Анатоль Сьцяпанавіч Вялюгін (27 сьнежня 1923 году, Машканы, Сеньненскі раён, Віцебская вобласьць — 24 кастрычніка 1994 году) — беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзяяч культуры Беларусі (1969).

Анатоль Вялюгін
Анатоль Сьцяпанавіч Вялюгін
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 сьнежня 1923(1923-12-27)[1]
в. Машканы Сеньненскага раёну
Памёр 24 кастрычніка 1994(1994-10-24) (70 гадоў)
Менск
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык
Мова беларуская мова
Прэміі Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1964), Дзяржаўная прэмія БССР (1968)
Узнагароды
Ордэн Айчыннай вайны I ступені
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»

Біяграфічныя зьвесткі

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і фэльчара. У 1939—1940 гадах будучы студэнтам літаратурнага факультэту Менскага пэдагагічнага інстытуту, працаваў у рэдакцыі газэты «Звязда». Зь верасьня 1941 вучыўся ў Сьвярдлоўскім пэдагагічным інстытуце. У 1942 прызваны ў Чырвоную Армію, вучыўся ў Лугінскай авіяшколе, удзельнічаў у баях на Сталінградзкім фронце. У 1943 быў паранены, доўгі час знаходзіўся на лячэньні ў шпіталі. У 1945—1946 г — літсупрацоўнік у газэце «Літаратура і мастацтва». У 1948 г. скончыў завочна Менскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у прэсе, у 1946—1984 гадах зь невялікімі перапынкамі працаваў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Член Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1946.

Творчасьць

рэдагаваць

Друкаваўся з 1934. Першы зборнік вершаў «Салют у Менску» (1947). Актыўна выступаць зь вершамі пачаў з 1938. Лірыка А. Вялюгіна — дасягненьне беларускай паэзіі.[2] Яго творчасьці ўласьцівы яркая мэтафарычнасьць, асацыятыўная вобразнасьць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі А. Вялюгіна шчырае апяваньне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаваньні ваеннага ліхалецьця, разнастайныя грамадзянскія і інтымныя пачуцьці сучасьніка: зборнікі «Негарэльская арка» (1949), «На подступах» (1952), «На зоры займае» (1958), «Насьцеж» (1960), «Адрас любві» (1964, выбранае), «Вершы і баляды» (1969), «Верасовы ўзятак» (1974), «Песьня зялёнага дуба» (1989), «3 белага каменьня — сіняе пламеньне» (1993), патрыятычныя матывы («Прызнаньне ў любові»), пантэістычнае стаўленьне да прыроды («Сьпелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэвалюцыйную тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963).

Аўтар паэтычных зборнікаў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967).

Па яго сцэнарах пастаўлены мастацкі двухсэрыйны тэлефільм «Рэха ў пушчы» (1977), мастацкі фільм «Глядзіце на траву» (1985) і 40 дакумэнтальных фільмаў: «Дарога без прывалу» (1964, з Р. Няхаем), «Балада пра маці» (1965), «Бацька Нёман» (1966), «Арліная крыніца» (1966), «Генэрал Пушча» (1967), «Белая вежа» (з С.Сплашновым, 1968), «Там, за ракой — Дзяржынава» (1968), «Агонь» (1969), «Таямніца Івянецкай пушчы» (1970), «Я — крэпасьць, вяду бой» (1972), «А зязюля кукавала» (1972), «Магілёў — дні і ночы мужнасьці» (1974), «Гарызонты дарог» (1977), «Навальнічная далеч памяці» (1985) і інш.

У перакладзе А. Вялюгіна на беларускую мову асобнымі выданьнямі выйшлі: М. Лермантаў «Каўкаскі палоньнік» і «Баярын Орша» (паэмы, 1950), Ю. Тувім «Падарунак дзецям» (1956, з С. Дзяргаем), Э. Межэлайціс «Паэма братэрства» (з М. Калачынскім, 1958); кнігі для дзяцей П. Варанько «Хлопчык Памагай» (1958), Д. Белавус «Птушыныя галасы» (1960); паэмы М. Нагнібеда «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў паасобныя вершы У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага і інш. Склаў зборнікі «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).

Узнагароды і прэміі

рэдагаваць

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны» і мэдалямі. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за паэму «Вецер з Волгі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1968) за кінасцэнарый «Генэрал Пушча».

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Выбраныя творы. Т. 1- 2. Мн., 1973
  • Выбраныя творы. Т. 1- 2. Мн., 1984
  • Заклён на скрутны вір. Мн., 1984
  1. ^ Велюгин Анатолий Степанович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ М. Скобла (БелЭн. Т. 4. 1997)

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць