Дом-музэй Адама Міцкевіча
Дом-музэй Адама Міцкевіча — літаратурна-мэмарыяльны музэй у Наваградку Гарадзенскай вобласьці ў адбудаваным доме, дзе пражывалі Міцкевічы.
Дом-музэй Адама Міцкевіча | |
Месцазнаходжаньне | Наваградак, Беларусь |
---|---|
Адрас | 231400, вул. Леніна, д. 1 |
Наведнікаў |
|
Створаны | 11 верасьня 1938 г. |
Дырэктар | Мікалай Гайба |
Геаграфічныя каардынаты | 53°35′53″ пн. ш. 25°49′40″ у. д. / 53.59806° пн. ш. 25.82778° у. д.Каардынаты: 53°35′53″ пн. ш. 25°49′40″ у. д. / 53.59806° пн. ш. 25.82778° у. д. |
± Дом-музэй Адама Міцкевіча | |
mickiewicz.museum.by |
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1806—1807 гадах бацька Адама Міцкевіча пабудаваў дом у Наваградку. Па сьмерці бацькі ў 1812 годзе сям’я Міцкевічаў перайшла жыць у флігель на пляцы. Па сьмерці маці 9 кастрычніка 1820 году гаспадаром дому стаў старэйшы з 4 братоў Францішак Міцкевіч. Адама Міцкевіча выслалі ў Расею. Аляксандар Міцкевіч меў праўную практыку ў Кіеве. Самы малодшы Юры Міцкевіч працаваў лекарам на Валыні. У 1833 годзе ў Францішка адабралі дом за ўдзел у пастаньні 1830—1831 гадоў. У 1863 годзе згарэў драўляны флігель. У 1881 годзе згарэў і дом, які адбудавалі ў зьмененым выглядзе празь некалькі гадоў. 16 верасьня 1920 году Рэвалюцыйны камітэт Наваградзкага павету выдаў Загад аб стварэньні музэю і бібліятэкі імя Адама Міцкевіча ў доме, дзе той жыў. Праз 2 тыдні Польскае войска заняло Наваградак у ходзе польска-савецкай вайны. 28 чэрвеня 1931 году Міцкевічаўскі камітэт на чале з наваградзкім ваяводам Зыгмунтам Бачковічам усталяваў на былым доме Міцкевічаў памятную дошку з надпісам па-польску: «Тут на заранку жыцьця раскрыў крылы для паэтычнага ўзьлёту Адам Міцкевіч». У 1936 годзе ў флігелі разьмясьцілі экспазыцыю будучага музэю. Першым кіраўніком музэю стаў Уладзіслаў Ляруй[1].
Дом-музэй быў адкрыты для наведвальнікаў 11 верасьня 1938 р. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР 3 сьнежня 1940 году Савет народных камісараў БССР зацьвердзіў Пастанову аб перадачы дома-музэю Народнаму камісарыяту асьветы БССР. Бюджэт на 1941 год прадугледжваў рамонт музэю і стварэньне бібліятэкі. У музэі знаходзіліся судовыя акты бацькі і дзеда Адама Міцевіча, напісаныя гусіным пяром, лісты Адама Міцкевіча да сяброў і Марылі Верашчакі, кнігі з хатняй бібліятэкі ў Парыжы. У музэі былі памяткі пра Марылю Верашчаку: абкаваны абручамі куфар, люстэрка, шаль і крыж зь яе спальні, фатаздымкі. У чэрвені 1941 быў разбураны нямецкай авіябомбай, а ў 1945 большасьць зьвязаных з паэтам экспанатаў вывезеная ў Польшчу. У 1948 годзе Наваградзкі Савет дэпутатаў працоўных ухваліў рашэньне аб аднове музэю. Экспазыцыя грунтавалася на рэчах дасланых з музэю Адама Міцкевіча ў Варшаве і іншых установаў Беларусі, Польшчы, Летувы, Расеі і Ўкраіны[1]. У гонар стагодзьдзя сьмерці Міцкевіча 26 лістапада 1955 музэй быў адчынены наноў.
У 1989—1990 роках польская фірма «Budimex» правяла рэканструкцыю, пасьля чаго дом-музэй набыў сучасны выгляд. Быў адноўлены галоўны будынак па ўзору пачатку ХІХ стагодзьдзя, на тэрыторыі сядзібы пабудаваны флігель (малы жылы дом), які злучаецца з асноўным будынкам падземным пераходам, а таксама сьвіран, студня, альтанка. 12 верасьня 1992 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё новай экспазыцыі, перададзенай варшаўскім музэем літаратуры тэрмінам на 9 рокаў.
Дзеючая сёньня экспазыцыя адкрытая 25 траўня 2001 р. Работы па яе стварэньні за сродкі бюджэту Наваградзкага раёну выкананы прадпрыемствам «Менскі мастацкі камбінат». Дырэктарам музэю — Мікалай Гайба. Аўтары навуковай канцэпцыі — супрацоўнікі дома-музэю.
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьТэрыторыя музэю складае 0,47 га. Агульная плошча будынкаў музэю — 659 м². Зь іх: экспазыцыйная плошча музэю — 215 м², выставачная плошча — 90 м².
Экспазыцыя
рэдагавацьАгульная колькасьць музэйных прадметаў — каля 8000 адзінак.
Экспазыцыя разьмешчана ў 5 залях і выставачнай галерэі.
У 1-й залі прадстаўлены матэрыял пра сям’ю А. Міцкевіча (дакумэнты, партрэты бацькоў, братоў), знаходкі з археалягічных раскопак на радзіме паэта ў в. Завосьсе Баранавіцкага раёну, падручнікі для павятовых школ, сярод якіх падручнік па матэматыцы 1772.
Экспазыцыя 2-й залі зьвязана з бацькам А. Міцкевіча і яго адвакацкай практыкай. Сярод экспанатаў: пратаколы судовых пасяджэньняў, кішэнны гадзіньнік, падсьвечнік, чарнільны прыбор, шафы пачатку XIX ст., дзе захоўваюцца юрыдычная літаратура і кнігі, выдадзеныя да 1812, у тым ліку «Біблія» на францускай мове 1775. Асобны разьдзел прысьвечаны паўстаньню пад кіраўніцтвам Т. Касьцюшкі.
У 3-й залі (былая гасьцёўня) экспануюцца мэбля XIX ст., парцалянавы і фаянсавы посуд канца XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў, настольны гадзіньнік канца XVIII ст., які знаходзіўся ў 1822 у пакоі А. Міцкевіча ў Вільні, матэрыялы пра вучобу паэта ў Віленскім унівэрсытэце і пачатак яго творчасьці.
Экспазыцыя 4-й залі прысьвечаная знаходжаньню А. Міцкевіча ў Расеі. Тут захоўваюцца копіі кніг А. Міцкевіча, выдадзеных у Расеі й іншых краінах, копіі партрэтаў «А. Міцкевіч» Ё. Аляшкевіча і «А. Міцкевіч на гары Аю-Даг» В. Ваньковіча, партрэты расейскіх паэтаў і пісьменьнікаў, якія захапляліся творчасьцю А. Міцкевіча, раяль і мэбля XIX ст.
Пэрыяд знаходжаньня А. Міцкевіча ў Нямеччыне, Швайцарыі, Італіі, Францыі прадстаўлены матэрыяламі экспазыцыі 5-й залі. Сярод экспанатаў: партрэты жонкі і дзяцей пісьменьніка, Я. Гётэ, Ф. Шапэна, Н. Орды, М. Агінскага і інш., копія першага выданьня паэмы «Пан Тадэвуш», дакумэнты пра апошнія дні А. Міцкевіча, бронзавая мадэль помніку (1909—29) паэту ў Парыжы, набытая музэем у 1937 ва ўдавы скульптара Э. А. Бурдэля.
Выставы
рэдагавацьУ выставачнай галерэі штогод праходзяць каля 10 выставаў. Дзейнічаюць пастаянныя выставы: этнаграфічная «Малюнкі сельскага жыцьця»; «Сьвет кухні Міцкевічаў», дзе экспануецца керамічны посуд XIX ст.; «„Паэма Пан Тадэвуш“ — праз гады і народы», на якой прадстаўлена больш 70-ці выданьняў твора, пачынаючы зь сярэдзіны XIX ст., у тым ліку на замежных мовах.
Экскурсіі
рэдагавацьАглядная экскурсія ўлучае наведваньне галоўнага будынка, падвальных памяшканьняў і выставачнай тэрыторыіі, флігеля.
Тэматычныя экскурсіі:
- Жанчыны ў жыцьці і творчасьці А. Міцкевіча (для навучэнцаў і дарослых). У экскурсіі робіцца акцэнт на ўплыў жанчын (М. Верашчака, К. Яніш, К. Сабаньска, Е. Г. Анквіч, М. Шманоўская і інш.) на жыцьцёвы і творчы шлях паэта.
- Расейскі пэрыяд жыцьця Адама Міцкевіча (для ўсіх катэгорыяў). А. Міцкевіч пражыў у Расеі амаль 5 рокаў (1824—1829). Апавядаецца пра яго жыцьцё ў Пецярбургу, Адэсе, Крыме, Маскве, пра творчыя ўзаеміны з расейскімі паэтамі (А. Пушкін, М. Палявы, В. Жукоўскі і інш.), пра творы гэтага пэрыяду, дзе А. Міцкевіч па словах М. Палявога быў «ня толькі як першы польскі паэт, але як амаль першы сярод сёньня існуючых».
- Шляхецкія сядзібы Наваградчыны (сярэдні і старэйшы школьны ўзрост, дарослыя). У экскурсіі распавядаецца пра сядзібы ў Завосьсі, Туганавічах, Шчорсах, пра іх архітэктурныя і пляніровачныя асаблівасьці, пра іхніх уладальніках і ролю гэтых людзей у жыцьці А. Міцкевіча і гісторыі Беларусі.
- Адам Міцкевіч у творчасьці мастакоў і скульптараў (для ўсіх катэгорыяў). Аповед пра зьмешчаныя ў экспазыцыі і зборах работы Аляшкевіча, Арлоўскага, Ваньковіча, Бурдэля, д’Анжэ, Назарэнкі, Панкратава, Кашкурэвіча і іншых.
Працуе сувэнірны шапік.
Асьветніцкая дзейнасьць
рэдагавацьШтогод музэй наведвае больш за 20 тыс. чалавек, зь іх 10—15% — замежныя турысты. Ладзіцца больш за 600 экскурсіяў на беларускай, расейскай, польскай і ангельскай мовах. Пэрыядычна арганізоўваюцца і праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, навуковыя канфэрэнцыі, прэзэнтацыі выставаў і кніг, батлеечныя спэктаклі і іншыя мерапрыемствы. Наладжана супрацоўніцтва з музэямі Беларусі, Расеі, Польшчы, Летувы.
За час работы новай экспазыцыі (з 2001) Дом-музэй двойчы быў прызнаны найлепшай установай культуры Гарадзенскай вобласьці, стаў ляўрэатам 1-га Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «найлепшы музэй», мае падзячныя пісьмы Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, Беларускай камісіі ЮНЭСКО і інш. 2 супрацоўнікі музэю сталі ляўрэатамі прэміі Гарадзенскага аблвыканкаму імя А. І. Дубко ў намінацыі «За творчыя дасягненьні ў галіне культуры».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Барыс Пракопчык. Тут ён раскрыў крылы // Зьвязда : газэта. — 11 верасьня 2013. — № 170 (27535). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
рэдагаваць- М. П. Гайба. Міцкевіча Адама Дом-музей / Мицкевича Адама Дом-музей // Музеі Беларусі — Мн. БелЭН, 2008. — С. 391—396
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьДом-музэй Адама Міцкевіча — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў