Жамойцкае староства

Жамойцкае старо́ства, пазьней Жму́дзкае старо́ства — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў 1409 і 1411—1793 гадох у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім і Рэчы Паспалітай. З 1441 году называлася адначасна Жамойцкім княствам (пазьней Жму́дзкім княствам), а вялікі князь літоўскі і рускі дадаваў да свайго тытулу і тытул «князь жамойцкі»[1]. Пачаткова сталіцаю староства было мястэчка Крожы (валоданьне Кезгайлаў), з 1535 году — Кейданы (валоданьне Радзівілаў), а з канца XVI ст. — места Расены (Расейны)Магдэбургскім правам самакіраваньня)[1].

Жамойцкае староства
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Каралеўства Польскае
Статус ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Варні
Дата ўтварэньня 1219
Дата скасаваньня 1795
Староста Староста
Нацыянальны склад жамойты
Канфэсійны склад язычнікі, каталікі
Плошча 23 000 км²
Час існаваньня 1219—1795
Месцазнаходжаньне Жамойцкага староства
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Не абыймала ўсёй гістарычнай Жамойці (як і Рускае ваяводзтва не займала ўсёй Русі), складала толькі частку Жамойцкага біскупства ВКЛ, а на паўднёвым захадзе межавала зь землямі прускіх жамойтаў — Самляндыяй (пазьней «Малой Летувой»). Выразна адрозьнівалася ад іншых частак Вялікага Княства Літоўскага і Рускага спэцыфікай адміністрацыйнага і эканамічнага ладу. У найлепшыя часы ўлучала 11 местаў з самакіраваньнем паводле Магдэбурскага права[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Жамойцкае староства ахоплівала землі ВКЛ на захад ад ракі Нявежы і было трывала створана, калі 1 лютага 1411 году паводле Торуньскага міру большая частка Жамойці пажыцьцёва пераходзіла ад Тэўтонскага ордэну ў валоданьне князя Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Старосты ў Жамойці прызначаліся вялікімі князямі літоўскімі і раней, калі землі Жамойці часова (з прычыны змаганьня з крыжакамі) пераходзілі пад іх уладу, але дакладна вядома, што з часоў Вітаўта прызначэньне старостаў стала рэгулярнай практыкай. Тады ж да Жамойці былі канчаткова далучаны спустошаныя куршаўскія землі — МегаваПалангай) і Цэкліс, а таксама воласьць Панямунь за Нёманам. З гэтага часу пачалося інтэнсіўнае засяленьне раней спустошаных памежных воласьцяў[2].

У 1412 годзе Кезгайла Валімонтавіч (з блізкага кола Вітаўта) быў прызначаны на пасаду жамойцкага старосты, а Жамойць падзялілі на воласьці (цівунствы): Айрагола, Бержаны, Біржыняны, Вейшвяны, Відукле, Вількія, Вялёна, Вялікія Дырваны, Гондынге, Жараны, Каркляны, Каршова, Кельмы, Крожы, Малыя Дырваны, Медынгяны, Павандэны, Паланга, Патумшы, Паюры, Плоцеле, Расены, Рэтаў, Цельшы, Тандзягола, Ужвэнты, Цьверы, Шадаў, Шаўлі, Ясвойна. Плошча Жамойцкага староства складала каля 19 тыс. км². Такі валасны падзел і вонкавыя межы заставаліся ў пазьнейшыя часы амаль нязьменнымі: адно воласьці (цівунствы) абьядноўваліся ў большыя адзінкі[2]. Галоўнай задачай першых старостаў стала пашырэньне каталіцтва сярод мясцовага, амаль цалкам паганскага насельніцтва. Звычайна ў ВКЛ староствы ў адміністрацыйных дачыненьнях знаходзіліся на адным ўзроўні з валасьцямі і ўваходзілі ў склад павету, аднак Жамойцкае староства афіцыйна мела ў дзяржаве статус ваяводзтва[3]. У акце ад 1417 году аб заснаваньні ў Жамойці Медніцкага (Жамойцкага біскупства) вялікі князь Вітаўт выкарыстаў у дачыненьні да сябе тытул «вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі»[4].

Сутычкі і спрэчкі за Жамойць працягнуліся да складньня 17 жніўня 1422 году Мельнскага міра, падпісанага з крыжакамі, паводле якога Жамойць назаўсёды пераходзіла ў вотчыннае валоданьне Ягайлы і Вітаўта і ніколі ўжо не была пад уладай крыжакоў[5].

Па абраньні вялікім князем Казімера, у Жамойці пачалося паўстаньне мясцовага баярства (1440 год), што было на баку іншага прэтэндэнта на сталец — Міхаіла Жыгімонтавіча. Жамойцкім старостам быў абраны мясцовы баярын Контаўт. Каб улагодзіць баярства, вялікі князь выдаў прывілей (1441 год), паводле якога Жамойцкаму староству гарантаваўся асобны стан, у тым ліку асобнае права мясцоваму баярству самім абіраць кандыдатуру на пасаду старосты, які сваім станам быў роўны ваяводзе, а таксама мясцовых службоўцаў — цівуноў (кіраўнікоў валасьцей Жамойці)[3]. Зацьвярджэньне выбранага баярствам кандыдата на пасаду старосты было правам вялікага князя літоўскага. Права вылучаць кандыдатуру на пасаду ваяводы (для далейшага зацьверджаньня вялікім князем) яшчэ мела толькі шляхта Полацкага і Віцебскага ваяводзтваў, што захавалася аж да канца існаваньня Рэчы Паспалітай.

Контаўт (паводле выбару баяраў і зацьверджаньня вялікага князя) захаваў пасаду старосты і па паўстаньні. З гэтага часу (1441 год) поўная назва Вялікага Княства Літоўскага абавязкова зьмяшчала і назву «княства Жамойцкае», якое традыцыйна называлася зямлёй, але фактычна была паводле адміністрацыйнага статусу роўнай ваяводзтву. Князем Жамойці быў вялікі князь літоўскі і рускі, які пачаў дадаваць да свайго тытулу і тытул «князь жамойцкі».

22 жніўня 1492 году вялікі князь Аляксандар выдаў земскі прывілей, якім надзяляў баяраў Жамойці тымі ж самымі правамі, што ўжо мелі баяры іншых зямель ВКЛ, і пацьвярджаў стан Жамойці. Той жа стан быў пацьверджаны земскім прывілеем (1507 год) вялікага князя Жыгімонта Старога[2]. У першым пункце граматы 1492 году вялікі князь Аляксандр усім насельнікам ВКЛ забараняў казаць, што жыхары Жамойці далучаны да ВКЛ сілай, а не паводле добрай волі («Найпервей, хочемъ, ижъ имъ [жыхарам Жамойці] жадны не маетъ мовити, альбо на очи истить, ижъ бы презъ мечъ, альбо черезъ оныи валки были звалчоные, але зъ доброю волею пристали»)[6].

Уціск ураднікаў староства, якія ўводзілі непамерныя аплаты за позвы і запісы ў актавыя кнігі, паборы, несправядлівы суд, а таксама скаргі насельніцтва на жамойцкага біскупа ў 1540-я гады зьвярнулі ўвагу вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога. Ён выдаў 1 траўня 1542 году прывілей, якім пацьвярджаў усе ранейшыя правы староства, але абавязваў старосту рабіць суд не самастойна, а разам зь цівуном і выбранымі старостам двума шляхціцамі. Новы вялікі князь Жыгімонт Аўгуст 7 жніўня 1545 г. таксама пацвердзіў ранейшыя прывілеі староства[7].

У 1566 годзе ў ВКЛ паводле ўніфікацыйнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы асноўнымі адзінкамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры станавіліся ваяводзтвы і паветы (з сваімі соймікамі), аднак гэта не датычылася Жамойці, дзе працягвала існаваць Жамойцкае староства. Староства працягвала складацца з 28 воласьцяў (ці інакш — цівунстваў), ня меўшых соймікавай і судовай кампетэнцыі, а выняткова вайсковыя. Фактычна Жамойцкае староства было паветам у ВКЛ, бо мела толькі адзін соймік, аднак жамойцкі староста меў кампэнтэнцыі ваяводы і таму быў сэнатарам і засядаў у Сэнаце. Староства мела трох сэнатараў — жамойцкі біскуп, жамойцкі староста і жамойцкі кашталян. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Жамойцкае староства атрымала той жа склад земскіх ураднікаў, як і іншыя ваяводзтвы ВКЛ.

Земскія акты (г.зн. афіцыйнае справаводзтва), якія захаваліся толькі з сярэдзіны XVI ст., у Жамойцкім старостве пісаліся да 1640 году на беларускай мове, а потым — на польскай мове[8]. Зь XVII ст. цівунствы Жамойцкага староства пачалі называцца ў афіцыйным справаводстве «трактамі» (на польскі манэр). У хуткім часе «тракты» Жамойцкага староства пачалі называцца і як «паветы»[8].

Толькі нямногія прывілеяваныя месты (Ворні, Кейданы, Крацінга, Шкуды, Шадаў, Шаўлі ды іншыя) мелі суды войтаўскі і ратушны (адпаведна ў крымінальных і грамадзянскім справах), але на жыцьцё такіх местаў значна ўпрывалі ўласнікі тых зямель, дзе яны знаходзіліся[9][10].

У 1764 годзе пастановай сойму шляхта кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі рэгіянальнага ўзроўню атрымлівала свой выгляд службовага мундзіра. Шляхта Жамойцкага староства мусіла апранацца ў чырвоны кунтуш зь сінімі вылогамі і белы жупан.

Паводле пастановы сойму ад 1764 году, 2 чэрвеня 1765 году Жамойцкае староства ў судовых дачыненьня было падзелена на два судовыя староствы, у якіх меліся свае земскі суд і гродзкі суд: Расейнская рэпартыцыя (13 трактаў) і Цельшаўская рэпартыцыя (15 трактаў)[8][11][12]. Таксама ў 1764 годзе ад Жамойці была павялічана колькасьць паслоў (да трох) на сойм і дэпутатаў (да чатырох) у Трыбунал ВКЛ (па два паслы на рускую і літоўскую сэсіі Трыбуналу). Паводле пастановы сойму, у 1776 годзе ад Жамойці яшчэ раз была падвоена колькасьць паслоў на сойм (г.зн. разам ад Жамойці з 1766 годзе — 6 паслоў на сойм)[11]. У 1776 годозе цэнтр Цельшаўскай судовай рэпартыцыі быў, паводле пастановы сойму, перанесены з Цельшаў у Шаўлі[12]. У 1790 годзе пастановай сойму да дзьвюх судовых рэпартыцыяў (Расейнскай і Шавельскай) у Жамойцкім старостве была створана яшчэ адна — Цельшаўская судовая рэпартыцыя[12].

У 1793 годзе ў ходзе адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформаў, прынятых Вялікім соймам (1788—1792), Жамойцкае староства было падзелена на тры паветы («зямлі») — Расейнскі, Цельшаўскі і Шавельскі. Усе гэтыя зьмены адбыліся ў адказ на патрабаваньні шляхты, якая хацела заняць больш земскіх урадаў, дэпутацтваў і пасольстваў па тэрытарыяльных стратах у выніку першага (1772 год) і другога (1793 год) падзелаў Рэчы Паспалітай[11][13].

Сьпісы галоўных ураднікаў

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в Жямайтское староство // Литва. Краткая энциклопедия. — Вильнюс, 1989. С. 257.
  2. ^ а б в Насевіч, В. Жамойць // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1.
  3. ^ а б Дзярновіч, А. Жамойць і Літва // Наша Ніва. 22 чэрвеня 2013 г.
  4. ^ Краўцэвіч, А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. С. 114.
  5. ^ Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния / сост. Д. Афанасьев. — Санкт-Петербург, 1861. С. 15.
  6. ^ Жалованная грамота литовского великого князя Александра Казимировича жителям Жмудской земли. 15 августа 1492 г. // Акты относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: в 5 т. — Т. 1. 1340—1506. — Санкт-Петербург : Тип. II Отделения Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1846. — С. 120—122.
  7. ^ Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — T. 28. С. 992.
  8. ^ а б в Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — T. 28. С. 994.
  9. ^ История Литовской ССР. — Вильнюс, 1978. С. 154.
  10. ^ Gadon, M. Opisanie Powiatu Telszewskiego w Guberni Kowieńskiej w dawnem Xięstwie Żmujdzkiem położonego. — Wilno, 1846. S. 62.
  11. ^ а б в Закшэўскі, А. Юрыдычна-адміністрацыйны рэгіяналізм у І Рэчы Паспалітай // Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 3: Нацыянальная і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. — Менск: Навука і тэхніка, 1994. С. 16—23.
  12. ^ а б в Gadon, M. Opisanie Powiatu Telszewskiego w Guberni Kowieńskiej w dawnem Xięstwie Żmujdzkiem położonego. — Wilno, 1846. S. 22.
  13. ^ Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния / сост. Д. Афанасьев. — Санкт-Петербург, 1861. С. 20—21.

Літаратура

рэдагаваць
  • Дзярновіч, А. Жамойць і Літва // Наша ніва. — 22 чэрвеня 2013.
  • Закшэўскі, А. Юрыдычна-адміністрацыйны рэгіяналізм у I Рэчы Паспалітай // Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 3: Нацыянальная і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. — Менск: Навука і тэхніка, 1994. — С. 16—23.
  • Краўцэвіч, А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — 238 с.
  • Насевіч, В. Жамойць Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 — С. 624—625.
  • Gadon, M. Opisanie Powiatu Telszewskiego w Guberni Kowieńskiej w dawnem Xięstwie Żmujdzkiem położonego. — Wilno : druk. S. Blumowicza, 1846. — 186 s.
  • Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — Warszawa : S. Orgelbrand, 1868. — T. 28 (Wybrzeże-Żyżmory). — S. 973—997.
  • Акты относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: в 5 т. — Т. 1. 1340—1506. — Санкт-Петербург : Тип. II Отделения Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1846. — 375 с.
  • Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года. — Москва : Фонд им. И. Д. Сытина; Baltrus, 2005. — 680 с.
  • Жямайтское староство // Литва. Краткая энциклопедия. — Вильнюс, 1989. — С. 257.
  • История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — Вильнюс : Eugrimas, 2013. — 318 с.
  • История Литовской ССР / А. Таутавичюс, Ю. Юргинис, М. Ючас и др.; Ред. колл. Б. Вайткявичюс (отв. ред.) [и др.]. — Вильнюс : Мокслас, 1978. — 676 с.
  • Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния / сост. Д. Афанасьев. — Санкт-Петербург : Общественная польза, 1861. — 745 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць