Адам Міцкевіч
Ада́м Бэрна́рд Міцке́віч (польск. Adam Bernard Mickiewicz; 24 сьнежня 1798, фальварак Завосьсе Наваградзкага павету Літоўскай губэрні, сёньня — Баранавіцкі раён Берасьцейскай вобласьці, у некаторых крыніцах Наваградак[a], Расейская імпэрыя — 26 лістапада 1855, Канстантынопаль, Асманская імпэрыя (сёньня — Стамбул, Турэччына)[6][7] — беларуска-польскі паэт беларускага паходжаньня[8][9], палітычны публіцыст і дзяяч нацыянальна-вызвольнага польскага руху, быў сябрам Таварыства філяматаў. Некаторымі зь беларускіх літаратараў Міцкевіч вызнаецца як адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[10] і беларускім польскамоўным паэтам[11]. Вядомы перадусім сваімі балядамі, паэтычнымі апавяданьнямі — драмы «Дзяды» і паэтычная эпапэя «Пан Тадэвуш», прызнаныя апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».
Адам Міцкевіч | |
па-польску: Adam Bernard Mickiewicz | |
![]() Адам Міцкевіч, дагэратып 1842 году | |
![]() Герб «Порай» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Adam Bernard Mickiewicz |
Нарадзіўся | 24 сьнежня 1798[1][2][3][…] Завосьсе або Наваградак, Наваградзкі павет, Літоўская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 26 лістапада 1855[2][3][4][…] (56 гадоў) Канстантынопаль, Асманская імпэрыя |
Пахаваны | |
Род | Міцкевічы |
Бацькі | Мікалай Міцкевіч Барбара з Маеўскіх |
Жонка | Цэліна Шыманоўская |
Дзеці | Марыя, Гэлена, Уладзіслаў, Юзаф, Аляксандар, Ян |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, палітычны публіцыст |
Гады творчасьці | 1818 — 1855 |
Кірунак | рамантызм |
Жанр | верш, баляда, паэма |
Мова | польская мова[5] |
Значныя творы | Пан Тадэвуш Дзяды Ода да маладосьці Рамантычнасьць Крымскія санэты Reduta Ordona |
Подпіс | ![]() |
![]() | |
Творы на сайце Knihi.com | |
За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасьць Адам Міцкевіч правёў у высылцы ў цэнтральнай Расеі пяць гадоў, пакінуў Расейскую імпэрыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцьця ў выгнаньні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, потым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафэсарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапэнам. Памёр у Канстантынопалі, куды ён прыехаў дапамагаць ў арганізацыі польскіх войскаў дзеля барацьбы з Расейскай імпэрыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазьней былі перавезеныя ў Вавэльскі касьцёл у Кракаве.
ЖыцьцяпісРэдагаваць
Жыцьцё і маладосьцьРэдагаваць
Адам Міцкевіч нарадзіўся ў маёнтку свайго дзядзькі ў Завосьсі каля Наваградку, у той час Расейская імпэрыя (цяпер Беларусь). Да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе гэты рэгіён быў часткай земляў ВКЛ і род Міцкевічаў паходзіў зь літоўскай (беларускай) засьцянковай шляхты[12]. Беларускі фальклёр у шэрагу з гістарычнымі літоўскімі паданьнямі пазьней акажа вялікі ўплыў на творчасьць Міцкевіча[12]. Бацька Адама, Мікалай Міцкевіч, быў наваградзкім судовым адвакатам, маці, Барбара з Маеўскіх — дачка аканома зь недалёкага Чамброва. Маці паэта паходзіла з роду Маеўскіх гербу «Стары конь», вядомага ў Наваградзкім ваяводзтве зь сярэдзіны XVII ст. Першым вядомым продкам Адама Міцкевіча з роду Маеўскіх лічыцца Казімер Маеўскі, які ў 1650 годзе валодаў фальваркам Бердаўка. Памылковая гіпотэза паходжаньня Барбары Маеўскай ад пасьлядоўнікаў Якуба Франка папулярызуецца публіцыстамі габрэйскага паходжаньня[13]. У паэта быў брат Францішак[14].
У 1807—1815 гадох Міцкевіч наведваў дамініканскую павятовую школу ў Наваградку. У 1812 годзе адбыліся дзьве важныя падзеі ў жыцьці маладога Адама: 16 траўня памёр ягоны бацька, а крыху пазьней, з пачаткам вайны 1812 году, праз Наваградак прайшлі войскі Напалеона. Бацькаў сябар, судзьдзя Растоцкі дапамагаў маці гадаваць дзяцей. Ён браў іх на лета да сябе ў сядзібу Рута, што непадалёк ад Наваградку[15].
У 1815 годзе Міцкевіч выехаў у Вільню вучыцца ў Віленскім унівэрсытэце — галоўнай навучальнай установе былога Вялікага Княства Літоўскага, дзе пазьней вывучаў гуманістычныя навукі. Складанае матэрыяльнае становішча пасьля сьмерці бацькі схіліла яго да навучаньня ва ўнівэрсытэцкай настаўніцкай сэмінарыі, што пасьля гарантавала працу ў царскіх школах. Навучаньне скончыў у 1819 годзе з тытулам магістра[16].
