Алаіза Пашкевіч

беларуская паэтка, грамадзкая дзяячка
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пашкевіч.

Алаіза Сьцяпанаўна Пашкевіч (псэўданім: Цётка; 15 ліпеня 1876, фальварак Пешчын пад Лідай (цяпер Шчучынскі раён) — 5 лютага 1916) — беларуская паэтка, пісьменьніца, грамадзкая дзяячка.

Алаіза Пашкевіч
Алаіза Пашкевіч
Алаіза Пашкевіч
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Цётка
Нарадзілася 3 (15) ліпеня 1876[1]
фальварак Пешчын пад Лідай
Памерла 5 лютага 1916 (39 гадоў)
Ліда, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Пахаваная Стары Двор
Сужэнец Сьцяпонас Кайрыс
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка
Жанр верш
Мова беларуская мова
Дэбют зборнік «Скрыпка беларуская», 1906, вершы «Лета» і «Восень»
Творы на сайце Knihi.com
Алаіза Пашкевіч
Pashkevich.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 3 ліпеня 1876
Стары Двор, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памерла 5 лютага 1916
Ліда, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Пахаваная Стары Двор
Род Пашкевічы
Бацькі Сьцяпан Пашкевіч
Муж Сьцяпан Кайрыс
Дзейнасьць публіцыст, паэтка, пісьменьніца, палітык, грамадзкая дзяячка і тэатральная акторка

БіяграфіяРэдагаваць

Нарадзілася ў шляхецкай сям’і. Скончыла Віленскую прыватную сяміклясавую вучэльню В. Прозаравай. Настаўнічала ў вёсцы. У 1902—1904 вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу. Атрыманыя веды па мэдыцыне, гігіене, пэдагогіцы, батаніцы пасьля пасьпяхова выкарыстоўваліся Алаізай у жыцьці. У час вучобы А. Пашкевіч у Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў студэнцкі «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры», А. Пашкевіч была адной зь яго ўдзельнікаў. Асяродзьдзе гэтага гуртка шмат у чым вызначыла яе грамадзянскую пазыцыю — актыўная барацьба з царызмам, сацыяльнае вызваленьне працоўных, нацыянальнае вызваленьне беларусаў. Тады ж пачалася і літаратурная творчасьць А. Пашкевіч. У нелегальных выданьнях гуртка — «Каляднай пісанцы» і «Велікоднай пісанцы» — былі зьмешчаны яе вершы «Мужык не зьмяніўся», «Музыкант беларускі», «Нямаш, але будзе». Курсаў П. Лесгафта А. Пашкевіч ня скончыла, але здала экстэрнам экзамэн за поўны курс пецярбурскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі.

У 1904 А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе распачала актыўную прапагандысцкую работу, адначасова працавала фэльчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. У 1904—1905 — дзяячка Беларускай сацыялістычнай грамады. Пад пагрозай арышту была вымушана ў 1905 на нейкі час пакінуць Вільню, але хутка вярнулася і прыняла ўдзел у выпуску першай беларускай газэты «Наша доля». Потым вымушаная эміграваць, едзе ў Галіцыю, дзе паступае (1905) на філязофскі факультэт Львоўскага ўнівэрсытэту. Займаецца вывучэньнем беларускага тэатра і фальклёру. Матэрыяльная незабясьпечанасьць, напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх. У 1908—1909 А. Пашкевіч жыве ў Кракаве, вучыцца ў Ягелонскім унівэрсытэце (да 1911), пад чужым пашпартам наведвае Расейскую імпэрыю. У эміграцыі выходзіць замуж за летувіскага інжынэра С. Кайрыса. Прозьвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Беларусь, дзе ў 1914 яна пачынае выдаваць у Менску часопіс для моладзі «Лучынка». Каб паправіць здароўе, на некаторы час зноў выяжджае ў Фінляндыю і Швэцыю. У 1915 А. Пашкевіч прыкладае шмат намаганьняў для арганізацыі беларускіх школаў і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэньні прытулкаў, як сястра міласэрнасьці даглядае хворых у тыфозным бараку. У 1916 памёр бацька, і Алаіза паехала на ягонае пахаваньне. У Лідзкім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.

ТворчасьцьРэдагаваць

 
Алаіза Пашкевіч. 1904 г.

Самымі раньнімі зь вядомых вершаў А. Пашкевіч (Цёткі) лічацца «Лета» і «Восень», апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У цэлым зборнік увасабляе адраджэнскую плынь у творчасьці Цёткі. Амаль адначасова зь ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасьці. Уключаныя ў яго вершы «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» — сапраўдныя шэдэўры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі. Упершыню яны былі раздрукаваны тысячамі экзэмпляраў і распаўсюджваліся сярод паднятых на рэвалюцыйнае змаганьне ў 1905. Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да Радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэньне народу. Рэвалюцыйная палымянасьць і тонкі лірызм, спалучэньне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў — характэрныя рысы яе лірыкі. Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданьні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі («Зялёнка»), цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцьця ў капіталістычным грамадзтве («Міхаська»). Апавяданьне «Прысяга над крывавымі разорамі» таксама, як і названыя вышэй вершы, друкавалася ў якасьці пракламацыі. Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей («Лемантар», «Гасьцінец для малых дзяцей», «Першае чытаньне для дзетак беларусаў»), публіцыстычныя артыкулы і нарысы, дасьледаваньні па гісторыі беларускага тэатра.

Ушанаваньне памяціРэдагаваць

У гонар Алаізы Пашкевіч названыя вуліцы ў Менску, Маладэчне і Гародні.

ТворыРэдагаваць

  • Першае чытаньне для дзетак беларусаў / Цётка. — Факсімільнае ўзнаўленьне выд. 1906. — Мн.: Юнацтва, 1992. — 32 с.
  • Выбраныя творы (паэзія, проза, чытанкі для дзяцей, лісты, дадатак) / Цётка; Уклад. і прадм. В. Коўтун; камэнт. С. Александровіча і В. Коўтун. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2001. — 333 с.
  • Творы («Скрыпка беларуская»; «Хрэст на свабоду»; вершы, 1903—1915; апавяданьні, нарысы; артыкулы; лісты) / Цётка; Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1976. — 302 с.
  • Избранное («Скрыпка беларуская»; «Хрэст на свабоду»; вершы, 1903—1915; апавяданьні, артыкулы) / Тётка; Прадм. А. А. Лойка; перакл. з бел. П. Кашаля. — Мн.: Юнацтва, 1986. — 222 с.
  • Избранное: стихотворения. Рассказы. Путевые очерки: перевод с белорусского / Тётка; Уклад. і прадм. С. Александровіча. — М.: Художественная литература, 1976. — 221 с.
  • Вершы і апавяданьні / Алаіза Пашкевіч (Цётка); Прадм. С. Х. Александровіча. — Мн.: Сталія, 2003. — 104 с.
  • Вершы / Цётка; Уклад. В. Хлебавец; прадм. А. Лойкі]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. — 214 с.
  • Тётка (Алоиза Степановна Пашкевич) (1876—1916) // Антология педагогической мысли Белорусской ССР / Уклад. Э. К. Дарашэвіч і інш.; рэд.кал.: М. А. Лазарук адк.рэд. і інш. — М.:, 1986. С. 258—264.

КрыніцыРэдагаваць

ЛітаратураРэдагаваць

  • Багдановіч І. Э. Цётка, 1876—1916 / Багдановіч І. Э. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. / навук.рэд.: І. Я. Навуменка, В. А. Каваленка. — Мн., 1999. Т.1. С. 103—120.
  • Бярозкін Р. Цётка (1876—1916) / Рыгор Бярозкін // Слова пра літаратуру і літаратараў: літаратурна-крытычныя артыкулы па беларускай літаратуры: у 2 кн. / Уклад. В. В. Ашмян і інш. — Мн., 2001. Кн.1. С. 226—248.
  • Лойка А. А. Цётка (1876—1916) // Гісторыя беларускай літаратуры: дакастрычніцкі перыяд: у 2 ч. / А. А. Лойка. 2-е выд., дапрацаванае і дапоўненае. Менск, 1989. Ч.2. С. 66—88.
  • Максімовіч В. А. Творчасць Цёткі (А. Пашкевіч) у грамадска-культурным кантэксце пачатку XX ст. / В. А. Максімовіч // Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя / В. А. Максімовіч. — Мн., 2000. С. 228—260.
  • Семяновіч А. А. Цётка (Алаіза Пашкевіч) (1876—1916) / А. А. Семяновіч // Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст. / пад агульнай рэд. М. А. Лазарука і А. А. Семяновіча. — Мн., 1998. С. 234—251.
  • Vytautas Žeimantas. Kairys ir Ciotka — publicistai, redaktoriai, socialdemokratai // Gairės, 2010 vasaris, 34-38 pusl. (на литовск.)
  • Цётка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 2003. — 512 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2 — С. 110—111.
  • Цётка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. ISBN 985-11-0276-8. — С. 101—102.
  • Цётка // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9. — С. 748.
  • Цётка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Менск: БелЭн, 1995. — Т. Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — 684с.;іл. с. — ISBN 985-11-0022-6 — С. 216—222.
  • Цётка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Менск: БелСЭ, 1987. — Т. 5: Скамарохі — Яшчур. — 702 с. — 9500 ас. — С. 472—473.
  • Цётка // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994.— 655 с. — С. 601—603.
  • Цётка // Асветнікі зямлі беларускай, X — пачатак XX ст. : Энц. даведнік / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелЭн, 2001. — 496 с.: іл. ISBN 985-11-0205-9. — С. 459—460.
  • Paškievič, Ałaiza // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць