Мацей Мяхоўскі (таксама Мацей зь Мехава або Мехавіта, сапраўднае імя Мацей Карпіга; лац. Mathias de Miechow, польск. Maciej Miechowita, Maciej Karpiga z Miechowa; каля 1457, Мехаў каля Кракава — 8 верасьня 1523) — польскі гісторык, географ, прафэсар мэдыцыны, астроляг.

Мацей Мяхоўскі
па-польску: Maciej Miechowita
Дата нараджэньня 1457
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 18 верасьня 1523
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак географ, гісторык, астроляг
Месца працы

Атрымаў найбольшую вядомасьць як аўтар працаў «Хроніка палякаў» і «Трактат пра дзьве Сарматыі». Восем разоў абіраўся рэктарам Кракаўскай акадэміі, абавязанай, як лічыцца, яму сваім росквітам.

Біяграфія

рэдагаваць

З радзіны мешчаніна. З 1474 году навучаўся ў Кракаўскай акадэміі, у 1476 годзе стаў бакаляўрам, у 1479 годзе — магістрам вольных мастацтваў. З 1483 году працягваў навучаньне ў Італіі, дзе ў 1486 або 1487 годзе атрымаў ступень доктара мэдыцыны. З 1500 году прафэсар мэдыцыны Кракаўскай акадэміі, да 1519 году восем разоў абіраўся яе рэктарам[1].

У 1519 годзе выдаў «Хроніку палякаў». Неўзабаве ўвесь арыгінальны тыраж канфіскавалі на загадам кароннага канцлера Яна Ласкага, у выніку чаго частку старонак замянілі на новыя, адрэдагаваныя самім канцлерам (зьмены тычыліся шлюбу Ягайлы з Софʼяй Гальшанскай, элекцыі Яна Ольбрахта і яго валоскай выправы 1497 годзе, панаваньня Аляксандра і пэўных іншых падзеяў). У гэтай працы ўвёў паняцьці пра нараджэньне і пачатках плямёнаў і народаў, славянскай супольнасьці, адводзіў Польшчы цэнтральнае месца ў славянскім сьвеце. Выказаў гіпотэзу пра аўтахтоннасьць славянаў і лякалізаваў іх прарадзіму ў Псарах. Цікавіўся галоўным парадкам усходняй праблематыкай, шмат увагі аддаваў падзеям у Вялікім Княстве Літоўскім, апісаў усе палітычныя акцыі ВКЛ. Крытыкаваў эканамічныя супярэчнасьці ў княстве, якія прыводзілі да падзелу грамадзтва на два пласты — сялянства і магнатаў.

У «Трактаце пра дзьве Сарматыі» ўпершыню зьвярнуў увагу на этнаграфічныя асаблівасьці Русі, Літвы і Жамойці. Упамінаў легенду пра паходжаньне ліцьвінаў ад рымлянаў (Палямонавічаў). Паўтарыў зьвесткі Яна Длугаша, нібы ў былыя часы русіны лічылі літву народам цёмным, вартым пагарды, жабрацкім, таму кіеўскія князі бралі зь іх даніну ў знак падданства толькі дубовай карой і скуранымі пасамі. Зь іншага боку, частку Русі, якая належала да Каралеўства Польскага, апісваў як багатую і прыгожую краіну[2]. Засьведчыў Літву як адну з гістарычных назваў усёй сучаснай Беларусі разам зь Вільняй[3]. Пакінуў наступнае сьведчаньне пра Жамойць і жамойтаў[4]:

Жамойць — паўночная і марозная краіна, мяжуе зь Літвой, Інфлянтамі і Прусіяй… Там зусім не будуюць хатаў або прыстойных будынкаў, а ставяць толькі буданы зь бярвеньня і саломы, падоўжаныя, расьцягнутыя пасярэдзіне і звужаныя на канцах. Параўнальна шырокая ўнізе, такая пабудова, паступова пры надбудаваньні звужваецца і пачынае нагадваць дно [перакінутай] лодкі або шалом. На верхавіне робіцца адно акно, якое дае сьвятло зьверху, а пад ім ачаг — дзеля гатаваньня ежы, а таксама дзеля абароны ад холаду, у якім дранцвее гэтая краіна большую частку году. У такой хаце яны жывуць з жонкамі, дзецьмі, рабамі, рабынямі, быдлам дробным і ўючным, хлебам і ўсякім начыньнем.

  1. ^ Семянчук А. Мацей з Мехава // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2.С. 281.
  2. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 38.
  3. ^ Юхо Я. Пра назву «Беларусь» // Імя тваё Белая Русь / Уклад. Г. Сагановіч. — Менск: Полымя, 1991. С. 97—98.
  4. ^ Меховский М. Трактат о двух Сарматиях. — М.; Л., 1936.

Літаратура

рэдагаваць