Жыве Беларусь!

патрыятычны заклік, скіраваны на кансалідацыю народу Беларусі

Жыве́ Белару́сь! — патрыятычны заклік, скіраваны на абуджэньне нацыянальна-грамадзянскіх пачуцьцяў, кансалідацыю народу Беларусі ў абарону свабоды, незалежнасьці сваёй краіны, роднай мовы, усёй нацыянальнай культуры[1]. Шырокае ўжываньне гэтага выразу-фразэалягізму ў розныя часы стала магчымым дзякуючы яго зьместу — зычаньню росквіту сваёй зямлі, сваёй дзяржаве[2]. Разглядаецца як нацыянальны дэвіз[3] — адзін зь беларускіх нацыянальных сымбаляў разам з гербам Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам[4] — у якім у максымальна ляпідарнай форме фармулюецца беларуская нацыянальная ідэя[5][6].

«Жыве [Беларусь!]». Надпіс на сьнезе ў Менску, студзень 2021 г.
Першая старонка газэты Наша Ніва за 20 сакавіка 1914 году: «Калі першы раз з грудзей беларуса-мужыка вырваўся кліч: «жыве Беларусь!», — у ім зьліліся ў вадно пачуцьцё свайго нацыянальнага я, і прабудзіўшаяся сьведамасьць, што ён — чалавек, роўны ўсім іншым, і захованае ў таемнае глыбіні душы жаданьне волі і зямлі»

Гісторыя рэдагаваць

Беларускі нацыянальна-вызвольны рух рэдагаваць

 
Вялікая беларуская рада, кастрычнік 1917 г.

Вытокі беларускага патрыятычнага закліку-дэвізу звычайна прымяркоўваюць да паўстанцкага руху 1863—1864 гадоў і дзейнасьці яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага: сябры віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі карысталіся паролем «Люблю Беларусь. — Так узаемна»[1]. Тым часам яшчэ ў 1859 годзе народжаны на гістарычнай Случчыне беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), які — як і яго сучасьнікі — называў Беларусь Літвой, падкрэсьліваў у адным з сваіх вершаў: «Пра адно я толькі сьпяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць ліцьвіны!»[a][8].

У сваёй сучаснай форме выраз «Жыве Беларусь!» упершыню прагучаў у вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь», напісаным у 1905—1907 гады:

 

 А вось як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь![9]

 
 
Картка дэлегата І Усебеларускага кангрэсу ў сьнежні 1917 г.

У самім вершы малады паэт мерна і журботна апісвае зь вялікай любоўю Беларусь і зь вялікім болем — лёс яе народу, а заканчэньне ў выглядзе аксюмарану разглядаецца як самасьцьверджаньне беларусаў і маніфэстацыя схаванай беларускай моцы: «мы — ёсьць!»[3]. Апошнія словы верша ў якасьці эпіграфу да надрукаванага ў 1908 годзе артыкулу «Вялікае сьвята „Жалейка“ Янука Купалы» ўзяў літаратурны крытык і публіцыст Уладзімер Самойла[10]. Гэта спрыяла папулярызацыі выразу, які ў розных формах замацоўваўся ў паэтычных і публіцыстычных творах беларускіх пісьменьнікаў, ідэолягаў нацыянальнага руху[1]. Сярод іншага, назву «Жыве Беларусь!» атрымаў верш Хведара Чарнышэвіча, апублікаваны ў 1912 годзе.

 
Паштоўка Беларускай Народнай Рэспублікі, 1918 г.

Покліч «Жыве Беларусь!» адразу перанялі беларускія публіцысты-адраджэнцы як знак беларускага самаўсьведамленьня: «… Плыве жывое беларускае слова, будзячы сэрцы беларусаў і паказваючы ўсім, што „Жыве Беларусь!“» (Наша Ніва, 11 лістапада 1910 году). У рэдакцыйнай нататцы «Нашай Нівы» (1911 год, № 9—10) зазначалася:

  Расьце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцьця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песьнях народных песьняроў грымне, што „Жыве Беларусь!“  

У мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь» — выраз вышылі золатам на беларускіх нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягох, пашытых паводле эскізу Клаўдзія Дуж-Душэўскага і разасланых у беларускія арганізацыі ўвесну 1917 году[11]. Лёзунг «Няхай жыве вольная Беларусь!» заняў цэнтральнае месца над прэзыдыюмам Усебеларускага зьезду 1917 году[11]. Яго шырока выкарыстоўвалі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у Беларускай ССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[12][1][13]. Сярод іншага, у студзені 1918 году дэвіз «няхай жыве на вякі [вольная Беларусь]» зьявіўся ў звароце да беларускай моладзі генэрала Канстанціна Аляксееўскага[14], надрукаваным у часопісе «Чырвоны шлях» (Петраград) — першым беларускім савецкім выданьні. У рэзалюцыі зьезду Случчыны ад 14 лістапада 1920 году зазначалася:

  Хай жыве вольная, незалежная Народная Беларуская Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах![15]  
 
«Пагоня» Я. Драздовіча, 1927 г.

У пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — выраз упершыню загучаў як палітычны нацыянальны заклік у 1918 годзе (выступ у Кіеўскім унівэрсытэце Антона Баліцкага, якому гэта ставіў у віну Сямён Вальфсон[16]). У 1920-я гады покліч «Жыве Беларусь!» ужываўся на сходах беларускіх студэнтаў у Празе, пазьней — на грамадзкіх сходах у Парыжы, Вільні[17]. У 1925 годзе працоўныя Берасьця на мескім мітынгу скандавалі «Няхай жыве аб'яднаная Савецкая Беларусь!»[18]. Надпіс «Жыве вольная Беларусь» (лац. Vivat Albarussia Liberta) зьмясьціў на сваё карціне «Пагоня» (1927 год) беларускі мастак Язэп Драздовіч[3]. Паводле сьведчаньня жыхара вёскі Пагораў, надрукаванага ўвосень 1939 году ў газэце «Звязда», улады міжваеннай Польскай Рэспублікі склалі пратакол і арыштавалі жыхароў вёскі за покліч «Няхай жыве Беларусь і народная школа!» на сходзе, дзе тыя патрабавалі беларускай мовы навучаньня ў мясцовай школе[19].

 
З вокладкі часопіса БССР, 1938 г.

У Другую сусьветную вайну выраз «Жыве Беларусь!» ужываўся беларусамі незалежна ад палітычных поглядаў. У 5-м разьдзеле статуту Саюзу беларускай моладзі рэглямэнтавалася: «прывiтаньнем і разьвiтаньнем зьяўляецца падняцьце правае рукi iз словамi „Жыве Беларусь!“ — „Жыве“»[20]. У ліпені 1943 году СБМ атрымаў свой друкаваны орган — штомесячнік «Жыве Беларусь!»[21]. У верасьні 1944 году пры бэрлінскай арганізацыі «Вінэта» ўтварылася гастрольная тэатральная трупа пад назвай «Жыве Беларусь»[22]. Зь іншага боку покліч «Жыве Беларусь!» ужывалі савецкія партызаны. У фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю захоўваюцца ўлёткі з тэкстам «Партызанскага маршу»[2][b] (аўтар тэксту[c] — Пімен Панчанка[24]):

 
Назоў у газэце «Совецкая Беларусь», 1942 г.


 

 «На прускага ката
За вёску і хату!» —
Кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
— Жыве Беларусь!
Жыве![25][26]

 
 
Савецкая ўлётка часоў Другой сусьветнай вайны з «Жыве Беларусь», 9 ліпеня 1943 г.

Тым часам яшчэ ў лістападзе 1942 году ў Маскве адкрылася экспазыцыя пад назвай «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай»[27]. Яна працавала да жніўня 1944 году, пакуль не пераехала ў заняты Чырвонай Арміяй Менск[28]. Покліч «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца!» неаднаразова выкарыстоўвала газэта «Савецкая Беларусь»[29][30].

 
Беларуская эміграцыйная паштоўка, 1940-я гг.

