дадаючы, што час зьяўленьня тэрміна ня можа атаясамлівацца з часам зьяўленьня самога замка ў ВКЛ. Замкамі ён прапануе называць:
- вялікакняскія (каралеўскія) рэзыдэнцыі;
- сеньяральныя рэзыдэнцыі (уладальніцкія замкі ў прыватнаўласьніцкіх гарадах і мястэчках, цэнтры лятыфундыяў);
- умацаванае жыльлё фэўдалаў у сельскай мясцовасьці[19]
Верхняй мяжой існаваньня замкаў дасьледчык лічыць ХVІІІ стагодзьдзе, што слушна з пункту гледзішча сацыяльнай характарыстыкі замка, бо прыватнаўласьніцкія ўмацаваныя рэзыдэнцыі існавалі ледзь не да падзелаў Рэчы Паспалітай. Іншая справа вайсковая тэхніка. У заходнеэўрапейскай літаратуры, у нямецкай і польскай у прыватнасьці, сацыяльны крытэр ня выступае як адзінавызначальны для верхняй мяжы існаваньня замкаў. Галоўным лічыцца мадэрнізацыя абарончых умацаваньняў, падзел іх на выключна жылыя (палацы) і абарончыя збудаваньні, што зьяўляецца вынікам распаўсюджаньня і пашырэньня ўжываньня ў ваеннай справе вагняпальнай зброі. Для ВКЛ гэты працэс прыпаў на ХVІ стагодзьдзе, калі вышынны прынцып абароны губляе сваё значэньне і задачы эфэктыўнай абароны ўскладаюцца на сыстэму драўляна-зямельных бастыёнаў і курцінаў. Першымі прыкладамі, былі Нясьвіская рэзыдэнцыя Радзівілаў і мадэрнізаваны імі ж ў канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў Мірскі замак, высокія вежы якога нават з выкарыстаньнем фланкіруючага агню, ужо не маглі гарантаваць эфэктыўную абарону.
Віды замка
рэдагавацьЭлемэнты замка
рэдагавацьБлізкія паняткі
рэдагавацьГлядзіце таксама
рэдагавацьБеларусь
рэдагавацьУ Сярэднявеччы на землях Беларусі налічвалася 120 замкаў. На 2011 г. засталося 38 замкаў[20].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. — Прогресс. — М., 1964–1973. — Т. 2. — С. 77. (рас.)
- ^ Poppe A., W sprawie poczatkow miast staroruskich // Przeglad Historyczny. T 48. — Warszawa, 1957. — С. 555
- ^ Шчакаціхін М. М. Нарысы з гістроыі беларускага мастацтва. Кніга 1. Том 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 140
- ^ Раппопорт П. А. Древние русские крепости. — М.: Наука, 1965.
- ^ Раппопорт П. А. Волынские башни Крепостные сооружения древней Руси. // Материалы и исследования по археологии СССР № 31, Т. 2. под. ред. И. Н. Воронина. — Москва, 1952.
- ^ Hienadz Siemianczuk. Z problematyki Wschodnioeuropejskiego zamku w sredniowieczu // Zamek i dwor w sredniowieczu od XI do XV wieku. Pod red. Jacka Wiesiolowskiego. — Poznan, 2001. — С. 166
- ^ Чантурия В. А. История архитектуры Белоруссии. — Мн., 1977. — С. 50—51
- ^ Чантурия В. А. История архитектуры Белоруссии. — Мн., 1977. — С. 50
- ^ Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—ХVІІІ ст. / М. А. Ткачоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1978. — С. 43
- ^ Археалогія Беларусі. У 4 т. Т 4. Помнікі ХІV—ХVІІІ стст. / В. М. Ляўко, М. Ф. Гурын, Ю. А. Заяц і інш.; Пад рэд. В. М. Ляўко і інш. — Мн.: Бел. навука, 2001. — С. 67
- ^ Ткачёв М. Замки Белоруссии / М. Ткачёв. — Мн: Полымя, 1987. — С. 5
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі / М. Ткачоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991
- ^ Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—ХVІІІ ст. / М. А. Ткачоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1978
- ^ Макараў Максім. Да пытання пра выкарыстанне тэрміну «данжон» (donjon) у беларускай гістарычнай літаратуры // Гістарычны альманах. Том 5/2001
- ^ Якимович Ю. А. Зодчество Белоруссии ХVI — середины ХVII вв. : Справочное пособие. — Минск: Навука і тэхніка, 1991. — С. 357. Krassowski W. Dzieje budownictwa i architektury na ziemiach Polski. Wydawnictwo Arkady. 1990. T. 2. — С. 107
- ^ Hienadz Siemianczuk. Z problematyki Wschodnioeuropejskiego zamku w sredniowieczu // Zamek i dwor w sredniowieczu od XI do XV wieku. Pod red. Jacka Wiesiolowskiego. — Poznan, 2001
- ^ Hienadz Siemianczuk. Z problematyki Wschodnioeuropejskiego zamku w sredniowieczu // Zamek i dwor w sredniowieczu od XI do XV wieku. Pod red. Jacka Wiesiolowskiego. — Poznan, 2001. — С. 66
- ^ Археалогія Беларусі. У 4 т. Т 4. Помнікі ХІV—ХVІІІ стст. / В. М. Ляўко, М. Ф. Гурын, Ю. А. Заяц і інш.; Пад рэд. В. М. Ляўко і інш. — Мн.: Бел. навука, 2001. — С. 66—84
- ^ Археалогія Беларусі. У 4 т. Т 4. Помнікі ХІV—ХVІІІ стст. / В. М. Ляўко, М. Ф. Гурын, Ю. А. Заяц і інш.; Пад рэд. В. М. Ляўко і інш. — Мн.: Бел. навука, 2001. — С. 67.
- ^ Вольга Чайкоўская. Вывучаць «Гальшанскі альфабэт» // Зьвязда : газэта. — 26 кастрычніка 2011. — № 204 (27068). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
рэдагаваць- Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—ХVІІІ ст. / М. А. Ткачоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1978. — 144 с.
- Ткачёв М. Замки Белоруссии / М. Ткачёв. — Мн: Полымя, 1987. — 222 с.: ил.
- Ткачоў М. Замкі і людзі / М. Ткачоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 184 с.
- Шчакаціхін М. М. Нарысы з гістроыі беларускага мастацтва. Кніга 1. Том 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 336 с.: іл. ISBN 5-343-01105-5
- Археалогія Беларусі. У 4 т. Т 4. Помнікі ХІV—ХVІІІ стст. / В. М. Ляўко, М. Ф. Гурын, Ю. А. Заяц і інш.; Пад рэд. В. М. Ляўко і інш. — Мн.: Бел. навука, 2001. — 599 с.: іл. ISBN 985-08-0366-5
- Макараў Максім. Да пытання пра выкарыстанне тэрміну «данжон» (donjon) у беларускай гістарычнай літаратуры // Гістарычны альманах. Том 5/2001
- Poppe A., W sprawie poczatkow miast staroruskich // Przeglad Historyczny. T 48. — Warszawa, 1957.
- Hienadz Siemianczuk. Z problematyki Wschodnioeuropejskiego zamku w sredniowieczu // Zamek i dwor w sredniowieczu od XI do XV wieku. Pod red. Jacka Wiesiolowskiego. — Poznan, 2001
- Раппопорт П. А. Древние русские крепости. — М.: Наука, 1965.
- Раппопорт П. А. Волынские башни Крепостные сооружения древней Руси. // Материалы и исследования по археологии СССР № 31, Т. 2. под. ред. И. Н. Воронина. — Москва, 1952.
- Чантурия В. А. История архитектуры Белоруссии. — Мн., 1977. — 295 с.
- Якимович Ю. А. Зодчество Белоруссии ХVI — середины ХVII вв. : Справочное пособие. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 366 с — ISBN 5-343-00466-0
- Krassowski W. Dzieje budownictwa i architektury na ziemiach Polski. T. 2. — Warszawa: Arkady, 1990. — 308 s. ISBN 83-213-3384-2