Уладзіслаў Сыракомля
Уладзісла́ў Сырако́мля (сапраўднае Людвік Уладзіслаў Францішак Кандратовіч; 29 верасьня 1823, фальварак Смольгаў Бабруйскага павету, цяпер Любанскі раён — 15 верасьня 1862, Вільня) — беларускі і польскі паэт, драматург, перакладнік, літаратурны крытык і краязнаўца. Мовамі ягоных твораў былі польская і беларуская.
Уладзіслаў Сыракомля | |
Ludwik Kondratowicz | |
![]() Людвік Кандратовіч. Абдон Корзан, 1860 | |
герб «Сыракомля» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 29 верасьня 1823 Смольгаў Бабруйскага павету |
Памёр | 15 верасьня 1862 Вільня |
Пахаваны | |
Род | Кандратовічы |
Бацькі | Аляксандар Каэтан Кандратовіч Вікторыя з Златкоўскіх |
Жонка | Паўліна зь Мітрашэўскіх |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, перакладчык |
Гады творчасьці | з 1844 |
Мова | польская мова[1], нямецкая, беларуская мова і лацінская мова[2] |
Дэбют | верш «Паштальён» (1844) у часопісе «Athenaeum» (Вільня) |
Подпіс | ![]() |
http://www.rv-blr.com/biography/view/712 |
Творчасьць Уладзіслава Сыракомлі прыкметна паўплывала на фармаваньне беларускай літаратуры новага часу[3].
БіяграфіяРэдагаваць
Прадстаўнік шляхецкага роду Кандратовічаў гербу «Сыракомля», назву якога потым узяў за псэўданім. Сын Аляксандра Каятана і Вікторыі з Златкоўскіх. Бацькі былі арандатарамі і часта зьмянялі месца жыхарства.
У 1833 распачаў навучаньне ў павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясьвіжы, якую расейскія ўлады зачынілі ў 1835. Давучваўся ў дамініканскай школе ў Наваградку (1836—1837). У 1840 уладкаваўся на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі.
Пасьля жаніцьбы з Паўлінай Мітрашэўскай ў 1844 пераехаў у фальварак Залучча (цяпер Стаўпецкі раён). Многа працаваў творча. У верасьні 1852 пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. У красавіку 1853 пачаў арандаваць фальварак Барэйкаўшчына каля Вільні.
У 1856—1858 неаднаразова выяжджаў у Варшаву і Познань (Прускае каралеўства). Пасьля гэтых паездак расейскія ўлады ўсталявалі за Л. Кандратовічам сакрэтны нагляд. У красавіку 1861 выступіў на патрыятычнай маніфэстацыі ў Коўне зь вершамі. Выехаў у Варшаву, а на зваротным шляху яго арыштавалі і зьняволілі ў віленскай вязьніцы. Знаходзіўся пад арыштам каля месяца. Вызвалены пад нагляд паліцыі. Памёр у часе сьледзтва. Пахавалі паэта на віленскіх могілках Росы ў Вільні.
У Барэйкаўшчыне працуе музэй-бібліятэка Ўладзіслава Сыракомлі, ягонае імя носяць вуліцы ў Менску, Пінску, Гародні, Наваградку, Стоўпцах і Нясьвіжы. У Варшаве ў гонар паэта названыя адразу дзьве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Ўладзіслава Сыракомлі. Таксама паэт ушанаваны ў шэрагу іншых польскіх гарадоў вуліцамі Людвіка Кандратовіча, такіх як Гданьск, Гдыня, Сопат, Лембарк, Познань, Эльблёнг, Кракаў і Ўроцлаў, а таксама ў вёсцы Брэзна Лямборскае (Brzeźno Lęborskie) і іншых.
Літаратурная дзейнасьцьРэдагаваць
Зьвяртаўся да гісторыі краю, вераваньняў, звычаяў, вуснай паэзіі беларускага народу, паэтызаваў гераічнае мінулае продкаў. Дэбютаваў вершам «Паштальён» (1844), паводле пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі»). Пераклад «Паштальёна» на расейскую мову паэтам Л. Трэфалевым зрабіўся папулярнай у Расеі народнай песьняй «Когда я на почте служил ямщиком…».
Як добры знаўца фальклёру, вуснай паэзіі беларусаў раскрыўся ў «Кароткім дасьледаваньні мовы і характару паэзіі русінаў Менскай правінцыі» (1856). Вывучэньню Беларусі прысьвяціў гістарычна-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Менск: беглы агляд сучаснага стану Менску» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусьця» (1861) і інш.
Падтрымліваў цесны зьвязак зь менскім літаратурным асяродзьдзем. За антыцарскія вершы быў арыштаваны. Пісаў па-польску, зь беларускамоўных твораў захаваліся толькі два — верш «Добрыя весьці» (1848, 1861) і лірычная мініятура «Ужо птушкі пяюць усюды».
Зьяўляецца аўтарам некалькіх п’есаў, якія ставіліся віленскім тэатрам. З драматычных твораў У. Сыракомлі найбольшай папулярнасьцю карысталася п’еса «Kasper Kaliński».
Перакладаў на польскую мову творы разнастайных расейскіх, францускіх, украінскіх, нямецкіх і лацінскіх паэтаў. Сярод найбольш значных працаў — пераклады твораў Гётэ, Гайнэ, Лермантава, Шаўчэнкі, Някрасава, Бэранжэ і іншых. Творы У. Сыракомлі лічацца аднымі з найлепшых перакладаў паэзіі ў гісторыі польскай мовы.
Зьяўляецца аўтарам двухтомнай «Гісторыі літаратуры ў Польшчы» (1851—1852) і іншых твораў.
Асноўныя творыРэдагаваць
- Przekłady poetów polsko-łacińskich epoki zygmuntowskiej
- Gawędy i rymy ulotne (1853)
- Urodzony Jan Dęboróg
- Poezje ostatniej godziny
- Wyzwolenie włościan
- Margier. Poemat z dziejów Litwy (1855)
- Margier Konstantego Gorskiego
- Wielki Czwartek (1856)
- Janko Cmentarnik (1857)
- Kasper Kaliński (1858)
- Chatka w lesie (1855—1856)
- Hrabia na Wątorach (1856)
- Możnowładcy i sierota (1859)
- Wiejscy politycy (1858)
- Wojnarowski
- Podróż swojaka po swojszczyźnie
- Dzieje literatury w Polsce
ГалерэяРэдагаваць
- Іканаграфія Ўладзіслава Сыракомлі
Мастак А. Шэмеш, 1854
БібліяграфіяРэдагаваць
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
Беларускі пераклад:
- Выбр. тв. Мн., 1966;
- Вандроўкі па маіх былых ваколіцах: Успаміны, даследаванні гісторыі і звычаяў. Мн., 1992;
- Мінск. Мн., 1992;
- Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка. Мн., 1993.
КрыніцаРэдагаваць
- ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Kondratowicz, Ludwik // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Уладзімір Маркель. Сыракомля Уладзіслаў // ЭГБ. — Менск: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 459.
ЛітаратураРэдагаваць
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік у 6-ці тамах / АН Беларусі, Інстытут літаратуры ім. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіса.Т. 5: Пестрак — Сяўрук. — Мн.: БелЭн, 1995. — 480 с. — ISBN 5-85700-060-2. — ISBN 5-85700-168-4.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Менск: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Уладзіслаў Сыракомля // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Цвірка К. Слова пра Сыракомлю. — Мн., 1975
- Мархель У. Лірнік вясковы. — Мн., 1983
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Песні польскіх часоў
- Ludwik Kondratowicz — некаторыя творы У. Сыракомлі