Па вайне выраз «Жыве Беларусь!» стаў прыкметным, неад’емным элемэнтам палітычнага і духоўнага жыцьця Беларускай эміграцыі. Пад такой назвай выходзілі часопісы, а пазьней так зваўся пэрыёдык Беларускага вызвольнага руху (1957—1962, Ангельшчына — ЗША), бюлетэнь БЦР (1976—1986, Нямеччына — ЗША). Пашырэньню выразу «Жыве Беларусь!» у Заходняй Эўропе спрыяла дзейнасьць тэатральнай беларускай трупы такой жа назвы. У 1944—1948 гадох гэтая трупа зладзіла ў Нямеччыне сотні выступаў, як для беларусаў, так і для іншых гледачоў. Покліч «Жыве Беларусь!» стаў стандартавым для беларускіх скаўтаў пры абавязковым характары афіцыйнага скаўцкага поклічу «Напагатове!». Арганізацыі моладзі, студэнцкія і грамадзкія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плякатаў, паштовак з надпісамі «Жыве Беларусь». Арганізацыя беларуска-амэрыканскай моладзі аздобіла летнія саколкі надпісам «Жыве Беларусь»[17].

 
Плякат дзяржаўнага выдавецтва БССР, 1947 г.

У паваеннай Беларусі дэвіз «Жыве Беларусь!»[2] працягваў афіцыйна ўжывацца ў саветызаванай форме «Няхай жыве Савецкая Беларусь!»[31], што засьведчылі плякаты дзяржаўнага выдавецтва БССР (1947 год)[32], мастакоў Мікалая Гуціева (1948 год)[33], Яфіма Тараса (1949 год)[34], Пятра Калініна (1958 год)[35], Уладзімера Васюка (1988 год, з азначэньнем «працоўная» замест «Савецкая»)[36] і Івана Ўладычыка (1989 год)[37]. Пра неафіцыйнае ўжываньне пачатковага выразу «Жыве Беларусь!» сьведчыць аднайменны верш, напісаны ў 1976 годзе змагаром з савецкай фальсыфікацыяй гісторыі Вялікага Княства Літоўскага гісторыкам і публіцыстам Міколам Ермаловічам[38].

З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў СССР аднаўленьне і грамадзкую легітымнасьць уласна выразу «Жыве Беларусь!» абумовіла разьвіцьцё руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і іншых грамадзкіх арганізацыяў[1]. З 1980-х гадоў лёзунг «Жыве Беларусь» актыўна загучаў у адраджэнскіх колах і на мітынгах у падтрымку незалежнасьці Беларусі[39].

Рэспубліка Беларусь рэдагаваць

Сотні тысячаў пратэстоўцаў гукаюць «Жыве Беларусь!» у час акцыі пратэсту ў Менску, 2020 г.

Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі ў 1990 годзе заклік «Жыве Беларусь!» загучаў у афіцыйных выступах, на ўрачыстых імпрэзах і зборах, у залі парлямэнту незалежнай Беларусі[40]. Тады ж зьявілася песьня «Жыве Беларусь!» (музыка — Васіль Раінчык, словы — Леанід Пранчак), якая прэтэндавала на статус дзяржаўнага гімну Беларусі[41]. У 1993 годзе пад назвай «Янка Купала. Жыве Беларусь» у дзяржаўным выдавецтве Мастацкая літаратура выйшаў зборнік твораў народнага песьняра, прысьвечаных Беларусі і яе гісторыі, куды ўвайшлі ў тым ліку прыхаваныя савецкімі ўладамі вершы і публіцыстычныя артыкулы[42]. У 1994 годзе «Жыве Беларусь» на афіцыйным канцэрце да Дня Незалежнасьці Беларусі гукалі беларускія музыкі, сярод якіх былі Аляксандар Саладуха і Іна Афанасьева. Гэты канцэрт трансьлявала Беларускае тэлебачаньне[39]. У 1995 годзе Народныя паэты Беларусі Пімен Панчанка і Максім Танк, акадэмік і віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзім Гарэцкі і іншыя беларускія творчыя і навуковыя дзеячы выступілі з прапановай прыняць у якасьці дзяржаўнага гімну Беларусі верш Алеся Ставера «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву», дзе апяваюцца герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг (сьцяг Айчыны) і сьцьвярджаецца нацыянальны дэвіз: «Дружней, беларусы! Гучней, беларусы! Гукайма: Жыве Беларусь!»[43].

Па ўсталяваньні аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і аднаўленьні палітыкі русіфікацыі Беларусі (1995 год) выраз у сваёй пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — практычна зьнік з афіцыйнага ўжытку, аднак працягваў шырока выкарыстоўвацца ў асяродзьдзі дэмакратычнай апазыцыі. Заклік «Жыве Беларусь! Жыве вечна!» пашыраў легендарны герой беларускага руху Мірон, які рэгулярна ўздымаў нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг у цяжкадаступных (высокіх і небясьпечных) месцах[44]. У 2006 годзе супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі пры затрыманьнях і арыштах яго апанэтаў пачалі[39] запісваць у пратаколы, што тыя «выкрыквалі антыдзяржаўны лёзунг „Жыве Беларусь!“»[6]. У 2012 годзе на 62-м Канскім кінафэстывалі адбылася прэм’ера фільму «Жыве Беларусь», у якім апавядалася пра рэаліі палітычнага рэжыму Лукашэнкі.

Разам з тым пад дэвізам «Жыве Беларусь!» у 1990—2020 гадох выходзіла «Народная газета»[45] (гэты дэвіз зьявіўся намаганьнямі яе першага галоўнага рэдактара Ёсіфа Сярэдзіча[46]) — афіцыйнае друкаванае выданьне парлямэнту Беларусі, а з 1996 году — створанага Лукашэнкам Нацыянальнага сходу. У 2002 годзе ўлады зацьвердзілі афіцыйны гімн з радком у прыпеве «Вечна жыві і квітней, Беларусь!», што ёсьць мадыфікаваным паводле структуры заклікам «Жыве Беларусь!» або «Няхай жыве Беларусь!»[2]. У 2007 годзе сьпявачка Анжаліка Агурбаш у час «Славянскага базару» ў Віцебску гукнула з сцэны «Жыве Беларусь» з пазьнейшым тлумачэньнем: «Упершыню чую, што гэта апазыцыйны лёзунг. <...> І наогул не разумею, што крымінальнага вы бачыце ў гэтай фразе? Або публіка бачыць? Я асабіста — не»[39]. Тады ж газэта «Советская Белоруссия» зазначыла, што выраз «Жыве Беларусь!» паводле сэнсу цалкам адпавядае тагачасным афіцыйным лёзунгам «За Беларусь!» і «Квітней, Беларусь!»[12].

У 2010-я гады адзначалася, што лёзунг «Жыве Беларусь!» пашырыўся сярод беларусаў розных палітычных поглядаў і зноў стаў бесьперашкодна публічна выкарыстоўвацца ў Беларусі[6][47]. Разам з тым у 2019 годзе ў мас-мэдыях асьвятлялася неадназначная сытуацыя з размоўнікам на этыкетцы першага ў сьвеце валошкавага марозіва, дзе была фраза лацінкай «Жыве Беларусь!» з зацемкай «каб атрымаць павагу» (па-ангельску: To earn respect)[48]. У продаж марозіва з гэтай фразай на пакунку паступіла 13 траўня, аднак ужо 17 траўня яно зьнікла з шмат якіх крамаў. Зьявілася інфармацыя, што прычынай сталі скаргі з структураў рэжыму Лукашэнкі на фразу «Жыве Беларусь!», тым часам паводле вытворцы, скаргаў на надпісы не паступала, а марозіва зьнікла празь нечакана высокі попыт[49]. Неўзабаве вытворца анансаваў зьмяненьне ўсіх фразаў у размоўніку на этыкетцы (у тым ліку «Жыве Беларусь!»[50]), што патлумачылі наяўнасьцю пачатковай задумы выкарыстаць агулам 30 розных надпісаў паводле колькасьці дзён бязьвізавага знаходжаньня замежнікаў у Беларусі ў час Эўрапейскіх гульняў[51].

