Алег Лукашэвіч
Алег Вацлававіч Лукашэвіч[1] (нар. 1972, Баранавічы, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі журналіст, кінарэжысэр, фатограф і выдавец.
Алег Лукашэвіч | |
Род дзейнасьці | рэжысэр, фатограф |
---|---|
Дата нараджэньня | 27 сакавіка 1972 (52 гады) |
Месца нараджэньня | Баранавічы, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Дата хросту | сьнежань 2005 |
Грамадзянства | Беларусь |
Адукацыя | вышэйшая |
Месца вучобы | Факультэт журналістыкі БДУ (1995) |
Прафэсія | журналіст |
Месца працы | Белтэлерадыёкампанія |
Гады дзейнасьці | ад 1994-га |
Вядомы як | выдавец сэрыі фотаальбомаў «Спадчына Беларусі» (зь 2004 г.) |
Жанры | дакумэнтальны фільм, фатаграфія |
Бацька | Вацлаў Лукашэвіч |
Узнагароды | «За духоўнае адраджэньне» (2005), дыплём Францішка Скарыны конкурсу «Мастацтва кнігі» (2005), дыплёмы конкурсу «Тэлевяршыня» (2011, 2012 і 2014) |
Зь 2004 году выпускаў фотаальбом «Спадчына Беларусі» сумесна з Аляксандрам Аляксеевым. У 2005 годзе атрымаў за яго прэмію «За духоўнае адраджэньне» і дыплём Францішка Скарыны на 45-м нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі», які праходзіў у рамках Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Гэтую найвышэйшую паліграфічную ўзнагароду Беларусі тады ўручылі ўпершыню за 14 гадоў. У 2016 годзе на гэтым конкурсе адзначаўся ў якасьці найлепшага дызайнэра кнігі, а ў 2018-м — найлепшым фотамастаком з уручэньне дыплёму пераможцы і знака «Залаты Фаліянт». За 2003—2020 гады правёў 30 міжнародных выставаў «Спадчына Беларусі», у тым ліку ў Польшчы, Ангельшчыне, Аўстрыі, Бэльгіі, Італіі, Нямеччыне, Чэхіі, Францыі і Армэніі. Сярод іншага, цягам 2014—2017 гадоў звыш 150 фотапрацаў памерам 3х2 мэтры прадставілі ў Менску пад адкрытым небам на праспэкце Незалежнасьці каля парку Чалюскінцаў. Даўжыня экспазыцыі складала каля 1 км. Да 2020 году зьняў 31 дакумэнтальны фільм у рамках праекту «Спадчына Беларусі». У 2011, 2012 і 2014 гадох кінастужкі праекту адзначылі дыплёмамі пераможцаў нацыянальнага тэлеконкурсу «Тэлевяршыня»[2][3].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1972 годзе нарадзіўся ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць). Быў хрышчоны ў каталіцкай царкве. Яго бацька, які працаваў вэтэрынарам, перавёз сям'ю ў Ваўкавыскі раён (Гарадзенская вобласьць). Там была магчымасьць глядзець Польскае тэлебачаньне, на якім паказвалі фільмы італьянскага паэта Бэрнарда Бэрталючы і брытанскага мастака Пітэра Грынэўэя. Праз гэта здолеў вывучыць польскую мову. Скончыў сярэднюю школу ў Ваўкавыску. Ад 8-й клясы вырашыў паступаць на факультэт журналістыкі БДУ[4], куды паступіў у 1990 годзе і які скончыў у 1995 годзе.
У 1994 годзе некалькі месяцаў працаваў на Беларускім радыё. У сьнежні 1994 году сышоў з радыё праз адмову чытаць падводку пра гадавіну Белавескіх пагадненьняў «па ідэалягічных меркаваньнях». На прапанову старшыні Белтэлерадыёкампаніі Рыгора Кісяля перашоў працаваць у Агенцтва тэленавінаў, якое стварылі 9 студзеня 1995 году на Беларускім тэлебачаньні. У 1996 годзе стаў першым беларускім журналістам, які працаваў на Канскім кінафэстывалі. Пасьля вяртаньня з Францыі паехаў у Парыж на 2-месячнае стажаваньне па спэцыяльнасьці «апэратар і рэжысэр тэлебачаньня». Пазьней да 2014 году езьдзіў у Парыж звыш 50 разоў[4].
