Беларускі кнігазбор
«Беларускі кнігазбор» — кніжны праект клясыкі беларускае літаратуры й літаратуры пра Беларусь ад старажытнасьці да нашых дзён. Заснаваны Міжнародным Фондам «Беларускі кнігазбор» ў 1995 року. Асноўная дзейнасьць — падрыхтоўка кніг праекту. Галоўны рэдактар праекту — беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца Кастусь Цьвірка.
Беларускі кнігазбор | |
Краіна | Беларусь |
---|---|
Мова арыгіналу | беларуская |
Выдавецтва | «Кнігазбор» |
Выданьне | 1995 — дасюль |
У праекце «Беларускім кнігазборы» прадстаўленыя найлепшыя творы мастацкае літаратуры, беларускага літаратуразнаўства й гістарыяграфіі. Праект складаецца з трох сэрыяў: мастацкая літаратура, гісторыка-літаратурныя помнікі й пераклады замежнае літаратуры. Найбольшай сярод іх зьяўляецца мастацкая літаратура.
Гісторыя
рэдагаваць17 сакавіка 1995 року выбітнымі беларускімі навукоўцамі й пісьменьнікамі як зь Беларусі, так і замежжа быў створаны й зарэгістраваны Міжнародны Фонд «Беларускі кнігазбор», галоўнай мэтай якога было — збор матэрыялаў і падрыхтоўка да друку аднайменнага 200-томнага кніжнага праекту. Ідэя была распрацаваная беларускім пісьменьнікам і літаратуразнаўцам Кастусём Цьвіркам. Сярод заснавальнікаў Фонду былі: Н. Гілевіч, Р. Барадулін, С. Шушкевіч, Р. Гарэцкі, В. Зуёнак, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, А. Клышка, Г. Вінярскі, В. Кіпель, Я. Запруднік, А. Баршчэўскі, А. Каўка, В. Сёмуха і інш. Нязьменнымі кіраўнікамі зьяўляюцца К. Цьвірка (прэзыдэнт, надалей кіраўнік і галоўны рэдактар) і Г. Вінярскі (выканаўчы дырэктар). «Беларускі кнігазбор» меў дзьве філіі — у Вільні (кір. Лілея Плыгаўка) і ў СПБ(кір. Мікалай Нікалаеў). Распачыналі дзейнасьць тры чалавекі — К. Цьвірка (прэзыдэнт), Г. Вінярскі (выканаўчы дырэктар) і Марына Адамовіч (гал. рахункаводка й юркансультантка).
У 1995 року была выдадзеная брашура плян-каталёг сэрыі. Першай надрукаванай кнігай стала «Ян Чачот. Выбраныя творы» (1996 год). Першыя тамы Фонд выдаваў пры частковай дзяржаўнай субсыдыі, пазьней — за ўласныя сродкі й пры дапамозе спонсараў. Наклады першых тамоў былі ад 4000 да 10000 («Філяматы і Філарэты»).
У сувязі са зьмяненьнямі ў заканаўстве ў 2006 годзе зьмяняліся назвы з МФ «Беларускі кнігазбор» на МГА «Беларускі кнігазбор» і на МГА «Белкнігазбор». Напрыканцы 2018 року Аб’яднаньне спыніла сваю дзейнасьць, але каардынаваньне працы па збору й апрацаваньні матэрыялаў, па падрыхтоўцы да друку кніг праекту «Беларускі кнігазбор» працягвае ПУП «Кнігазбор». З заплянаваных 200 на стан 2019 року было выдадзена каля 100 кніг; шэраг аўтараў выдадзеныя ўпершыню пасьля замоўчваньня ў савецкія часы.
Выдавецкая дзейнасьць
рэдагавацьПраект «Беларускі кнігазбор» складаецца зь трох асноўных сэрыяў:
- «Мастацкая літаратура»;
- «Гістарычна-літаратурныя помнікі»;
- «Пераклады замежнай клясыкі».
Узнагароды
рэдагаваць- 2019 — у сьнежні 2019 року падчас, прэзэнтацыі 100-тага тома выданьня, нагруднымі значкамі імя У. М. Ігнатоўскага быў адзначаны кіраўнік праекту «Беларускі кнігазбор» і ўкладальнік кніг Кастусь Цьвірка. Падзяку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі атрымала ўкладальніца кніг праекту Лідзія Савік. Граматамі аддзяльеньня гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўзнагароджаныя навуковы супрацоўнік і ўкладальнікі выданьняў кнігазбору Міхась Тычына, Аляксандр Бразгуноў, Тэрэза Голуб, Генадзь Вінярскі.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Старонка «Беларускага кнігазбору»
- «Літаратура — гэта грунт нацыі». Размова са стваральнікам «Беларускага кнігазбору» // www.svaboda.org (18 студзеня 2021)
- Грушэцкі А. «Беларускаму Кнігазбору» – 25!. Новы Час (18 студзеня 2021).
- Будовіч, Я. Стаўка на перспектыву // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: 20 студзеня 2019. — В. 5054. — № 49. — С. 4
- Кнігазбор. Oz.by. (18 студзеня 2021)
- Святочная вечарына “Збіраўся скарб: 50 тамоў “Беларускага кнігазбору”. ЗБС «Бацькаўшчына» (18 студзеня 2021 г.)
- Аляксандра Дорская Выдавец Генадзь Вінярскі: «Беларускі пісьменнік павінен сам займацца сваёй раскруткай». Будзьма беларусамі! (18 студзеня 2021)
- Філаматы і філарэты : зборнік. НББ. (18 студзеня 2021)