Стоўпцы

горад у Беларусі

Сто́ўпцы — места ў Беларусі, на правым беразе Нёмана. Адміністрацыйны цэнтар Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 16 946 чалавек[2]. Знаходзяцца за 78 км на паўднёвы захад ад Менску. Чыгуначная станцыя на лініі Менск — Берасьце; каля магістралі Менск — Берасьце, вузел аўтамабільных дарог на Мір, Івянец, Нясьвіж, Рубяжэвічы.

Стоўпцы
лац. Stoŭpcy
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Стоўпцаў Сьцяг Стоўпцаў
Дата заснаваньня: 20 чэрвеня 1593[1]
Магдэбурскае права: 1729
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Стаўпецкі
Насельніцтва: 16 946 чал. (2018)[2]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1717
Паштовы індэкс: 222660
СААТА: 6254501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°29′0″ пн. ш. 26°44′0″ у. д. / 53.48333° пн. ш. 26.73333° у. д. / 53.48333; 26.73333Каардынаты: 53°29′0″ пн. ш. 26°44′0″ у. д. / 53.48333° пн. ш. 26.73333° у. д. / 53.48333; 26.73333
Стоўпцы на мапе Беларусі ±
Стоўпцы
Стоўпцы
Стоўпцы
Стоўпцы
Стоўпцы
Стоўпцы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Стоўпцы — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятой Ганны ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Казімера, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.

Назва рэдагаваць

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму Стоўпцы[3][4]. Паводле аднаго зь іх назва паселішча ўтварылася ад слупоў (стаўпцоў, стаўпоў) на рацэ Нёман, з дапамогай якіх ажыцьцяўлялася праца парома. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім зьяўляецца назвай-арыенцірам: у даўнія часы стаўпамі пазначалі дарогі празь непрыкметную мясцовасьць[5]. Згодна з паданьнем, стаўпамі пазначылі месца былога манастыра, насельнікі якога памерлі ў часе эпідэміі халеры. Існуе і такая вэрсія: Стоўпцы, ад слова «стоўпы» — 'невялікія вежы для манахаў' — затворнікаў або «стоўпнікаў», што маглі жыць пры кляштары, заснаваным тут у 1624 годзе. Краязнаўцы таксама не адкідваюць вэрсіі пра стаўпы, што дзялілі ўладаньні Слушкаў і Радзівілаў[6].

Афіцыйнае напісаньне назвы места — Стоўбцы (рас. Столбцы).

Гісторыя рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Паводле некаторых зьвестак, Стоўпцы існавалі яшчэ ў 1511 годзе[7]. Афіцыйная дата заснаваньня паселішча — 20 чэрвеня 1593 году[1]. У пачатку XVII стагодзьдзя Стоўпцы знаходзіліся ў валоданьні А. Слушкі, які ў 1623 годзе заснаваў тут касьцёл, а ў 1639 годзе — кляштар дамініканаў.

 
Касьцёл дамініканаў, XVIII ст.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у верасьні 1655 году маскоўскія захопнікі разрабавалі і спалілі Стоўпцы, зруйнавалі касьцёл. Акупанты зьнішчылі больш за палову жыхароў мястэчка[7][8]. Аднак Стоўпцы хутка аднавіліся і ў 1669 годзе атрымалі прывілей на правядзеньне таргоў і кірмашоў. 14 сьнежня 1675 году ў мястэчку пад тытулам Сьвятога Казімера кансэкравалі новы мураваны касьцёл.

У пачатку XVIIІ стагодзьдзя Стоўпцы знаходзіліся ў валоданьні С. Дэнгафа. Мястэчка пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700—1721), але зноў хутка аднавілася. У 1728 годзе Стоўпцы перайшлі да Чартарыйскіх і сталі цэнтрам графства. У гэты час тут было 144 двары, царква, касьцёл, ратуша, школа і кляштар з шпіталем, карчма, буйная рачная прыстань з 16 складамі[7]. У 1729 годзе мястэчка атрымала Магдэбурскае права.