У 2001 годзе разам фатографам Аляксандрам Аляксеевым стварыў тэлеперадачу «Наша спадчына» пра дойлідзтва Беларусі. У 2004 годзе пачаў штогод выдаваць альбомы «Спадчына Беларусі» і «Скарбы Беларусі», агульны наклад якіх да 2014 году склаў 42 500 асобнікаў[4]. Першы альбом раскупілі за месяц[5]. 7 студзеня 2005 году за гэты твор Аляксееў і Лукашэвіч атрымалі прэмію «За духоўнае адраджэньне», а 24 студзеня здабылі дыплём Францішка Скарыны на 45-м конкурсе «Мастацтва кнігі» падчас Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу[6]. Зь 2005 году альбом «Спадчына Беларусі» пачалі выдаваць паводле дабраслаўленьня экзарха Беларусі Філарэта і кардынала Казімера Сьвёнтка. У сьнежні 2005 году ў 33-гадовым веку ў Царкве Труны Гасподняй (Ізраіль) перайшоў да праваслаўнай царквы. Прыняў рашэньне пад уражаньнем папярэдняга наведваньня Полацкага Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра і аповеду пра яго заснавальніцу Эўфрасіньню Полацкую. Сярод іншага, стварыў фільм пра беларускую мастачку Надзею Хадасевіч-Лежэ, якая стварыла музэй пра свайго францускага настаўніка Фэрнана Лежэ[4].
У 2005 годзе зрабіў 4-сэрыйны фільм пра мастака Марка Шагала, сэрыі якога былі ад 26 хвілінаў[4]. 16 студзеня 2006 году на Беларускім тэлебачаньні выйшла 1-я сэрыя цыклю «Эпоха» аўтарства Лукашэвіча, які распачаўся першым фільмам 4-сэрыйніка пра Шагала[7]. 11 і 12 студзеня 2007 году на «Першым нацыянальным канале» паказалі 2-і фільм пра Шагала працягласьцю 40 хвілінаў[8]. Да 2007 году ў рамках тэлеперадачы «Эпоха» выйшлі фільмы пра Эўфрасіньню Полацкую, Адама Міцкевіча, Францішка Скарыну, Ігната Дамейку і Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пры гэтым фільм «Эўфрасіньня Полацкая» заняў 1-е месцы на 9-м Эўразійскім тэлефоруме ў Маскве ў намінацыі «Дакумэнтальныя фільмы і праграмы». 26 лютага — 1 сакавіка 2007 году на «Першым нацыянальным канале» ў рамках перадачы «Эпоха» паказалі 4-сэрыйнік «Тадэвуш Касьцюшка. Вяртаньне героя», здымкі якога праходзілі ў 5 краінах, у тым ліку ў ЗША, Францыі і Швайцарыі. Сярод іншага, фільм зьмяшчаў здымкі тэстамэнту Касьцюшкі[9] пра вызваленьне сялянаў свайго маёнтка ў Беларусі ад прыгоннага права, які захоўваўся ў швайцарскім Залятурне[10]. 12 красавіка 2007 году ў рамках перадачы «Эпоха» выйшаў 2-і паўгадзінны фільм пра Эўфрасіньню Полацкую[11].
