Бруна Квэрфурцкі

саксонскі мучанік, сьвяты

Бруна Квэрфурцкі, Бруна-Баніфацы з Квэрфурту (па-нямецку: Bruno von Querfurt; 9749 сакавіка 1009) — місіянэр, сьвяты Каталіцкай царквы. З роду графаў Квэрфурцкіх. Загінуў падчас хрысьціянскай місіі да паганцаў.

Фрэска з абацтва Сьвятога Крыжа на Лысай гары ў Польшчы, адлюстроўваючая сьмерць сьвятога Бруна Квэрфурцкага

У пачатку жыцьця

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і графа квэрфурцкага Бруна Старэйшага і Іды, быў выхадцам з саксонскага арыстакратычнага роду які быў ў сваяцтве з імпэратарскім домам. У сям’і было яшчэ тры сыны — Гебхард, Дытрых і Вільгельм.

Выхоўваўся ў школе пры кляштары сьвятога Яна ў Магдэбурзе. Школа знаходзілася пад кіраваньнем магдэбурскага арцыбіскупства і была славутая тым, што ў ёй у розныя часы вучыўся шмат хто з славянскіх біскупаў і місіянэраў, ў ёй вучыўся і вядомы прапаведнік Адальбэрт-Войцэх.

У 995 годзе атрымаў сан каноніка. Трохі пазьней быў прадстаўлены да двара імпэратара Атона ІІІ і ў 997 годзе стаў яго капэлянам.

У 998 годзе прыбыў з імпэратарам у Рым. У Італіі даведаўся аб пакутніцкай сьмерці ў Прусіі Адальбэрта-Войцэха, пад уражаньнем ад гэтай весткі пакінуў імпэратарскі двор. Уступіў у кляштар бэнэдыктынаў на Авэнтыне прыняўшы імя Баніфацы.

У 1001 годзе ў Монтэ-Касіна пазнаёміўся з пустэльнікам Рамуальдам, заснавальнікам Ордэна камэдулаў і ўступіў у яго брацтва. Некаторы час Бруна жыў у кляштары Рамуальда ў Пэрэі ля Равэны дзе і прыняў манаскі пострыг. Польскі кароль Баляслаў І Храбры падтрымліваў кантакты з Рамуальдам, адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў радыкальнага манаска-аскетычнага руху таго часу, яго манаская суполка прымала ўдзел у місіях у Польшчу для хрысьціянізацыі славян. Верагодна, менавіта там пад уражаньнем аповедаў місіянэраў у яго і паўстала ідэя «паўночнай місіі». У адну з такіх місій разам з братамі суполкі Бэнэдыктам і Янам ён і вырашыў адправіцца.

У 1002 годзе рымскі папа Сыльвэстар ІІ надзяліў Бруна тытулам «Archiepiscopus gentium» для місійнай працы сярод паганскіх народаў і выдаў яму дазвол на пасьвячэньне, тады ж быў выдадзены і дазвол на місію Бэнэдыкту і Яну. У тым жа годзе Бруна са сваімі спадарожнікамі прыбыў да двара польскага караля Баляслава. Кароль верагодна жадаў накіраваць высілкі місіянэраў на ахрышчэньне славян паміж Лабай і Одрай, з тым каб далучыць іх да сваіх уладаньняў. Аднак гэтыя імкненьні польскага караля турбавалі імпэратара Генрыха ІІ які таксама прэтэндаваў на гэтыя землі, таму Бруна які ўзімку 1002 прыбыў у Магдэбург для пасьвячэньня ў сан доўга ня мог атрымаць пажаданага. Ён пабыў у сваім родавым Квэрфурцкім замку дзе ў тым жа 1002 годзе пасьвяціў новую царкву, адным з апекуноў якой быў сьвяты Пётар.

Бэнэдыкту і Яну, якія засталіся ў Польшчы, Баляслаў вылучыў землі для стварэньня кляштара, хутка ў іх зьявіліся мясцовыя паслушнікі — родныя браты Язэп і Мацьвей, а таксама Варнава і кухар на імя Крысьцін. У 1003 годзе калі Варнаву адправілі ў Рым, астатнія пяць братоў — Бэнэдыкт, Ян, Язэп, Мацьвей і Крысьцін былі забітыя.

Місіянэрская і дыпляматычная дзейнасьць

рэдагаваць

Толькі ў 1004 годзе Бруна быў пасьвечаны і атрымаў паліюм з рук магдэбурскага арцыбіскупа Тагіна. Пасьвячэньне верагодна было зьдзейсьнена ў абмен на абяцаньне не прапаведаваць на землях паміж Лабай і Одрай. Бруна вярнуўся ў Польшчу, перад гэтым пасьвяціўшы аднаго з сваіх людзей у біскупы і адправіўшы яго зь місіяй у Швэцыю, дзе і сам некаторы час марыў прапаведаваць. Плян Баляслава па хрышчэньні славян паміж Лабай і Одрай сарваўся.

Місія ў Вугоршчыну да «чорных мадзьяр» Айтаня

рэдагаваць

Польскі кароль знайшоў для Бруна новую справу — прапанаваў адправіцца з пропаведзьдзю ў Вугоршчыну. Верагодна Бруна адбыў у Вугоршчыну ня толькі з хрысьціянскай, але і з дыпляматычнай місіяй. Вядома, што ён прапаведаваў сярод «чорных мадзьяр» у даліне Мараш ва ўладаньнях князя Айтаня. Айтань быў хрысьціянінам усходняга абраду і ў той час меў доўгачасовы канфлікт з каралём Вугоршчыны Іштванам І, такі жа канфлікт меў і польскі кароль Баляслаў. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што Айтань быў зьвязаны з Уладзімерам І. Кароль жа Іштван быў цесна зьвязаны з імпэратарам Генрыхам, той быў яго шваграм і хаўрусьнікам у барацьбе за вяртаньне захопленых Баляславам вугорскіх зямель. Прысутнасьць Бруна ў Вугоршчыне выклікала вялікае раздражненьне вугорскага караля, якое змусіла місіянэра—дыплямата пакінуць гэтую краіну, вярнуцца ў Польшчу і некаторы час жыць пры двары караля Баляслава — дакладная храналёгія гэтых падзей невядомая.

У канцы 1007 году Бруна адправіўся праз Русь нібы прапаведаваць да печанегаў. Аднак верагодней за ўсё хрысьціянская місія да печанегаў была толькі прыкрыцьцём дыпляматычнай місіі Бруна да Ўладзімера ад Баляслава. У пачатку 1008 году Бруна сустрэўся з «rex Russorum» Уладзімерам і некаторы час жыў пры яго двары. У канцы лютага 1008 году Бруна ў суправаджэньні Ўладзімера адправіўся да печанегаў, ахрысьціў 30 чалавек і пасьвяціў для іх біскупа з сваіх людзей, а таксама наладзіў мір паміж печанегамі і кіеўскім князем. Закладнікам на падмацаваньне міру ў печанегаў застаўся сын кіеўскага князя, у якім некаторыя дасьледчыкі бачаць Сьвятаполка.

Вяртаньне ў Польшчу

рэдагаваць

У тым жа 1008 годзе Бруна вярнуўся ў Польшчу і зноў нейкі час жыў пры двары Баляслава. Там Бруна напісаў Жыцьцё сьвятога Адальбэрта-Войцэха, Жыцьцё Пяці Братоў Пакутнікаў (сваіх былых спадарожнікаў), а таксама вядомы ліст да імпэратара Генрыха. У гэтым лісьце, Бруна папракае імпэратара за тое, што ў хаўрусе з паганцамі — абадрытамі ваюе з Польшчай, замест таго каб у хаўрусе з Баляславам займацца іх хрышчэньнем.

Зноў Русь

рэдагаваць

Супярэчнасьці паміж Баляславам і Генрыхам увесь час толькі абвастраліся, насьпяваў канфлікт. У канцы 1008 году, перад самым пачаткам простага супрацьстаяньня паміж Польшчай і Імпэрыяй, Бруна зноўку адправіўся на Русь, але на гэты раз у почаце дачкі Баляслава, якая выходзіла замуж за тураўскага князя Сьвятаполка Ўладзімеравіча. У тым жа почаце быў і Калабжэскі біскуп Рэйнбэрн — духоўнік каралеўны. Невядома які быў маршрут гэтага падарожжа, ці быў зноўку Бруна ў Кіеве або шлюб адбыўся ў Тураве.

Падсумаваньне дзейнасьці

рэдагаваць

Бруна быў уражлівым чалавекам, гэтая асаблівасьць характару практычна вызначыла яго лёс. Пад уражаньнем ад сьмерці Адальбэрта-Войцэха ён пайшоў у кляштар. Пад уражаньнем аповедаў аб пропаведзях паганцам — прыняў пастрыг і рашыў адправіцца прапаведаваць. Пад уражаньнем ад перашкод у хрышчэньні палабскіх і надодраўскіх славян, з боку імпэратара і імпэрскага духавенства — стаў прыхільнікам Баляслава і праціўнікам Генрыха. У той жа час Бруна быў прыхільнікам хрышчэньня паганцаў з дапамогай сілы і заклікаў да гэтага. Аднак ніхто не жадаў яму аказваць у гэтым рэальнай дапамогі — не Генрых, не Баляслаў, не Ўладзімер, ва ўсіх, як апынулася, былі больш надзённыя праблемы.

