Ігнат Буйніцкі
Ігна́т Цярэ́нцьевіч Буйні́цкі (22 жніўня 1861, Палівачы Празароцкай воласьці, цяпер у Глыбоцкім раёне — 22 верасьня 1917, каля в. Палачаны, цяпер у Маладэчанскім раёне) — беларускі актор, рэжысэр, тэатральны дзяяч, пачынальнік беларускага нацыянальнага прафэсійнага тэатру[1].
Ігнат Буйніцкі лац. Ihnat Bujnicki | |
Род дзейнасьці | актор, рэжысэр, тэатральны дзяяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 22 жніўня 1861 |
Месца нараджэньня | фальварак Палівачы, Празароцкая воласьць (цяпер Глыбоцкі раён), Дзісенскі павет |
Дата сьмерці | 22 верасьня 1917 (56 гадоў) |
Месца сьмерці | Палачаны, Маладэчанскі раён |
Месца пахаваньня | |
Занятак | харэограф |
Бацька | Тарквіні Буйніцкі[d] |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Буйніцкі.
Біяграфія
рэдагавацьРаньнія гады
рэдагавацьНарадзіўся 22 жніўня 1861 году ў сям’і дробнага шляхціца. Скончыў Рыскую землямерную вучэльню (паводле зьвестак Язэпа Дылы — Віленскую землямерна-таксатарскую вучэльню[2]). Акторскую адукацыю атрымаў у Віленскай прыватнай драматычнай студыі[3]. Працаваў каморнікам на Наваградчыне, Магілёўшчыне, Полаччыне, Ашмяншчыне, што дало яму добрую магчымасьць вывучыць побыт, звычаі, песьні і танцы беларускага сялянства. Асабліва захапляўся беларускімі танцамі[4]. У 20 гадоў атрымаў у спадчыну ад свайго бацькі маёнтак, які хутка давёў да квітнеючага стану.
З 1905 году сыстэматычна наладжвае ў Палівачах і Празароках беларускія вечарыны, актыўным удзельнікам якіх зьяўляецца сам[5]. Прадстаўленьні калектыву на вечарынах даваліся ў трох аддзяленьнях: у першым ігралі п’есу, як правіла, невялікую, аднаактавую, у другім выступаў хор, салісты, дэклямацыі, у трэцім паказваліся «скокі»[3].
18 сакавіка[6] 1907 году ва ўласным маёнтку Палівачы Ігнат Буйніцкі стварае аматарскі танцавальны гурток, у якім спачатку ўдзельнічалі чальцы ягонай сям’і і блізкія людзі[3]. Гурток даваў канцэрты і спэктаклі ў Палівачах, Празароках і навакольных вёсках. З часам згуртаваньне набывае вялікую папулярнасьць і паступова пераўтвараецца ва ўстойлівы аматарскі тэатар[5].
Першыя выступы
рэдагаваць12 лютага 1910 году Ігнат Буйніцкі з танцавальнай групай па адмысловым запрашэньні рэдакцыі «Нашай Нівы» ўдзельнічае ў «Першай беларускай вечарыне» ў Вільні, дзе гурток выконвае некалькі танцавальных нумароў: «Лявоніху», «Мяцеліцу», «Юрку» і «Вераб’я»[7]. Пасьля віленскай прэм’еры трупа папаўняецца здольнымі і таленавітымі драматычнымі акторамі і сьпевакамі, што паставіла яе на прафэсійную аснову. Адгэтуль калектыў атрымлівае назву «Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага(be)»[5]. Пра гэты выступ «Наша Ніва» пісала:
|
Другі выступ трупы Ігната Буйніцкага адбыўся 22 лютага 1910 году на этнаграфічным вечары, прысьвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга краю. У вечары прымалі ўдзел хоры, якія выконвалі расейскія, украінскія, летувіскія, польскія і габрэйскія песьні. Польскі кампазытар Людамір Міхал Рагоўскі адмыслова для беларускай часткі выступу напісаў музыку на словы верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?»[2]. Апрача песень на вечары паказвалі і народныя танцы ў выкананьні трупы Ігната Буйніцкага. Пазьней пра гэты вечар Алесь Бурбіс успамінаў:
Калі паднялася занавеска і велічна загрымелі словы песьні Янкі Купалы «А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? — Беларусы!» уся набітая паўнюсенькая заля ўстала. Пасьля хору выступіў беларускі народны балет пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. Адзін за адным ішлі беларускія танцы «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка», «Гневаш», «Чабор». Танцорам прыйшлося бясконца бісаваць на запатрабаваньне публікі. Трэба адзначыць вялікі талент і энэргію Ігната Буйніцкага, які ідэальна, па-мастацку апрацаваў беларускія народныя танцы[2].
Пасьля колькіх наступных выступаў імя Ігната Буйніцкага стала адным з найпапулярнейшых у асяродку беларускай інтэлігенцыі. Посьпех былых вечарынаў заклаў пачатак сталай працы рэжысэра ў Вільні. Тут ён вырашае стварыць сталую беларускую трупу і зь ёю вандраваць па Беларусі[2].
Першыя гастролі: 1910—1911
рэдагавацьПасьля неаднаразовых посьпехаў беларускіх спэктакляў Ігнат Буйніцкі ў канцы лета 1910 году нарэшце атрымлівае ад губэрнскіх уладаў дазвол на гастрольную паездку. Перад чым адправіцца ў падарожжа, рэжысэр з значнай часткай актораў прыязджае да сябе ў Палівачы, каб па-сурёзнаму падрыхтаваць гастрольны рэпэртуар[4].
Рэалізаваўшы частку сабранага ўраджаю ў Палівачах, каб мець сродкі на падарожжа, І. Буйніцкі разам з сваёй трупай прыязджае спачатку ў Дзісну, дзе ў Народным доме гораду 21 жніўня 1910 году адбываецца пастаноўка камэдыі Каруся Каганца «Модны шляхцюк»[4], якая скончылася беларускімі народнымі танцамі пад цымбалы, скрыпку і дуду. Таксама хор выканаў пяць народных песень. Дачка Ігната Буйніцкага Ванда дэклямавала вершы Альбэрта Паўловіча, а артыст Чэслаў Родзевіч — вершы Янкі Купалы[4]. Газэта «Наша Ніва» апісала гэтую вечарыну наступным чынам:
|
Неўзабаве наведаўшы Сьвянцяны, Паставы і іншыя мястэчкі Віленшчыны, трупа Ігната Буйніцкага прыехала ў Полацак, дзе для палачан, акрамя камэдыі К. Каганца «Модны шляхцюк», артысты трупы выканалі песьні: «Чаму ж мне ня пець?», «Пастушачка», «Ах ты, дуб!», «Гусі», «Баба ракі варыла». Артыст Я. Хвеацкіст выканаў «Грайку» (словы Мацея Крапіўкі) і «Вясковыя кабеты». Артыст Швайка прадэклямаваў «Чаго б я хацеў?» Янкі Купалы і «Хоць ты, сэрца, лопні, трэсьні», а Алесь Бурбіс — вершы «Нёман» Якуба Коласа і «Край ты мой родны» Максіма Багдановіча. Канцэрт завяршылі народнымі танцамі «Юрка», «Мельнік», «Гневаш», «Лявоніха» і «Качан»[8]. 16 верасьня 1910 году ў Полацку адбылася другая вечарына.
Буйніцкі быў родам з аднаго з найбольш дударскіх рэгіёнаў Паазер’я. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, мясцовыя музыкі (з цымбаламі, скрыпкай і дудой) заўжды віншавалі Буйніцкага на Вялікдзень[9]. Дуда была знакавым інструмэнтам Глыбоцкага краю, а адным з моцных цэнтраў яе бытаваньня былі Палівачы. Менавіта Ігнат Буйніцкі ўпершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатру. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра ў Вільні, Варшаве і Пецярбурзе. Тады дуду ўпершыню пабачылі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Для Буйніцкага дуда не была проста адным з трох інструмэнтаў у традыцыйнай капэлі, але сімвалам беларускай культуры ў цэлым, сынонімам беларускай даўніны і народнасьці. У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 году (3 сьнежня, № 49) чытаем, што пасьля заканчэньня сымфанічнага канцэрта кампазытара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі «яму былі дадзены на ўспамін…. ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда»[10]. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты беларускаму музею. Ігнат Буйніцкі зрабіў важкі ўнёсак у захаваньне і развіцьцё традыцыі беларускай дуды. Гэты ўнёсак заўважалі і ягоныя сучасьнікі. Янка Купала ў вершы прысвечаным Ігнату Буйніцкаму напісаў: «Важна рэй Ігнат Буйніцкі/Ў танцах нашых водзіць… Пад дуду і пад цымбалы/Топне, прысьпявае…/Сьцеражыцеся, ўсе людзі:/Беларус гуляе!»
У рэпэртуары тэатру былі песьні, танцы, невялікія сцэнкі, пастаноўкі п’есаў «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» Маркі Крапіўніцкага, «Хам» і «Ў зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшкі, «Міхалка» братоў Далецкіх, «Сватаньне» Антона Чэхава, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, а таксама Янкі Купалы, Альбэрта Паўловіча і інш. У большасьці гэта былі пастаноўкі І. Буйніцкага, таксама ён іграў у ролях: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У зімовы вечар» Ажэшкі). І. Буйніцкі меў сяброўскія і творчыя кантакты зь Янкам Купалам, Якубам Коласам, Элізай Ажэшкай, Зьмітраком Бядулем, Цёткай (якая сама ўдзельнічала ў спэктаклях трупы як акторка). Яшчэ пры жыцьці яго называлі бацькам беларускага тэатру. Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасьці і прыгажосьць беларускіх народных танцаў. Як драматычны актор выступаў пераважна ў характарных ролях, умела выяўляў гумар і тонкую іронію.
Не зважаючы на вялікі посьпех беларускай трупы ў правінцыі, Ігнату Буйніцкаму пастаянна даводзілася пераадольваць складаныя абставіны, зьвязаныя з нэгатыўным стаўленьнем ўладаў да адраджэньня беларускай культуры[5]. Зрэшты, дзякуючы саліднасьці кіраўніка трупы, яго сталаму ўзросту, уменьню абыходзіцца з паліцэйскім начальствам і прад’яўленьню губэрнатарскага дазволу на разьезды і цэнзурных экзэмпляраў п’есаў[8], наступныя гастролі пасьпяхова адбыліся ў Санкт-Пецярбургу (1911, 1912), Капылі, Нясьвіжы, Клецку, Ляхавічах, Слуцку[5], а таксама ў Варшаве (1913).
З-за матэрыяльных цяжкасьцяў (І. Буйніцкі падтрымліваў свой тэатар уласнымі сродкамі) і ўціску царскіх уладаў у 1913 г. дзейнасьць трупы была спыненая.
Апошнія гады
рэдагавацьУ 1914 годзе Буйніцкі паспрабаваў стварыць новую трупу, аднак Першая сусьветная вайна перашкодзіла зьдзейсьніць гэтую задуму. У час вайны быў на вайсковай службе ў раёне Маладэчна.
У красавіку 1917 году Буйніцкі стаў ініцыятарам арганізацыі прафэсійнага тэатру ў Менску — Першага таварыства беларускае драмы і камэдыі. Памёр на сцэне ў час рэпэтыцыі, займаючыся жаўнерскай мастацкай самадзейнасьцю. Быў пахаваны непадалёк ад в. Палачаны, перапахаваны ў Палівачах, а ў 1975 у Празароках на цэнтральнай плошчы.
Сядзіба Ігната Буйніцкага, якая знаходзілася за чыгуначным пераездам Палівачы, не захавалася.
Памяць
рэдагавацьУ в. Празарокі ў будынку сярэдняй школы створаны музэй заснавальніка беларускага тэатру (адчынены ў 1982 годзе), дзе прадстаўленыя афішы спэктакляў, здымкі трупы, лісты Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, успаміны празароцкіх старажылаў. У сквэры — магіла Ігната Буйніцкага і помнік яму (усталяваны 10 кастрычніка 1975 г.; скульптар Іван Міско).
З 1992 году прысуджаецца прэмія імя І. Буйніцкага ў галіне тэатральнага мастацтва.
16 жніўня 2011 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэньне памятныя манэты «І. Буйніцкі 150 гадоў» сэрыі «Гісторыя і культура Беларусі».
Сям’я
рэдагавацьСтрыечны прапраўнук Ігната Буйніцкага Максім(ru) атрымаў вядомасьць як кінарэжысэр[11].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ У. І. Няфёд. Буйніцкі Ігнат Цярэнцьевіч // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 118.
- ^ а б в г Дыла Я. Першы прафесійны тэатр // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 299. — 351 с.
- ^ а б в Ігнат Буйніцкі // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А. В. Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыр. і ўдаклад.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 417. — 444 с. — ISBN 985-08-0064-X
- ^ а б в г д Дыла Я. Першы прафесійны тэатр // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 300. — 351 с.
- ^ а б в г д Няфёд У. І. Буйніцкі Ігнат Цярэнцьевіч // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 1: «А досвіткі…» — Кучынская. — С. 183.
- ^ Дзьве даты: 18 сакавіка // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2010. — № 49 (26657). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Дыла Я. Першы прафесійны тэатр // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 298. — 351 с.
- ^ а б Дыла Я. Першы прафесійны тэатр // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 301. — 351 с.
- ^ http://repository.buk.by/bitstream/handle/123456789/4295/%D0%94%D0%90%20%D0%9F%D0%AB%D0%A2%D0%90%D0%9D%D0%9D%D0%AF%20%D0%9C%D0%A3%D0%97%D0%AB%D0%A7%D0%9D%D0%90-%D0%86%D0%9D%D0%A1%D0%A2%D0%A0%D0%A3%D0%9C%D0%95%D0%A2%D0%90%D0%9B%D0%AC%D0%9D%D0%90%D0%93%D0%90%20%D0%A1%D0%A3%D0%9F%D0%A0%D0%90%D0%92%D0%90%D0%94%D0%96%D0%AD%D0%9D%D0%9D%D0%AF%20%D0%92%D0%95%D0%9B%D0%86%D0%9A%D0%9E%D0%94%D0%9D%D0%AB%D0%A5%20%D0%A1%D0%92%D0%AF%D0%A2%D0%9A%D0%90%D0%92%D0%90%D0%9D%D0%9D%D0%AF%D0%8E.pdf?sequence=1&isAllowed=y(недаступная спасылка)
- ^ https://www.svaboda.org/a/27937897.html
- ^ Витебский Курьер: «10 интересных фактов про Игната Буйницкого» (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Няфёд У. І. Беларускі тэатр. Нарысы гісторыі. — Мн.: 1959. — С. 84-105.
- У. І. Няфёд, Г. І. Барышаў Празарокі, цэнтар сульсавету. № 1191. Магіла Буйніцкага / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі : энцыкляпэдыя. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 1985. — Т. Віцебская вобласьць. — С. 236—237.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал. Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 1: «А досвіткі…» — Кучынская. — С. 183—184.