Менскі езуіцкі калегіюм

Помнік сакральнай архітэктуры
Менскі езуіцкі калегіюм
Менскі езуіцкі калегіюм
Менскі езуіцкі калегіюм
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′11.33″ пн. ш. 27°33′15.85″ у. д. / 53.9031472° пн. ш. 27.5544028° у. д. / 53.9031472; 27.5544028Каардынаты: 53°54′11.33″ пн. ш. 27°33′15.85″ у. д. / 53.9031472° пн. ш. 27.5544028° у. д. / 53.9031472; 27.5544028
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII ст.
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Менскі езуіцкі калегіюм на мапе Беларусі
Менскі езуіцкі калегіюм
Менскі езуіцкі калегіюм
Менскі езуіцкі калегіюм
Менскі езуіцкі калегіюм на Вікісховішчы

Менскі езуіцкі калегіюм — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Менску; рымска-каталіцкая навучальная ўстанова, што давала адукацыю на ўзроўні гуманітарнага ўнівэрсытэту[1]. Знаходзіцца на гістарычным Высокім Рынку. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Утварае адзіны архітэктурны комплекс з Архікатэдральным касьцёлам Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі. Займаў практычна ўвесь квартал пры пляцы Высокім Рынку, абмежаваны вуліцамі Койданаўскай, Зборавай і Фэліцыянаўскай. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі большую частку комплексу, да нашага часу захавалася значна перабудаваная езуіцкая школа, у якой цяпер месьціцца музычны каледж.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Званіца, 1919 р.

Езуіты зьявіліся ў Менску ў 1654 року з фундацыі біскупа смаленскага Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзыдэнцыі мураваную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і пляцу Высокага Рынку. Да 1686 року супольнасьць езуітаў у Менску мела статус місіі, потым — рэзыдэнцыі, а з 1714 року — калегіюму.

Будынкі рэзыдэнцыі да канца ХVІІ ст. паступова мадэрнізаваліся. У 1699 року збудавалі 2-павярховая мураваная езуіцкая школа, а 24 красавіка 1700 року адбылося ўрачыстае асьвячэньне нарожнага камня новага мураванага касьцёла. 16 красавіка 1710 року біскуп віленскі Канстантын Казімер Бжастоўскі асьвяціў касьцёл пад тытулам Езуса, Панны Марыі і Сьвятой Барбары, аднак будаваньне сьвятыні працягвалася да 1730—1732 рокаў.

У 1723 року пачалася рэканструкцыя дома Гегера і ўзьвядзеньне направа ад касьцёла 2-павярховага мураванага будынка калегіюму, у якім знаходзіліся пакоі прафэсараў і магістраў. Пазьней з боку вуліцы Койданаўскай прыбудавалі 3-павярховае крыло, дзе разьмясьціліся рэфэктар, кухня і інш. Канчатковы выгляд комплекс калегіюму набыў ў 1750 року, калі ў цэнтры ягонага фасаду скончылася ўзьвядзеньне высокай 3-яруснай, перакрытай барокавым купалам складанай формы вежы, у якой усталявалі гадзіньнік. У 1749[2] року побач з касьцёлам збудавалі будынак аптэкі зь лябараторыяй, а таксама гаспадарчыя і дапаможныя пабудовы. У гэты час у езуіцкім калегіюме выкладалі рыторыку, паэзію, сынтаксіс, граматыку, тэалёгію, старажытнагабрэйскую мову, этыку, матэматыку, фізыку, лёгіку, мэтафізыку. Дзеяў школьны тэатар і найлепшая ў месьце бібліятэка.

У 1770 року праводзілася рэканструкцыя будынка школы — уваход у яго пазначылі квадратнай у пляне вежай з купалам. У 1773 року Папа Рымскі Клімэнт XIV часова забараніў ордэн езуітаў, на базе калегіюму ўтварылася 6-рочная павятовая сьвецкая школа, а касьцёл перайшоў у ранг парафіяльных.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Фота Л. Дашкевіча, 1928 р.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл працягваў дзеяць. З 1799 року ў колішняй езуіцкай школе разьмясьціўся Дом губэрнатара, будынак цалкам пеабудавалі ў стылі клясыцызму.

Да 1820 року калегіюм займалі Прысутныя месцы, потым — магістрат («Гарадзкая дума»), а з 1852 року — скарбніца («Казённая палата»). Вежа калегіюму страціла свой купал і ператварылася ў дазорную вежу пажарнай аховы.

Найноўшы час

рэдагаваць

У 1951 року савецкія ўлады разабралі вежы касьцёла, зьнішчылі мастацкае аздабленьне інтэр’ераў і перабудавалі помнік у спартовы комплекс таварыства «Спартак». Будынак калегіюму і ягоную вежу ўшчэнт зруйнавалі, на іх месцы збудавалі жылы дом (пл. Свабоды, 11). Крыху пазьней, у 1968 року цалкам перабудавалі езуіцкую школу.

Рэктарамі менскага езуіцкага калегіюму былі[3]:

  • Войцех Дземяшэўскі (? — 16.10.1693)
  • Казімер Юрага (? — ?)
  • Ян Андрэйкавіч (рэктар полацкага і менскага езуіцкіх калегіюмаў, ? — ?)
  • Цыпрыян Куноўскі (? — 12.03.1700 — ?)
  • Казімер Гнатоўскі (? — 1702 — ?)
  • Антоні Бжастоўскі (? — 11.02.1708 — 21.05.1717 — ?)
  • Якуб Валадковіч (? — 1720 — 13.12.1721 — ?)
  • Юры Навасельскі (? — 17.11.1725 — 10.11.1727 -?)
  • Францкевіч Радзімінскі (? — 13.10.1727 — 29.12.1727 — ?)
  • Юзэф Рудаміна (? — 1728 — 12.1729 — ?)
  • Станіслаў Валадковіч (прэор менскі, вікары беларускі, ? — 1731 — ?)
  • Людвік Сакульскі (? — 02.08.1733 — 06.10.1735 -?)
  • Антоні Вайніловіч (? — 1739—1740 — ?)
  • Ян Валадковіч (? — 1743 — 13.06.1745 — ?)
  • Антоні Хадзінскі (? — 04.12.1748 — 29.07.1748 — ?)
  • Францішак Ксавэры Агінскі (? — 18.10.1751 — 07.08.1758 — ?)
  • Станіслаў Жаба (віцэ-рэгент менскага езуіцкага калегіюму, ? — 07.08.1758 — ?)
  • Казімер Гедройц (? — 18.03.1754 — ?)
  • Юры Віхерт (? — 1760 — ?)
  • Рамуальд Вайніловіч (? — 05.02.1760 — 17.06.1760 — ?)
  • Адам Абрамовіч (? — 1767—1772 — ?)

Паводле прывілею ад 11 сакавіка 1773 року, па зьнясеньні закона езуітаў у Менску, аптэку пры калегіюме ўзначальваў Міхал Карыцкі. 12 сакавіка 1781 року быў унесены ягоны тэстамэнт. На час сьмерці Міхал Карыцкі займаў пасаду рэктара ўсіх школаў Менску.

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 168.
  2. ^ Дзянісаў У. Комплекс езуітаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 326.
  3. ^ Чарняўскі Ф. Ураднікі (пасады, тытулы) менскага ваяводства XVI—XVIII стст. Біяграфічны даведнік. Выпуск ІІІ: (канюшыя, абозныя, крайчыя, мастаўнічыя і будаўнічыя). — Менск: ТАА «Белпрынт», 2010. С. 286.

Літаратура

рэдагаваць
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Денисов В. Н. Площадь Свободы в Минске. — Мн.: Полымя, 1985. — 80 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000235