Падчас навучаньня ў Віленскім унівэрсытэце ў кастрычніку 1817 году разам з Тамашам Занам і суполкай сяброў стварыў Таварыства філяматаў, якое было арганізаванае паводле масонскага ўзору і пасьля пераўтварылася ў змоўніцкую нацыянальна-патрыятычную арганізацыю. Саюз філяматаў і створаныя крыху пазьней «Таварыства Філярэтаў» і «Прамяністыя» служылі асьветніцка-патрыятычнай працы тагачаснай віленскай моладзі. Гэтыя арганізацыі ў 1822 годзе налічвалі больш за 200 сябраў. Неўзабаве актыўная дзейнасьць арганізацыяў прыцягнула ўвагу ўладаў, што пазьней стане адным з чыньнікаў ссылкі Міцкевіча ў Расею. Адзначаецца, што Міцкевіч размаўляў па-польску, па-француску, па-італьянску, па-нямецку, па-ангельску, па-лацінску ды па-грэцку[14].
У 1819 годзе пачаў працаваць настаўнікам у Коўне, дзе жыў да 1823 году. Падчас знаходжаньня ў Коўне напісаў дысэртацыю, за якую ў 1822 годзе атрымаў тытул магістра філязофіі. У той самы час быў ініцыяваны да ступені чалядніка ў масонстве[17].
У пэрыяд настаўніцтва ў Коўне Міцкевіч закахаўся ў Марылю Верашчаку з Туганавічаў Наваградзкага павету, зь якой пазнаёміўся ў 1818 годзе ў час летніх вакацыяў, калі гасьцяваў у маёнтку Верашчакаў непадалёку ад Наваградку. Нягледзячы на іх узаемныя пачуцьці і прыяцельскія стасункі Міцкевіча зь сям’ёй Марылі, ейныя бацькі вымагалі выкананьня раней зробленых заручынаў з графам Путкамэрам. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы Адам Міцкевіч прысьвяціў свайму першаму каханьню. Сьляды гэтага нерэалізаванага каханьня можна знайсьці ў вядомых вершах Міцкевіча «Да М…» і «Да сяброў», балядах «Сьвіцязь», «Сьвіцязянка» ды «Рыбка».
Турма, высылка і эміграцыяРэдагаваць
У час працы на радзіме Адам Міцкевіч падаў хадайніцтва пра дадатковы адпачынак і паездку за мяжу. Адпачынак яму далі, але замежную вандроўку не дазволілі. Калі ён у кастрычніку 1823 году паехаў у Вільню, яго арыштавала сьледчая камісія, створаная з мэтай спыніць патрыятычны рух «польскай моладзі ў Літве». Падчас сьледзтва філярэты зрабілі ўсё магчымае, каб адвесьці ад Міцкевіча абвінавачаньні, але ён усе ж быў прыгавораны да высылкі ў глыб Расеі.
8 лістапада 1824 году Міцкевіч прыбыў у Пецярбург за прызначэньнем. У чаканьні прысуду Міцкевіч сышоўся з дэкабрыстамі (К. Рылеевым ды А. Бястужавым) і атрымаў нават даручэньне зблізіць расейскіх рэвалюцыянэраў з патрыётамі Польшчы і Літвы. Ён актыўна ўдзельнічаў у так званых «расейска-польскіх перамовах» паміж дэкабрысцкім «Паўднёвым» і «Польскім патрыятычным» таварыствамі. Вырашэньне з прызначэньнем месца ссылкі зацягнулася, і Міцкевіч паехаў у Крым, дзе напісаў паэтычны цыкль «Крымскія санэты» і шэраг вершаў. У вершы «Марак» ён зноў выклаў свае погляды на жыцьцё:
Увесь пэрыяд патрыятычнай віленска-ковенскай маладосьці і высылкі ў глыб Расеі адбіўся пазьней у напісаных падчас побыту ў Дрэздэне, трэцяй часткі «Дзядоў». Канцавы Ўступ З-яй часткі «Дзядоў», «Да сяброў маскалёў» мелі асабісты характар. Міцкевіч зьвярнуўся ў іх беспасрэдна да вядомых у Расеі дэкабрыстаў і верагодна Аляксандра Пушкіна.
Жыцьцё ў РасеіРэдагаваць
Нарэшце маскоўскі ваенны генэрал-губэрнатар залічыў Міцкевіча ў сваю канцылярыю. У Маскве паэт даведаўся пра паўстаньне на Сэнацкай плошчы і жорсткую расправу над дэкабрыстамі. Але расейцы сваёй падтрымкай не далі яму аплакваць лёс сяброў-паўстанцаў у адзіноце. Вясной 1826 году рэдактар «Московского телеграфа» Н. Палявой увёў Міцкевіча ў маскоўскае літаратурнае асяродзьдзе і ён стаў частым госьцем славутага салёну княгіні-паэтэсы Зінаіды Валконскай, зблізіўся там з Баратынскім, Венявіцінавам, Вяземскім, Пагодзінам, пазнаёміўся з Аляксандрам Пушкінам. Пераклады твораў Міцкевіча на расейскую мову зьявіліся ў «Московском телеграфе» і мелі вялікі посьпех у расейскай публікі. Міцкевіч меў намер пачаць выданьне часопіса або газэты на польскай мове, але ўлады адмовілі яму. Таксама ў гэты час паэт пазнаёміўся з Марыяй Шыманоўскай і яе дачкой Цэлінай, але ня ведаў, што маленькая Цэліна пазьней стане ягонай жонкай.
У гэты час пісьменьнік перажыў яшчэ адну драму. У салёне Валконскай ён пазнаёміўся з К. Яніш (пазьней вядомая паэтэса Паўлава) і вырашыў ажаніцца зь ёй, але яе бацькі адмовілі яму.
Жыў у Адэсе[18].
Сур’ёзнай працай гэтага часу была паэма «Конрад Валенрод», якую ён пачаў пісаць у Маскве, а скончыў у Пецярбургу. Яго баляды «Ваявода» і «Будрыс і яго сыны» («Тры Будрысы») Аляксандар Пушкін пераклаў на расейскую мову.
Ад’езд Міцкевіча ў ЭўропуРэдагаваць
Пасьля сасланьня і дазволу зьехаць за мяжу Міцкевіч падарожнічаў па Эўропе. Спачатку ў 1829 годзе на ангельскім параходзе «Георг IV» ён накіраваўся ў Нямеччыну, наведаў Любэк, Гамбург ды Бэрлін, у якім эмігранты з Рэчы Паспалітай зладзілі яму ўрачыстую сустрэчу. Міцкевіч наведаў некалькі лекцыяў Гегеля ва ўнівэрсытэце. У Празе пазнаёміўся з Вацлавам Ганкам. У Карлсбадэне (Карлавых Варах) выпадкова сустрэў Антонія Эдварда Адынца, які суправаджаў паэта ў ягоных далейшых падарожжах, у тым ліку ў Швайцарыю ды Італію. Разам яны наведалі Гётэ. Таксама Міцкевіч змог пабачыць Шлегеля. Перайсьці з Швайцарыі ў Італію сябры вырашылі пехатой. Пабывалі ў Вэнэцыі, Фэрары, Балёньні ды Флярэнцыі. Асабліва вялікае ўражаньне на Міцкевіча зрабіў Рым, пра што ён пісаў у лістах да Францішка Малеўскага. Спыніўшыся ў Рыме, Міцкевіч вывучаў працы старажытых гісторыкаў, а таксама паэт шмат перапісваўся з сваімі землякамі, якіх лёс раскідаў па ўсім сьвеце. Але Міцкевіч ня змог уседзець на месцы і вярнуўся ў Швайцарыю. У 1831 годзе прыехаў у Вялікапольшчу з намерам перайсьці мяжу і вярнуцца да ахопленага паўстаньнем Царства Польскага, але ў рэшце рэшт паэт застаўся ў Дрэздэне да 1832 году, дзе сустрэў багата землякоў, якія эмігравалі.
З Дрэздэну паэт накіраваўся ў Парыж, дзе пачаў супрацоўнічаць з эміграцыйнымі дзеячамі, пісаў артыкулы і публіцыстычныя лісты. У 1839—1840 быў прафэсарам лацінскай літаратуры ў швайцарскай Лязане, а ў 1840 годзе ўзначаліў катэдру славянскіх моваў у «Калеж дэ Франс» (Collège de France), дзе праводзіў так званыя парыскія лекцыі. На лекцыі Міцкевіча хадзіла вялікая колькасьць дзеячоў і мысьляроў, у тым ліку і француская літаратарка Жорж Санд[19]. У 1841—1844 гадох быў прэзыдэнтам Гістарычнага факультэту Літаратурнага таварыства ў Парыжы[20]. З боку грамадзкай пазыцыі і актыўнасьці ў польскіх патрыятычных асяродках Адама Міцкевіча лічылі за галоўнага прадстаўніка так званай Вялікай Эміграцыі.
У Парыжы пасябраваў з фатографам Міхалам Швайцэрам, а ў 1841 годзе зьвязаўся з прадстаўніком плыні польскага мэсіянізму — Андрэем Тавянскім і зрабіўся яго галоўным прапагандыстам і кіраўніком створанага Тавянскім «Кола Божай справы». У 1844 годзе францускія ўлады абвінавацілі Міцкевіча ў прапагандзе тавянізму з нагоды: палітычнага ўхілу яго лекцыі (усхваленьня Напалеона), у сваіх лекцыях агучваў погляды яўна антыкаталіцкія (4-я лекцыя) — крытыкаваў Каталіцкую Царкву за адыход ад хрысьціянскіх прынцыпаў. У 1847 годзе Міцкевіч разарваў стасункі з Тавянскім.
У час «Вясны народаў» (1848) стварыў у Італіі польскі легіён. Пасьля вяртаньня ў Парыж стаў адным з заснавальнікаў і галоўным рэдактарам «Трыбуны народаў» (Tribune des Peuples). У выніку інтэрвэнцыі расейскай амбасады ў Парыжы, часопіс быў зачынены за агучваньне радыкальных грамадзкіх поглядаў. Аднаўленьне Другога Францускага Каралеўства распаліла надзею Міцкевіча на новы канфлікт з Расейскай Імпэрыяй і новую цікавасьць Эўропы да польскай справы. Яго апошні твор магчыма напісаны лацінскай одай у гонар Напалеона ІІІ Банапарта.
У 1851 годзе быў адданы пад нагляд паліцыі. З 1852 году працаваў у Бібліятэцы Арсэналу.
Апошнія гады жыцьцяРэдагаваць
У верасьні 1855 году, падчас Крымскай вайны, выехаў у Канстантынопаль, каб ствараць польскія аддзелы Легіёну польскага, а таксама складзены з габрэяў так званы «габрэйскі легіён» дзеля змаганьня з царскай Расеяй. Раптоўна памёр падчас эпідэміі халеры (верагодна ад самой хваробы, хоць апошнім часам сустракаюцца вэрсіі, што паэт мог быць атручаны мыш’яком[21] або ў выніку кровазьліцьця ў мозаг). Ягонае цела было перавезенае ў Парыж і ў 1855 пахаванае на могілках дэ Шампо ў Манмарсі, а ў 1890 годзе перанесенае ў Вавэльскі катэдральны сабор, што стала нагодай да палітычнае маніфэстацыі.
Творчая спадчынаРэдагаваць
Адам Міцкевіч разам зь Юльюшам Славацкім і Зыгмунтам Красінскім лічыцца адным з зачынальнікаў польскага рамантызму[22][23], адзін з найвыбітнейшых стваральнікаў рамантычнае драмы ў Польшчы[24], яго постаць параўноўвалася як на радзіме, так і ў Эўропе з такімі літаратурнымі волатамі, як Аляксандар Пушкін[25], Джордж Байран і Ёган Гётэ[26][27], што робіць Міцкевіча адным з найяскравейшых паэтаў эўрапейскага літаратурнага маштабу[28]. Атрымаў характарыстыку як «паэт пераўтварэньняў»[29] і «славянскі бард»[30]
Творчасьць Міцкевіча аказала вялікі ўплыў на разьвіцьцё беларускай літаратуры. Высока ацэньваючы фальклёр Беларусі, Адам Міцкевіч пісаў пра цяжкі лес беларусаў: «У іх казках і песьнях ёсьць ўсё… Усю сваю гісторыю на зямлі яны прайшлі ў страшэннай галечы і прыгнёце».
Пад уплывам паэта літаратурную дзейнасьць пачыналі Я. Баршчэўскі, Аляксандар Рыпінскі, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя. Дабратворны ўплыў яго адчулі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (які пераклаў «Пан Тадэвуш» на беларускую[31]), А. Вярыга-Дарэўскі, В. Каратынскі. У Міцкевіча вучыўся творчаму асваеньню вобразаў і матываў беларускага фальклёру Францішак Багушэвіч. Тыпалягічныя сувязі з рамантызмам Міцкевіча выявіліся ў паэмах «Сон на кургане», «Курган» і некаторых вершах Янкі Купалы. Тыпалягічна блізкія да «Пана Тадэвуша» паэма Якуба Коласа «Новая зямля». У 1920-я гады рамантычным патасам Міцкевіча цікавіліся маладнякоўцы Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча, Максім Лужанін, Юрка Гаўрук, Паўлюк Трус і іншыя. Міцкевічаўскія традыцыі народнасьці, рэалізму і рамантызму разьвівалі Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, В. Таўлай, П. Пестрак, Ю. Гаўрук, М. Лужанін, П. Панчанка, Язэп Семяжон і іншыя.
Мова МіцкевічаРэдагаваць
Мова Міцкевіча — гэта ў значнай ступені адлюстраваньне тагачаснай мовы шляхты ў Літве, да якой належаў сам паэт[32] і якая з гледзішча граматычнай сыстэмы і лексычных рэсурсаў мае ў сабе шмат беларускіх элемэнтаў, што паходзяць зь мясцовых народных гаворак[33]. Правінцыяналізмы паэт уводзіў мэтанакіравана, клапоцячыся падкрэсьліць сваю лякальную адметнасьць[32]. Доктар філялягічных навук і прафэсар БДУ Мікалай Хаўстовіч заўважае, што мову сваіх твораў Міцкевіч называў польскай, але зрэдку — «ліцьвінскай»[34]. Гэтае сьцьверджаньне абгрунтоўвае і ўспамін дачкі Міцкевіча, Марыі Міцкевіч, пра клопат свайго бацькі аб захаваньні свайго правінцыяльнага вымаўленьня і перадачы яго дзецям:
...няраз слухаючы нас, ён уздыхаў, што ў нас бясколерны, чужаземскі акцэнт. Ён бы хацеў чуць з нашых вуснаў мову сьпеўную, літоўскую, якая была яму мілейшая за ўсё.
Арыгінальны тэкст (пол.)
...nieraz słycząc nas mówiących, wzdychał, że mamy akcent bezbarwny, cudzoziemski. On byłby chciał słyczeć w naszych ustach tę mowę spewną, litewską, która nadewszystko była mu miłą. |
||
—Gorecka A. Wspomnienia o Adamie Mickiewiczu. — Kraków, 1897. S. 76. |
Шматлікія вучоныя, як гісторыкі літаратуры, так і мовазнаўцы згаджаюцца з тым, што цяжка казаць пра мову паэта як аб мастацкім сродку, пакуль ня будуць дастаткова вывучаныя аб’ём і характар яго правінцыяналізмаў[32]. Прафэсар Познанскага ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча Станіслаў Дабжыцкі ў сваёй працы «Колькі назіраньняў за мовай Міцкевіча» зарэгістраваў шматлікія моўныя факты ў творах Міцкевіча, якія выходзяць за межы нормаў агульнапольскае мовы[35].
Сучасьнік Адама Міцкевіча ўраджэнец Віцебску Максымільян Маркс у сваіх успамінах падкрэсьлівае, што з сваёй каханай Марыляй Верашчакай Міцкевіч размаўляў па-беларуску, а першыя вершы Міцкевіча, не напісаныя, а агучаныя ўслых, былі па-беларуску[36]. Тым часам гісторык, літаратуразнавец і выдавец Адам Кіркор (1818—1886) зазначаў, што «Адам Міцкевіч паводле выхаваньня, паводле першых працаў сваіх належыць Літве, якая ва ўспамінах усяго яго жыцьця, ва ўсіх яго творах зьліваецца зь Беларусьсю»[37].
Фанэтычныя асаблівасьціРэдагаваць
У 1936 годзе беларускі літаратуразнаўца Станіслаў Станкевіч у сваёй працы «Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej» грунтоўна падсумаваў асаблівыя зьявы ў галіне фанэтыкі, марфалёгіі, сынтаксісу і асаблівасьці граматычных катэгорыяў роду і ліку мовы Адама Міцкевіча ў яго вершаваных творах і філямацкай карэспандэнцыі паэта. Творы цытуюцца паводле львоўскага выданьня «Твораў» паэта.
Апісаньне асаблівасьці | Прыклады з твораў | Заўвагі | Абгрунтаваньне |
Чаргаваньне агульнапольскага «е» зь беларускім «а» пад уплывам «аканьня» ў дзеяслове «rdzewieć» | «Zawiasy rdzawieją w sieni» («Курганок Марылі»); «Potem w niej czucie rdzawieje» («Дзяды», Ч. 4. С. 118), «Ze od mych westchnień pordzawiała krata» («Конрад Валенрод», С. 167). | Форма «rdzawieje» сустракаецца таксама ў Я. Ходзькі[38] | Чаргаваньне зьявілася ў Міцкевіча пад уплывам беларускае мовы, у якой гэты дзеяслоў стала выкарыстоўваецца з «а», напр: «Як ён заржавее, то міне ўжэ ні будзе на сьвеці»[39] (Federowski M. Т. II. С. 57). |
Асобныя памяншальныя назоўнікі маюць у Міцкевіча суфікс -ek замест агульнапольскага -ik, як у назоўніку «duszeczko» | «Czyscowe duszeczki!» («Дзяды», Ч. 2. С. 78); «Czego potrzebujesz, duszeczko» («Дзяды», Ч. 2. С. 82, 94); «duszeczko!» («Дзяды», Ч. 2. С. 83) | Гэтае слова ў агульнабеларускай мове ўжываецца ў форме «душачка», але на Наваградчыне, які і ў асобных іншых мясцовасьцях, дзе з-за няпоўнага яканьня «е» пасьля націскнога складу не пераходзіць у «а», гучыць яно — «душэчка»[40]. | |
Пераход у спалучэньні «śl» на «szl» пад уплывам беларускае мовы | «Kiedy szlesz bilet bogatym» («Віншаваньні», С. 61); «poszlij» («Віншаваньні», С. 61); «W koley szlą pełne smaków porcelany» («Гарадзкая зіма», С. 15); «Poszlemy szukać wszédzie» («Лілеі», С. 138); «Poszlą najezdnicy podli» («Імправізацыя», С. 138); «szlij mnie do niego powtórnie» («Гражына», С. 13); «Wezwanie przyszle mu szpieg nieznajomy» («Да маці-полькі», С. 377); «Bo Herold już szle katów» («Меркаваньні ды заўвагі», С. 452); | Прафэсар Станіслаў Дабжыцкі ў сваёй працы «Колькі назіраньняў над моваю Міцкевіча»[41] заўважыў, што ў мове палякаў на Русі спалучэньні «śl» і «śń» пад рускім (г. зн. беларускім) уплывам пераходзяць у «szl» і «szń». Гэтая фанэтычная зьява шырока выступае ў мове Міцкевіча, Чачота і іншых філяматаў. | «Ці шліся, ці ня шліся»[42] (Klich E. С 53); «тода прышлёце да мене»[42] (там жа); «як калені засвербяць, нехто ніскі паклон прышле»[43] (Federowski M. T. I. С. 209); «я на цібе нашлю казамі»[44] (Federowski M. T. II. С. 12) |
Пераход у спалучэньні «śń» на «szń» пад уплывам беларускае мовы | «Zauszniczki wyrznięte sztucznie z pestek wiszni» («Пан Тадэвуш», Кн. XI. С. 631); | Гэтая фанэтычная зьява сустракаецца толькі адзін раз | «І я в саду вішня, чом не чэрэшня… А я тую вішню ісьцяці мышлю» (Романов Е. Материалы. Т. II, С. 165) |
Зьмякчэньне «z», «s» перад мяккімі зычнымі пад уплывам беларускае мовы | «źwiędła» («Гяўр» С. 26 у львоўскім выданьні); «wźmiankę» («Гяўр» С. 118); «nieźmiernie» («Гяўр» С. 272); «źmieniła» («Гяўр» С. 1262); «źmieniona» («Гяўр» С. 1265); «źwiąże» («Гяўр» С. 431); «naźwij» («Гяўр» С. 110); «źleje» («Гяўр» С. 262); «źlała» («Гяўр» С. 46); «źlawszy» («Гяўр» С. 643); «wźlatuje» («Гяўр» С. 389); «źbity» («Гяўр» С. 554) ды іншыя. Прыклады з «Пана Тадэвуша»: «nieźmiernie» («Пан Тадэвуш» Кн. II. С. 562); «nieźmiernie» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 259); «pośpieszał» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 136 і Кн. IV. С. 384); «śpieszył» («Пан Тадэвуш» Кн. IV. С. 99 і Кн. VI. С. 91); «śpieszyć» («Пан Тадэвуш» Кн. VIII. С. 309, 322); «źwisłe» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 160); «spełźnie» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 330); «Pełźnie» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 637 і Кн. VIII. С. 615); | Гэтая фанэтычная асаблівасьць у Міцкевіча адносна рэдкая. На гэта мусіла паўплываць непасьлядоўнасьць артаграфіі паэта і асаблівае тое, што творы Міцкевіча друкаваліся пераважна безь яго ўдзелу[45]. Прыведзеныя прыклады зьяўляюцца знойдзенымі прафэсарам Станіславам Дабжыцкім ў першым выданьні «Гяўра» і «Пана Тадэвуша». | Асыміляцыйнае памякчэньне «z», «s» зьяўляецца агульным для беларускае мовы. Пасьля Рэформы беларускага правапісу 1933 году графічнае пазначэньне мяккасьці захавалася толькі ў клясычным правапісу. |
Напісаньне «ę» і «ą» замест -eń і -oń пад уплывам характэрнай рысы вымаўленьня «n» замест «ń» перад наступным цьвёрдым зычным у палякаў на Літве і Беларусі | «łancuchem» («Да Лелявеля» С. 104 асобнага выданьня 1822 г.); «skonczył» («Да М…» С. 32, рукапіс); «koncem» («Падарожныя» С. 8, рукапіс); «słonce» («Ранак і вечар» С. 1, рукапіс); «słonca» («Ugolino» С. 78, рукапіс); «panskiey» («Дзяды» Ч. 1, С. 91, рукапіс); «On się przeklęctwa nie boi» («Дзяды», Ч. 2, С. 583); «twoje usłyszą przeklęstwa» («Гяўр» С. 741); «chlubi się z przeklęstwa» («Дзяды» Ч. 3, «Да прыяцеляў-маскалёў», С. 20); «sama w niebezpieczęstwie» («Ястраб» аўтограф у «Альбоме» Машынскага); «więcze» замест «wieńczy» («На грэцкі мір» С. 40, рукапіс); «malęki» («Падарожныя» С. 165, рукапіс) — усе прыклады зь львоўскага выданьня «Твораў» Міцкевіча. тое ж у «Пане Тадэвушы»: «pojedynczą» (Кн. II, С. 827); «przeklęctwa» (Кн. VIII, С. 524). Адносна шмат падобных прыкладаў знаходзім у аўтографах «Пана Тадэвуша», пададзеных у варыянтах тэксту ў IV томе сомавага выданьня «Dzieł wszystkich»: «konca» (A1: Кн. X, С 80; Кн. XI, С. 8); «koncu» (A1: Кн. XII, С. 184); «konczył» (A1: Кн. XII, С. 222); «słonca» (A1: Кн. X, С. 81); «słonce» (A1: Кн. XI, С. 183); «panski» (A1: Кн. XII, С. 184). | Гэтая фанэтычная зьява даволі рэдкая ў друкаваных творах Міцкевіча, адносна часта выступае ў ягоных рукапісах. | Гэтая фанэтычная асаблівасьць узьнікла пад уплывам беларускае мовы, у якой «н» перад наступным цьвёрдым зычным заўсёды цьвёрдае[45]. Напр.: «ужэ слонцо зайшло»[46] (Federowski M. Т. III. С. 124); «селі ў адном канцы стала»[47] (Federowski M. Т. I. С. 99); «прывязаў калсыку да ланцуга»[48] (Federowski M. Т. I. С. 134); «панскіе радзіцы далі ему па хустачцы»[49] (Federowski M. Т. I. С. 225); «прывела над „конскі“ тулуб»[50] (Federowski M. Т. I. С. 228) |
Спрашчэньне зычных насуперак нормам агульнапольскае мовы | «chaos we łbie, yak w garku» («Ямбы» С. 36); «tęgo dżgali z garka» («Ямбы» С. 52); «widok garków» («Пан Тадэвуш» Кн. VIII, С. 706); «Mając u kolan pełne miodu dwa półgrace» («Пан Тадэвуш» Кн. XI С. 297); «półgarcówką prepił do Klucznika» («Пан Тадэвуш» Кн. XI С. 337) | Фанэтычная зьява спрашчэньня зычных характэрная, у адрозьненьне ад агульнапольскае мовы, толькі беларускай мове[51] | |
Спрашчэньне зычных у часта ўжываным прыметніку «czyscowy» замест «czyśćowy» і ва ўскосных склонах назоўніка «czyściec» («w czyscu» замест «w czyśćcu») | «Boś ty czyscowej zbawił mię katuszy» («Люблю я» С. 59); «W czyscowe rzucił potoki» («Люблю я» С. 98); «Dręcz się w czyscowej zagubie» («Люблю я» С. 110); «Proszę za dusze w czyscu bolejące» («Люблю я» С. 139). Прыклады зь «Люблю я» паводле львоўскага выданьня, бо ў выд. Піганя словы пададзеныя ўжо ў правільнай форме. | Гэтая фанэтычная зьява зьяўляецца правінцыяналізмам, утвораным пад уплывам беларускае мовы, у якой як прыметнік «чысцовы», так і назоўнік «чысьцец» (але «чысца», «у чысцу») — правільныя формы[51]. | «У чысцу агонь гарыць»[52] (Federowski M. Т. I. С. 222); «Да чысца і да атхлані»[50] (Federowski M. Т. I. С. 228) |
Ушанаваньне памяціРэдагаваць
ПомнікіРэдагаваць
Помнікі Адаму Міцкевічу ўсталяваныя ў шматлікіх эўрапейскіх гарадох, такіх як: Кракаў, Варшава, Вільня, Берасьце, Львоў, Познань, Перамышль, Гданьск, Жэшаў, Вялічка і іншых.
У 2003 годзе па ініцыятыве польскай дыяспары недалёка ад скрыжаваньня вуліцаў Няміга і Раманаўская Слабада помнік Адаму Міцкевічу быў усталяваны ў Менску[53].
ВуліцыРэдагаваць
Імем Адама Міцкевіча названы вуліца ў Берасьці, вуліцы ў местах Ашмяны (і завулак), Баранавічы, Ваўкавыск, Горадня, Докшыцы, Кобрынь (завулак), Ліда, Лунінец, Маладэчна, Наваградак, Карэлічы, Нясьвіж, Пружаны, Слонім, Смаргонь (і завулак), Стоўпцы, у мястэчках Вярэнаў, Зьдзецел[54].
Беларускі фільмРэдагаваць
Аўтар беларускага біяграфічнага фільму пра Адама Міцкевіча Алег Лукашэвіч атрымаў дыплём з адзнакай на IX конкурсе імя Ежы Гедройца за стужку «Эпоха Адама Міцкевіча». У чатырох сэрыях падрабязна дасьледуецца біяграфія вялікага паэта, паказваюцца рэдкія дакумэнты і мясьціны з жыцьця Міцкевіча[55].
БібліяграфіяРэдагаваць
- Dzieła. T. 1-16. Warszawa, 1955;
Беларускія перакладыРэдагаваць
- Выбраныя творы / Склад. Я. Брыль; рэд. пер. М. Танк. Мн., 1955.
- Зямля навагрудская, краю мой родны…: Санеты, балады, вершы і ўрыўкі з паэм / Пер. з пол.; уклад. А. Мальдзіс. Мн., 1969.
- Пан Тадэвуш / Пер. з пол. Б. Тарашкевіч; прадм., падрыхт. тэксту і камент. А. Мальдзіс. Мн., 1981.
- Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве: Шляхецкая гісторыя 1811—1812 гадоў у дванаццаці кнігах вершам / Пер. Я. Семяжона. Мн., 1985.
- Свіцязянка: Вершы, балады, паэмы / Уклад. У. Мархель // Э. Ажэшка. Зімовым вечарам: Апавяданні, аповесці; А. Міцкевіч. Свіцязянка: вершы, балады, паэмы. Мн., 1996.
- Філаматы і філарэты / укладаньне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі й камэнтры Кастуся Цьвіркі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1998. — С. 25—134. — 400 с. — (Серыя І. Мастацкая Літаратура). — 10 100 ас. — ISBN 985-6318-21-1
- Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве: Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гг. у дванаццаці кнігах вершам / Пер. на бел. мову П. Бітэль. Мн., 1998.
- Санеты = Sonety / Уклад. У. Мархеля; Пер. з пол. У. Мархеля, І. Багдановіч. Мн., 1998.
- Дзяды = Dziady: У 2 т. / Пер. на бел. мову С. Мінскевіча. Мн., 1999.
- Вершы і паэмы. Мн., 2000.
- Дзяды : Паэма / Адам Міцкевіч ; Пер. з пол., [прадм., камент.] К.Цвіркі; [маст. У.Вішнеўскі]. — Мінск : ГА «Беллітфонд», 2001. — 301, [1] с.
- Выбраныя творы / Уклад. К. Цвірка. Мн., 2003.
- Выбраная лірыка / Уклад. І. Багдановіч. Мн., 2018 («Паэты планеты»).
ЗаўвагіРэдагаваць
- ^ У мэтрыцы няма зьвестак пра месца нараджэньня
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Мілаш Ч. The History of Polish Literature, Updated edition — 2 — University of California Press, 1983. — С. 208. — ISBN 978-0-520-04477-7
- ^ а б Стахеев Б. Ф. Мицкевич // Краткая литературная энциклопедия (рас.) — Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 4. — С. 892—897.
- ^ а б Спасович В., Уманский А. М. Мицкевич, Адам (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1896. — Т. XIXа. — С. 503—508.
- ^ Adam Mickiewicz // Babelio (фр.) — 2007.
- ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Mickiewicz Adam Bernard (у:) Internetowa encyklopedia PWN
- ^ Ksawery Pruszyński. Opowieść o Mickiewiczu. — Warszawa: Spółdzielnia Wydawnicza «Czytelnik», 1998. S. 7—8.
- ^ Масляніцына І. Міцкевіч (Mickiewicz) Адам // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.
- ^ Баршчэўская Н. Адам Міцкевіч і Беларуская мова // Камунікат 2 / 2005 (27)
- ^ Мальдзіс А. Зямля Навагрудская, краю мой родны… // Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. С. 6.
- ^ Міцкевіч Адам // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Менск: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
- ^ а б Чэслаў Мілаш, The History of Polish literature, p. 208.
- ^ Юркевіч З. Таямніца Міцкевіча «па кудзелі» [1] // «Культура» № 8 (1238), 20.02.2016 — 26.02.2016 г.
- ^ а б Леў Мірачыцкі. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Эміграцыя з Наваградчыны. — Мінск: ВЦ "Бацькаўшчына", 1994. — С. 22. — 21 000 ас. — ISBN 985-6026-04-0
- ^ Міцкевіч Адам — Беларусь у асобах і падзеях
- ^ Biblioteka Lit. Polskiej, Un. Gdański
- ^ Ludwik Hass. Wolnomularstwo w Europie Środkowo-Wschodniej XVIII i XIX wieku Wrocław 1982 s. 284(пол.)
- ^ А. А. Лойка. Міцкевіч Адам // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3: Карчма — Найгрыш. — 751 с. — 9500 ас. С. 650.
- ^ w 1840, wspólnie z Fyderykiem Szopenem
- ^ Anna Mazanek, Towarzystwo Historyczno-Literackie, w: Literatura Polska, przewodnik encyklopedyczny, Warszawa 1985, t. II, s. 482.
- ^ Monika Florek-Moskal: Prawdziwe przyczyny śmierci Chopina i innych wielkich Polaków. wprost.pl, 2008-06-01
- ^ S. Treugutt, Mickiewicz — domowy i daleki, w: A. Mickiewicz, Dzieła I, Warszawa 1998, str. 7
- ^ E. Zarych, Posłowie w: A. Mickiewicz, Ballady i romanse, Kraków 2001, str. 76
- ^ T. Macios, Posłowie do: A. Mickiewicz, Dziady, Kraków 2004, str. 239—140
- ^ «Centennial essays for Pushkin» Page 77, Samuel Hazzard Cross — Literary Criticism, 1937.
- ^ T. Macios, Posłowie do: A. Mickiewicz, Dziady, Kraków 2004, str. 239
- ^ Adam Mickiewicz w oczach Francuzów, Warszawa 1999, str. 13
- ^ A. Wójcik i M. Englender, Budowniczowie gwiazd 1, Warszawa 1980, str. 19-10
- ^ A. Witkowska, Romantyzm, Warszawa 2003, str. 237
- ^ Adam Mickiewicz w oczach Francuzów, Warszawa 1999, str. 12
- ^ Мархель У. Прысутнасць былога: Нарысы, артыкулы, эсэ. — Мн.: Выд. М. М. Трафімчук, 1997. — С. 24. — ISBN 985-6380-05-7
- ^ а б в Станкевіч С. Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 144. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Bitsch K. Język polski w Wileńszczyźnie. — Przegląd Współczesny, Styczeń-marzec 1925. — С. 29 і 32.
- ^ М. Хаўстовіч. Наш Міцкевіч // XIX стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. — Кн. першая. — Мн.: БДУ, 2000.. — С. 3. — 214 с.
- ^ Dobrzycki St. Kilka spostrzeżeń nad Językiem Mickiewicza. — Prace Filologiczne, 1911. — Т. VII.
- ^ Корбут В. Маркс сведчыў, што Міцкевіч свае першыя вершы складаў па-беларуску, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 23 верасьня 2021 г.
- ^ Шчарбачэвіч Н. Быць ліцвінам: 5 доказаў, Звязда, 6 студзеня 2015 г.
- ^ Turska H. Język Jana Chodźki. Przyczynek do historji języka polskiego na obszarze północno-wschodnim Rzeczypospolitej. — Wilno: 1934. — С. 32.
- ^ Federowski M. Basnie, przypowiesci i podania ludu z okolic Wolkowyska, Slonima, Lidy i Sokolki. Cz. 1 // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1902 Т. II. — С. 57. — 359 с.
- ^ Kallenbach J. Uwagi do II t. wyd. lwowskiego «Dzieł» Mickiewicza. — С. 395.
- ^ Dobrzycki St. Kilka spostrzeżeń nad Językiem Mickiewicza. — Prace Filologiczne, 1911. — Т. VII. — С. 317.
- ^ а б Klich Edward. Teksty bialoruskie z powiatu Nowogrodskiego. - Materyaly i prace Komisyi jezykowej. — Kraków: 1903 Т. II. — С. 53.
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 209. — 459 с.
- ^ Federowski M. Basnie, przypowiesci i podania ludu z okolic Wolkowyska, Slonima, Lidy i Sokolki. Cz. 1. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1902 Т. II. — С. 12. — 359 с.
- ^ а б Станіслаў Станкевіч. Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 146. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Federowski M. Baśnie, przypowieści i podania ludu z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. Cz. 2. Tradycye historyczno-miejscowe oraz powieści obyczajowo-moralne. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1903 Т. III. — С. 124. — 312 с.
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 99. — 459 с.
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 134. — 459 с.
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 225. — 459 с.
- ^ а б Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 228. — 459 с.
- ^ а б Станіслаў Станкевіч. Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 147. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 222. — 459 с.
- ^ Памятник Адаму Мицкевичу(рас.)
- ^ Их именами названы…: Энцикл. справочник. — Мн.: БелСЭ, 1987. — С. 426—427. — 30 000 ас.
- ^ Эпоха Адама Міцкевіча. Відэа на ютуб.
ЛітаратураРэдагаваць
- Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. — 320 с.: іл. ISBN 985-6419-06-9
- І. Масляніцына. Міцкевіч (Mickiewicz) Адам // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1
- МІЦКЕВІЧ Адам // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Ніна Баршчэўская. Адам Міцкевіч і Беларуская мова // Камунікат 2 / 2005 (27)
- XIX стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая.(недаступная спасылка) — Мн., 2000. — 228 с.
- Мальдзіс А. І. Беларускія вершы Адама Міцкевіча - рэальнасць ці міф? // Веснік Інстытута культуры Беларусі. — 2013. — № 2. — С. 173-174.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Адам Міцкевіч / Зборнік «Філаматы і філарэты». Мн.: Беларускі кнігазбор.
- Унівэрсытэт імя Адама Міцкевіча, Познань
- Адам Міцкевіч. Дасьледаваньні славянскіх старажытнасьцяў (лекцыя 24 сакавіка 1843 у Парыжы)
- Корбут В. Маркс сведчыў, што Міцкевіч свае першыя вершы складаў па-беларуску, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 23 верасьня 2021 г.