Амстэрдам
Амстэрда́м (па-нідэрляндзку: Amsterdam) — сталіца і найбуйнейшы горад Нідэрляндаў. Месьціцца ў правінцыі Паўночная Галяндыя на захадзе краіны ў вусьці рэк Амстэлу і Эю. Амстэрдам злучаны з Паўночным морам каналам. На 1 траўня 2018 году насельніцтва муніцыпалітэту Амстэрдам складала 859 732 жыхары, а разам з прыгарадамі (гарадзкая акруга) — 2,2 мільёну чалавек. Назва гораду ўтварылася ад складаньня дзьвюх словаў: «Амстэл» і «дам». Амстэл — гэта рака, на якой месьціцца горад, а «дам» азначае ў перакладзе «дамба». У XII стагодзьдзі гэта была невялічкая рыбацкая вёска, але ў часы найвышэйшага разьвіцьця Нідэрляндаў Амстэрдам стаў адным са значных партоў у сьвеце й буйным гандлёвым цэнтрам.
Амстэрдам | |||||
нід. Amsterdam | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1300 | ||||
Краіна: | Нідэрлянды | ||||
Правінцыя: | Паўночная Галяндыя | ||||
Бурмістар: | Фэмке Гальсэма[d] | ||||
Плошча: | 219,32 км² | ||||
Вышыня: | -2 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 859 732 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 3919,99 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +31 020 | ||||
Паштовыя індэксы: | 1011—1109 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°22′22″ пн. ш. 4°53′37″ у. д. / 52.37278° пн. ш. 4.89361° у. д.Каардынаты: 52°22′22″ пн. ш. 4°53′37″ у. д. / 52.37278° пн. ш. 4.89361° у. д. | ||||
Амстэрдам | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.amsterdam.nl/ |
Горад зьяўляецца месцам канцэнтрацыі розных культураў — на красавік 2009 году тут пражывалі прадстаўнікі 177 нацыянальнасьцяў. Амстэрдам таксама зьяўляецца фінансавай і культурнай сталіцай Нідэрляндаў. У горадзе месьцяцца офісы 7 з 500 найбуйнейшых сусьветных кампаніяў, такіх як «Філіпс» і ING. Таксама ў цэнтры гораду знаходзіцца найстарэйшая ў сьвеце фондавая біржа. Мноства славутасьцяў, напрыклад, Рэйксмюзэўм, Музэй Вінцэнта ван Гога, Эрмітаж на Амстэле, квартал чырвоных ліхтароў штогод прывабліваюць у горад каля 4,2 мільёну турыстаў.
Гісторыя
рэдагавацьСамыя раньнія зьвесткі аб паселішчы пад назовам «Амстэрдам» датуюцца 27 кастрычніка 1275 году, калі чалавек, які пабудаваў мост з плацінай праз раку Амстэл, быў вызвалены ад выплаты падаткаў на мост графам Флёрысам V[1]. Сэртыфікат апісваў жыхароў, як людзей, што жывуць каля «дамбы на рацэ Амстэл» (нід. Amestelledamme)[2]. Да 1327 году горад прыняў канчатковую назву Амстэрдам. Заснаваны Амстэрдам адносна нядаўна ў параўнаньні са значна старэйшымі нідэрляндзкімі гарадамі, як то Нэймэген, Ратэрдам і Утрэхт. У кастрычніку 2008 году, гістарычны географ Крыс дэ Бонт выказаў здагадку, што землі вакол Амстэрдаму былі мэліяраваны яшчэ ў канцы X стагодзьдзя. Гэта не абавязкова азначае, што мэліярацыя праводзілася з мэтай заснаваньня паселішча, а, магчыма, дзеля здабычы торфу, які выкарыстоўваўся як паліва[3].
Амстэрдам атрымаў гарадзкія правы, гэтак званае магдэбурскае права, у 1300 альбо 1306 гадох[4]. З XIV стагодзьдзя, Амстэрдам квітнеў, у асноўным дзякуючы гандлю з Ганзейскім зьвязам. З 1345 году горад зьяўляўся цэнтрам пілігрымства да прыняцьця Нідэрляндамі пратэстанцтва[5]. У XVI стагодзьдзі галяндцы паўсталі супраць караля Гішпаніі Філіпа II і ягоных намесьнікаў. Асноўнымі прычынамі паўстаньня было ўвядзеньне новых падаткаў і рэлігійнага перасьледу пратэстантаў гішпанскай інквізыцыяй. Паўстаньне ператварылася ў Васьмідзесяцігадовую вайну, якая ў канчатковым выніку прывяла краіну да незалежнасьці[6]. Моцна паўплываў на посьпех галяндзкага паўстаньня Вільгельм Аранскі, а ўтвораная галяндзкая рэспубліка стала вядомай сваёй адноснай рэлігійнай талерантвасьцю. Габрэі зь Пірэнэйскага паўвострава, гугеноты з Францыі, буйныя купцы й друкары з Фляндрыі, а таксама эканамічныя й рэлігійныя ўцекачы з тэрыторыяў, якія кантраляваліся Гішпаніяй знайшлі прытулак у Амстэрдаме.
XVII стагодзьдзе лічыцца залатым стагодзьдзем Амстэрдаму, на працягу якога ён стаў самым заможным горадам у сьвеце[7]. Судны адплывалі з Амстэрдаму ў Балтыйскае мора, Паўночную Амэрыку й Афрыку, а таксама ў сучасную Інданэзію, Індыю, Шры-Ланку й Бразылію, якія лічыліся аднымі з галоўных рэгіёнаў гандлёвай сеткі. Амстэрдамскія купцы мелі важкі адсотак у абедзьвюх гандлёвых кампаніях: Галяндзкай Ост-Індзкай і Галяндзкай Вэст-Індзкай. Гэтыя кампаніі набылі значныя заморскія ўладаньні, якія пазьней сталі нідэрляндзкімі калёніямі. Амстэрдам быў самым важным цэнтрам Эўропы па адгрузцы тавараў і быў вядучым фінансавым цэнтрам сьвету[7]. У 1602 годзе ў Амстэрдаме кампаніяй Галяндзкай Ост-Індыі быў адчынены офіс, які стаў першай фондавай біржай у сьвеце па гандлі ўласных акцыяў[8].
Амстэрдам страціў больш за 10% свайго насельніцтва ад чумы ў 1623—1625, а затым у 1635—1636, 1655 і 1664 гадох. Тым ня менш, насельніцтва Амстэрдаму стала расло ў XVII стагодзьдзі, дзякуючы вялікаму прытоку іміграцыі й павялічылася з 50 тыс. да 200 тыс.[9]
Росквіт Амстэрдаму зьнізіўся ў XVIII і пачатку XIX стагодзьдзяў. Войны Галяндзкай рэспублікі супраць Ангельшчыны й Францыі зрабілі сваю справу. Падчас напалеонаўскіх войнаў, значэньне Амстэрдаму дасягнула сваёй ніжняй кропкі, а Галяндыя ўвайшла ў склад Францускай імпэрыі, але пазьнейшае стварэньне Злучанага Каралеўства Нідэрлянды ў 1815 годзе стала паваротнай кропкай у справе незалежнасьці гораду й рэгіёну.
Канчатак XIX стагодзьдзя часам называюць другім залатым стагодзьдзем Амстэрдаму[10]. Новыя музэі, вакзал і Канцэртгебаў былі пабудаваныя менавіта ў гэтыя часы. Акрамя таго горад заглынула прамысловая рэвалюцыя. У гэтыя часы быў пабудаваны Амстэрдам-Райнскі канал, які даў магчымасьць злучыць Амстэрдам напрамую з Райнам, таксама быў пабудаваны й канал, які злучаў горад з Паўночным морам. Абодва праекты значна палепшылі гандаль з астатняй Эўропай і сьветам. У 1906 годзе Джозэф Конрад даў кароткае апісаньне Амстэрдаму як марскога курорта. Неўзабаве перад Першай сусьветнай вайной горад пачаў пашырацца, дзякуючы будаўніцтву новых прыгарадаў. Нягледзячы на тое, што Нідэрлянды захоўвалі нэўтралітэт у гэтай вайне, Амстэрдам пакутаваў з-за недахопу харчаваньня й мазуту. Недахоп выклікаў масавыя бунты, у якіх некалькі чалавек былі забітыя, яны атрымалі назоў «Бульбяных бунтаў». Людзі рабавалі крамы й склады, дзеля атрыманьня прадуктаў харчаваньня[11].
Нямеччына ўварвалася ў Нідэрлянды 10 траўня 1940 году і ўзяла пад свой кантроль краіну. Некаторыя грамадзяне Амстэрдаму хавалі габрэяў, тым самым падвяргаючы сябе й свае сем’і высокай рызыцы адпраўленьня за краты альбо ў канцэнтрацыйныя лягеры, у якія былі дэпартаваны больш за 100 тысячаў галяндзкіх габрэяў. Напрыканцы Другой сусьветнай вайны, сувязь з астатняй часткай краіны была страчана, з-за чаго ў горадзе пачаўся голад. Многія грамадзяне зьехалі ў вёску, астанія харчаваліся сабакамі, коткамі, цукровымі буракамі й цыбулінамі тульпанаў, каб застацца ў жывых[12]. Большасьць дрэваў у Амстэрдаме было высечана на паліва.
Многія новыя прыгарады, як то Осдарп, Сьлётэваарт, Сьлётэрмэер й Гэўзэнвэлд, былі пабудаваны ў гады пасьля Другой сусьветнай вайны[13]. Гэтыя прыгарады зьмяшчаюць шмат грамадзкіх паркаў і маюць шырокія й адкрытыя прасторы. З-за вайны й іншых інцыдэнтаў XX стагодзьдзя, амаль увесь цэнтар гораду прыйшоў у непрыдатнасьць. Многія палітыкі й іншыя ўплывовыя асобы выказвалі пляны перабудовы большай часткі гораду. Таксама існаваў рост попыту на офісныя будынкі й будаўніцтва новых аўтамабільным дарог[14]. Амстэрдамскі мэтрапалітэн быў адчынены ў 1977 годзе.
Геаграфія
рэдагавацьАмстэрдам разьмешчаны на паўночным захадзе Нідэрляндаў. Рака Амстэл, працякаючы праз цэнтар гораду, утварае сетку каналаў і праток, акрамя гэтага, асобным каналам горад злучаны з Паўночным морам, пры гэтым ён знаходзіцца на вышыні 2 мэтраў ніжэй за ўзровень мора. Тэрытарыяльна Амстэрдам знаходзіцца блізка да правінцыяў Утрэхт і Флевалянд. Амстэрдам — высока ўрбанізаваны горад. Шчыльнасьць насельніцтва 4457 чалавек на квадратны кілямэтар. Паркі складаюць 12% плошчы гораду. Моцная ўрбанізацыя практычна зьнішчыла натуральны ляндшафт гораду.
Плошча гораду — 219,07 км² (54,1 км² вады).
Клімат
рэдагавацьАмстэрдам мае марскі клімат, дзякуючы блізкасьці да Паўночнага мора на захадзе, зь перавагай заходніх вятроў. Зіма досыць мяккая, маразы ў асноўным адбываюцца падчас усходніх альбо паўночна-ўсходніх вятроў збоку эўрапейскага кантынэнта. З-за таго, што Амстэрдам акружаны з трох бакоў буйнымі вадаёмамі, а таксама з-за гарадзкога цеплавога эфэкту, тэмпэратура начамі рэдка апускаецца ніжэй за —5 °C, але часам тэмпэратура можа дасягаць і —12 °C у Гільвэрсуме, які знаходзіцца ў 25 км на поўдзень ад Амстэрдаму. Лета ўмерана цёплае, але зрэдку гарачае. Дні западкамі зьяўляюцца амаль агульнымі, у сярэднім 186 такіх дзён назіраецца ў годзе. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў для Амстэрдаму складае 833 мілімэтраў[15]. Большая частка ападкаў выпадае ў выглядзе дажджу альбо кароткачасовых дажджышчаў. Воблачная й вільготныя дні зьяўляюцца звычайнымі ў прахалодныя месяцы з кастрычніка па сакавік.
Кліматычныя зьвесткі для Амстэрдаму | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Абсалютны максымум t, °C | 14 | 16 | 21 | 27 | 29 | 32 | 32 | 34 | 28 | 25 | 18 | 15 | 34 |
Сярэдні максымум t, °C | 5,4 | 6,0 | 9,2 | 12,4 | 17,1 | 19,2 | 21,4 | 21,8 | 18,4 | 14,1 | 9,2 | 6,5 | 13,4 |
Сярэдняя t, °C | 3,1 | 3,3 | 6,2 | 9,2 | 13,1 | 15,6 | 17,9 | 17,5 | 14,5 | 10,7 | 6,7 | 3,7 | 10,1 |
Сярэдні мінімум t, °C | 0,5 | 0,2 | 2,4 | 4,0 | 7,8 | 10,4 | 12,5 | 12,3 | 10,2 | 7,0 | 3,9 | 1,9 | 6,1 |
Абсалютны мінімум t, °C | −16 | −14 | −8 | −4 | −1 | 3 | 4 | 6 | 2 | −1 | −7 | −14 | −16 |
Норма ападкаў, мм | 69,6 | 56,2 | 66,8 | 42,3 | 61,9 | 65,6 | 81,1 | 72,9 | 78,1 | 82,8 | 79,8 | 75,7 | 832,8 |
Крыніца: Meteo Consult |
Сьцяг і герб
рэдагавацьТры крыжы Сьвятога Андрэя пазначаюць тры вартасьці гораду: мужнасьць, цьвёрдасьць і літасьць. Народная традыцыя таксама зьвязвае гэтыя тры крыжы з трыма пагрозамі гэтаму гораду: вадой, агнём і эпідэміяй.
Герб Амстэрдаму складаецца з трох крыжоў Сьвятога Андрэя (хоць заступнікам гораду лічыцца Сьвяты Мікалай, таксама гэтыя крыжы зьяўляецца састаўной часткай сьцяга). Таксама на гербе прысутнічае Аўстрыйская імпэратарская карона. У 1489 годзе Максімілян I ва ўдзячнасьць за заслугі і займы дараваў права Амстэрдаму ўпрыгожыць свой герб каралеўскай каронай, у 1508 годзе пасьля каранацыі Максыміліяна I імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі яна была замененая на імпэратарскую. У XVII стагодзьдзі яна была ізноў замененая на карону Рудольфа II. Львы зьявіліся на гербе ў XVI стагодзьдзі, калі Нідэрлянды былі рэспублікай.
Эканоміка
рэдагавацьАмстэрдам зьяўляецца фінансавай і бізнэсовай сталіцай Нідэрляндаў[16]. Горад у цяперашні час зьяўляецца адным з цэнтраў міжнароднага бізнэсу. У Эўропе па гэтым паказчыку Амстэрдам займае пятае месца, прайграючы толькі Лёндану, Парыжу, Франкфурту й Барсэлёне[17]. Многія буйныя карпарацыі й банкі маюць свае штаб-кватэры ў Амстэрдаме, у тым ліку Каралеўскі банк Шатляндыі, Akzo Nobel, Heineken International, ING Group, Ahold, TomTom, Delta Lloyd Group і Philips. Штаб-кватэра кампаніі KPMG International знаходзіцца ў суседнім Амстэлвіне, дзе многія кампаніі месьцяцца з-за таго, што навакольныя супольнасьці дазваляюць мець поўную ўласнасьць на зямлю, у адрозьненьне ад сыстэмы арэнды зямлі ў Амстэрдаме.
Нягледзячы на тое, што шматлікія невялікія офісы па-ранейшаму знаходзіцца ў старым горадзе на каналах, кампаніі ўсё часьцей перамяшчаюцца за межы цэнтру гораду. Дзякуючы гэтаму паўднёвы раён Зёйдас стаў новым фінансавым і юрыдычным цэнтрам гораду[18]. Пяць найбуйнейшых юрыдычных фірмаў Нідэрляндаў, вялікая колькасьць галяндзкіх філіялаў буйных кансалтынгавых фірмаў, як то Boston Consulting Group і Accenture, а таксама Амстэрдамскі міжнародны гандлёвы цэнтар разьмешчаны ў Зёйдасе.
Акрамя таго існуюць яшчэ тры іншыя больш дробныя фінансавыя раёны ў Амстэрдаме. Першы зь іх знаходзіцца ў навакольлях чыгуначнага вакзалу Сьлётэрдайку, дзе некалькі газэтаў, як то De Telegraaf, маюць свае офісы. Тут жа знаходзяцца муніцыпальная грамадзкая транспартная кампанія «Gemeentelijk Vervoersbedrijf» і галяндзкі падатковы орган «Belastingdienst». Другі фінансавы раён знаходзіцца ў навакольлях «Амстэрдам Арэны». Трэці ў навакольлях чыгуначнага вакзалу Амстэл. Самы высокі будынак Амстэрдаму, Вежа Рэмбранта, у якой знаходзіцца штаб-кватэра кампаніі Philips, таксама месьціцца ў гэтым раёне[19][20].
Амстэрдамская фондавая біржа (AEX), якая ў цяперашні час ёсьць часткай Euronext, зьяўляецца найстарэйшай фондавай біржай у сьвеце й адной з найбуйнейшых у Эўропе. Яна разьмешчаны побач з плошчай Дам у самым цэнтры гораду.
Транспарт
рэдагавацьГрамадзкі транспарт
рэдагавацьАмстэрдам мае добра разьвітую сыстэму грамадзкага транспарту. У горадзе дзейнічае мэтрапалітэн, традыцыйныя й хуткасныя трамваі, аўтобусная сетка й паромныя пераправы праз раку Эй. Увесь гарадзкі грамадзкі транспарт знаходзіцца пад кіраваньнем арганізацыі GVB (Gemeentevervoerbedrijf, гэта значыць «муніцыпальнае транспартнае прадпрыемства»). Прыгарадныя аўтобусы, якія злучаюць Амстэрдам з навакольлямі, прыналежаць іншым апэратарам, у прыватнасьці Arriva й Connexxion.
Паветраны транспарт
рэдагавацьАэрапорт Схіпхол знаходзіцца за 20 хвілінаў цягніком ад цэнтральнага вакзалу. Гэта найбуйнейшы аэрапорт Нідэрляндаў і чацьверты па велічыні аэрапорт Эўропы. Ён быў пабудаваны ў 1916 годзе на месцы асушанага Гарлемскага возера. Схіпхол мае шэсьць узьлётна-пасадкавых палос, у цяперашні час распрацоўваюцца пляны па ягоным пашырэньні.
Музыка
рэдагавацьУ Амстэрдаме знаходзіцца адна з найвядомейшых канцэртовых заляў сьвету — Канцэртгебаў (па-нідэрляндзку: Concertgebouw). Яна ёсьць сядзібай Каралеўскага аркестру Канцэртгебаў. Ад 2004 году галоўным дырыгентам гэтага аркестру зьяўляецца Марыс Янсанс.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Berns, Jan; Daan, Jo (1993). «Hij zeit wat: de Amsterdamse volkstaal». The Hague: BZZTôH. ст. 91. ISBN 90-6291-756-9. (нід.)
- ^ «The toll privilege of 1275 in the Amsterdam City Archives» (анг.) Stadsarchief.amsterdam.nl
- ^ «Amsterdam 200 jaar ouder dan aangenomen». Nu.nl. (нід.)
- ^ «De geschiedenis van Amsterdam». Municipality of Amsterdam. (нід.)
- ^ «Mirakel van Amsterdam». Trouw.nl (нід.)
- ^ «Eighty Years' War». Leiden University (нід.)
- ^ а б E. Haverkamp-Bergmann, Rembrandt; The Night Watch (New Jersey: Princeton University Press, 1982), ст. 57 (анг.)
- ^ The oldest share (анг.)
- ^ Geography, climate, population, economy, society. J.P.Sommerville (анг.)
- ^ «Amsterdam through the ages -A medieval village becomes a global city» (анг.)
- ^ «Aardappeloproer – Legermuseum» (нід.)
- ^ «Kou en strijd in een barre winter». NOS. (нід.)
- ^ «Stadsdeel Slotervaart – Geschiedenis». Municipality Amsterdam. (нід.)
- ^ «Stadsherstel Missie/Historie». Stadsherstelamsterdam.nl/
- ^ Nieuwe normaal 1981–2010. Meteo Consult (нід.)
- ^ Amsterdam – Economische Zaken. ez.amsterdam.nl (нід.)
- ^ European Cities Monitor 2007 (нід.)
- ^ Zuidas (нід.)
- ^ Rembrandt Tower. emporis.com (анг.)
- ^ Philips (нід.)