Панізоўе (літар. «мясцовасьць, якая ляжыць нізкай плыньню ракі») — гістарычны рэгіён на паўднёвым усходзе Беларусі ў міжрэччы Дняпра і Сажа — усход цяперашняй Гомельскай вобласьці і паўднёвы ўсход Магілёўскай.

Рэгіён улучаў месты Гомель, Крычаў, Прапойск, Рагачоў, Рэчыцу, Чачэрск, а таксама Асьцёр і Любеч, якія цяпер знаходзяцца ў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны.

Тэрмін «Панізоўе» ня быў шырока вядомым і не выкарыстоўваўся па г.зв. «Крывавым патопе» (Казацка-сялянская вайна 1648—1651 гадоў і Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў). Мяркуецца, аднак[1], што ў пачатку ХVII ст. гэты рэгіён называўся менавіта так, і толькі па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) і далучэньні ўсходняй часткі Беларусі да Расейскай імпэрыі, землі Панізоўя сталі асацыявацца зь «Белай Русьсю». Адбылося гэта праз тое, што большая частка былога Панізоўя ўвайшла ў склад Магілёўскай (Беларускай) губэрні. На думку Ўладзімера Васькова (Палівача)[1], хоць харонім «Панізоўе» ўжываўся непрацяглы час, аднак сам рэгіён склаўся і існаваў задоўга да ўзьнікненьня гэтай назвы.

У крыніцах

рэдагаваць

У «Суплікацыі» (хадайніцтве, прашэньні, скарзе) праваслаўнай шляхты Беларусі і Ўкраіны на прыцясьненьне з боку ўніятаў і каталікоў, вынесенай на Варшаўскі сойм 1623 году, сярод тэрыторыяў, дзе жыве «рускі народ, які вызнае грэцкую веру ўсходняга абраду», называюцца Літва (зь местамі Вільняй, Браславам, Берасьцем, Горадняй, Камянцом, Кобрынем, Менскам, Наваградкам, Слонімам), Палесьсе (Мазыр, Оўруч, Пінск), Белая Русь (Віцебск, Дзісна, Магілёў, Амсьцісьлаў, Ворша, Полацак), рэгіёны сучаснай Украіны і Панізоўе з вышэй пералічанымі местамі («Krzyczew, Czeczersk, Propojsk, Rohaczew, Homel, Ostr, Rzeczyca, Lubecz etc. na Ponizowiu»). Сустракаецца харонім (рэгіянальная назва) «Панізоўе» ў «Суплікацыі» і яшчэ: «...ludzie dla uniey z domow swych od dobr wycisnione, ledwie już Ponizowie y Ukraina zmieszczać mogą». Аднак гісторыкі В. Насевіч і М. Сьпірыдонаў лічаць, што «…назву «Панізоўе» ў апошнім прыкладзе трэба лічыць выпадковай, бо ў далейшым яна не набыла шырокага выкарыстаньня. Пазьней паўднёвы ўсход Беларусі крыніцы зьвязваюць зь «Белай Русьсю»'[2].

  1. ^ а б Забытая назва: Панізоўе
  2. ^ Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край: Гістарычна-культуралагічны зборнік. Вып. 1. — Менск: Навука і тэхніка, 1996. С. 4—27.

Літаратура

рэдагаваць
  • Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Менск, 2011. ISBN 978-985-6825-62-0
  • Латышонак А. Крэва — Верх — Белая Русь [1] // ARCHE Пачатак. № 11 (62) 2007.
  • Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край: Гістарычна-культуралагічны зборнік. Вып. 1. — Менск: Навука і тэхніка, 1996. С. 4—27. [2]
  • Supplicatia do przeoswieconego i jasnie wielmoznego przezacney korony Polskiej i W. X. Lit. oboiego stanu duchownego i swieckiego senatu: w roku tym terazniejszym 1623 do Warszawy na seym walny przybyłego. Od obywatelow koronnych i W. X. Lit. wszystkich i w obec, i każdego z osobna: Ludzi zwołania szlacheckiego, relligiey starożytnej graeckiej, posłuszenstwa wschodniego // Документы объясняющие историю Западно-Русского края и его отношение к России и Польше. СПб, 1865. С. 292.
  • Носевич В. Белорусы: становление этноса и «национальная идея» [3] // «Белоруссия и Россия: общества и государства», 1998.