Дрысьвяты (вёска)
Дрысьвя́ты[1] — вёска ў Беларусі, на паўднёва-заходнім беразе возера Дрысьвятаў. Уваходзяць у склад Відзаўскага сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 280 чалавек. Знаходзяцца за 35 км на паўднёвы захад ад Браслава; на аўтамабільнай дарозе Відзы — Дзьвінск.
Дрысьвяты лац. Dryśviaty | |
Касьцёл | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Браслаўскі |
Сельсавет: | Відзаўскі |
Насельніцтва: | 280 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2153 |
Паштовы індэкс: | 211984 |
СААТА: | 2208812201 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°35′20″ пн. ш. 26°40′0″ у. д. / 55.58889° пн. ш. 26.66667° у. д.Каардынаты: 55°35′20″ пн. ш. 26°40′0″ у. д. / 55.58889° пн. ш. 26.66667° у. д. |
± Дрысьвяты | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Дрысьвяты — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Назва
рэдагавацьТапонім Дрысьвяты ўтварыўся ад назвы возера. Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня гідроніму. Чаргаваньне гукаў «д» і «р» некаторыя дасьледнікі зьвязваюць зь фінска-вугорскай асновай і перакладаюць як 'возера, вада'. Магчыма, назва ўтварылася шляхам трансфармацыі летувіскіх словаў «driektis» — 'выцягнутае, расьцягнутае'[2], або «drutas» — 'вялікі, шырокі'. Тым часам летувіскі мовазнаўца К. Буга не адкідаў меркаваньня, што гідронім пайшоў ад славянскага «дрыва» — 'крывавы'. У XIX ст. на хвалі маскалізатарскай палітыкі ўзьнікла вэрсія, паводле якой назва возера і вёскі ўтварылася ад словаў «тры сьвятыя». Зьявілася нават паданьне, што вялікая княгіня Алена збудавала на высьпе царкву ў імя трох сьвятых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Златавуста. Гэта прычынілася да таго, што ў некаторых тагачасных публікацыях назву пачалі пісаць у форме Трысьвяты.
Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Дрысвет, Дрысват, Дрысвата, Ісдрысвата, Дрысвяты.
Гісторыя
рэдагавацьРаньнія часы
рэдагавацьПаводле археалягічных зьвестак, паселішча ўзьнікла на цяперашняй высьпе Замку (плошча 0,26 км²), дзе захаваліся гарадзішча дняпроўска-дзьвінскай культуры, селішча і культурны пласт сярэднявечнага гораду.
У XI—XIII стагодзьдзях Дрысьвяты, відаць, былі ўмацаваным пунктам на паўночна-заходняй мяжы Полацкай зямлі. Матэрыялы раскопак сьведчаць пра даволі высокі ўзровень рамеснай вытворчасьці і гандлёвых зьвязкаў.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Дрысьвяты ўпамінаюцца ў пачатку XV ст. (1402, 1413 гады). Існуе меркаваньне, што ў тутэйшым двары вялікіх князёў спыняўся фляндзкі рыцар-авантурыст, падарожнік Жыльбэр дэ Ляноі. У 1517 годзе праз Дрысьвяты з пасольствам у Маскву праязджаў вядомы дыплямат і падарожнік Жыгімонт Гербэрштайн. 3 XVI ст. Дрысьвяты ўпамінаюцца як «места». У фундацыйным акце Жыгімонта Старога ад 6 лютага 1514 году загадвалася: «ваяводзе... Віленскаму пану Мікалая Радзівілу дзяржаўцы Дрысьвяцкаму, абы збудаваў цэркаў Маткі Божае набажэства сьвятога рымскага касьцёла ў месьце... Дрысьвяцкам». 3 тутэйшага касьцёла паходзіць вядомы абраз «Пакланеньне вешчуноў» (пачатак XVI ст.).
У XV—XVI стагодзьдзях Дрысьвяцкі замак меў важнае вайсковае значэньне і часта цярпеў ад ваенных дзяньняў. Мястэчка і ваколіцы мелі статус асобнай тэрытарыяльнай адзінкі — замкавай воласьці, якая беспасярэдне падпарадкоўвалася ваяводу віленскаму. На поўнач і ўсход ад Дрысьвятаў разьмяшчаліся гаспадаркі баяраў, якія атрылалі зямельныя надзелы яшчэ за вялікім князем Вітаўтам. Многія з баярскіх гаспадарак далі пачатак сучасным вёскам у навакольлі мястэчка (Станкавічы, Пашавічы, Бейнары, Анісімавічы і інш.).
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Дрысьвяты ўвайшлі ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. Паводле дакумэнтаў XVII—XVIII стагодзьдзяў мястэчка ўпамінаецца як цэнтар ключу Віленскай эканоміі. У 1622 годзе Дрысьвяты, што тады разьмяшчаліся на высьпе, згарэлі і аднавіліся ўжо на беразе. Але пэўна час дамы будаваліся і на высьпе. У 1682 годзе дзяржаўца дрысьвяцкі гетман вялікі літоўскі К. Я. Сапега загадаў перанесьці ўсе будынкі мяшчанаў на высьпе «да пляцаў сваіх» у мястэчку. Інвэнтар 1722 году яшчэ ўпамінае на высьпе «двор стары і збудаваньняў гаспадарчых 18 з садам нямалым, астраколам абнесены». Прыводзіцца апісаньне рэшткаў замка. У мястэчку значыцца Рынак, забудаваны з трох бакоў, вуліцы Крывая, Залужжа, вуліцы ад плябаніі і ад Рынку да моста. У мястэчку было 52 будынкі, 25 корчмаў (11 піўных і 14 гарэлачных), касьцёл, плябанія, царква. Дрысьвятам належала 40 валок зямлі, 42 агародныя пляцы. Жыхары пераважна займаліся сельскай гаспадаркай, рыбальствам, гандлем. Працавалі толькі 3 рамесьнікі — кравец, мясьнік і півавар. На 1762 год колькасьць дымоў зьменшылася да 39.
Да канца XVIII ст. Дрысьвяты былі дзяржаўным уладаньнем і аддаваліся ў часовае карыстаньне ваяводам віленскім. Дзяржаўцамі гэтых уладаньняў былі пераважна прадстаўнікі роду Радзівілаў. Сярод іх крыніцы ўпамінаюць Мікалая, Крыштапа Мікалая «Пнруна» (1547—1603), Караля Станіслава (1734—1790). Адміністрацыйна-судовае кіраваньне ў Дрысьвятах ад імя дзяржаўцы ажыцьцяўляў намесьнік. У 1780 годзе Дрысьвяцкі ключ перайшоў у прыватную ўласнасьць Радзівілаў (у якасьці кампэнсацыі за 2 млн злотых, якія дзяржаўны скарб быў вінен магнатам). Ад Радзівілаў Дрысьвяты ў 1790 годзе набыў дзяржаўны дзяяч, кампазытар М. К. Агінскі. У 1794 годзе ён прадаў маёнтак і таго ж году ўнёс у фундацыю паўстаньня Т. Касьцюшкі 118 тыс. злотых. У жніўні 1794 году паўстанцкі аддзел пад камандаю М. К. Агінскага дзеяў непадалёк ад Дрысьвятаў. Пры здушэньні паўстаньня расейскія войскі разрабавалі і спалілі мястэчка. Паводле люстрацыі 1794 году, тут было 45 дымоў. У канцы XVIII ст. існавала парафіяльная школа (на 1781 год — 15 вучняў, на 1782 год — 19).
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Дрысьвяты апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Браслаўскага павету Віленскай губэрні, з 1843 году Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні. Дрысьвяцкі ключ распаўся на шэраг дробных маёнткаў. Самім мястэчка валодалі Лапацінскія.
За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Лапацінскіх, а саміх уладальнікаў выслалі ў Тамбоўскую губэрню. 3 1865 году ўладальнікам Дрысьвятаў стаў рыскі губэрнатар А. Эцінген, у пачатку XX ст. маёнткам валодалі бароны Гільдэнбанды.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Дрысьвяты занялі войскі Нямецкай імпэрыі. З восені 1915 да лютага 1918 году мястэчка знаходзілася на расейскім баку ў прыфрантавой зоне.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дрысьвяты абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Дрысьвяты апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1931 год у мястэчку было 74 будынкі.
У 1939 годзе Дрысьвяты ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам сельсавету Відзаўскага раёну (з 1960 году ў Браслаўскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 10 ліпеня 1944 году Дрысьвяты знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1952—1953 гадох з ініцыятывы суседніх гаспадарак Беларусі, Летувы і Латвіі ў вёсцы збудавалі ГЭС «Дружба народаў». Урачысты пуск станцыі адбыўся 19 ліпеня 1953 году.
На 1971 год у Дрысьвятах было 99 двароў, на 1995 год — 142, на 1997 год — 137. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Стары касьцёл, 1908 г.
-
Новы касьцёл, 1927 г.
-
Новы касьцёл, 1930 г.
-
Рынак, да 1939 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XVIII стагодзьдзе: 1722 год — 350—400 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1881 год — 205 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1931 год — 375 чал.; 1995 год — 376 чал.[5]; 1997 год — 367 чал.[6]; 1999 год — 371 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 280 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Дрысьвятах працуюць сярэдняя школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, клюб, бібліятэка, пошта.
Эканоміка
рэдагавацьДрысьвяцкая ГЭС не эксплюатуецца і захоўваецца ў закансэрваваным стане.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Замчышча (XI—XVIII стагодзьдзі)
- Гаспадарчы двор Лапацінскіх (XIX ст.)
- Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1929)
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1908; мураўёўка)
Галерэя
рэдагаваць-
Касьцёл з боку апсыды
-
Касьцёл, інтэр’ер
-
Плябанія
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf)
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 109.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 180.
- ^ Шыдлоўскі К., Семянчук Г.. Дрысвяты // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 302.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 228.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Браслаўскага р-на. — Мн.: Паліграфафрмленне, 1998. — 709 с.: іл. ISBN 985-6351-03-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.