Лідзкі павет
Лі́дзкі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 5,5 тыс. км². Сталіца — места Ліда.
Лідзкі павет лац. Lidzki paviet | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | павет[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Ліда |
Дата ўтварэньня | 1566 |
Дата скасаваньня | 1795 |
Старосты | Старосты лідзкія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 5,5 тыс.[1] км² |
Час існаваньня | 1565/66—1795 |
Месцазнаходжаньне Лідзкага павету | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагавацьПад 1382 годам упершыню ўпамінаецца Лідзкае намесьцнітва, калі ім кіраваў фаварыт вялікага князя Ягайлы Вайдзіла[2]. У 1413 годзе намесьніцтва ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва і часам выступала пад назвай «павет»[3]. У склад намесьніцтва ўваходзілі дзяржаўныя сёлы, што належалі беспасярэдне да Лідзкага замка і ўладаньні мясцовых баяраў-шляхты, якія выходзілі на вайну ў складзе Лідзкай харугвы. У 1528 годзе, паводле попісу войска Вялікага Княства Літоўскага, на Лідчыне было каля 80 дробных землеўладальнікаў[2].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў на базе Лідзкага намесьніцтва ўтварыўся павет, у склад якога ўвайшлі землі суседніх Астрынскага, Васілішкаўскага, Радунскага і Эйшыскага намесьніцтваў. У 1568 годзе Віленскі Вальным сойм прыняў пастанову аб далучэньні да прысуду Лідзкага павету Эйшыскага, Радунскага, Каняўскага, Дубіцкага, Васілішкаўскага і Астрынскага харустваў Троцкага павету Троцкага ваяводзтва[4].
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Лідзскага павету ліцьвінамі: «Мишковский Ян Семенов… литвин, шляхтич Лидского повета» (1633 год)[5]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1722 годам значыцца Nowicki Ignat., Lithvan. ex districtu Lidensi[6]. Апроч таго, сярод вернікаў некалькі вёсак упамінаецца старалітва, якую крыніцы зьвязваюць з русінамі: Ельня (1668 і паміж 1670 і 1675 гадамі)[7]; Ваверка (1692 год)[8]; Няцеч, Старажымавічы і Чапліцы (1721 год)[9].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) павет спыніў сваё існаваньне разам зь Віленскім ваяводзтвам.
Сымболіка
рэдагавацьПавятовая харугва была чырвонага колеру з выяваю Пагоні ў цэнтры[1].
Дэмаграфія
рэдагавацьУ сярэдзіне XVII стагодзьдзя налічваў 11 860 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 83 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 63 тыс. чал.[10] (9,6 тыс. дымоў[1]).
На 1775 год павет налічваў 11 723 дымоў[11]. У 1790 годзе колькасьць насельніцтва павету дасягнула 102 375 чал.
Геаграфія
рэдагавацьНа поўначы межаваў з Троцкім паветам Троцкага ваяводзтва і Віленскім паветам Віленскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Ашмянскім паветам Віленскага ваяводзтва, на поўдні — з Наваградзкім і Слонімскім паветамі Наваградзкага ваяводзтва, на захадзе — з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва.
У склад Лідзкага павету ўваходзіла тэрыторыя Лідзкага гродавава, Бярштанскага, Васілішкаўскага, Дубскага, Каняўскага, Навадворскага, Радунскага і Стокліскага старостваў і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
На 1790 год у складзе павету было 16 местаў і мястэчак. У розныя часы на тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі: Астрына, Балотна / Вярэнаў, Беліца, Беняконі, Васілішкі, Дакудава, Дэмбрава, Жалудок, Жырмуны, Забалаць, Ішчална, Ліда, Нача, Новы Двор, Орля, Радунь, Ражанка, Сабакінцы, Шчучын, Эйшышкі. Магдэбурскае права мелі Астрына (1641), Жырмуны (1724), Ліда (17.9.1590), Новы Двор (XVII стагодзьдзе), Радунь (1649), Сабакінцы (1676), Шчучын (23.05.1761), Эйшышкі (XVII стагодзьдзе).
Ураднікі
рэдагавацьПавятовы соймік праходзіў у Лідзе, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі (паседжаньні праводзіліся ў адной зь вежаў Лідзкага замка[4]) і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне. Лідзкая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна лідзкага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Францішак Александровіч. Ён атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, але ўжо ў сьнежні таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала лідзкую кашталянію. У выніку, кашталян лідзкі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.
Архітэктура
рэдагавацьДраўляная
рэдагавацьНа тэрыторыі Лідчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.
-
Касьцёл Сьвятога Юрыя, Асава
-
Пакроўская царква, Ганчары
-
Царква Раства Багародзіцы, Голдава
-
Касьцёл Маці Божай Ружанцова, Ельня
-
Мікольская царква, Лебяда
-
Касьцёл Сьвятога Станіслава, Лядзк
-
Касьцёл Сьвятых Пятра і Паўла, Старыя Васілішкі
Мураваная
рэдагавацьУ XVII ст. у мураваную архітэктуру Лідчыны прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — віленскага барока і клясыцызму.
-
Сядзіба Ласковічаў, Ішчална
-
Касьцёл кармэлітаў, Ліда
-
Фарны касьцёл у Лідзе, віленскае барока
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Насевіч В. Лідскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 199.
- ^ а б Насевіч В. Лідскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 198.
- ^ Насевіч В. Лідскі павет // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 365.
- ^ а б Сліўкін В. Прывілей Караля Польскага і вялікага князя Літоўскага Жыгімонта ІІІ аб наданні гораду Лідзе Магдэбурскага права // Лідскі Летапісец. № 8.
- ^ Служилые люди Сибири конца XVI – начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 576.
- ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 315.
- ^ Kamuntavičienė V. Jelnios parapijos gyventojai XVII a. («Stara Litwa», arba jotvingių pėdsakais Vilniaus vyskupijoje) // Lietuvos istorijos metraštis. Nr. 2, 2011. P. 27—28.
- ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 264.
- ^ Зайкоўскі Э. Язычніцтва на землях Беларусі ў сярэднявеччы // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 12, 1997. С. 83.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Jelski A. Powiat lidzki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 338.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Pawet (Лідзкі павет) Праверана 2 студзеня 2012 г.