Рэформа беларускага правапісу 1933 году

Рэфо́рма белару́скага пра́вапісу 1933 го́ду — штучнае, ненатуральнае і прымусовае[1] набліжэньне беларускай моўнай нормы да расейскай паводле праекту Палітычнай камісіі ЦК КП(б)Б, праведзенае пастановай Саўнаркаму БССР[a] ва ўмовах жорсткага тэрору савецкіх уладаў без грамадзкага і навуковага абмеркаваньня. Разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ўжытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[2].

Галоўным наступствам палітычнай рэформы стала зьяўленьне двух правапісаў (нормаў) беларускай мовы, адзін зь якіх — наркамаўка — пачаў афіцыйна выкарыстоўвацца ў Савецкім Саюзе[b], а другі — традыцыйны клясычны правапіс — працягваў ужывацца беларусамі па-за межамі СССР.

Палітычны праект рэформы беларускага правапісу рэдагаваць

Нягледзячы на заўважны русіфікацыйны ўхіл акадэмічнага праекту 1933 году, ён не задаволіў кіраўніцтва СССР праз занадтую памяркоўнасьць у справе набліжэньня беларускай мовы да расейскай[3]. Да таго ж, новы этап змаганьня зь беларускім нацыяналізмам задаў артыкул «Под фальшиво-национальным флагом», надрукаваны 3 лютага 1933 году ў маскоўскай газэце «Правда». Спэцыяльны карэспандэнт выданьня А. Давідзюк паведаміў зь Менску[4]:

  Размова ідзе аб актывізацыі буржуазных нацыяналістаў у Беларусі, аб палітычнай існасьці іх выступаў, якія адлюстроўваюць супраціў мерапрыемствам пралетарскай дзяржавы з боку кулацтва, якое гіне.  

Адразу па гэтай публікацыі Акадэмічны праект пасьпешліва разгледзелі і абмеркавалі ў Наркамаце асьветы пад кіраўніцтвам новапрызначанага (замест рэпрэсаванага) народнага камісара, Аляксандра Чарнушэвіча, Пэдагагічным інстытуце, розных савецкіх і партыйных арганізацыях. У выніку чаго да дакумэнту дадалі выразна русіфікацыйныя прапановы, што мела сьведчыць пра ляяльнасьць, «правільную ідэалягічную арыентацыю» і стваральнікаў, і абмеркавальнікаў Праекту. Але нягледзячы на гэта, дакумэнт цалкам перапрацавалі[5].

5 траўня ЦК КП(б)Б стварыла адмысловую «Палітычную камісію для перагляду руска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы»[6]. Паказальна, што ў склад камісіі не ўвайшоў ніводны лінгвіст, а ейнымі сябрамі сталі пераважна палітыкі[7].

Ужо да 21 ліпеня выйшла пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, якая сьведчыла пра сканчэньне працы над праектам рэформы: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы проэктаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)»[8]. 26 жніўня дакумэнт сваёй пастановай зацьвердзіў Саўнаркам БССР, а 27 жніўня — беларускі ЦК. Такім чынам, прыняцьце праекту адбылося ў загадным парадку без папярэдняй публікацыі і грамадзкага абмеркаваньня[9].

Пастанова мела назву — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», аднак у сапраўднасьці артаграфічныя зьмены не прынесьлі спрашчэньня. Некаторыя з уведзеных рэформаю правілаў прапаноўвалася зьмяніць ужо ў наступных правапісных праектах (1939 і 1951 гады), і гэта зрабілі практычна адразу ж у выніку зьмены палітычнага рэжыму — па «разьвянчаньні культу асобы» (1956 год)[10].

Дакумэнт пераняў усе прапановы Акадэмічнага праекту 1933 году, якія прадугледжвалі збліжэньне з расейскаю моваю. Пры гэтым тэхнічная падрыхтоўка адпаведнай часткі дакумэнту значна лепшая за наваствораныя разьдзелы, у якіх сустракаюцца шматлікія супярэчнасьці, фактычныя й мэтадалягічныя памылкі ды недагляды[11].

Існасьць зьменаў рэдагаваць

Збор складаўся з 84 правілаў граматыкі. Асноўныя адрозьненьні парэформавага правапісу (наркамаўкі) ад дарэформавага (тарашкевіцы):

Зьмены ў беларускім правапісе
(па пераглядзе праекту 1933 году адмысловай Палітычнай камісіяй)
Акадэмічны праект 1930 году Акадэмічны праект 1933 году
(да перагляду Палітычнай камісіяй)
Зьмены ў перадачы пазычаньняў
1. Перадача складоў [л’а], [л’о], [л’у]) празь цьвёрдае «л». (напрыклад: маналог замест маналёг)   Захоўваліся існыя правілы.   Аўтары праекту характаразуюць гэтыя прапановы, як «вялікадзяржаўніцкія», «уласьцівыя расейскаму вымаўленьню»[12].
2. Зьмякчэньне зычных [з], [с], [б], [п], [в], [ф], [м], [н] перад галосным [е] (напрыклад: кааперацыя, фанетыка замест каапэрацыя, фанэтыка)
3. Замена спалучэньняў -тар, -дар на -тр, -др на канцы словаў (напрыклад: літр, цэнтр замест літар, цэнтар)   Захоўваліся існыя правілы.
4. Перадача літары «θ» у грэцызмах праз «ф» або «т» у залежнасьці ад правілаў расейскай мовы (міф, кафедра замест міт, катэдра)   Гэты захад мусіў адпавядаць агучанаму партыйным кіраўніцтвам патрабаваньню «па замацаваньні расейскай мовы як пасярэдніка для пазычаньняў з трэціх моваў»[13]
Зьмены ў артаграфіі ўласнабеларускіх словаў
1. Скасаваньне пазначэньня асыміляцыйнага зьмякчэньня зычных [з], [с], [ц] (напрыклад: (свет, след замест сьвет, сьлед)     Гэтая прапанова зьявілася толькі ў карэктуры (г. зн. па згортваньні палітыкі беларусізацыі — і гвалтоўнага адхіленьня ад кіраваньня праектам акадэміка Сьцяпана Некрашэвіча, які выступаў катэгарычна супраць яе прыняцьця. Таксама супраць гэтай прапановы быў Янка Купала[14]   Аўтары абгрунтоўваюць прыняцьцё гэтай прапановы «палягчэньнем і эканоміяй для паліграфічнай справы»[12].
2. Скасаваньне напісаньня мяккага знаку паміж падоўжанымі зычнымі [з], [с], [ц], [н], [л] (напрыклад: насенне, галлё, ззяе, рыззё, калоссе, суддзя, жыццё замест насеньне, гальлё, зьзяе, рызьзё, калосьсе, судзьдзя, жыцьцё)   Камісія прыняла гэтую прапанову як кампрамісны варыянт — пры ўмове захаваньня пазначэньня мяккасьці ўва ўсіх астатніх выпадках[14].   Прапаноўвалася сьцягненьне падвоеных зычных на манер заходнебеларускіх гаворак (напрыклад: насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё)
3. Увядзеньне нязьменнага напісаньня часьціцы і прыназоўніка «не» (напрыклад: без нас, не руш замест бяз нас, ня руш)   Захоўваліся існыя правілы[15][16]   Захоўваліся існыя правілы.

Апроч гэтага:

  1. Рэглямантаваўся правапіс уласных імёнаў, адбывавалася адступленьне ад народнага іменаслову, калі замест народных формаў пачыналі ўжывацца кананічныя імёны Маскоўскай царквы, прынятыя ў расейскай мове (напрыклад: Юрый замест Юрка, Юры, Юра, Юрась).
  2. У марфалёгіі рэглямантаваны правапіс канчаткаў -а/-у ў родным склоне, перавага надавалася канчатку , як у расейскай мове, а не народнаму . На манер расейскай мовы ўніфікавалася напісаньне канчаткаў назоўнікаў у давальным і месным склонах.

Увогуле, у выніку рэформы ў беларускую мову ўводзілася больш за 30 фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, уласьцівых расейскай мове[17], якія былі чужымі і дагэтуль неўжыванымі ў беларускай мове і былі проста перанесеныя ў яе з расейскай[18].

Правапісная рэформа 1933 году закранула ня толькі фанэтычныя і марфалягічныя асаблівасьці, але таксама і лексыку беларускае мовы. Так, напрыклад, калі дарэформавы «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) для перакладу расейскага слова «государство» прапаноўваў сынонімы «дзяржава», «гаспадарства», «панства», то парэформавы «Руска-беларускі слоўнік» Александровіча (1937) — толькі «дзяржава», тым жа словам перакладалася і расейскае «держава», эквівалентам расейскага «город» у першым слоўніку былі «места», «горад», а ў другім — толькі «горад»[19]. У гэтым жа слоўніку ёсьць такія неўласьцівыя для беларускай мовы дзеепрыметнікавыя формы, як «забыўчывы», «неўстрашымы», «брадзячы». Падобную практыку працягнулі ў наступным «Руска-беларускім слоўніку» 1953 году, калі на першым месцы ставілася калька з расейскае мовы, а арыгінальнае беларускае слова, як правіла, за ёй[20].

Пра мэтанакіраваную працу ў русіфікацыі беларускіх слоўнікаў сьведчыць апошні пункт (№ 27) Пастановы СНК «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу»:


  Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук арганізаваць сыстэматычную навуковую працу па далейшым разьвіцьці і ўпарадкаваньні беларускага правапісу, усяе граматыкі і тэрміналёгіі, а таксама арганізаваць новае выданьне беларуска-рускіх слоўнікаў, вытраўляючы з беларускай мовы ўсялякія буржуазна-нацыяналістычныя плыні і скажэньні.  

Пастанова Савету Народных Камісараў БССР «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», г. Менск, 26 жніўня 1933 г.

Тым часам рукапісы раней падрыхтаваных акадэмічных слоўнікаў савецкія ўлады загадалі зьнішчыць, сярод іх — шматтомны «Слоўнік жывой беларускай мовы», двухтомныя расейска-беларускі і беларуска-расейскі слоўнікі, польска-беларускі і беларуска-польскі, эспэранцка-беларускі і беларуска-эспэранцкі, латыска-беларускі, гістарычны і артаграфічны[21].

Беспрынцыпнасьць рэфарматараў, а таксама іх тагачасную рыторыку добра адлюстроўвае наступная цытата[22]:


  Шмат нацдэмы нашкодзілі ў пытаннях «окання» ў словах іншамоўнага паходжання. Такія словы, як «кааперацыя, калгас, трактар» і іншыя, пісалі праз «о», матывуючы гэта правіла тым, што слова «калгас, кааперацыя» і другія не прыняты беларускай мовай, не ўвашлі ў быт, што яны па сваёй прыродзе чужыя беларускай мове. Што словы «калгас» і падобныя ім чужыя і варожыя нацдэмам, гэта зразумела, як і зразумела буржуазна-класавая «апрацоўка» правапіса нацдэмаўскімі «слупамі мовазнаўства».

Улічваючы працэс асваення шырокімі працоўнымі масамі слоў іншамоўнага паходжання, мы абавязаны гэтыя словы перадаваць згодна іх вымаўлення, г. зн. праз «аканне», што ў пастанове СНК аб зменах у правапісе і праведзена.

Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз «о», і ў нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы «комуна»… [далей — фактычна цытата з Дадаткаў да Пастановы-1933, пра які гл. ніжэй] — пішуцца і ў нас праз «о», г. зн. захоўваецца ў корані іх перша­крыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма

 

Андрэй Александровіч Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы // Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. — Менск: Выд-ва БАН, 1934. — С. 21.

Праз тры месяцы па прыняцьці першай «правапіснай» пастановы 3 сьнежня 1933 году, старшыня Саўнаркаму БССР Мікалай Галадзед падпісаў новую пастанову СНК «Дадаткі да пастановы СНК БССР „Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса“», якая выпраўляла памылкі ў жнівеньскім дакумэнце. На гэтым скончыўся першы этап палітычнай рэформы 1933 году[23].

Такім чынам, палітычная рэформа напраўду кіравалася на зьліцьцё народаў і культураў у адну культуру з адзінай мовай і адлюстравала ня столькі нацыянальную спэцыфіку беларускай мовы, як асаблівасьці расейскай мовы, у адпаведнасьці зь якой праводзіліся зьмены артаграфічных і граматычных прынцыпаў і нават лексыкі беларускай мовы.

Наступствы рэдагаваць

Асноўныя артыкулы: Русіфікацыя Беларусі і Беларускі афіцыйны правапіс
 
Першая старонка Пратэсту Беларускага навуковага таварыства ў Вільні супраць дэкрэту Саўнаркаму аб рэформе беларускага правапісу

Беларусы за межамі СССР, у першую чаргу ў Заходняй Беларусі, а таксама беларускія цэнтры ў Латвіі, Празе і Бэрліне не прынялі ўведзеных у беларускую мову зьменаў[3]. У прыватнасьці, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні на сваім надзвычайным паседжаньні 31 кастрычніка 1933 году прыняло рэзалюцыю супраць рэформы, дзе зазначыла ейную русіфікацыйную скіраванасьць і кволы навуковы фундамэнт.

Сярод прычынаў непрыняцьця палітычнай рэформы 1933 году былі наступныя:

  Пастанова СНК сімвалізавала для сучаснікаў неадхільную волю наблізіць беларускую мову да расійскай „любой цаной“[26].  
  • Беларускія філёлягі і гісторыкі паказваюць на тое, што рэформа штучна[1][27][28][29] наблізіла беларускую мову да расейскай. Зьміцер Саўка адзначае, што палітычная камісія, якая праводзіла рэформу, узяла з акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году, які папярэднічаў ёй, усе пункты, што прадугледжвалі менавіта збліжэньне з расейскай мовай, а астатнія альбо кардынальна перапрацавала ў бок набліжэньня да нормаў расейскай мовы, альбо ўвогуле не ўзяла да разгляду[11]. Кандыдат філялягічных навук Ігар Клімаў піша:
  Бальшавіцкая дзяржава, якая ўпершыню ў гісторыі ажыцьцяўляла экспэрымэнт па стварэньні новага грамадзтва і новага чалавека, разглядала і мову як аб’ект адмысловых маніпуляцыяў, накіраваных на дасягненьне пэўных, зусім не лінгвістычных мэтаў. Важным кірункам такіх маніпуляцыяў з 1930 году было замацаваньне расейскага ўплыву ў нормах літаратурных моваў іншых народаў СССР. Гэта падвышала культурную гамагеннасьць сярод народаў савецкай імпэрыі, прыглушала іх памкненьні да сэпаратызму, спрыяла іх культурнай і моўнай асыміляцыі. Ахвярай такой палітыкі з 1930-х гадоў зрабілася і беларуская мова. Яе далейшае разьвіцьцё адбывалася не ў выніку ўнутранай неабходнасьці ці рэальнага ўжытку, а прадвызначалася палітычнай каньюнктурай савецкай дзяржавы[3].  

Галоўным наступствам рэформы стала зьяўленьне двух правапісаў (нормаў) беларускай мовы, адзін зь якіх — наркамаўка — пачаў афіцыйна выкарыстоўвацца ў Савецкім Саюзе, а другі — традыцыйны клясычны правапіс — працягваў ужывацца беларусамі па-за межамі СССР. Стварэньне наркамаўкі разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ўжытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[2].

Ацэнкі рэдагаваць

Скрайняя непасьлядоўнасьць, і русіфікацыйныя мэты рэформы прызнаваліся афіцыйным савецкім мовазнаўствам за відавочныя яшчэ за часамі г.зв. «Хрушчоўскай адлігі»:

  ...не ўрэгуляваным засталося правіла аб перадачы акання і якання. Шматлікія неабгрунтаваныя выключэнні з гэтага правіла не ўносілі жаданай палёгкі пры напісанні іншамоўнай лексікі, вельмі складаным і неўпарадкаваным было правіла напісання складаных слоў. Выклікала цяжкасці і арфаграфічны разнабой правіла аб пераходзе д і т у дз’ і ц’. Блытана і супярэчліва былі сфармуляваны правілы напісання імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў…

Тым не менш, нягледзячы на недахопы, пастанова СНК БССР увогуле выканала сваю задачу…

…наколькі гэта магчыма, наблізіць беларускі правапіс да рускага.[30]

 

—Яўген Камароўскі, Беларускі правапіс. — Менск, 1965. С. 31—32. С. 25

Рэформа 1933 выклікала крытыку ўжо з пачатку яе правядзеньня. Пад назовам «рэформа правапісу» крылася рэформа ня толькі правапісу, але адначасна граматыкі і марфалёгіі беларускай мовы, бо паняцьце «правапіс» мае на ўвазе форму напісаньня, а не адвечнага спосабу вымаўленьня. Рэформа ахоплівала 25 моўных асаблівасьцяў, зь якіх у 24 выпадках адначасна бытавала дачыненьне з граматыкай і правапісам, і толькі адна зьмена (пункт 4) датычыла выняткова правапісу[31].

Як зазначыў Янка Станкевіч з нагоды рэформы, «нідзе, дзе няма НКВД, Беларусы іхнае зьмены ня прынялі»[32][33].

Сучасныя беларускія філёлягі падкрэсьліваюць той факт, што новыя правілы, уведзеныя рэформай 1933 году, перакручвалі нормы беларускай літаратурнай мовы шляхам штучнага, ненатуральнага і прымусовага накладаньня на іх правілаў расейскай мовы[1].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Апублікаваная 26 жніўня 1933 году
  2. ^ Уведзены збор правілаў граматыкі выйшаў з друку ў 1934 годзе і дзейнічаў да 1959 году

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г Плотнікаў Б., Антанюк Л. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Менск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. С. 88.
  2. ^ а б Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 167—168.
  3. ^ а б в г д Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы. — 2004 // Мова і соцыум. (TERRA ALBA. Том III). Магілёў, ГА МТ «Брама».
  4. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 15.
  5. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 15—16.
  6. ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 156. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
  7. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 16.
  8. ^ а б Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 168. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
  9. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 16—17.
  10. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 17—18.
  11. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 18—19.
  12. ^ а б Прадмова // Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году
  13. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 21.
  14. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 17.
  15. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 16.
  16. ^ Беларускі правапіс (проект) / Апрацаваны Правапіснай Камісіяй Беларускае Акадэміі Навук. — Менск: 1930. — С. 12.
  17. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 169.
  18. ^ Станкевіч С. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Менск, 1994.
  19. ^ Шыманскі Д. Хто знішчыў беларускую мову? // Дзедзіч. — 2003. — № 5 (24).
  20. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 176.
  21. ^ Войніч Я. Як бальшавікі рэфармавалі беларускую мову? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 67—68.
  22. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 20.
  23. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 22.
  24. ^ Потехина Е. А. Обучение белорусскому языку в условиях белорусско-белорусского двуязычия (проблемы обучения белорусскому языку как иностранному) // Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы: Информационные материалы и тезисы докладов международной научной конференции / Под ред. В. П. Гудкова, А. Г. Машковой, С. С. Скорвида. — М.: Филологический факультет МГУ им. М. В. Ломоносова, 2003. — С. 170—173.
  25. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 17.
  26. ^ Запрудскі С. Беларуская мова ў яе кантактах з расійскай: у цісках аднімальнага білінгвізму // Lětopis. — 2003. — Т. 50. — № 1. — С. 81.
  27. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 254.
  28. ^ Лыч Л. Рэформа беларускага правапісу 1933 года: ідэалагічны аспект. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — ISBN 5-343-01453-4
  29. ^ Мова мяняецца, бо жывая! // Звязда. 8 верасьня 2009 г.
  30. ^ Камароўскі Я. М. Беларускі правапіс. — Мінск: 1965. — С. 31—32.
  31. ^ Станкевіч Я. За родную мову й праўдзівы назоў. Выбранае. — Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 104—105.
  32. ^ Станкевіч Я. «Не шануйма русыфікацыі !» // Бацькаўшчына. № 10 (240), 1955.
  33. ^ Станкевіч Я. За родную мову й праўдзівы назоў. Выбранае. — Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 231.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць