Баляда
Баля́да — драматычна напружаны, сюжэтны ліра-эпічны верш казачна-фантастычнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зьместу.
Віды балядаў
рэдагаваць- Народныя — больш раньнія па часе ўзьнікненьня. У аснове іх — незвычайныя, нярэдка трагічныя падзеі ў асабістым ці сямейным жыцьці чалавека, гераічныя моманты ў жыцьці грамадзтва, пэўнага сацыяльнага асяродзьдзя. У беларускай фальклярыстыцы вылучаюцца наступныя жанравыя разнавіднасьці баляды: зь міталягічнымі матывамі; казачныя і легендарныя; баляды, якія зьмяшчаюць загадкі; гульнёва-карагодныя; навэлістычныя.
- Літаратурныя — узьніклі на аснове народных яшчэ ў Сярэднявеччы. Асаблівае пашырэньне набыла героіка-фантастычная баляда ў паэзіі сэнтымэнталістаў і рамантыкаў (Робэрт Бэрнз, Сэм′юэл Тэйлар Колрыдж — у Шатляндыі і Англіі, Гётэ, Шылер, Гайнрых Гайнэ — у Нямеччыне, Віктор Юго — у Францыі, В. Жукоўскі, А. Пушкін, М. Лермантаў — у Расеі і інш.). На матэрыяле беларускага фальклёру цыкл балядаў напісаў польскі паэт, ураджэнец Беларусі А. Міцкевіч — «Сьвіцязянка», «Рыбка», «Пані Твардоўская», «Тры Будрысы» і інш. Ад фальклёру ішлі А. Рыпінскі і Ф. Багушэвіч, якія ў XIX ст. паклалі пачатак беларускай літаратурнай балядзе. У балядах Я. Купалы («Забытая карчма», «Страшны вір»), Я. Коласа («Няшчасная маці», «На адзіноце»), А. Гаруна («Варажба») таксама звычайна выкарыстоўваліся фальклёрныя сюжэты.
Беларускія баляды
рэдагавацьБеларуская баляда ХХ ст. адлюстроўвала рэальнае жыцьцё чалавека, яна стала важным сродкам паказу яго гераічных учынкаў («Астрожнік» П. Труса, «Машыніст» А. Дудара і інш.). Асаблівага росквіту дасягнула баляда падчас Вялікай Айчыннай вайны ў творчасьці А. Куляшова («Баляда аб чатырох заложніках», «Маці», «Камсамольскі білет»). Вядомыя баляды М. Танка («Баляда пра партызана Дубягу», «Антон Нябаба»), А. Вялюгіна («Баляда аб уральскім танку»), Н. Гілевіча («Баляда пра чырвоны касьнічок») і інш. Плённа разьвіваюцца розныя жанравыя разнавіднасьці баляды. Цэлую кніжку своеасаблівых гістарычных балядаў напісаў Я. Сіпакоў («Веча славянскіх балядаў»). А. Лойка надрукаваў кнігу «Баляды вайны і міру», В. Вітка — «Мінскія баляды», Р. Барадулін — вершаваны цыкл «Біблейскія баляды». Асобныя нізкі балядаў публікуе В. Шніп. Існуюць сказавыя баляды («Кастусь Каліноўскі» П. Броўкі), баляды песеннага тыпу («Надзя-Надзейка» П. Броўкі), партрэтныя («Герой» П. Панчанкі), псыхалягічныя («Юнак быў з-пад Слоніма родам» А. Лойкі) і інш.
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4