У 2007 годзе выдаў фотаальбом «Спадчына Беларусі. Скарбы» пра вырабы з золата і срэбра, якія захоўвалі ў музэях і хрысьціянскіх храмах Беларусі. Дагэтуль агульны наклад 8 альбомаў «Спадчына Беларусі» склаў 26 500 асобнікаў, што было беспапярэднім у беларускім кнігавыданьні. Выданьне «Спадчына Беларусі. Скарбы» зьмяшчала залатыя бранзалеты з выявамі цмокаў, вырабленыя полацкімі майстрамі ў ІХ стагодзьдзі. Гэтыя вырабы паходзілі з рэчавага скарбу, знойдзенага ў 1984 годзе ў Полацку. Адлюстроўваліся і срэбраныя шыйныя абручы VIII стагодзьдзя, якія насілі на знак улады і цяпер захоўвалі ў Гомельскім палацы Паскевічаў. Сярод іншага, альбом зьмяшчаў частку пояса Вітаўта, які падарыў яму крымскі хан Хаджы Гірэй. На пачатку 1990-х гадоў пояс знайшлі ў вёсцы Літва Маладэчанскага раёну і з таго часу захоўвалі ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі. Урэшце, у выданьні адлюстравалі срэбраную раму Будслаўскага абразу Маці Божай з пазалотай і каштоўнымі камянямі, а таксама крыж Эўфрасіньні Полацкай, адноўлены мастаком Мікалаем Кузьмічом[6].
Ад 2008 году цалкам адышоў ад вядзеньня перадачаў у кадры на карысьць выдавецкай і рэжысэрскай працы[4]. У сьнежні 2008 году ў Варшаве (Польшча) прадставіў фотаальбомы «Спадчына Беларусі» і «Скарбы Беларусі». На прэзэнтацыі ў Вілянаўскім палацы прысутнічалі прысутнічалі замежныя дыпляматы і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы[12]. 27 студзеня 2009 году на «Першым нацыянальным канале» паказалі сэрыю пра Ігната Дамейку ў рамках праекту «Эпоха». Яго здымкі цягам 2-х гадоў рабілі ў Ангельшчыне, Францыі, Нямеччыне, Бразыліі і Чылі, дзе адшукалі праўнукаў навукоўца[13]. У красавіку 2009 году атрымаў узнагароду па выніках прэміі імя Ежы Гедройця за фільм пра Адама Міцкевіча[14].
У траўні 2011 году на 64-м Канскім кінафэстывалі (Францыя) быў кіраўніком нацыянальнага павільёну Беларусі. У наступныя гады стварэньне павільёну дазволіла прадставіць на ім каталёг сучаснага беларускага кіно, падрыхтаваны сумесна з Аляксандрам Аляксеевым на «Беларусьфільме»[15]. 12—15 сьнежня 2011 году тэлеканал «Беларусь 1» паказваў увечары 4-сэрыйны фільм да 120-годзьдзя Максіма Багдановіча ў рамках цыклю «Эпоха». Здымкі праходзілі ў Горадні, Менску і Ракуцёўшчыне (Маладэчанскі раён), а таксама ў расейскім Яраслаўлі і ўкраінскай Ялце, дзе ў розны час жыў паэт. Фільм быў сумеснай працай зь Беларускім навукова-дасьледчым цэнтрам электроннай дакумэнтацыі і музэямі ды архівамі Беларусі і Расеі. У Ялце адзьнялі магілу ппаэта і мэтрычную кнігу з запісам аб яго сьмерці. Таксама ў фільме прадставілі фотаздымкі з Мэмарыяльнага дому-музэю Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі[16].
12 чэрвеня 2013 году Алег Лукашэвіч заявіў, што заўважыў у кнізе Ўладзімера Арлова «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», аздобленай Зьмітром Герасімовічам, 22 здымкі з кнігі «Спадчына Беларусі» без пазнакі аўтарства. Герасімовіч прызнаў памылку за 5 здымкамі: «Не падпісаныя, бо яны трапілі да мяне ў выніку абмену паміж выдавецтвам „Беларусь“ і мной. Я ім даў ілюстрацыі са свайго архіву». Тады Лукашэвіч адзначыў, што «40 тысяч асобнікаў прадалося па цане ад 50 да 100 даляраў»[17]. 13 траўня 2014 году прадставіў 9 дакумэнтальных фільмаў пра мастакоў Парыскай школы родам зь Беларусі, сярод якіх былі: Марк Шагал (Лёзна), Леў Бакст (Горадня), Хаім Суцін (Сьмілавічы), Надзея Хадасевіч-Лежэ (Асецішча), Восіп Цадкін (Віцебск), Міхаіл Кікоін (Гомель) і Пінхус Крэмень (Жалудок). Праца над фільмамі заняла 2 гады і ўлучала інтэрвію з калекцыянэрамі і мастацтвазнаўцамі. Для фільму скарысталі архівы Беларусі, Францыі і Расеі. Пры гэтым падрабязна зьнялі арыгіналы карцінаў, дакумэнтаў і фатаграфіяў. Сваю музыку да цыклю гэтых фільмаў падала амэрыканская сьпявачка Мадонна Чыконэ[18]. 24 траўня 2014 году на тэлеканале «Беларусь 1» адбылася прэм'ера яго дакумэнтальнага фільму «Мастакі Парыскай школы. Ураджэнцы Беларусі», якое ўлучала інтэрвію з сынам Марка Шагала Давыдам Макнілам і кінахроніку францускіх архіваў. Сярод іншага, пазьней паказалі фільм пра беларускую мастачку Надзею Хадасевіч-Лежэ, якая стварыла музэй пра свайго францускага настаўніка Фэрнана Лежэ[4].
Да 2015 году ўзяў інтэрвію ў такіх заслужаных рэжысэраў і актораў замежжа, як Пітэр Грынэўэй (Брытанія), Вім Вэндэрс (Нямеччына), Паўль Вэрхувэн (Нідэрлянды), Кшыштаф Занусі (Польшча), Такэсі Кітана (Японія), Катрына Брэя (Францыя), Мікіта Міхалкоў (Расея), Пэдра Альмадовар (Гішпанія), Кенэт Лоўч (Брытанія), Анджэй Вайда (Польшча) і Аляксандар Сакураў (Расея)[19]. У лютым 2016 году ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі прэзэнтаваў новае выданьне «Спадчыны Беларусі», якое ўлучала 40 мастацкіх фотаздымкаў з адноўленымі родавымі сядзібамі, палацамі і храмамі Беларусі пераважна ў стылі барока і нэаготыкі. Упершыню ў глянцы зьявіліся адкрытыя фрэскі Спаскай царквы ў Полацку, палац Агінскіх у Залесьсі (Смаргонскі раён) і Крычаўскі палац, родавыя маёнткі ў Скоках (Берасьцейскі раён) і Красным Беразе (Жлобінскі раён). Упершыню фотаальбом выйшаў на трох мовах — беларускай, ангельскай і расейскай. Агульны наклад выданьня за 12 гадоў дасягнуў 44 500 асобнікаў, якія знаходзіліся ў найбольшых бібліятэках сьвету. Сярод іншага, у альбом увайшлі срэбраны кубак Агінскіх, слуцкія паясы і напрастольны крыж XVII стагодзьдзя з Наваградка[20].
Цягам 2017 году зладзіў шырокафарматную фотавыставу «Спадчына Беларусі» пры амбасадах Беларусі ў краінах Эўропы. Па месяцы выстава праходзіла ў Парыжы, Брусэлі, Бэрліне, Празе і Варшаве. Агароджу амбасадаў аздобілі выявамі храмаў ХІІ стагодзьдзя, Мірскага і Нясьвіскага замкаў. Сярод іншага, на выставе прадставілі альбом «Спадчына Беларусі», які перавыдавалі 16 разоў[21]. Найноўшае выданьне зьмяшчала 400 мастацкіх фотаздымкаў 2014—2015 гадоў[22]. 15 чэрвеня 2017 году выставу «Спадчына Беларусі» на год разьмясьцілі на агароджы парку Чалюскінцаў у Менску. Выстава зьмяшчала 40 рэпрадукцыяў зь сядзібамі і цэрквамі, Менская ратуша і фрэскамі[23].
24 студзеня 2018 году на тэлеканале «Беларусь 3» прадставіў разам з Аляксеевым прэм'еру тэлецыклю «Сучаснае мастацтва Беларусі» зь 10 фільмаў пра сучасных беларускіх мастакоў. Першы фільм прысьвячаўся Валерыю Шкарубу. Сярод іншага, за паўтары гады зьнялі фільмы пра народнага мастака Леаніда Шчамялёва, скульптара галоўнага помніка ў Трасьцянцы Канстанціна Касьцючэнкі і мастака Ігара Бархаткова. Асобны фільм прысьвяцілі фрэскам адноўленай царквы Кузьмы і Дзямьяна ў Вішневе (Валожынскі раён), над якімі працавалі Глеб Отчык, Паліна Амельяновіч і Канстанцін Касьцючэнка[24]. Галоўнымі героямі іншых фільмаў сталі Алег Крошкін зь Віцебска, Валянціна Шоба з Горадні, Сяргей Рымашэўскі, народны мастак Анатоль Бараноўскі і Ўладзімер Кожух. Супольнікам тэлецыклю «Сучаснае мастацтва Беларусі» стаў выступіў «Прыёрбанк», які стварыў адзін з найбольшых збораў сучасных твораў краіны. Старшыня банку Сяргей Касьцючэнка адзначыў: «У 2016 годзе да нас зьвярнуліся аўтары фільма і прапанавалі паўдзельнічаць у яго падрыхтоўцы. Мы далі прынцыповую згоду, паколькі цікавімся жывапісам. У нашай калекцыі больш за 1000 работаў сучасных майстроў, якія мы набывалі з моманту заснаваньня — на працягу 30 гадоў. Яе канцэпцыя — сучасныя беларускія мастакі, якія пішуць алеем. На жаль, некаторых аўтараў ужо няма ў жывых, а карціны іх засталіся. Таму мы пагадзіліся, але прапанавалі, каб выбар 10 герояў праекту заставаўся за намі»[25]. 5 кастрычніка 2018 году адчыніў фотавыставу «Спадчына Беларусі. Адноўленыя архітэктурныя каштоўнасьці» ў Палацы Незалежнасьці. Выставу пераўтварылі ў пастаянную экспазыцыю ў Зале ўрачыстых цырымоніяў пасьля таго, як тая прыцягнула ўвагу азэрбайджанскага прэзыдэнта Ільхама Аліева і маскоўскага патрыярха Кірылы[26].
У лютым 2022 году прадставіў сумесна з Аляксеевым 7 відэаролікаў пра магчымасьці падарожніцтва па Беларусі. Ролікі адлюстроўвалі прынамсі па 10 мясьцінаў у кожнай вобласьці і сталіцы Беларусі[27].
Бібліяграфія
рэдагаваць- Аляксандар Аляксееў, Алег Лукашэвіч. Спадчына Беларусі : фотаальбом. — Менск: Менская фабрыка каляровага друку, 2004. — 318 с. — 3000 ас. — ISBN 985-454-231-9
- 2005. — ISBN 985-454-288-2 (3000 + 3000 ас., 319 с.).
- 2006. — ISBN 985-454-302-1 (3000 ас.).
- 2007. — ISBN 978-985-454-354-3 (5000 ас.), 978-985-454-325-3 (3000 ас.), 978-985-454-388-8 (Скарбы, 3000 ас., перакл. на анг. Вячаслаў Плютаў).
- 2015. — ISBN 978-985-90353-3-3 (1000 ас., выд. Аляксандар Аляксееў).
- 2017. — ISBN 978-985-90353-7-1 (1000 ас.).
- 2021. — ISBN 978-985-90433-3-8 (1000 ас., выд. Алег Лукашэвіч).
- Аляксандар Аляксееў, Алег Лукашэвіч. Скарбы Беларусі : альбом. — Менск: Залаты град, 2009. — 319 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-90180-2-2
- 2013. — ISBN 978-985-7058-20-4 (1000 ас., 318 с., Чатыры чвэрці + 1000 ас., 319 с., пер. В. Плютаў)
- Аляксандар Аляксееў, Алег Лукашэвіч. Скарбы Беларусі : насьценны каляндар. — Менск: Залаты град, 2009. — 28 с. — 1000 ас. — ISBN 978-985-90180-3-9
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ад Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь // Ігуменскі тракт. — 24 сьнежня 2014. — № 21 (243).
- ^ «Спадчына Беларусі» — у Нацыянальным гістарычным музэі // Газэта «Новы час», 17 ліпеня 2020 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Алег Багамазаў. Яскравае шматаблічча спадчыны // Газэта «Зьвязда», 3 верасьня 2020 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ а б в г д е ё Алена Драпко. «Кожны чалавек павінен дакрануцца да мастацтва» // Зьвязда : газэта. — 23 траўня 2014. — № 94 (27704). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Іна Ганчаровіч. Пад адкрытым небам Бацькаўшчыны // Газэта «Беларусь сёньня», 15 чэрвеня 2016 г. Праверана 29 чэрвеня 2024 г.
- ^ а б «Браму скарбаў сваіх адчыняю» // Народная газэта. — 7 лютага 2008. — № 4692.
- ^ Андрэй Расінскі. Шагал і крыху глямуру // Газэта «Наша ніва», 27 студзеня 2006 г. Праверана 27 чэрвеня 2024 г.
- ^ Андрэй Расінскі. Тайны Марка Шагала // Газэта «Наша ніва», 10 студзеня 2007 г. Праверана 27 чэрвеня 2024 г.
- ^ БТ паказвае фільм «Тадэвуш Касьцюшка. Вяртаньне героя» // Газэта «Наша ніва», 26 лютага 2007 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Зьміцер Траўчук. Касьцюшка супраць Суворава // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 27 лютага 2007 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Андрэй Расінскі. «Эпоха. Эўфрасіньня Полацкая» // Газэта «Наша ніва», 12 красавіка 2007 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Раман Няфёдаў. Праект мастацкай вартасьці // Газэта «Беларусь сёньня», 4 сьнежня 2008 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Сёньня на БТ – фільм пра Дамейку // Газэта «Наша ніва», 27 студзеня 2009 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Іван Іванаў. Парыжскія прароцтвы Ежы Гедройца // Газэта «Беларусь сёньня», 16 красавіка 2009 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Газэта «Беларусы і рынак». На што ва ўладаў няма грошай // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 15 траўня 2016 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ БелаПАН. Ад сёньня на «Беларусь-1» фільм пра Максіма Багдановіча // Газэта «Наша ніва», 12 сьнежня 2011 г. Праверана 28 чэрвеня 2024 г.
- ^ Фотаканфлікт вакол кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 12 чэрвеня 2013 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Мастакі Парыжскай школы. Выхадцы Беларусі // Белтэлерадыёкампанія, 13 траўня 2014 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Віктар Корбут. У люстэрку сучаснасьці // Газэта «Беларусь сёньня», 12 траўня 2015 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Ніна Мажэйка, тэлеканал «Беларусь 1». Архітэктурная спадчына Беларусі ў адным альбоме // Белтэлерадыёкампанія, 3 лютага 2016 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Мастацкі праект «Спадчына Беларусі» працягвае знаёміць сьвет з архітэктурнай спадчынай нашай краіны // Белтэлерадыёкампанія, 4 сакавіка 2017 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ «Спадчына Беларусі» // Інтэрнэт-кнігарня «Кніганоша», 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2024 г.
- ^ Фотавыстава да 950-годдзя Менска адкрыецца 15 чэрвеня на агароджы парку Чалюскінцаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 чэрвеня 2017 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Вікторыя Захарава, «Зьвязда». «Беларусь 3» прадставіць тэлецыкль «Сучаснае мастацтва Беларусі» // Белтэлерадыёкампанія, 19 студзеня 2018 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Алена Кравец. Рада зрабіла больш жорсткай адказнасьць за сэпаратызм // Зьвязда : газэта. — 26 студзеня 2018. — № 18 (28634). — С. 13. — ISSN 1990-763x.
- ^ Выставачныя праекты ў Палацы Незалежнасьці // Прэзыдэнт Беларусі, 2024 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- ^ Краіна дзіўных адкрыцьцяў // Кампанія «Будзьма беларусамі», 9 лютага 2022 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Гісторыя // Мастацкі праект «Спадчына Беларусі», 2017 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
- Алег Лукашэвіч. «Тадэвуш Касьцюшка. Вяртаньне героя» // Файлаабменьнік «Баравік», 13 кастрычніка 2012 г. Праверана 30 чэрвеня 2024 г.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |