Полацкае княства
По́лацкае кня́ства — усходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэньне (фэадальная дзяржава) з сталіцай у горадзе Полацку. Узьнікла на аснове племяннога княжаньня (правадырства) полацкіх крывічоў з прыкметным уплывам групаў іншаземнага насельніцтва, перш за ўсё балтаў[1]. Існавала з другой паловы X да пачатку XIV стагодзьдзя і ахоплівала (за часамі найвышэйшага ўздыму) поўнач і цэнтар сучаснай Беларусі, а таксама Ніжняе Падзьвіньне (прыдзьвінскія тэрыторыі сучаснай Латвіі). У склад княства, апроч Полацку, уваходзілі такія гарады, як Віцебск, Друцак, Менск, Заслаўе, Лагойск, Барысаў, Браслаў, Кукенойс (цяпер Кокнэсэ) ды іншыя.
Полацкае княства лац. Połackaje kniastva | ||||
| ||||
| ||||
Полацкае княства на мапе Эўропы | ||||
Сталіца | Полацак | |||
Форма кіраваньня | манархія | |||
Гісторыя • Заснаваньне • Уваход у склад ВКЛ • Скасаваньне княства |
X стагодзьдзе 1307 1397 | |||
Канфэсійны склад | хрысьціянства, язычніцтва | |||
У наш час, паводле наяўных гістарычных зьвестак, Полацкае княства разглядаецца ў якасьці вытоку Беларускай дзяржаўнасьці, увасабленьня ідэі незалежнасьці беларускага народу[2][3][4]. У замежнай гістарыяграфіі існуе меркаваньне пра тое, што на Русі было дзьве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[5][6][7]. Навуковец з Даніі Адольф Стэндэр-Пэтэрсэн лічыў, што на Русі ўтварылася дзьве скандынаўска-славянскія дзяржавы — Наўгародзка-Кіеўская і Полацкая. Аўтар падмацоўвае гэта сьведчаньнем з Аповесьці мінулых часоў пра княжаньне ў Полацку Рагвалода, пра скандынаўскае паходжаньне яго імя. Амэрыканскі гісторык Амельян Прыцак лічыў, што полацкая дынастыя была адзінай з старажытных скандынаўскіх дынастыяў, якая змагла захавацца ў змаганьні з Рурыкавічамі[8].
Назва
рэдагавацьУ летапісах XII стагодзьдзя Полацкае княства не лічылася Русьсю[9]. Напрыклад Аповесьць мінулых часоў нават супрацьпастаўляе «Рускай зямлі» Полацкую і Смаленскую. У пісьмовых крыніцах жыхары Полацкага княства да другой паловы XII ст. выступалі пад старой племянной назвай — крывічы[10].
Сярод параўнальна шматлікіх дакумэнтаў уласна Полацку, складзеных у першай палове XV ст., зусім не ўжываецца азначэньне «рускі»: жыхары места ідэнтыфікуюць сябе проста як «палачане» альбо ўжываецца вызначэньне «нашы»[11].
Гісторыя
рэдагавацьУзьнікненьне
рэдагавацьДакладную дату ўзьнікненьня княства вызначыць цяжка. У VIІІ—X стагодзьдзях у крывічоў існавала правадырства (англ. chiefdom) — дадзяржаўнае этнапалітычнае ўтварэньне на чале з князем-правадыром, якое на працягу другой паловы Х стагодзьдзя перарасло ў раньнефэадальную дзяржаву.
Першая пісьмовая згадка пра Полацак датуецца 862 годам у зьвязку з раздачай Рурыкам гарадоў сваім дружыньнікам. У Лаўрэнцеўскім летапісе паведамляецца:
У лета 862 прыняў уладу Рурык і пачаў раздаваць мужам сваім гарады: гэтаму Полацак, гэтаму Растоў, іншаму Белавозера. І па тых гарадох варагі — прышлыя, а першае насельніцтва ў Ноўгарадзе — славене, у Полацку — крывічы, у Растове — меры, у Белым возеры — весь, у Мураме — мурамы, і ўсімі тымі валодаў Рурык | ||
У скандынаўскіх сагах пра Полацак паведамляецца як пра моцнае ўладаньне, якое мела свайго князя Палтэса. Князь Палтэс — мітычная асоба, але пра тое, што ў Полацку рана былі вялікія князі, гаворыцца ў Аповесьці мінулых часоў[12].
Першы вядомы полацкі князь — Рагвалод, незалежны ад Кіева. Гісторыкі спрачаюцца пра ягонае паходжаньне: адныя называюць яго славянінам (Валадар Рогу), іншыя — варагам (Рунгвальд). Аднак, у кожным разе, гэта дазваляе зрабіць выснову пра княжаньне ў Полацку мясцовай дынастыі, а ня кіеўскага намесьніка.
У Аповесьці мінулых часоў пад 980 годам паведамляецца, што Рагвалод «имяше власть свою в Полотьске». У Лаўрэнцеўскім летапісы больш падрабязна тлумачыцца, што Рагвалод «держащю и владеющю и княжащю Полотьскую землю». Тут падкрэсьліваецца поўная незалежнасьць Полацкай зямлі, якой «валодаў», г. зн. кіраваў князь Рагвалод.
З князем Рагвалодам зьвязаныя драматычныя падзеі міжусобнага змаганьня на Русі. У 972 годзе, па сьмерці князя Сьвятаслава Ігаравіча, пачалося замаганьне за ўладу між ягонымі сынамі: Ноўгародзкім князем Уладзімерам і Кіеўскім князем Яраполкам. Абодва бакі намагаліся атрымаць падтрымку ад Полацкага княства. З гэтай мэтай Уладзімер прапанаваў Рагвалоду аддаць за яго сваю дачку Рагнеду. Яму адмовілі, што азначала пераход на бок Кіева, тады Ўладзімер захапіў і спаліў Полацак, забіў Рагвалода і гвалтам узяў Рагнеду сабе ў жонкі. Мясцовая полацкая дынастыя была, такім чынам, зьнішчаная.
Неўзабаве па хрышчэньні Русі сын Рагнеды ад Уладзімера Ізяслаў атрымаў ад бацькі Полацкую зямлю, дзе для яго збудавалі горад Ізяслаў. Пазьней Ізяслаў пераехаў у Полацак і аднавіў Полацкае княства, але цяпер у ім ужо кіравала дынастыя Ізяславічаў — нашчадкаў Рурыка.
-
Сваты наўгародзкага князя Ўладзімера ў Рагвалода (налева); Рагвалод гутарыць з Рагнедай, якая адмовілася выйсьці замуж за Ўладзімера (направа)
-
Помсьцячы за спалены Полацак і забітых бацькоў Рагнеда спрабуе забіць свайго мужа Ўладзімера
-
Пачатак княжаньня Ўсяслава Брачыславіча ў Полацку, фрагмэнт мініятуры
Найвышэйшы ўздым
рэдагавацьУ 1003 годзе пачалося княжаньне Брачыслава Ізяславіча. За яго кіраўніцтвам Полацак бесьперапынна намагаўся пазбавіцца залежнасьці ад Кіева. У 1020 годзе Брачыслаў учыніў напад на Ноўгарад, абрабаваўшы горад, але на зваротным шляху быў разьбіты кіеўскім князем Яраславам. Той прымусіў Брачыслава падпарадкавацца Кіеву, атрымаўшы за гэта ў валоданьне Віцебск і Усьвят.
1044—1101 гады былі часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства, калі ім кіраваў Усяслаў Брачыславіч. Першыя гады свайго кіраваньня ён не сварыўся зь Яраславічамі, але зь сярэдзіны 1065 году ізноў распачаў змаганьне з Кіевам за першынства на ўсходне-славянскіх землях. Усяслаў учыніў напады на Пскоў і Ноўгарад. У 1067 годзе на рацэ Нямізе пад Менскам адбылася бітва з войскам Ізяслава Яраславіча, у якой палачане пацярпелі паразу. Пазьней, у часе мірных перамоваў, Усяслава па-здрадніцку захапілі ў палон і кінулі ў вязьніцу ў Кіеве. Але прабыўшы там некалькі месяцаў, ён быў вызвалены народам і абраны кіеўскім князям. Аднак Ізяслаў, з дапамогай Польшчы, вярнуў сабе ўладу спачатку ў Кіеве, а потым, у 1069 годзе, авалодаў і Полацкам, выгнаўшы Ўсяслава і паставіўшы замест яго на княжаньне свайго сына Мсьціслава. Ужо ў 1071 годзе Ўсяслаў вярнуўся ў Полацак і, нягледзячы на некалькі паразаў ад Ізяслава, здолеў там утрымацца.
У XI стагодзьдзі Полацкая зямля сфармавалася як моцная дзяржава ва Ўсходняй Эўропе. Полацак быў стольным горадам гэтага буйнога княства, якое мела сваю княскую дынастыю, моцнае войска, даволі разьвітую гаспадарку і значныя дасягненьні ў галіне культуры. У 1050-я гады тут збудавалі грандыёзны Сафійскі сабор, які сымбалізаваў сілу і незалежнасьць Полацку[3].
-
Усяслаў Брачыславіч перапраўляецца цераз Дняпро
-
Кіяўляне вызваляюць Усяслава Чарадзея зь вязьніцы
-
Усяслаў Полацкі на вялікакняскім кіеўскім пасадзе
Фэўдальная раздробленасьць
рэдагавацьПа сьмерці Ўсяслава Чарадзея Полацкае княства ўвайшло ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці. Зь яго выдзяліліся Віцебскае, Друцкае, Менскае ды іншыя. Уласна Полацак атрымаў Давыд Усяславіч. Амаль адразу ж між князямі пачынаецца змаганьне.
У 1127 годзе кіеўскі князь Мсьціслаў Уладзімеравіч учыніў выправу на Полацак, захапіў яго і выслаў усіх полацкіх князёў у Бізантыю. Але ўжо празь пяць гадоў у Полацак ізноў прыйшоў князь з Ізяславічаў: Васілька Сьвятаславіч. Па яго сьмерці пачалося чарговае змаганьне за горад між прадстаўнікамі віцебскай, менскай і друцкай лініяў нашчадкаў Усяслава Чарадзея. Паступова ў Полацку зацьвердзілася Віцебская лінія, але час ад часу Полацак трапляў у залежнасьць ад Смаленску, які ставіў сваіх намесьнікаў.
Літоўскія плямёны былі заходнімі суседзямі Полацкага княства. Прыкладна зь сярэдзіны XII ст. пачаліся і ўзмацніліся напады літоўцаў на Полацак. Полацак разам зь іншымі княствамі ў адказ зьдзяйсьніў паходы супраць Літвы.
На пачатку XIII стагодзьдзя ў Полацку і Літвы зьявіўся агульны вораг — крыжакі. Зьяўленьне крыжакоў прыйшлося на час княжаньня Вальдэмара. Крыжакі заснавалі крэпасьць Рыгу, чым перакрылі магістральны гандлёвы шлях да Скандынаўскіх краінаў. Адтуль пачалася экспансія крыжакоў у сфэру ўплыву Полацку, Ніжняе Падзьвіньне перайшло да крыжакоў.
У такіх умовах палачане ўсё часьцей выступалі ў зьвязе зь літоўцамі супраць крыжакоў. З пачатку 1240-х гадоў (паводле іншых крыніцаў — яшчэ з 1190-х гадоў) у Полацку зацьвердзіліся літоўскія князі. Як дакладна гэта было зроблена — шляхам узброенага захопу ці пагадненьня — невядома. З гэтага часу Полацак бярэ ўдзел у спрэчках літоўскіх князёў. Датай уваходжаньня Полацку ў склад Вялікага Княства Літоўскага лічыцца 1307 год, калі ў Полацку пачаў княжыць брат Віценя Воін.
У канцы XIV ст. Полацкае княства спыніла сваё існаваньне, пазьней замест яго ўтварылася Полацкае ваяводзтва.
Дзяржаўны лад
рэдагавацьДзяржаўны лад Полацкага княства прайшоў на працягу стагодзьдзяў паступовую трансфармацыю. За Ізяславам і Рагвалодам Веча, імаверна, ня мела палітычнай ролі. Ужо пры Брачыславе яно атрымала вылучнае значэньне. Пра гэта сьведчыць Эймундава сага: «Дайце мне час параіцца з маімі мужамі, бо яны даюць мне грошы, а я толькі іх трачу». Такім чынам, ужо ў XI ст. Веча палачанаў атрымала надзвычай важнае значэньне.
Існавала таксама і Рада князя. Рада ня мела яўна акрэсьленых паўнамоцтваў. Князь узгадняў з Радай усе пытаньні, што меў разьвязваць сам. Апроч таго, Рада ня мела акрэсьленага складу. Князь запрашаў на раду да сябе ўсіх, каго пажадае. Найперш гэта былі найбуйнейшыя герархі царквы і палацавыя службоўцы.
Асобамі цэнтральнага кіраваньня былі ключнік, падвойскі, тысяцкі, пасаднік (пра яго паведамляе толькі Тацішчаў), цівун ды інш. Тысяцкі кіраваў войскамі — земскім апалчэньнем. Ключнік адказваў за гаспадарскую дзейнасьць і зьбіраў падаткі. Падвойскі сачыў за выкананьнем пастановаў князя і Веча. Цівуны былі прадстаўнікамі князя на вызначаных тэрыторыях і кіравалі імі ад яго імя.
У XII ст. узрасла роля Веча. Да ягоных прэрагатываў пачалі адносіць абраньне і выгнаньне князя, складаньне міру і абвяшчэньне вайны. За князем засталася судовая і вайсковая ўлада. Войска князя складалася з дружыны і земскага апалчэньня. Дружына падзялялася на дзьве часткі: «старэйшую» (баляры) і «малодшую» (отракі, дзецкія). Старэйшая Дружына мела вылучны ўплыў на князя, баляры ўваходзілі ў склад Рады, часта выступалі супроць князя. Малодшая дружына была важным апірышчам князя ў змаганьні з балярамі і Вечам.
У канцы XII — пачатку XIII стагодзьдзяў у Полацку сфармавалася рэспубліка. Яе можна называць Вечава-тэакратычнай. Улада сканцэнтравалася вакол япіскапа, зь якіх у крыніцах ўпамінаецца Якаў (1300 г). Князі ў Полацку маглі і быць, але ў крыніцах не ўпамінаюцца. Зноў яны зьяўляюцца ў горадзе толькі ў часе княжаньня Гедзіміна.
Эканоміка
рэдагавацьПолацкае княства ўзьнікла і разьвівалася на шляху з варагаў у грэкі, гандлявала прадукцыяй сельскай гаспадаркі. Да Балтыйскага мора хадзілі гандлёвыя караблі. У Полацку, Віцебску, Менску і іншых гарадох канцэнтраваліся рамесьніцкія майстэрні.
Культура і рэлігія
рэдагавацьПолацак быў адным з найважнейшых культурных і рэлігійных цэнтраў у рэгіёне. У 992 годзе тут заснавалі Полацкую япархію, збудавалі некалькі цэркваў. З імём Эўфрасіньні Полацкай зьвязаныя збор і перапіс кніг, будаваньне манастыра, названага потым Эўфрасінеўскім. Для Эўфрасіньні Полацкай ювэлір Лазар Богша зрабіў знакаміты крыж, які стаў нацыянальнай сьвятыняй беларусаў. У сярэдзіне XI ст. у Полацку збудавалі Сафійскі сабор. У горадзе, імаверна, вялося летапісаньне, але Полацкі летапіс не захаваўся.
З разьвіцьцём Вільні ў XIV ст. Полацак згубіў значэньне цэнтру. У сярэдзіне XVI ст. тут заснавалаі езуіцкі калегіюм, які меў істотнае адукацыйнае значэньне. У другой палове XVIII ст. Полацак на пэўны час стаў сталіцай езуітаў.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 448.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 66.
- ^ а б Штыхаў Г. Палітычная гісторыя Полацка ў 9-11 ст. // Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 58.
- ^ Арлоў У. 862. Першыя летапісныя звесткі пра Полацак // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
- ^ Stender-Petersen А. Varangica. — Aarhus, 1953. Р. 130—131.
- ^ Pritsak О. The Origin of Rus'. — Cambridge (МА), 1981. Vol. 1. Old Scandinavian Sources other than the Sagas. Р. 137.
- ^ Duczko W. Viking Rus: Studies on the Presence of Scandinavians in Eastem Europe. — Leiden, 2004. Р. 126—127.
- ^ Мартынюк А. В. Alba Ruscia: Белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (Х—ХVI вв.). — Москва, 2015. С. 9.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 57.
- ^ Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. С. 23.
- ^ Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XV — пачатку XVI стст. // ARCHE Пачатак. № 11—12, 2009. С. 72—75.
- ^ Штыхаў Г. Палітычная гісторыя Полацка ў 9-11 ст. // Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 51.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002. — 912 с.: іл. ISBN 985-11-0233-4.
- Таямніцы полацкай гісторыі / У.А. Арлоў. — Мн.: «Папуры», 2008.— 608 с.: іл. ISBN 978-985-15-0288-8.