Гарадзенскі павет
Гарадзе́нскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Троцкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча 11,7 тыс. км²[1]. Сталіца — места Горадня.
Гарадзенскі павет лац. Haradzienski paviet | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | павет Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Горадня |
Дата ўтварэньня | XIV стагодзьдзе |
Дата скасаваньня | 1795 |
Старосты | Старосты гарадзенскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 11,7 тыс. км² |
Час існаваньня | кан. XIV ст. — 1795 |
Месцазнаходжаньне Гарадзенскага павету | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагавацьУтварыўся ў канцы XIV ст. на аснове Гарадзенскага княства[1]. У 1413 годзе ўвайшоў у склад Троцкага ваяводзтва.
У 1528 годзе шляхецкае рушаньне Гарадзенскага павету налічвала 320 коньнікаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў да Гарадзенскага далучылі частку Мерацкага павету зь Бержнікамі, Вяйсеяй і Лейпунамі. У канцы XVI ст. Мастоўская і Ражанкоўская воласьці адыйшлі да Лідзкага павету[2].
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Гарадзенскага павету ліцьвінамі: «Осташко Троинский сказал: родом де он литвин[a], города Гродни, взят в полон в то время, как великий государь был под Вильною» (1672 год)[5]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1702 годам значыцца Kopiewicz Vladislav., Sabludov. Lithuan.[6] А ў 1645 годзе сярод вернікаў парафіі ў Бераставіцы ўпамінаецца старалітва[7], якую крыніцы зьвязваюць з русінамі.
У 1793 годзе, паводле пастановы Гарадзенскага сойму, утварылася Гарадзенскае ваяводзтва, у склад якога ўвайшлі Гарадзенскі і Мерацкі паветы. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) спыніў сваё існаваньне разам з Гарадзенскім ваяводзтвам.
Геаграфія
рэдагавацьНа поўначы межаваў з Прусіяй і Троцкім паветам Троцкага ваяводзтва, на ўсходзе — зь Лідзкім паветам Віленскага ваяводзтва і Слонімскім паветам Наваградзкага ваяводзтва, на поўдні — з Ваўкавыскім паветам Наваградзкага ваяводзтва, на ўсходзе — з Падляскім ваяводзтвам.
У склад Гарадзенскага павету ўваходзіла тэрыторыя Гарадзенскага гродавава, Васількоўскага, Прывальскага, Прырослеўскага і Філіпаўскага старостваў, а таксама прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
На тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі Адэльск, Азёры, Алекшыцы, Бакаларава, Бержнікі, Бераставіца Вялікая, Васількаў, Віжайны, Вяйсея, Галынка, Гарадок, Гожа, Горадня, Друскенікі, Дуброва Гарадзенская, Дубна, Еленева, Заблудаў, Індура, Каменка, Карыцін, Крынкі, Кузьніца, Лейпуны, Ліпск, Лішкаў, Лунна, Масты, Новы Двор, Пераросьля, Прывалка, Рачкі, Саколка, Сапоцкін, Сейны, Сідра, Скідзель, Сувалкі, Супрасьля, Сухаволя, Філіпаў, Хорашч, Штабін, Шчэбра, Янаў. Магдэбурскае права мелі Бакаларава (XVI ст.), Бераставіца Вялікая (1754), Васількаў (8.12.1566), Віжайны (11.05.1693), Гарадок (XVI ст.), Горадня (1391), Дуброва Гарадзенская (XVII ст.), Заблудаў (XVI ст.), Крынкі (22.11.1569), Ліпск (8.12.1580), Новы Двор (12.08.1579), Пераросьля (21.11.1576), Прывалка (27.02.1792), Саколка (10.01.1609), Сувалкі (1720), Хорашч (1507).
Дэмаграфія
рэдагавацьУ сярэдзіне XVII ст. у Гарадзенскім павеце налічвалася 25 тыс. дымоў (што адпавядала колькасьці насельніцтва каля 170 тыс. чалавек[8]. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 174 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 115 тыс. чал.[9] (17,7 тыс. дымоў).
На 1775 год павет налічваў 29 327 дымоў[10], што адпавядала колькасьці насельніцтва каля 240—250 тыс. чал.[8]
Ураднікі
рэдагавацьПавятовы соймік праходзіў у Горадні, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне. Гарадзенская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна гарадзенскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Казімер Вольмэр. Ён атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, а ўжо ў сьнежні таго ж году ў выніку новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы Рэчы Паспалітай утварылася Гарадзенскае ваяводзтва з адпаведным кашталянам.
Архітэктура
рэдагавацьДраўляная
рэдагавацьНа тэрыторыі Гарадзеншчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.
-
Зьмітраўская царква, Малая Бераставіца
-
Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, Масты Правыя
-
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша, Прывалка
-
Пакроўская царква, Скідзель
Мураваная
рэдагавацьУ XVII ст. у мураваную архітэктуру Гарадзеншчыны прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — віленскага барока і клясыцызму.
-
Царква Раства Багародзіцы, Горадня
-
Касьцёл езуітаў, Горадня
-
Касьцёл дамініканаў, Горадня
-
Касьцёл кармэлітаў, Горадня
-
Касьцёл бэрнардынаў, Горадня
-
Касьцёл францішканаў, Горадня
-
Касьцёл дамініканаў, Сейны
-
Стары замак, Горадня
-
Новы замак, Горадня
-
Палац Тызэнгаўзаў, Горадня
-
Палац Валіцкіх, Горадня
-
Палац Чацьвярцінскіх, Горадня
-
Ратуша, Горадня
-
Сядзіба, Аўгустовак
-
Ратуша, Бераставіца Вялікая
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагаваць- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[3] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[4]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Насевіч В. Гарадзенскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 505.
- ^ Камінскі М., Шаблюк В. Гродзенскі павет // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 138.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Крестьянская война под предводительством Степана Разина. Сборник документов. Т. 3. — М., 1962. С. 199.
- ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 233.
- ^ Kamuntavičienė V. Jelnios parapijos gyventojai XVII a. («Stara Litwa», arba jotvingių pėdsakais Vilniaus vyskupijoje) // Lietuvos istorijos metraštis. Nr. 2, 2011. P. 25.
- ^ а б Насевіч В. Гарадзенскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 506.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Jelski A. Powiat grodzieński // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 339.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2