Уладзімер Дабравольскі

Уладзімер Мікалаевіч Дабравольскі (30 ліпеня 1856, сяло Краснасьвяцкае Смаленскага павету Смаленскай губэрні Расейскай імпэрыі, цяпер Пачынкаўскі раён Смаленскай вобласьці Расеі — 7 траўня 1920, Смаленская вобласьць) — беларускі і расейскі краязнаўца, этнограф і мовазнаўца.

Уладзімер Дабравольскі

лац. Uładzimier Dabravolski
Дата нараджэньня 30 ліпеня (11 жніўня) 1856 або 1856[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 7 траўня 1920(1920-05-07) або 1920[1]
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак этнограф, фальклярыст, мовазнавец
Навуковая сфэра этнаграфія[2], мовазнаўства[2], культуралёгія і фальклярыстыка[2]
Месца працы
Навуковы кіраўнік Усевалад Фёдаравіч Мілер[d]

Біяграфія

рэдагаваць

З шляхецкага роду, сын чыноўніка. У 1876 годзе скончыў Смаленскую гімназію і падаў дакумэнты ў Пецярбурскі ўнівэрсытэт на філялягічны факультэт, але з прычыны цяжкай хваробы мусіў перавесьціся на гістарычна-філялягічны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту, каб быць бліжэй да Смаленшчыны. Па сканчэньні трэцяга курсу выправіўся ў першую этнаграфічную экспэдыцыю ў Арлоўскую губэрню, на радзіму бацькі. Паводле выніках экспэдыцыі склаў рукапісны зборнік «Песьні Арлоўскай губэрні Дзьмітраўскага павету», за які атрымаў малы срэбраны мэдаль Расейскага імпэрскага геаграфічнага таварыства.

У 1880 годзе скончыў унівэрсытэт і атрымаў прызначэньне ў Смаленск: на настаўніка літаратуры, лёгікі і гісторыі ў Марынскую жаночую гімназію. Прапрацаваў два гады, але мусіў быў паводле стану здароўя пакінуць службу. З 1883 году перабраўся ў свой маёнтак, зьбіраў этнаграфічны, фальклёрны і лінгвістычны матэрыял. Яшчэ на чацьвертым курсе ажаніўся зь Еўдакіяй Вішнеўскай. Спачатку разам з жонкай жыў у Краснасьвяцкім, але ў 1887 годзе пераехаў у Данькава. За дзесяць гадоў абʼезьдзіў усю Смаленскую губэрню. Вынікам гэтага сталі навуковыя працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (у чатырох частках) і «Смаленскі абласны слоўнік». Напісаў артыкул пра гукаперайманьні ў народнай мове, пазьней апублікаваны ў «Этнаграфічным аглядзе». У сярэдзіне 1880-х гадоў падаў рукапіс першага тому «Смаленскага этнаграфічнага зборніка» ў Геаграфічнае таварыства, па чым стаў сябрам-супрацоўнікам таварыства. У 1894 годзе пабачылі сьвет яшчэ два тамы, а ў 1903 годзе выйшаў з друку апошні том этнаграфічнага зборніка.

З 1902 году працаваў інспэктарам народных вучэльняў у Разанскай губэрні, у 1906—1917 гадоў — у Ельнінскім павеце Смаленскай губэрні. З 1918 году выкладаў «Псыхалёгію славеснай творчасьці» і «Гісторыю тэатру» на чырвонаармейскіх курсах у Смаленску. Чытаў лекцыі з этнаграфіі і гісторыі расейскага тэатру пры Беларускім народным унівэрсытэце ў Маскве, Віцебскім інстытуце народнай адукацыі і Смаленскім аддзеле Маскоўскага археалягічнага інстытуту[3].

Па сьмерці жонкі (сакавік 1920 году) выправіўся з сынам Аляксеем з Смаленску ў Данькава. У дарозе быў застрэлены невядомымі. Спачыў недалёка ад Данькава.

Асноўныя працы

рэдагаваць

Выдаў «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (т. 1-4, 1891—1903 гады), напісаў шмат артыкулаў мовазнаўчага характару (пра гукаперайманьні, народныя прозьвішчы, пра таемныя мовы краўцоў, канавалаў, мяшчанаў). Найбольш каштоўная праца ў галіне мовазнаўства — «Смаленскі абласны слоўнік» (1914 год), які зьмяшчае 16 560 артыкулаў з дыялектнымі словамі расейска-беларускага памежжа. Праца складалася на падставе матэрыялаў для «Смаленскага этнаграфічнага зборніка», таму ілюстрацыямі ў ёй служаць і ўрыўкі з апісаньняў абрадаў, звычаяў, побыту.

Разам з Мікалаем Бэрам запісаў больш за 500 мэлёдыяў народных песень[4].

Літва і люцічы

рэдагаваць
Асноўныя артыкулы: Літва і Люцічы

Запісаў на Смаленшчыне два старажытныя паданьні, адно зь якіх сягае да XIII ст., дзе Літва завецца Лютвою[5][6].

  1. ^ а б Identifiants et Référentiels (фр.)ABES, 2011.
  2. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ Саламевіч І. Дабравольскі Уладзімір Мікалаевіч // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 557.
  4. ^ Саламевіч І. Дабравольскі Уладзімір Мікалаевіч // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 558.
  5. ^ Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. // Записки Императорского русского географического общества по отделению этнографии. Т. XX. — Спб., 1891. С. 379.
  6. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 106.

Літаратура

рэдагаваць