Мерач
Ме́рач (лет. Merkinė) — мястэчка ў Летуве, пры ўтоку ракі Мерачанкі ў Нёман. Цэнтар староства Аранскага раёну Аліцкага павету. Насельніцтва на 2001 год — 1434 чалавекі. Уваходзіць у Дзукійскі нацыянальны парк.
Мерач лац. Mierač | |||||
лет. Merkinė | |||||
Агульны выгляд | |||||
| |||||
Магдэбурскае права: | 7 сьнежня 1569 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Аліцкі | ||||
Раён: | Аранскі | ||||
Насельніцтва: | 1434 чал. (2001) | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°9′50″ пн. ш. 24°11′10″ у. д. / 54.16389° пн. ш. 24.18611° у. д.Каардынаты: 54°9′50″ пн. ш. 24°11′10″ у. д. / 54.16389° пн. ш. 24.18611° у. д. | ||||
Мерач | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Мерач — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Троччыны, побач зь якім праходзіць паўночна-заходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў[1], старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У пачатку 1920-х гадоў тут дыслякаваўся Беларускі асобны батальён у складзе войска Летувы[2]. Да нашага часу захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XV—XVII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася меская ратуша, помнік архітэктуры XVI ст., зьнішчаны расейскімі ўладамі дзеля пабудовы царквы-мураўёўкі.
Назва
рэдагавацьТапонім Мерач утварыўся ад беларускіх словаў мярэча, морач — 'глухія зарасьці ў лесе'[3].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Meracz (1500 год)[4]; Maracz (1508 год)[5]; Меречъ Велики (1553 год)[6].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Мерач упамінаецца ў XIV стагодзьдзі ў зьвязку з нападамі крыжакоў[7]. Ён значыцца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх, складзеным у канцы XIV стагодзьдзі[8]. У 1443 годзе тут збудавалі касьцёл. У інвэртары 1558 году ўпамінаецца «руская царква»[9].
7 сьнежня 1569 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Мерачы Магдэбурскае права і герб з выявай аднарога. У пачатку XVII стагодзьдзя ў месьце заснавалі кляштар дамініканаў. У 1648 годзе ў Мерачы памёр кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза. У 1676 годзе гетман Міхал Казімер Пац заснаваў тут езуіцкую місію, якую ў 1755 годзе ператварылі ў рэзыдэнцыю. Ад 1696 году працавала езуіцкая школа. У 1742—1746 гадох езуіты збудавалі драўляны касьцёл Сьвятога Крыжа.
У сярэдзіне XVIII ст. вакол Мерачы адзначаўся анкляў «рускай» этнаканфэсійнай супольнасьці[10]. У 1767 годзе канонік віленскі і пісар вялікі Павал Ксавэры Бжастоўскі набыў маёнтак Мерач і пераназваў яго, паводле свайго імя, у Паўлаў. Неўзабаве Павал Ксавэры Бжастоўскі правёў на сваіх землях рэформы: вызваліў усіх сялянаў з-пад прыгону, стварыў выбарны сойм і распрацаваў Статут, а 4 красавіка 1791 году, за месяц да абвяшчэньня Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, выдаў Канстытуцыю Паўлаўскай рэспублікі[11].
У 1791 годзе Мерач стаў цэнтрам павету. Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) утварылася Мерацкае ваяводзтва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Мерач апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Троцкім павеце Віленскай губэрні. У другой палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі мескую ратушу, а ня яе месцы збудавалі царкву-мураўёўку. На 1882 год у Мерачы было 233 будынкі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Мерач занялі войскі Нямецкай імпэрыі
-
Ратуша, 1852 г.
-
Замчышча. В. Вейтка, 1887 г.
-
Памежны слуп. В. Вейтка, 1888 г.
-
Дом, у якім памёр кароль Уладзіслаў Ваза
Найноўшы час
рэдагавацьПа польска-летувіскіх баях і падпісаньні пагадненьня паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Летувой у 1919 годзе Мерач апынуўся ў складзе Летувы. У пачатку 1920-х гадоў тут разьмяшчаўся сакрэтны штаб чацьвертай апэратыўнай групы, падпарадкаванай Беларускай сацыял-рэвалюцыйнай партыі. Камандзірам групы быў Вячаслаў Разумовіч пс. «Хмара». Штаб складаўся з ксяндзоў Бакшыца і Блазуеліса, прафэсара гімназіі Карчынскага і Разумовіча. Група супрацавала з Генэральным штабам летувіскай арміі і ў выпадку вайны паміж Польскай Рэспублікай і Летувой мела выступіць на летувіскім баку.
На 1931 год у Мерачы было 312 будынкаў, зь іх 24 мураваныя. У 1935 годзе тут прайшоў першы фэст народнай творчасьці «Дні даўніны» (лет. Senovės dienos).
За часамі Другой сусьветнай вайны 22 чэрвеня 1941 году цэнтар Мерачы значна пацярпеў ад бамбаваньня войскаў Трэцяга Райху. У 1941 годзе нацысты забілі тут каля 3 тысячаў жыдоў.
У 1989 годзе пачалося стварэньне мэмарыялу ахвярам савецкага тэрору — Мерацкай гары крыжоў, на якой стаяць 154 імянныя крыжы і капліца. У 1996 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Мерачы. У 2009 годзе адзначалася 650-годзьдзе места.
-
Замчышча, да 1915 г.
-
Фарны касьцёл, да 1915 г.
-
Дом, у якім памёр кароль Уладзіслаў Ваза, 1891 г.
-
Царква-мураўёўка, да 1939 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1882 год — 2148 чал.[12]
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 1434 чал.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Забудова гістарычная (XVII — 1-я палова XX ст., фрагмэнты)
- Замчышча
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (XV ст.)
- Царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1868; мураўёўка)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Ратуша (XVI ст.)
- Сынагога
Галерэя
рэдагаваць-
Замчышча
-
Царква-мураўёўка
-
Дом, у якім памёр кароль Уладзіслаў Ваза
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Гісторыка-культурная і духоўная спадчына беларускага народа: Вучэбна-метадычны комплекс. — Менск: БДАТУ, 2016. С. 9.
- ^ Ігар Мельнікаў, Пад знакам «Віціса», Новы час, 13 студзеня 2013 г.
- ^ Леванцэвіч Л. Беларуская дыялекталогія. Вучэбна-метадычны комплекс. — Берасьце: БрДУ, 2014. С. 29.
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 2: 1468—1501. — Kraków, 1939. S. 562.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 124.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 165.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 301.
- ^ Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
- ^ Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XV — пачатку XVI стст. // ARCHE Пачатак. № 11—12, 2009. С. 46.
- ^ Лісейчыкаў Д. «У мястэчку палова русі, а палова каталікоў…»: Мяжа рассялення «рускай» этнаканфесійнай супольнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVIII ст. // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2020. С. 6.
- ^ Якія самаабвешчаныя рэспублікі былі ў Беларусі, Радыё Свабода, 3 кастрычніка 2017 г.
- ^ Krzywicki J. Mierecz // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 258.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.