Раманаўская Слабада
Раманаўская Слабада, Раманаўскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў заходняй частцы места, на паўднёвы ўсход ад юдэйскіх могілак, на рацэ Нямізе.
На паўночны захад ад Раманаўскай Слабады пачынаецца Пляшчанка, на поўнач — Татарская Слабада, на паўночны ўсход — Ракаўскае прадмесьце, на паўднёвы ўсход — цэнтральнае Новае Места[1][2].
Гісторыя
рэдагавацьУ пачатку XX ст. Раманаўская Слабада ўваходзіла ў першую, чацьвертую і пятую паліцэйскую частку места. Праз прамесьце праходзілі Каралеўскі шлях (пазьней Раманаўска-Койданаўская, Новамаскоўская, цяпер Мясьнікова), Затурэмны завулак (ішоў паралельна Мясьнікова), што пралягаў уздоўж муроў менскага турэмнага замка. Бліжэй да Юбілейнага пляцу знаходзіліся ў Раманаве вуліцы Загародняя (цяпер Караля), Новараманаўская (Раманаўская Слабада), Сухая. Каля юдэйскіх могілак прытуліліся вуліцы Жыдоўская (Калектарная) і Майсееўская (Перакопская)[3].
У 1993 року менскія ўлады надалі вуліцы Рэспубліканскай (колішняй Новараманаўскай) назву Раманаўская Слабада[4].
Старыя адрасы
рэдагаваць- Загародняя, 18, дом Пухальскага. Кватэра В. Зелязея, супрацоўніка бібліятэкі імя Пушкіна. У 1906 року тут адбыўся ІІ зьезд БСГ, які прыняў аграрную праграму ліквідацыі зямянскага землеўладаньня. Цяпер на гэтым месцы вышынны будынак з аптэкай (Караля, 6)[5].
- Рог Каралеўскага шляху і Жыдоўскай, 18/1, дом Ліхтэрмана. Тэатральная заля «Парыж», дзе выступалі гастралёры. У іх ліку быў тэатар Ігната Буйніцкага (чэрвень 1911 року). У часы Лютаўскай рэвалюцыі служыла месцам сходаў і мітынгаў працоўных, арганізаваных РСДРП і Бундам. У 1916 року тут адкрыўся «Інтымны тэатар», а ў 1926 року — Дзяржаўны жыдоўскі тэатар БССР. Будынак зруйнавалі ў Другую Сусьветную вайну, стаяў на рагу сучасных вуліцаў Нямігі і Калектарнай, побач з уцалелым двухпавярховым будынкам зь цёмна-чырвонай цэглы.
- Каралеўскі шлях, 20. Школа рамесьніцкіх вучняў. Пачала працаваць 19 сьнежня 1896 року. Мела тры аддзяленьні: сьлясарна-кавальскае, цясьлярска-такарнае і ліцейнае. У 1902 року пры ёй зьявілася чыгуналіцейная майстэрня. Школьны будынак стаяў ля скрыжаваньня цяперашніх вуліцаў Мясьнікова і Нямігі.
- Каралеўскі шлях, 59, дом Трэгера. Кансьпіратыўная кватэра РСДРП падчас Першай Сусьветнай вайны. Будынак знаходзіўся на месцы левага крыла дома № 39 на Нямізе.
- Новараманаўская, 7, дом таварыства дапамогі бедным жыдам. Гасьцініца «Новая Рыга» М. Кругера (9 нумароў). Будынак месьціўся ў раёне цяперашняга сквэру з помнікам Адаму Міцкевічу на вуліцы Гарадзкі Вал.
- Новараманаўская, 13, дом Катон Басі. Прыватная жаночая камэрцыйная вучэльня І. Самойлы, адкрытая ўвосень 1905 року. Месьцілася на рагу сёньняшніх Гарадзкога Вала і Нямігі, у пачатку сквэру.
- Няміская, 40. Шпалерная фабрыка К. Кантаровіча (колішняя Я. Хаюціна). Новы гаспадар у 1901 року збудаваў для прадпрыемства трохпавярховую камяніцу. У 1904 року тут усталявалі паравы кацёл. У 1912 року пачалі дзейнічаць паравая машына магутнасьцю 120 конскіх сілаў і дынама-машына. Зь сьнежня 1914 року тут адкрыўся сухарны аддзел. У 1924 року шпалерня, зьмяніўшы свой профіль, пачала выпускаць абутак. Цяпер гэта менскае вытворчае аб’яднаньне «Прамень» (Няміга, 30). Захаванасьць колішняга будынка застаецца нявызначанай.
Галерэя
рэдагаваць-
Жаночая жыдоўская вучэльня, 1911 р.
-
На гістарычным Каралеўскім шляху, 1914 р.
-
Зь фільму «Лясная быль», 1926 р.
-
Скрыжаваньне Раманаўскай Слабады і Нямігі, 1941 р.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
- ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- ^ Бондаренко В. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы [1], Менск стары і новы
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.
Літаратура
рэдагаваць- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Раманаўская Слабада, Менск стары і новы (рас.)
- Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- План губернского города Минска (1903), Бібліятэка Менчука (рас.)
- Формирование территории Минска (1800—2004), Бібліятэка Менчука (рас.)
- План губернского города Минска (1898), Бібліятэка Менчука (рас.)