Войшалк
Войшалк (1223[1]—1268) — вялікі князь літоўскі (1264—1266[2] або 1267[3]), князь наваградзкі (1254, 1258—1263)[4]. Сын Міндоўга.
Войшалк | |
![]() | |
Войшалк (уяўны партрэт). М. Барвіцкі, 1908 г. | |
3-і вялікі князь літоўскі | |
1264 — 1266 | |
Папярэднік | Транята |
Наступнік | Шварн Данілавіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1223 |
Памёр | 1268 |
Бацька | Міндоўг |
Маці | 1-я жонка Міндоўга |
ІмяРэдагаваць
ПаходжаньнеРэдагаваць
Мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка тлумачыць паходжаньне імя Войшалк ад двухасноўнага імя тыпу Воиславь, Воитехь (Voislav, Voitech) шляхам даданьня да ўтваральнай асновы Voi- ці Vois- фармантаў 1—3 ступеняў -š-, -e(-o)l-, -(e,-o)k(o). Ад той жа асновы ўтварыліся ст.-польск. Wojsza, Wojszek і бел. Войша, Вайшэвіч[5]. Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» таксама адзначае яшчэ адзін адпаведнік — князя абадрытаў Готшалка[6].
Поўнае двухасноўнае імя падае пад 1267 году адна з польскіх кронік у паведамленьні[7]: Dux Leo filius Danielis regis Rusie occidit Woyslaum filium Mendogi ducis Lithwanorum (Князь Леў, сын караля Русі Данілы, забіў Войслава, сына герцага ліцьвінаў Міндоўга).
ФормыРэдагаваць
Формы імя князя ў гістарычных крыніцах: Вошелегь, В(ь)шелегь, Воишеглъ, Въишеглъ, Воишелгъ, Въишелгъ, Вышелгъ, Вышелкъ, Воишелкъ, Вошелкъ, Voysalk, Woysalk, Войселк, Войселок, Войселко, Воишелкъ, Воишелко, Воишолкъ, Воишелъ[8].
БіяграфіяРэдагаваць
Нарадзіўся ў 1223 годзе. Каля 1245 году ў Наваградку разам з бацькам і яго баярамі ахрысьціўся ў праваслаўе. Быў, відаць, наваградзкім намесьнікам Міндоўга. Магчыма, маецца на ўвазе пад ананімным «сынам Міндаўга», які ў 1251—1252 гадох ваяваў у ваколіцах Турыйску на Валыні, але гэта мог быць і Даўмонт (калі вернае меркаваньне некаторых крыніцаў, што апошні таксама быў сынам Міндаўга).
Першы пісьмовы ўспамін пра Войшалка знаходзіцца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1254 годам, калі ён стаў наваградзкім князем. У тым жа годзе склаў мір з галіцка-валынскімі князямі, выдаў замуж за Шварна Данілавіча сваю сястру і перадаў Наваградзкае княства Раману Данілавічу. Сам жа пайшоў у Палонінскі манастыр на Валыні, дзе прыняў пострыг пад імем Лаўрыш.
Па трох гадох жыцьця ў Палонінскім манастыры, дзесьці ў 1256 або 1257 годзе выправіўся ў паломніцтва на гару Атон, але мусіў вярнуцца з Баўгарыі з прычыны вайны, якая ішла там. Каля 1260 году разам з 10—12 манахамі заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[a]. Гэты манастыр пазьней атрымаў назву Лаўрышаўскага манастыра (цяпер вёска Лаўрышава, Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць). Першым ігуменам манастыра быў прападобны Елісей.
Войшалк пражыў у манастыры каля году, да нападу Бурундая з галіцка-валынскімі князямі ў 1258 годзе на Літву. У гэты час ён выйшаў з манастыра і, зьяднаўшыся з сваім стрыечным братам Таўцівілам, захапіў Рамана Данілавіча і забіў яго, зноў стаўшы наваградзкім князем.
У 1263 годзе па забойстве Транятам Міндаўга і Таўцівіла на кароткі час зьбег у Пінск. Але ўжо ў 1264 годзе разам зь пінскім войскам вярнуўся ў Наваградак, дзе злучыўся з дружынамі наваградзкіх баяраў і пайшоў ўсталёўваць сваю ўладу ў Літве, зьнішчыўшы шмат сваіх ворагаў.
Прызнаў уладу Васількі Раманавіча і князяваў разам з Шварнам Данілавічам, з дапамогай якіх заваяваў Нальшаны і Дзяволтву. У 1267 годзе перадаў уладу Шварну і пайшоў у манастыр на Валыні.
Прыкладна ў красавіку 1268 году старэйшы брат Шварна Леў Данілавіч паклікаў Войшалка да сябе ва Ўладзімер Валынскі на паляваньне, дзе ўласнаручна забіў яго[9]. Летапіс тлумачыць забойства тым, што Леў меў крыўду на Войшалка, які перадаў уладу над Літвой не яму, а Шварну[2].
Папярэднік Транята |
Вялікі князь літоўскі 1264—1267 |
Наступнік Шварн |
ЗаўвагіРэдагаваць
- ^ Пераклад з старажытнарускай мовы паводле артыкулу: Краўцэвіч А. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 20.12.2015.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Vojšałk // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 219.
- ^ а б Насевіч В. Войшалк // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 463.
- ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 231.
- ^ Ермаловіч М. Войшалк // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 349.
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 111.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 49.
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 113.
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 112—113.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 38.
ЛітаратураРэдагаваць
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мн.: Маст. літ., 1990. — 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-X.
- Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2005. — 136 с., 16 л. факсім. — ISBN 985-458-113-6.
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Краўцэвіч А. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне. Pawet.net. Праверана 27 сакавіка 2011 г.