Міхал Казімер Пац
Міхал Казімер Пац (каля 1624 — 4 красавіка 1682, Вака пад Вільняй) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны (1663—1667) і вялікі літоўскі (1667—1682), ваявода віленскі (з 1669).
Міхал Казімер Пац | |
Герб «Газдава» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1624 |
Памёр | 4 красавіка 1682 Вака пад Вільняй |
Пахаваны | |
Род | Пацы |
Бацькі | Пётар Пац Альжбета з Шэмэтаў |
Дзейнасьць | дыплямат |
Быў старостам дынабурскім, геранёнскім, усьвяцкім і мерацкім; адміністратарам Магілёўскай эканоміі.
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіў з шляхецкага роду Пацаў гербу «Газдава», сын Пятра[1], ваяводы троцкага, і Альжбеты з Шэмэтаў. Меў брата Крыштапа Жыгімонта, канцлера вялікага літоўскага.
Рана пачаў вайсковую службу. У 1649 годзе вызначыўся ў змаганьні з Багданам Хмяльніцкім. У 1658 годзе стаў каралеўскім палкоўнікам, у 1659 годзе — чашнікам, потым абозным вялікім літоўскім і рэгімэнтараў войскаў каронных.
У часы Швэдзкага патопу ваяваў з швэдамі ў Курляндыі. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1654—1667) вёў ваенныя дзеяньні супраць захопнікаў на землях Вялікага Княства Літоўскага. Браў удзел у баях з войскам Хаванскага, 11 ліпеня 1660 году штурмам вызваліў Вільню з-пад маскоўскай акупацыі, у сьнежні 1660 году атрымаў перамогу пад Шкловам[1].
У 1663 годзе суцішаў жаўнерскія хваляваньні, у час якіх загінуў гетман польны літоўскі Вінцэнт Корвін-Гасеўскі. У тым жа годзе за вайсковыя заслугі атрымаў урад ваяводы смаленскага і булаву гетмана польнага літоўскага.
У Задняпроўскую кампанію (1663—1664) здабыў Рослаў, разьбіў ваяводу Баратынскага каля Бранску[2]. У часе рокашу Е. С. Любамірскага падтрымаў караля, але ня ўзяў удзелу ў бітве пад Мантвамі. Нягледзячы на гэта, у 1667 годзе атрымаў булаву гетмана вялікага. Быў у складзе дэлегацыі Рэчы Паспалітай пры падпісаньні Андрусаўскага замірэньня.
На пасадзе гетмана займаўся разьвіцьцём літоўскай артылерыі, а таксама выданьнем перапісаў, што рэгулявалі ўнутранае жыцьцё войска, дысцыпліну і вайсковы суд.
Разам з братам канцлерам Крыштапам Жыгімонтам Пацам ачольваў групоўку супраціўнікаў Радзівілаў, арыентаваўся на Аўстрыю. У 1668 годзе ўзначаліў у Вялікім Княстве Літоўскім шляхецкі рух, што падтрымліваў Міхала Карыбута Вішнявецкага. За часамі панаваньня М. Вішнявецкага меў вялікі ўплыў на ўрад Рэчы Паспалітай.
Супраціўнік Яна Сабескага, па пераможнай Хоцінскай бітве 1673 году адмовіўся браць удзел у наступнай вайне з туркамі. Праз год, калі Ян Сабескі ўзяў Бар, такім жа спосабам адмовіўся падтрымаць яго ў баявых дзеяньнях і з сваімі харугвамі адступіў у Вялікае Княства Літоўскае.
Ад каралевы і вялікай княгіні Марыі Казімеры атрымаў прапанову ажаніцца зь яе сястрой Марыяй Ганнай д'Арк'ен, якую падтрымаў К. Ж. Пац[3]. Аднак нягледзячы на гэтую магчымасьць не пабраўся шлюбам.
Неспадзявана памёр 4 красавіка 1682 году ў Вацы пад Вільняй. Спачыў пад уваходам у заснаваны ім віленскі касьцёл сьвятых Пятра і Паўла. Асноўную частку тэстамэнту напісаў 4 ліпеня 1675 году[4].
Галерэя
рэдагавацьМалярства
рэдагаваць-
Невядомы мастак, 1669 г.
-
Невядомы мастак, 1670-я гг.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
К. Александровіч, 1789 г.
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт невядомага мастака XVII ст. з касьцёла Сьвятых Апосталаў Пятраў і Паўла ў Вільні.
Графіка
рэдагаваць-
А. Тарасевіч, 1686 г.
-
J. Boener, 1674 г.
-
К. Рачынскі, 1838 г.
-
В. Пуц, 1883 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Грыцкевіч А. Пацы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 423.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Przyboś A. Pac Michał Kazimierz h. Gozdawa (ok. 1624–1682) / Polski Słownik Biograficzny. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1979. — Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk. — Tom XXIV/4, zeszyt 103. S. 727.
- ^ Przyboś A. Pac Michał Kazimierz h. Gozdawa (ok. 1624–1682) / Polski Słownik Biograficzny. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1979. — Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk. — Tom XXIV/4, zeszyt 103. S. 727.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск: Навука і тэхніка, 1995. — 144 с. ISBN 5-343-01637-5.