Таварыства філяматаў

таемнае студэнцкае таварыства ў Расейскай імпэрыі
(Перанакіравана з «Філяматы»)

Тавары́ства філяма́таў (ад грэцкага «аматары навук») — таемнае патрыятычнае і асьветніцкае аб’яднаньне студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту, якое дзейнічала ў 1817—1823 гадох. За ўвесь час свайго існаваньня ў таварыства ўваходзіла дзевятнаццаць чалавек[1].

Таварыства філяматаў

Т. Зан, І. Дамейка, А. Міцкевіч, А. Э. Адынец, Я. Чачот (1889)
Дата ўтварэньня 1 кастрычніка 1817 (207 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 1823
Тып асьветніцкае
Юрыдычны статус таемнае таварыства
Мэта Паглыбленьне адукацыі
Штаб-кватэра Віленскі ўнівэрсытэт
Месцазнаходжаньне Вільня, Расейская імпэрыя
Сяброўства 21 чалавек (1822)
Старшыня Юзэф Яжоўскі
Сакратар Тамаш Зан
Зьвязаныя кампаніі Зьвяз сяброў, Гурток прамяністых, Таварыства філярэтаў, Таварыства паэтаў
Колькасьць валянтэраў 5 (1819)
Т. Зан, І. Дамейка, А. Міцкевіч, А. Э. Адынец, Я. Чачот (1889)

З кола філяматаў выйшлі буйныя постаці тагачаснай навукі і мастацтва: Ян Чачот — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, Адам Міцкевіч — клясык польскай літаратуры, Ігнат Дамейка — сусьветна вядомы вучоны-геоляг, дасьледнік і нацыянальны герой Чылі, рэктар нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Сант’яга, Юзэф Кавалеўскі — заснавальнік манголазнаўства ў Расеі, рэктар Казанскага ўнівэрсытэту і іншыя[2].

Галоўнай мэтай філяматы лічылі падрыхтоўку моладзі да рознабаковай дзейнасьці на карысьці айчыны. Яна прадугледжвала глыбокае авалодваньне разнастайнымі навуковымі ведамі, замежнымі мовамі і ўласную творчасьць. Кожны філямат павінен быў на працягу году прадставіць 4 творы, 4 рэцэнзіі, 10 навуковых паведамленьняў. Вялікая ўвага надавалася абуджэньню нацыянальнай сьвядомасьці, прапагандзе гуманізму. Галоўная роля ў гэтым адводзілася гуманітарным навукам, найперш — гісторыі. Філяматы трактавалі веды і навуку як найвышэйшыя каштоўнасьці чалавека.

Гісторыя

рэдагаваць

Увосені 1817 году два студэнты Віленскага ўнівэрсытэту, Тамаш Зан і Адам Міцкевіч, вырашалі заснаваць таемнае студэнцкае таварыства, каб аб’яднаць найбольш блізкіх сяброў, якія цікаваліся літаратурай, філязофіяй і іншымі навукамі. Мэтаю згуртаваньня была ўзаемадапамога ў паглыбленьні адукацыі, творчае ўдасканальваньне і грамадзкая праца дзеля «роднага краю» — колішніх земляў Вялікага Княства Літоўскага[3]. Крыху ў жартаўлівай форме сябры напісалі статут арганізацыі, дзе выклалі свае ўяўленьні пра характар таварыства. Гэты дакумэнт яны далі на агляд свайму сябру Юзэфу Яжоўскаму, дасьведчанаму ў філязофскіх і філялягічных навуках студэнту. Ён надаў статуту больш сур’ёзнасьці і пагадзіўся ўзначаліць арганізацыю[3].

1 кастрычніка 1817 году адбылося першае пасяджэньне студэнцкага згуртаваньня, на якім сабраліся шэсьць студэнтаў: Юзэф Яжоўскі (старшыня або прэзыдэнт Таварыства), Эразм Палюшынскі (намесьнік старшыні або віцэ-прэзыдэнт і скарбнік) і Тамаш Зан (сакратар). Чальцамі згуртаваньня сталі Адам Міцкевіч, Ануфры Петрашкевіч і Бруна Сухецкі[3]. Свайму згуртаваньню студэнты далі адмысловую назву — «Таварыства філяматаў», паводле існаванага ва ўнівэрсытэце каля дзесяці год таму Навуковага, а пасьля — Філяматычнага таварыства, актыўным удзельнікам якога быў славуты прафэсар і гісторык Іяхім Лялевель[3].

Уступ у Таварыства быў рэглямэнтаваны адмысловым парадкам: малады чалавек павінен быў адказаць пісьмова на шэраг пытаньняў і падаць падрабязную аўтабіяграфію. Абавязковай была рэкамэндацыя аднаго з чальцоў згуртаваньня. Новы чалец даваў клятву, што будзе выконваць усе абавязкі, ускладзеныя на яго статутам. Дзеля большае надзейнасьці навічкі залічваліся на колькі месяцаў у чальцы-карэспандэнты, якія пакуль што не маглі выбірацца на адмысловыя пасады, аднак права прымаць чынны ўдзел у навуковых пасяджэньнях спраўджвалася ў поўнай меры[3].

4 лістапада 1817 году ў згуртаваньне прынятыя Францішак Малеўскі і Зыгмунт Навіцкі, якіх рэкамэндаваў Адам Міцкевіч. Праз тры дні ўступае Юзэф Кавалеўскі. 16 красавіка 1818 году паводле выдатнай рэкамэндацыі Адама Міцкевіча ў Таварыства залічаецца Ян Чачот і сёлета ж — Тэадор Лазінскі. У 1819 годзе згуртаваньне папоўнілі Дзіянісі Хлявінскі, Дамінік Ходзька, Казімер Пясецкі, Ігнат Дамейка, Ян Сабалеўскі і Міхал Рукевіч. У 1820 годзе ў Таварыства прыйшоў Вінцэнт Будрэвіч, а вясной 1822 году — Станіслаў Казакевіч. У 1821 годзе з Таварыства былі выключаныя Бруна Сухецкі, Эразм Палюшынскі і Зыгмунт Навіцкі[3].

Пры ўдзеле Яна Чачота і Тамаша Зана таварыства было пераўтворанае і названае Таварыствам філяматаў; быў прыняты новы статут. Першапачатковымі мэтамі былі самаадукацыя і самаўдасканальваньне чальцоў, зьвязаных сяброўствам. Структура арыентавалася на навуковыя і літаратурныя таварыствы. Арганізацыя складалася з двух аддзяленьняў — літаратуры і маральных навук з Ф. Малеўскім, затым А. Міцкевічам на чале (1818—1819), і фізыка-матэматычнага і мэдыцыны пад кіраўніцтвам А. Петрашкевіча. Дзейнасьць складалася ў чытаньні і крытычных разборах сваіх твораў, дыскусіях аб прачытаных кнігах і г. д.

Пад уплывам прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту Іяхіма Лялевеля з 1818 году ў праграме таварыства зьявіліся грамадзкія мэты, а ў 1819 годзе праграма набыла выразную палітычную і патрыятычную афарбоўку. У розны час у чальцы таварыства былі прынятыя Дамінік Цэзары Ходзька, Казімір Пясецкі, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч, Ян Сабалеўскі (1819), Вінцэнт Будрэвіч (1820), Станіслаў Казакевіч (1822). Найстарэйшым зь філяматаў быў Яжоўскі, які нарадзіўся каля 1795 году, самым малодшым — Дамейка (1802 году нараджэньня).

Таварыства філяматаў заставалася таемным і з абмежаваным лікам чальцоў — 21 чалавек або 19, без З. Навіцкага, які па сканчэньні ўнівэрсытэту служыў настаўнікам у Беластоку і чальцом таварыства не лічыўся, а таксама без Б. Сухецкага і Э. Палюшынскага, выключаных за бязьдзейнасьць. Аднак яно ахапіла сваім уплывам віленскае студэнцтва і гімназічнае асяродзьдзе галоўным чынам праз свае даччыныя арганізацыі, філіялы — легальныя і таемныя кружкі і таварыствы: Зьвяз сяброў (1819), ператвораны ў 1822 годзе ў Зьвяз філядэльфістаў (38 чальцоў); Гурток прамяністых (1820), афіцыйна названым Таварыствам сяброў карыснай пацехі (168 чальцоў); таварыства філярэтаў (1820; 176 чальцоў), Таварыства паэтаў (1823; 17 чальцоў).

 
Мэмарыяльная табліца на будынку базыльянскага кляштара Сьв. Троіцы

Філяматы ўсталявалі кантакты са старэйшым пакаленьнем змоўшчыкаў зь ліку дзейнічаючых у Летуве масонаў, зь нелегальнымі арганізацыямі ў Каралеўстве Польскім і зь дзекабрыстамі.

Працэс філяматаў

рэдагаваць

У 1823 годзе найслыньнейшыя філяматы і філярэты былі арыштаваныя і знаходзіліся ў зьняволеньні ў былых віленскіх кляштарах, пакуль цягнулася шматмесячнае сьледзтва, распачатае Мікалаем Навасільцавым. Частка філяматаў утрымоўвалася ў зьняволеньні ў былым кляштары місіянэраў, частка — у былым базыльянскім кляштары Сьвятой Троіцы (цяпер на будынку маецца мэмарыяльная табліца на летувіскай і польскай мовах, якая абвяшчае, што тут з 23 кастрычніка 1823 году па 21 красавіка 1824 году быў заключаны Адам Міцкевіч разам зь іншымі філяматамі і разгортваецца дзеяньне трэцяй часткі «Дзядоў»).

Суду было аддана 108 удзельнікаў студэнцкіх арганізацыяў (найбуйнейшы студэнцкі палітычны працэс у Эўропе таго часу). Дваццаць зь іх увосень 1824 году былі альбо прысуджаныя да турэмных тэрмінаў з наступнай высылкай (Тамаш Зан, Адам Сузін, Ян Чачот), альбо высланыя ў глыб Расеі (Адам Міцкевіч, Восіп Кавалеўскі).

Нацыянальнасьць

рэдагаваць

Як адзначае Леў Цьвяткоў, паводле нацыянальнасьці філяматы — гэта беларусы з пэўным ухілам у бок Рэчы Паспалітае і польскае культуры. «Белую Русь», якую таксама завуць Літвою, філяматы ўяўлялі сабе абавязкова ў фэдэрацыйнай сувязі з Польшчаю[4].

Тое ж тычыцца і даччынага Таварыства філярэтаў, якое складала моладзь 17—25 гадоў, што былі выхадцамі зь земляў колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Са 135 чалавек, дапытаных камісіяй Мікалая Навасільцава, зь Беларусі (Віленская, Гарадзенская, Магілёўская, Менская губэрні і Беластоцкая вобласць) было 113 чалавек. З Каралеўства Польскага — усяго 6, з Украіны, пераважна з Валыні — 16[3].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Цьвірка К. Песня з Наваградчыны // Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 9. — 327 с. — ISBN 5-340-00171-7
  2. ^ Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 94. — 254 с.
  3. ^ а б в г д е ё Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 8—13. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  4. ^ Цьвяткоў, Л. Таварыства філёматаў (Некаторыя цікавыя рысы аб’яднаньня маладых пісьменьнікаў у Вільні, больш чымся за сталецьце перад нашаю эпохаю) // Маладняк. — 1927. — № 1. — С. 62

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Таварыства філяматаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў