Мужыцкая праўда — першая рэвалюцыйна-дэмакратычная ґазэта ў Беларусі й першая ґазэта на беларускай мове (лацінкай)[1], якая выдавалася Кастусём Каліноўскім у ліпені 1862 — чэрвені 1863 году. Агулам выйшла 7 нумароў, кожны зь якіх пачынаўся з звароту да моладзі «Dzieciuki!», а зачыняўся подпісам «Jaśko haspadar z pad Wilni» і коштам: «Kasztuje hroszy 5» (акрамя №6, які каштаваў 6 грашоў). Выкрывала каляніяльную палітыку ўладаў Расейскай імпэрыі, тлумачыла сытуацыю ў краіне, выкрывала падман царскага маніфэсту аб скасаваньні прыгону, заклікала сялянаў да змаганьня.

Мужыцкая праўда
лац. Mužyckaja praŭda
Тып ґазэта
Фармат аркуш паперы
Выдавец Кастусь Каліноўскі, Фэлікс Ражанскі, Станіслаў Сангін, Валеры Ўрублеўскі[1]
Рэдактар Канстанцін Каліноўскі, Валеры Антоні Ўрублеўскі, Фэлікс Ражанскі і Станіслаў Сангін
Заснаваная 1862
Закрытая чэрвень 1863
Мова беларуская (лацінка)
Мужыцкая праўда ў Вікісховішчы

У чацьвертым нумары «Мужыцкай праўды» Кастусь Каліноўскі сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы[2]:

« …не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу. »

У кастрычніку 1862 году ў час канфлікту з палякамі паўстаў нумар «Мужыцкай праўды», які аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі (у 1989 годзе ў віленскім касьцёле Сьвятога Францішка Азіскага знайшлі рукапісны дакумэнт пад назвай «№6 Мужыцкая праўда»). Гэты варыянт лічыцца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ[3][4]:

« Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі <...> Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы. »

Адзначаецца, што Кастусь Каліноўскі менаваў свой родны край (ён нарадзіўся на Гарадзеншчыне) «Літвой»: «„край наш няшчасны“ — Літва»[5]. Тым часам сучасьнікі называлі Каліноўскага адным з найбольш «высакародных мужоў Літвы», у жамойцкіх песьнях ён выступае як «кароль Літвы»[5]. «Літоўскім народам», для якога адрасаваў Каліноўскі «Мужыцкую праўду», называў беларусаў паўстанец Юры (Ежы) Кучэўскі-Порай[6][5].

  1. ^ а б БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 6.
  2. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 167.
  3. ^ Герасімчык В. Ненадрукаваны нумар «Мужыцкай праўды» // Народная Воля. 19 чэрвеня 2018 г.
  4. ^ Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна, 2018.
  5. ^ а б в Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 70.
  6. ^ Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. — Минск, 1988. С. 172.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Вонкавыя выявы
  Усе нумары газэты