Баляслаў пры пасрэдніцтве Бруна спрабаваў стварыць зьвяз супраць Імпэрыі, ў яго гэта ў некаторай ступені атрымалася. У 1008 годзе «чорныя мадзьяры» Айтаня паднялі паўстаньне ў Вугоршчыне, аднак яно было падушанае каралём Іштванам. Шлюб жа дачкі Баляслава з сынам Уладзімера таксама зьяўляецца ўскосным пацьверджаньнем нейкай дамовы паміж імі. На жаль, падрабязнасьці і ўмовы гэтых пагадненьняў невядомыя — можна толькі здагадвацца.

Літва — апошняя місія

рэдагаваць

Большасьць дасьледчыкаў лічаць, што Бруна адправіўся зь місіяй у Прусію, а дакладней у адну зь яе частак — Яцьвезь па даручэньні караля Баляслава. Аднак гэта наўрад ці магло быць, таму што з 983 году Яцьвезь прызнавала ўладу Ўладзімера, а Баляславу не патрэбен быў яшчэ адзін вораг. Верагодна Бруна атрымаў менавіта ад Уладзімера дазвол прапаведаваць на землях падуладных Кіеву паганцаў і адправіўся ў сваю апошнюю місію з Турава. Тое, што ішоў ён менавіта з Русі ў Літву, а не зь Літвы на Русь пацьвярджаецца апісаньнем месца яго згубы «на памежжы Русі і Літвы» — «in confinio Rusciae et Lituae». Зыходзячы з гэтага складана сказаць, ці зьбіраўся наогул Бруна ў Яцьвезь — хоць магчыма ён жадаў патрапіць у Яцьвезь прайшоўшы празь Літву, па шляху прапаведуючы паганцам якія жылі там.

Як толькі Бруна са сваімі спадарожнікамі ўступіў на землі літоўцаў, то быў схоплены і прыведзены да літоўскага князька Нэтымера і стаў угаворваць таго ахрысьціцца. Атрымаўшы адмову Бруна спаліў паганскіх ідалаў, завошта сам быў прысуджаны да спаленьня. Аднак распаліць вогнішча пад Брунам не атрымоўвалася і паганцы зьлічылі гэта знакам — Нэтымер вызваліў Бруна і разам з трымастамі набліжанымі, хутчэй усяго сваёй дружынай, прыняў хрышчэньне. З-за гэтага ў яго адбыўся канфлікт з сваякамі. Магчыма, сям’я была супраць хрышчэньня і патрабавала пакараньня Бруна, а магчыма, і гэта больш верагодна, Нэтымер пад уплывам Бруна настойваў на хрышчэньні сваякоў — нават загадаў забіць свайго брата, які адмовіўся ахрысьціцца.

Далейшая місія Бруна склалася няўдала. З уладаньняў Нэтымера ён накіраваўся далей і апынуўся ва ўладаньнях іншага літоўскага князька — Зэбэдэна. Там 9 сакавіка 1009 году Бруна быў схоплены і па загадзе князька абезгалоўлены, а яго 18 спадарожнікаў павешаныя. Галаву Бруна кінулі ў раку Алстра, верагодней усяго гэта рака Ятра (зараз Ятранка — назва паходзіць ад балцкага Айтра), прыток Моўчадзі. Цікава, што ў Дарэўскім каталіцкім прыходзе, Баранавіцкага дэканата, Пінскай дэацэзіі лічаць, што Бруна загінуў менавіта на іх тэрыторыі.

Аб тым, што адбылося далей крыніцы расходзяцца ў меркаваньнях. Адны сьцьвярджаюць, што рэшткі Бруна і яго спадарожнікаў былі выкупленыя нейкім «рускім князем» які над імі пабудаваў храм і што Бруна пачытаўся як сьвяты «рускай царквой». Іншыя, што рэшткі выкупіў польскі кароль Баляслаў. Больш верагодна, што адбылося і тое і іншае. Спачатку рэшткі Бруна і яго спадарожнікаў трапілі да тураўскага князя Сьвятаполка, так як верагодней усяго Бруна пайшоў зь місіяй зь яго гораду — Турава, дзе да таго ж знаходзіўся біскуп Райнбэрн. А ўжо пасьля гэтыя рэшткі выкупіў кароль Баляслаў. Вельмі хутка (да 13 ліпеня 1024 году) Бруна быў кананізаваны, ва ўрачыстай імшы ўдзельнічаў імпэратар Генрых.

Памяць у Каталіцкай царкве — 15 кастрычніка. У Польшчы сьвяты Бруна зьяўляецца апякуном Ломжыцкай дыяцэзіі — дзень памінаньня 12 ліпеня.