Геру́лы (лац. Heruli), вэрлы — германскае племя, якое жыло ў Паўночным Прычарнамор’і, на сярэднім Дунаі і ніжнім Райне ў III—V стагодзьдзях н. э. З IV стагодзьдзя атрымалі вядомасьць як найміты ў Старажытным Рыме. Повязі паміж рознымі групамі герулаў незразумелыя. З розных крыніцаў паходзяць зьвесткі, што герулы зьдзяйсьнялі морскія набегі ў Галіі, Гішпаніі, на Балканах (Атэны, Спарта) і на Чорным моры. Адна група на сярэднім Дунаі (у Паноніі) каля 470 году стварыла ўласнае каралеўства, падпарадкаванае лянгабардам каля 510 году, потым адыгрывала другарадную ролю, пакуль не асыміляваліся сярод іншых народаў. Як відаць, герулы ў Паноніі падтрымлівалі повязі з паўднёвай Скандынавіяй, куды, згодна з грэцкім гісторыкам Пракопам, і адправілася частка герулаў па паразе ад лянгабардаў, пасяліўшыся побач з племем гетаў (грэц. Gautoi). Слова «Erilaz», якое частка сустракаецца на рунічных помніках у паўднёвай Швэцыі, часта зьвязваецца з геруламі.

Шчыт водцы герулаў у складзе позьняй рымскай вайсковай фармацыі

Памяць пра герулаў

рэдагаваць

Гісторык Вялікага Княства Літоўскага Альбэрт Каяловіч у выдадзенай у 1650 годзе лацінамоўнай «Гісторыі Літвы» зьвяртаў увагу на тоеснасьць імёнаў ліцьвінаў зь імёнамі германцаў — герулаў і лянгабардаў[a].

У 1637 годзе шляхціч з Случчыны Ян Цадроўскі, які спадарожнічаў князю Багуславу Радзівілу ў Нямеччыну ды іншыя эўрапейскія краі, запісаў у сваім дзёньніку, што ў ваколіцах Любэку і Гамбургу — колішнім памежжы германцаў з палабскімі славянамі (люцічамі і хаўруснымі ім плямёнамі) — «…мы напаткалі мужыкоў, якія размаўлялі на мяшаным нямецка-літоўскім дыялекце; сваё паходжаньне яны вядуць ад герулаў, продкаў ліцьвінаў»[b][3].

  1. ^ лац. «Quis enim Zivibundum, Algimundum, Narimundum audiens, non facile cogitet Herulum quempiam aut Longobardum nominari? Haec porro nomina Litvaniae principum sunt»[1]
  2. ^ Згадка пра герулаў, відаць, сьведчыць пра папулярнасьць сярод тагачаснай літоўскай шляхты канцэпцыі ўласнага германскага паходжаньня[2]
  1. ^ Historiae Litvanae. — Dantisci, 1650. P. 7.
  2. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 16.
  3. ^ Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. — Менск, 1983. С. 124.

Літаратура

рэдагаваць
  • Christensen A. S. Cassiodorus, Jordanes and the History of the Goths. Studies in a Migration Myth. — Kopenhagen: Museum Tusculanum Press, 2002. ISBN 87-7289-710-4.
  • Ellegård A. Who were the Eruli? // Scandia. Bd. 53, 1987. S. 5ff.
  • Goffart W. A. The narrators of barbarian history (A.D. 550—800). Jordanes, Gregory of Tours, Bede, and Paul the Deacon. — Princeton: Princeton University Press, 1988. ISBN 0-691-05514-9.
  • Kettenhofen E. Die Einfälle der Heruler ins Römische Reich im 3. Jh. n. Chr. // Klio. Bd. 74, 1992. S. 291—313.
  • Lakatos P. Quellenbuch zur Geschichte der Heruler // Csukás István a Jate BTK dékánja. — Szeged, 1978. (Acta Antiqua et Archaeologica. Bd. 21; Opuscula Byzantina. Bd. 6).
  • Pohl W. Die Gepiden und die gentes an der mittleren Donau nach dem Zerfall des Attilareiches // Wolfram H., Daim F. (Hrsg.) Die Völker an der mittleren und unteren Donau im fünften und sechsten Jahrhundert. — Wien: Verlag der Österreichischen Akademie der Wissenschaften, 1980. ISBN 3-7001-0353-0. — S. 239—305.
  • Sarantis A. The Justinianic Herules. From Allied Barbarians to Roman Provincials // Curta F. (Hrsg.) Neglected Barbarians. — Turnhout, 2011. S. 365—408 (Studies in the Early Middle Ages. Bd. 32).
  • Steinacher R. The Heruls. Fragments of a History // Curta F. (Hrsg.) Neglected Barbarians. — Turnhout, 2011. S. 321—364 (Studies in the Early Middle Ages. Bd. 32).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць