Слу́цкі або Ўва́раўскі летапіс — помнік літоўскага летапісаньня XVI стагодзьдзя, адзіны сьпіс трэцяй, скарочанай рэдакцыі літоўскага летапісу 1446 году. Захаваўся ў рукапісе першай чвэрці XVI стагодзьдзя. Паводле зацемак на палёх, датычных слуцкіх князёў, ён знаходзіўся і, імаверна, быў напісаны ў Слуцку, у выніку чаго і атрымаў такі назоў. Часам яго называюць Увараўскім летапісам або Ўвараўскім сьпісам, бо працяглы час ён захоўваўся ў бібліятэцы заснавальніка Маскоўскага археалягічнага таварыства графа Аляксея Уварава(ru). Слуцкі летапіс — помнік старабеларускай мовы. Зьяўляецца каштоўнай крыніцай для вывучэньня гісторыі ВКЛ XIV—XV стагодзьдзяў.

У захаваўшымся да нашага часу экзэмпляры Слуцкага летапісу 106 аркушоў. Першыя старонкі летапісу не захаваліся, а ў захаваным пачатковым лісьце адарваная верхняя частка. Астатняя частка летапісу мае нумарацыю арабскімі лічбамі — у правым ніжнім куце, верагодна — пісаў чалавек XIX стагодзьдзя. Нумарацыя пачынаецца з аркуша 6. Папярэднія 5 аркушаў пашкоджаныя, да іх з аднаго боку прычэпленыя папяровыя палоскі зь лічбамі. На 6-м аркушы ўверсе стаіць вынасны знак, а ўнізе напісана: «Азначаныя старонкі цэлых аркушаў летапісу арабскімі лічбамі мною 14 студзеня 1839 г.». Бачна, што пад гэтым тэкстам быў подпіс, які ў далейшым быў сьцёрты.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Слуцкая летопись. Виленская летопись. Летопись Археологического общества // Полное собрание русских летописей / Подг. Н. Н. Улащик. — М.: 1980 Т. XXXV: Белорусско-литовские летописи. — С. 68—102. (DJVU, тэкст)