Наша эра

(Перанакіравана з «Н. э.»)

Наша эра (н. э.; анг. Common Era, CE) — абазначэньне пэрыяду часу ад першага году Грыгарыянскага календара. Эра бягучага летазьлічэньня, ужываемага ў большасьці краінаў сучаснага сьвету.

Паняцьце таксама выкарыстоўваецца ў рэлігійнай форме «ад Нараджэньня Хрыстова», скарочана «ад Н. Х.» (па-лацінску: Anno Domini Nostri Iesu (Jesu) Christi(en), скарочана AD, у перакладзе «ў годзе Госпада нашага Ісуса Хрыста»). Адзінае, чым адрозьніваюцца сьвецкая і рэлігійная формы, гэта назва.

У 525 годзе ў Рыме (Каралеўства остготаў; цяпер Італія) хрысьціянскі манах Дыянісі Малы (470—554) распрацаваў летазьлічэньне ад нараджэньня Ісуса Хрыста[1]. У 725 годзе ў Петрапаўлаўскім манастыры Монквэрмата (каралеўства Нартумбрыя; цяпер графства Тайн і Ўір, Ангельшчына) манах Бэда Вялебны (673—735) напісаў па-лацінску працу «Аб вылічэньні часу» з вызначэньнем году народзінаў Ісуса, што паслужыла пашырэньню адпаведнага летазьлічэньня ў хрысьціянскіх дзяржавах Заходняй Эўропы. У 1615 годзе ў Франкфурце-на-Майне (Сьвятая Рымская імпэрыя; цяпер зямля Гэсэн, Нямеччына) матэматык Ёган Кеплер (1571—1630) выдаў па-лацінску кнігу «Выбарачны летапіс: зь лістоў некаторых вучоных мужоў», дзе ўпершыню ўжыў выраз «год нашай агульнай эры».

  1. ^ Надзея Нікалаева. Але нам з вамі канец сьвету не пагражае // Зьвязда : газэта. — 14 ліпеня 1999. — № 123-124 (23724-23725). — С. 6. — ISSN 1990-763x.