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стоўпцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе сталі цэнтрам воласьці Менскага павету. У 1799 годзе на Нёмане збудавалі мост, які злучыў мястэчка з Новым Сьвержанем і дарогамі на Нясьвіж і Мір. У 1822 годзе адкрылася прыходзкая вучэльня.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады канфіскавалі Стоўпцы ў Чартарыйскіх у дзяржаўны скарб, а ў 1844 годзе гвалтоўна ліквідавалі кляштар дамініканаў. На 1859 год у мястэчку быў 301 двор, на прыстані 20 дзяржаўных і 17 прыватных складоў, на 1867 год — 310 двароў. У 1860 годзе ад Стоўпцаў у Каралявец водным шляхам вывезьлі каля мільёна пудоў іржы, пшаніцы, аўса, ячменю і інш.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) 12 траўня 1868 году расейкія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Сьвятога Казімера пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1869 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага яны адкрылі ў мястэчку народную вучэльню для хлопчыкаў, у 1875 годзе — для дзяўчынак. У 1871 годзе за 2 км ад Стоўпцаў на Маскоўска-Берасьцейскай чыгунцы адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. У 1874 годзе ў мястэчку пачала працаваць запалкавая фабрыка. На 1886 год у Стоўпцах было 186 двароў, 2 царквы, сынагога, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, школа, 20 крамаў. На 1897 год на станцыі было 8 двароў. У 1905 годзе ў Стоўпцах адбыўся буйны страйк лесарубаў, у кастрычніку — жалобная дэманстрацыя з нагоды Курлоўскага расстрэлу. У 1909 годзе ў мястэчку адкрылася меская вучэльня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Стоўпцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Стоўпцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Стаўпецкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР[10]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Стоўпцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе атрымалі статус места і сталі цэнтрам гміны і павету ў Наваградзкім ваяводзтве. Станцыя Стоўпцы стала прыгранічнай. 4 жніўня 1924 году на мястэчка напала вялікая дывэрсійная банда. Па гэтым ў Стоўпцах утварыўся батальён Корпусу Аховы Памежжа. 15 ліпеня 1931 году ў месьце пачало дзейнічаць Беларускае таварыства дабрачыннасьці.

У 1939 годзе Стоўпцы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1943—1944 гадох тут працавала падпольная польская школа. Сакрэтнае навучаньне вёў былы судзьдзя гродзкага суду А. Родэ (альбо Й. Родэ). Лекцыі адбываліся паводле перадваеннай праграмы польскіх гімназійных школаў, у кожны другі дзень, у кватэры Ю. Урбановіча. Настаўнік загінуў на вачах сваіх вучняў каля 6 ліпеня 1944 году, у час шматдзённай аблогі места савецкімі войскамі[11].

У 1960-я гады савецкія ўлады зьнішчылі помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя — касьцёл Сьвятога Казімера[12]. У 2001 годзе Міжнародны Камітэт Міру абвясьціў Стоўпцы «Местам Міру».

Насельніцтва рэдагаваць

Дэмаграфія рэдагаваць

  • XIX стагодзьдзе: 1867 год — 2035 чал.[13]; 1886 год — 1070 чал.[8]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 2956 чал.; 1939 год — 7,5 тыс. чал.; 1970 год — 7,5 тыс. чал.; 1989 год — 12,1 тыс. чал.[8]; 1991 год — 14,2 тыс. чал.; 2000 год — 16,8 тыс. чал.[8]
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 16,8 тыс. чал.[14]; 2006 год — 15,5 тыс. чал.; 2009 год — 15 367 чал.[15] (перапіс); 2016 год — 16 839 чал.[16]; 2017 год — 16 858 чал.[17]; 2018 год — 16 946 чал.[2]

Адукацыя рэдагаваць

У Стоўпцах працуюць 3 сярэднія, вячэрняя, пачатковая, спартовая школы, школа мастацтваў, школа-сад, дом дзіцячай і юнацкай творчасьці, 6 дашкольных установаў.

Мэдыцына рэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць мескія лякарня і паліклініка.

Культура рэдагаваць

Дзейнічаюць філярмонія, дом культуры, карцінная галерэя, 2 бібліятэкі, кінатэатар.

Забудова рэдагаваць

Плян рэдагаваць

Стоўпцы разьвіваліся ад Нёмана ў паўночным кірунку, паміж аўтамабільнай дарогай і чыгункай, што абумовіла складаны нерэгулярны квартальны плян. Гістарычны цэнтар знаходзіцца ў паўднёвай частцы места, у раёне цэнтральнага сквэру і цяперашняй плошчы Леніна, пры перакрыжаваньні восевай магістралі вуліцы Ленінскай з пэрпэндыкулярнымі ёй вуліцамі Гагарына і Першамайскай. У наш час тут месьцяцца крамы і кінатэатар. На скрыжаваньні вуліцаў Ленінскай і Сацыялістычнай сфармаваўся сучасны адміністрацыйна-грамадзкі цэнтар. Гандлёвы цэнтар у паўночнай частцы, вакол прывакзальнай плошчы. Тут месьцяцца некалькі крамаў, рэстаран, гасьцініца. Новае жытловае будаваньне вядзецца ў двух мікрараёнах у паўночна-заходняй частцы Стоўпцаў. Мікрараёны абмяжоўвае вуліца Ленінскай, па другі бок якой знаходзіцца мескі парк.

Вуліцы і пляцы рэдагаваць

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Багінскага вуліца Дамініканская вуліца
Вечаркевіча вуліца Шпітальная вуліца
Гагарына вуліца Паштовая вуліца
Гайдука вуліца Рубяжэвіцкая вуліца
Горкага вуліца Нававіленская вуліца
Камуністычная вуліца Шырокая вуліца
Леніна плошча Рынак пляц
Касьцельны пляц
Ленінская вуліца Койданаўскі гасьцінец
Менская вуліца
Падгорная вуліца
Юзэфа Пілсудзкага вуліца (1933—1939)
Мамантава вуліца Крывая вуліца
Першамайская вуліца Віленская вуліца
Піянэрская вуліца Румовая вуліца[18]
Школьная вуліца
Пушкіна вуліца Школьная вуліца
Паромная вуліца
Савецкая вуліца Загуменная вуліца
Царкоўная вуліца
Сацыялістычная вуліца Вакзальная вуліца Перацкага вуліца (1934—1939)
Танкістаў вуліца Рэдутавая вуліца
Царука вуліца Папова Гара вуліца (?)
Цітова вуліца Палявая вуліца

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Касьцельны завулак[19]. Таксама ў месьце існавалі вуліцы Могілкавая, Садовая і Юрыдыка.

Эканоміка рэдагаваць

Прадпрыемствы харчовай, машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя рэдагаваць

Інфраструктура рэдагаваць

Уздоўж берагоў Нёмана — зона адпачынку дзяржаўнага значэньня «Стоўпцы»[20]. У месьце дзейнічае мастацкая галерэя, у Акінчыцах — мэмарыяльная сядзіба Якуба Коласа (частка філіі Літаратурна-мэмарыяльнага музэю Якуба Коласа). Спыніцца можна ў гасьцініцы «Стоўпцы».

Славутасьці рэдагаваць

Страчаная спадчына рэдагаваць

Галерэя рэдагаваць

Асобы рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Лазоўская Т. Стоўбцы святкуюць 425-годдзе // Звязда, 27 чэрвеня 2018 г.
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  4. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 24.
  5. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 362.
  6. ^ Турко А. Калі дзень нараджэння Стоўбцаў? // Прамень. № 176—177, 14 верасьня 2011 г.
  7. ^ а б в Галоўка С. Стоўбцы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 636.
  8. ^ а б в г Галоўка С. Стоўбцы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1..
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  11. ^ Grędzik-Radziak A. Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939–2001. — Toruń: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. S 76–77.
  12. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 460.
  13. ^ Jelski A. Stołpce // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 365.
  14. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 189.
  15. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
  19. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 51.
  20. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць