Аўкштота
Аўкшто́та (па-летувіску: Aukštaitija) — этнаграфічны рэгіён Летувы, які знаходзіцца ў Цэнтральналетувіскай нізіне, у басэйне Вяльлі. Сталіцай лічыцца горад Панявеж. Аўкштота лічыцца гістарычным цэнтрам летувіскай дзяржавы.
З прычыны разьмяшчэньня Аўкштоты на ўзвышшы адносна Жамойці, яна атрымала сваю назву ад летувіскага слова aukštas, якое азначае «высокі».
На тэрыторыі Аўкштоты ўжываецца адна зь дзьвюх дыялектных групаў летувіскай мовы — аўкштайцкая.
ГеаграфіяРэдагаваць
Аўкштота знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Летувы. Асноўнымі гарадамі Аўкштоты зьяўляюцца:
- Панявеж — 119 749 жыхароў (лічыцца сталіцай Аўкштоты)
- Янава — 34 954 жыхары
- Уцяна — 33 860 жыхароў
- Кейданы — 32 048 жыхароў
- Вісагіня — 29 554 жыхары (горад быў пабудаваны ў савецкія часы, таму большасьць жыхароў — гэта расейцы і беларусы)
- Вількамір — 28 759 жыхароў
- Радзівілішкі — 20 339 жыхароў
Па ўсім рэгіёне багата азёраў, асабліва ва ўсходняй частцы.
ГісторыяРэдагаваць
З пачатку ХІІІ ст. да сярэдзіны гэтага ж стагодзьдзя поўдзень Аўкштоты складаў г.зв. Літоўскую зямлю, непасрэдныя ўладаньні «старэйшых» літоўскіх князёў; у першай палове гэтага ж стагодзьдзя поўнач рэгіёну складалі княствы, залежныя ад «старэйшых» князёў (напрыклад, паўночны захад — княствы Дзяволтва, Упіта, Нальшаны і г.д.) і пазьней гвалтоўна падпарадкаваныя князем ВКЛ Міндоўгам. Зь сярэдзіны наступнага стагодзьдзя — у складзе заходняй часткі ВКЛ, якой кіраваў Кейстут, па ягонай сьмерці ў рэгіёне разгортваюцца дзеяньні міжусобнае вайны Вітаўта й Ягайлы[1]. У 1413 годзе ў ВКЛ утвараюцца Віленскае й Троцкае ваяводзтвы — у склад першага трапіла ўсходняя й цэнтральная Аўкштота, апошняга — невялікія заходнія часткі ля мяжы з Жамойцю.
У канцы ХІХ стагодзьдзя, пасьля ўзьнікненьня летувіскага нацыяналістычнага руху, Аўкштота, разам з Жамойцю, была абвешчана цэнтрам вакол якога ўзьнікла ВКЛ, нягледзячы на адсутнасьць ніякіх доказаў.
МоваРэдагаваць
Мясцовыя жыхары размаўляюць на аўкштайцкіх дыялектах летувіскай мовы. Згодна з новымі дасьледаваньнямі летувіская мова дзеліцца ня толькі на жамойцкі і аўкштайцкі дыялекты, але і на яшчэ два субдыялекты — судоўскі і дзукійскі, якія разам утвараюць аўкштайцкую дыялектную групу. Да аўкштайцкіх дыялектаў належаць гаворкі, на якіх заснаваная літаратурная летувіская мова — гаворкі захаду Аўкштоты, у навакольлях Коўны.
СымбаліРэдагаваць
Сучасныя сымбалі Аўкштоты (сьцяг і герб), былі афіцыйна зацьверджаныя ў сакавіку 2007 году.
Традыцыйны стройРэдагаваць
Традыцыйны строй Аўкштоты лічыцца найбольш архаічным. Невялікія адрозьненьні ўласьцівыя строям заходняй і ўсходняй Аўкштоты. Ва ўсходняй Аўкштоце традыцыйны строй насіўся даўжэй за заходнюю, што тлумачыцца большай колькасьцю гарадоў у заходняй частцы й хуткай заменай сялянскай моды на гарадзкую ў канцы ХІХ ст.
Жаночы стройРэдагаваць
Адметная рыса жаночага традыцыйнага строю Аўкштоты — пераважнае выкарыстаньне белага колеру ў адзеньні. Жаночы строй складаўся з доўгай белай ільняной кашулі, некалькіх спадніц, белага фартуху з геамэтрычным арнамэнтам чырвонай ніткай уздоўж яго нізу, гарсэту, доўгага поясу, шыйных упрыгожваньняў, галаўнога ўбору й скуранога абутку. Узімку насілі шарсьцяныя ўкарочаныя ці доўгія паліто.
Белыя кашулі часьцей за ўсё ўпрыгожвалі простай геамэтрычнай вышыўкай чырвонай ніткай на манжэтах. Спадніцы былі ў клетку й фармаваліся з спалучэньня чатырох асноўных колераў: чырвонага, зялёнага, жоўтага й чорнага. Апраналася ня менш за 2 спадніцы, а самая прыгожая апраналася паверх астатніх. Гарсэты дзяліліся на два віды: першы, які ад таліі пачынаў зьбірацца ў складкі, і другі, які быў прамы. Жанчыны Аўкштоты насілі пераважна каралавыя, бурштынавыя ці шкляныя шыйныя ўпрыгожваньні. Асноўнымі сярод галаўных убораў былі наміткі, якія насіліся толькі замужнімі жанчынамі й павязваліся вельмі своеасаблівым чынам, прыкрываючы скулы й шыю, а таксама кароны й чапцы, часта ўпрыгожаныя кветкамі (маладыя дзяўчыны).
Мужчынскі стройРэдагаваць
Мужчынскі строй складаўся з доўгіх вузкіх часьцей даматканых, шарсьцяных ці паўшарсьцяных нагавіцаў натуральных ці цёмных колераў, белай кашулі, камізэлькі, шэйнай хусткі, лямцавага паліто пераважна шэрага ці карычневага колеру, радзей чорнага ці цёмна-сіняга, плеценага ці зьвітанага поясу яркіх колераў, фэтравага капелюша й скураных ботаў, якія падвязваліся тонкімі паяскамі[2].
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- ^ Teresė Jurkuvienė. Lietuvių tautinis kostiumas.
Рэгіёны Летувы | ||
Аўкштота · Дзукія · Малая Летува · Сувалкія · Жамойць | ||