Сло́німскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Сталіца — места Слонім.

Слонімскі павет
лац. Słonimski paviet
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус павет[d]
Адміністрацыйны цэнтар Слонім
Дата ўтварэньня 1507
Дата скасаваньня 1795
Старосты Старосты слонімскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Час існаваньня 1507—1795
Месцазнаходжаньне Слонімскага павету
Слонімскі павет на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Гісторыя

рэдагаваць

У 1413 годзе папярэднік Слонімскага павету — аднайменнае намесьніцтва — увайшло ў склад Троцкага ваяводзтва[1].

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў павет атрымаў акрэсьленыя межы і ўвайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва. У XVI ст. на Слонімшчыне пачаў дзеяць Жыровіцкі манастыр базылянаў.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Слонімскага павету ліцьвінамі: у сьпісе студэнтаў Замойскай акадэміі пад 1624/1625 годам значыцца Theophilus Nicolai Tryzna, Lithuanus, distr Slonimensis[2]. Паводле каталёгу студэнтаў Грэцкай калегіі ў Рыме, Захар Ількоўскі (Zacharius Ilkouski) азначаецца як Lithuanus, ex distrisctu Slonimiensi (1640 год), Язэп Навакоўскі (Josephus Novakouski) — як Lithuanus, Zyrovice in Districtu Slonimiensi (1785 год), а Амброзі Растоцкі — як Lithuanus ex civitate Slonim (1792 год)[3]. У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значацца Georgius Bulhac Lituanus Slonimensis (1720—1721 гады), Marcellus Warzatzky Lythvanus Slonimensis (1736—1740 гады)[4]. Апроч таго, сярод вернікаў некалькі парафіяў Слонімскага павету ўпамінаецца старалітва, якую крыніцы зьвязваюць з русінамі: Шылавічы (1645 год), Косаў, Альшэва (абодва 1669 год)[5], Новы Двор (1692 год)[6].

У выніку Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) тэрыторыя павету апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.

Фальклярыст і этнограф Міхал Федароўскі, які зьбіраў этнаграфічную беларушчыну ў 1877—1904 гадох, засьведчыў бытаваньне на Слонімшчыне саманазвы ліцьвіны: «называе люд [беларускі]: сябе — ліцьвінамі, жмудзінаў — гіргатунамі»[7]. Паводле зьвестак 1930-х гадоў, назва ліцьвіны пашыралася каля Ружанаў, Косава, Івацэвічаў[8].

Сымболіка

рэдагаваць
 
Павятовая харугва, XVII ст.

Павятовая харугва была чырвонага колеру з выяваю Пагоні ў цэнтры[9].

Мескія гербы атрымалі Жыровічы, Ружаны і Слонім.

Геаграфія

рэдагаваць
 
Знак Слонімскай паштовай станцыі

На поўначы межаваў з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва і Лідзкім паветам Віленскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Наваградзкім паветам Наваградзкага ваяводзтва, на поўдні — зь Пінскім і Берасьцейскім паветамі Берасьцейскага ваяводзтва, на захадзе — з Ваўкавыскім паветам Наваградзкага ваяводзтва.

Мяжа з Ваўкавыскім паветам ішла ракою Зальвянка, з Наваградзкім — сьпярша праходзіла ракою Моўчадзь, далей праставала да Пінскага павету паміж Сталавічамі, Палонкай, Уславічамі з аднаго боку і Бусяжам, Быценем і Слонімам зь іншага[10].

 
Царква-фартэцыя ў Сынковічах

У склад Слонімскага павету ўваходзіла тэрыторыя Слонімскага гродавага, Моўчадзкага, Зьдзітаўскага і Сакалоўскага старостваў (дзяржаўных воласьцяў), а таксама прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.

На тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі: Азярніца, Бусяж, Быцень, Бялавічы, Вязавец, Дзярэчын, Жыровічы, Зьдзецел, Зьдзітаў, Івацэвічы, Казлоўшчына, Косаў, Луконіца, Моўчадзь, Палонка, Раготна, Ружаны, Саколаў, Слонім. Магдэбурскае права мелі Жыровічы (1652), Ружаны (30.06.1637) і Слонім (20.01.1532).

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
Панарама Жыровічаў

У сярэдзіне XVII ст. налічваў 11 022 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 77 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 63 тыс. чал.[11]

На 1775 год павет налічваў 11 803 дымоў.

Ураднікі

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Старосты слонімскія

Павятовы соймік праходзіў у Слоніме, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды. Слонімская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна слонімскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Ян Казімер Макавецкі. 24 студзеня 1793 году ён прысягнуў у Горадні і атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, але ўжо ў сьнежні таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала слонімскую кашталянію. У выніку, кашталян слонімскі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.

Архітэктура

рэдагаваць

Драўляная

рэдагаваць

На тэрыторыі Слонімшчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.

Мураваная

рэдагаваць

У XVII ст. у мураваную архітэктуру Слонімшчыны прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — віленскага барока і клясыцызму.

  1. ^ Насевіч В. Слонімскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 586.
  2. ^ Šedvydis L. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės valdančiojo elito rengimas viešajam valstybės gyvenimui XVI a. — XVII a. viduryje: disertacija. — Kaunas, 2016. P. 157.
  3. ^ Надсан А. Беларусы ў Грэцкай калегіі // Запісы БІНіМ. Т. 30. — New York — Miensk, 2006. С. 170, 175—176.
  4. ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 59.
  5. ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 26.
  6. ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 264.
  7. ^ Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 4. — Warszawa, 1935. S. 453.
  8. ^ Чаквін І. Гістарычная этнаніміка Палесся // Весці Акадэміі навук Беларускай ССР. — Серыя грамадскіх навук. № 4, 1985. С. 79—80.
  9. ^ Насевіч В. Слонімскі павет // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 340.
  10. ^ Jelski A. Powiat słonimski // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 340.
  11. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.

Літаратура

рэдагаваць