У 2020 годзе заклік «Жыве Беларусь!» стаў адным з сымбаляў пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня[4]. Аднак яшчэ 20 жніўня 2020 году на праўладным мітынгу ў Стоўпцах мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Мамайка (былы начальнік раённай міліцыі) завяршыў свой выступ заклікам: «Падтрымаем уладу. Жыве Беларусь!». Тым часам у пратаколах і сьледчых пастановах рэжыму Лукашэнкі «Жыве Беларусь!» зноў сталі азначаць як «антыдзяржаўны лёзунг»[52]. Апроч таго, сьцьвярджалася пра «цынічны зьмест», «абразьлівы сэнс» і «зьнявагу маральных каштоўнасьцяў»[3]. Гэтыя азначэньні цалкам зьняпраўдзіла экспэртыза, праведзеная ў кастрычніку 2020 году супрацоўнікамі Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Паводле высноваў лігвістаў, гэты выраз адлюстроўвае сутнасьць унутранай і замежнай палітыкі Беларусі, скіраванай на забесьпячэньне росквіту краіны і росту дабрабыту яе грамадзянаў[2]. Тым часам ужо ў лістападзе 2020 году зьвязаны з рэжымам Лукашэнкі гісторык-прапагандыст Ігар Марзалюк спрабаваў публічна дыскрэдытаваць покліч «Жыве Беларусь!», даводзячы, што гэта калька на нямецкае нацыянал-сацыялістычнае «Зыг Гайль!», і дэманструючы забароненае нацысцкае прывітаньне ў жывым этэры (пры гэтым сьцьвярджаючы, што да вайны ўжываліся толькі «Няхай жыве вольная Беларусь» ды «Няхай жыве Савецкая Беларусь»)[53]. Тым часам захаваўся відэазапіс, на якім Лукашэнка ў верасьні 1995 году сустрэў воплескамі покліч «Жыве Беларусь!» Рыгора Барадуліна, якім Народны паэт Беларусі завяршыў чытаньне вершаў на сцэне Купалаўскага тэатру[54][39].

Покліч «Жыве!» — у тым ліку як частка нацыянальнага дэвізу «Жыве Беларусь!» — стаў беларускім словам 2020 году паводле вынікаў галасаваньня, якое зладзіла Радыё Свабода[3]. У студзені 2021 году дацэнт канстытуцыйнага права Іван Пляхімовіч, аўтар двухтомнага «Камэнтару да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», выступіў з прапановай — замацаваць нацыянальны дэвіз «Жыве Беларусь!» у Канстытуцыі як дзяржаўны сымбаль. Гэта мае спрыяць разьвіцьцю і адзінству беларускай нацыі, умацаваньню яе духу, паказваць адметнасьць беларусаў[4].

Падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 25 сакавіка 2022 году ў Дзень Волі беларускія добраахвотнікі батальёну імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу, тэкст якой заканчваўся словамі «Жыве Беларусь!»[55].

Фразэалёгія рэдагаваць

Выраз «Жыве Беларусь!» належыць да ліку выклічнікавых фразэалягізмаў. Ён ужываецца ў розных сытуацыях, у тым ліку як прывітальны покліч пры сустрэчы зь сябрам, або як разьвітальны. Як заклік патрыятычнага ўздыму ўжываецца ў час вулічных дэманстрацыяў і іншых акцыяў. Таксама гэта адначасна дэвіз і лёзунг[40].

«Жыве Беларусь!» вымаўляецца зь лягічным націскам на першым кампанэнце, часам з узьняцьцем рукі. Калі выраз выкарыстоўваецца ў якасьці прывітальнага воклічу, то суразмоўца адказвае паўторам толькі першага слова: «Жыве Беларусь! — Жыве!» (што асацыюецца з паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага)[40]. Такі адказ на вокліч гучыць, напрыклад, у апавяданьні Васіля Быкава «На Чорных лядах»[56]. Таксама сустракаецца адказ «Жыве вечна!»[57], які відаць, узыходзіць да артыкула генэрала Аляксееўскага[14].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ польск. «Ja jedno tylko śpiewam, choć na różną nutę: Niech żyje nasza Litwa! niech żyją Litwini!»[7]
  2. ^ Гэты ж тэкст «Партызанскага маршу» 27 верасьня 1942 году апублікавалі ў газэце «За свабодную Беларусь»[23]
  3. ^ Аснова тэксту — пераклад на беларускую мову верша Аляксея Суркова(ru)

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д Каўка А. Жыве Беларусь! // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 377.
  2. ^ а б в г д Ученые из НАН Беларуси объяснили, почему «Жыве Беларусь» и БЧБ — не «циничные и оскорбительные», TUT.BY, 11.11.2020 г.
  3. ^ а б в г д Беларускае слова 2020 году — «Жыве!», Радыё Свабода, 11 сьнежня 2020 г.
  4. ^ а б в Дацэнт канстытуцыйнага права: Варта дадаць у Канстытуцыю яшчэ адзін дзяржаўны сімвал — дэвіз «Жыве Беларусь!», Наша Ніва, 13 студзеня 2021 г.
  5. ^ Уладзімер Арлоў: Адбылося дафармаваньне беларускай нацыі і народны рэфэрэндум аб вяртаньні нацыянальнай сымболікі, Радыё Свабода, 26 жніўня 2020 г.
  6. ^ а б в Калінкіна С. Жыве Беларусь! // Народная Воля. № 40, 27.05.2014. С. 1.
  7. ^ Poezye Ludwika Kondratowicza (Władysława Syrokomli). T. 7. — Warszawa, 1872. S. 186.
  8. ^ Цвірка К. Лірнік беларускай зямлі // Уладзіслаў Сыракомля. Выбраныя творы. — Менск: «Кнігазбор», 2006. С. 4.
  9. ^ Гэта крык, што жыве Беларусь
  10. ^ Алесь Кіркевіч. На аўкцыёне прадаецца фота прамоўтэра лёзунгу «Жыве Беларусь!» // Газэта «Новы час», 9 траўня 2018 г. Архіўная копія ад 9 траўня 2018 г. Праверана 25 лютага 2021 г.
  11. ^ а б Латышонак А. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі // Жаўнеры БНР. — Беласток — Вільня, 2009.
  12. ^ а б Корбут В. Жыве Беларусь! // Советская Белоруссия. № 126 (22781), 11.07.2007 г.
  13. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 28, 30.
  14. ^ а б Алексеевский К. Воспоминание о Всебелорусском съезде в г. Минске // Чырвоны шлях. № 1—2, 19.07.1918. С. 10.
  15. ^ Беларуская Цэнтральная Рада. За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — Лёндан: 1960.
  16. ^ Вальфсон С. «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі. — Менск, 1931. С. 45.
  17. ^ а б Кіпель В. Жыве Беларусь! // Наша Ніва. № 8 (270), 22.02.2002. С. 14.
  18. ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 20.
  19. ^ Як за вокліч «Няхай жыве Беларусь!» арыштоўвалі пры Польшчы ў Заходняй Беларусі, Наша Ніва, 24 чэрвеня 2021 г.
  20. ^ Туронак Ю. Людзі СБМ. — Менск: 2006. — С. 175.
  21. ^ Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Менск: 1993. — С. 135.
  22. ^ Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Менск: 1993. — С. 193.
  23. ^ За свабодную Беларусь. № 158, 27.09.1942 г.
  24. ^ Панчанка П. Выбраныя пераклады. // Збор твораў. У чатырох тамах. Том 1. Вершы i паэмы (1934 — 1945 гг.). Выбраныя пераклады. / Р. Барадулін. — Менск: Мастацкая літаратура, 1981. — Т. 1. — С. 332. — 366 с. — 17 000 ас.
  25. ^ Скобла М. Сяржук Доўгушаў: Песьня гучыць, і яе не спыніць, яна — як сьцяг, Радыё Свабода, 13 ліпеня 2016 г.
  26. ^ «Партызанскі марш» часоў Другой сусьветнай вайны з збораў Віцебскага абласнога краязнаўчага музэя
  27. ^ Беларусь жыве, Беларусь змагаецца: Выстаўка ў Дзяржаўным гістарычным музеі // Совецкая Беларусь. № 94, 28 кастрычніка 1942. С. 4.
  28. ^ Полымя. № 12, 2013. С. 105.
  29. ^ Совецкая Беларусь. № 32, 27 сакавіка 1942. С. 2.
  30. ^ Совецкая Беларусь. № 45, 21 красавіка 1943. С. 2.
  31. ^ Мартинович Д. «Жыве Беларусь!» Как появился знаменитый лозунг и кто его использовал, TUT.BY, 11.11.2020 г.
  32. ^ Няхай жыве наша родная Совецкая Беларусь!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  33. ^ Няхай жыве Совецкая Беларусь у брацкай сям'і народаў СССР!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  34. ^ Няхай жыве Совецкая Беларусь! Разам з народамi ўсёй Совецкай краіны ўперад да ззяючых вяршынь комунізма!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  35. ^ Няхай жыве Савецкая Беларусь!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  36. ^ Няхай жыве вольная працоўная Беларусь!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  37. ^ Няхай жыве свабодная савецкая Беларусь!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  38. ^ Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча. Успаміны, творы, фотаматэрыялы. — Менск, 2007. С. 263—264.
  39. ^ а б в г д Гурневіч Д. Як «Жыве Беларусь» бараніла «Советская Белоруссия» і крычаў дэпутат на мітынгу за Лукашэнку, Радыё Свабода, 23 чэрвеня 2021 г.
  40. ^ а б в Лемешев И. «Жыве Беларусь!» // Секретные исследования. № 19, 2013 г.
  41. ^ Якая песня павінна быць гімнам Беларусі? (аўдыё), Беларускі партызан, 19.09.2011 г.
  42. ^ Ася Паплаўская — пра любімыя кнігі Янкі Купалы, Радыё Свабода, 7 ліпеня 2012 г.
  43. ^ З нашай пошты, Радыё Свабода, 1995—2000 гг.
  44. ^ Мірон адзначае Дзень герба і бел-чырвона-белага сьцяга, Радыё Свабода, 19 верасьня 2012 г.
  45. ^ «Народная газета» змяніла дэвіз «Жыве Беларусь!» на іншы, Наша Ніва, 5 сьнежня 2020 г.
  46. ^ Класкоўскі А. Як легалізоўвалі "Жыве Беларусь!"(недаступная спасылка), Наша Ніва, 14 ліпеня 2007 г.
  47. ^ Трефилов С. Лозунг «Жыве Беларусь!» с нами со времен Калиновского(недаступная спасылка), Комсомольская правда, 15.12.2017 г.
  48. ^ Беларусы вырабілі першае ў свеце валошкавае марозіва з жытам і льном  (бел.) // Symbal.by. — 2019.
  49. ^ Васильковое мороженое исчезло из продажи, говорят, из-за «Жыве Беларусь» на упаковке. Что произошло?  (рас.) // TUT.BY. — 17 мая 2019.
  50. ^ З марозіва з васількамі знік лозунг «Жыве Беларусь!»  (бел.) // Будзьма беларусамі!. — 06.06.2019.
  51. ^ Валошкавае марозіва страціла надпіс «Жыве Беларусь», Радыё Свабода, 6 чэрвеня 2019 г.
  52. ^ «Ён трымаў выбітыя амапаўцам зубы ў руках і прасіў дапамогі…». Радыё «Свабода» (24 сьнежня 2010). Праверана 28 сьнежня 2010 г.
  53. ^ Марзалюк сказаў, што «Жыве Беларусь» — гэта калька «Зіг хайль». І зігануў у эфіры ФОТА // Наша Ніва. — 10.11.2020 г..
  54. ^ Лукашенко аплодировал фразе «Жыве Беларусь!» Рассказываем об этой истории, TUT.BY, 25.03.2021 г.
  55. ^ Батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, Радыё Свабода, 26 сакавіка 2022 г.
  56. ^ Уткіна Н. Адкуль з’явіўся вокліч «Жыве Беларусь!», Рэгіянальная газета, 19.10.2020 г.
  57. ^ «Кожныя 2-3 хвіліны мне крычалі „Жыве Беларусь!“» — бягун са сьцягам на Менскім паўмаратоне, Радыё Свабода, 10 верасьня 2017 г.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць