Алімпія Сьвяневіч
Алімпія Сьвяневіч (па-польску: Olimpia Swianiewiczowa, па-летувіску: Olimpija Svianievičiova; у дзявоцтве Алімпія Замбжыцкая; 1 сьнежня 1902, Гомель[1], Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер Беларусь — 15 чэрвеня 1974, Галіфакс, Канада) — польска-беларуская фальклярыстка, этнографка, географка, геалягіня, геамарфалягіня, мовазнаўца, гістарычка літаратуры, настаўніца, пэдагогіца, дасьледніца творчасьці Адама Міцкевіча.
Алімпія Сьвяневіч | |
па-польску: Olimpia Swianiewiczowa (Zambrzycka) | |
Алімпія Сьвяневіч (паміж 1930 і 1939 гг.) | |
Герб «Касьцеша» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 1 сьнежня 1902 Гомель, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер Беларусь |
Памерла | 15 чэрвеня 1974 (71 год) Галіфакс, Канада |
Род | Замбжыцкія |
Бацькі | Юзэф Зыгмунт Лукаш Замбжыцкі (1861-1948) Зоф’я Замбжыцкая з роду Віткоўскіх гербу герб «Навіна» (1870-?) |
Муж | Станіслаў Сьвяневіч |
Дзеці | Марыя Нагенць, Вітальд Сьвяневіч, Ежы Сьвяневіч, Бэрнадэта Сьвяневіч-Шчэглоўская |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | фальклярыстка, этнографка, географка, мовазнаўца, гістарычка літаратуры |
Жанр | фальклёр |
Мова | польская мова і беларуская мова |
Значныя творы | Інтэрпрэтацыя Дзядоў Міцкевіча на падставе скарба беларускай культуры |
Паходжаньне
рэдагавацьАлімпія Сьвяневіч паходзіла са знакамітага роду Замбжыцкіх, якія валодалі землямі на Меншчыне й на тэрыторыі сёньняшняй Летувы. Радавым маёнткам Замбжыцкіх была Вязынка, менавіта у Замбжыцкіх арандаваў зямлю Дамінік Луцэвіч, бацька Янкі Купалы. З роду Замбжыцкіх паходзіў, напрыклад, Станіслаў Замбржыцкі (1823—1907) — беларускі краязнавец, фальклярыст, пісьменьнік. Паколькі быў інвалідам, здаваў свой фальварак у арэнду. Замбржыцкі захапляўся вывучэньнем мясцовых курганаў і першым апісаў гарадзішча ў Вязынцы.[2]. Станіслаў Замбржыцкі ажаніўся з Алімпіяй Чэкатоўскай[a], якія й прыходзіліся Алімпіі Сьвяневіч роднымі дзедам і бабуляй[3].
Біяграфічныя звесткі
рэдагавацьДзіцячыя гады
рэдагавацьАлімпія нарадзілася 1 сьнежня 1902 году ў шляхецкай сям’і Юзэфа Замбжыцкага й Зоф’і Замбжыцкай (у дзявоцтве Віткоўскай). Бацька Алімпіі працаваў машыністам, але пасьля арышту расейскімі ўладамі страціў магчымасьць там працаваць. У сям’і апроч Алімпіі было яшчэ трое дзяцей, бацькі Алімпіі, як і ў шматлікіх тагачасных шляхецкіх сем’ях, культывавалі памяць аб Студзеньскім паўстаньні. Маці Алімпіі арганізвала нават грэпсовую пошту для зьняволеных паўстанцаў, пра што потым узгадываў ва ўспамінах Апалінар Сьвентаржэцкі[4]. Некаторы час Алімпія пад жыла Менскам. У 1906 г. бацька Алімпіі атрымаў радавы маёнтак Вязынку ў спадчыну, пасьля чаго сям’я пераехала туды, дзе Алімпія правяла дзіцячыя гады[b]. Сям’я Алімпіі не была надта заможнай, таму дзецям прыходзілася дапамагаць бацькам займацца гаспадаркай маёнтку. Сваё дзяцінства Алімпія часта ўзгадывала. Асабліва ёй запомніўся жабрак, які прыходзіў у Вязынь кожны год аж да пачатку першай сусьветнай вайны, расказваў «патрыятычныя» навіны, якія датычылі шансаў палякаў вызваліцца з-пад расейскай улады. Бацька Алімпіі Юзэф падтрымліваў традыцыі навакольнага сялянства, таму ў 1912 г. аднавіў на пагорку «Арарат» кастры на сьв. Яна, якія праваслаўнае духавенства й расейская паліцыя забаранілі шмат гадоў назад, на якія жыхары Сяледчык, Ліпеня й Крыніцы зьбіраліся ў такой вялікай колькасьці, што праз год усьлед за іх прыкладам пайшла вёска Гірэвічы. Кантактуючы зь сялянамі, дзяўчына набіралася ведаў пра нацыянальную гісторыю і гісторыю павету, гісторыю рэлігіі, забабоны й вераваньні. З малых гадоў яна ўдзельнічала ў абрадах беларускай вёскі. На Вялікдзень яна разам вясковымі дзецьмі сьпявала «Малога шкаляра», назаўтра хадзіла па хатах разам з валачобнікамі, разам зь імі зьбірала падарункі — бачок і каўбасы. У сьвяты вечар напярэдадні перад днём сьв. Яна разам зь сястрой яна мылася ў пшанічнай расе й, захоўваючы маўчаньне, хутка клалася спаць з надзеяй, што ёй прысьніцца вешчы сон. Яна таксама ўдзельнічала ў сельскагаспадарчых працах: пасьвіла зь дзяўчатамі сьвіней, паганяла коней падчас малацьбы збожжа. Яна пастаянна суправаджала сьвінапаса, сірату Базыля Шарэнду. Ён расказваў шматлікія мясцовыя легенды й паданьні, якія пачуў ад дзядзькі Ільюка Шарэнды. Так яна даведвалася аб прымусовым пераводзе беларускіх уніятаў ў праваслаўе. З размоваў з Базылём і Ільюком, а таксама з Лукашам Грышалем зь вёскі Крыніца ведала, што ў 1865 г. сілай перавялі мясцовы уніяцкі касьцёл «на магілах», пабудаваны яе прадзедам. Калі парафіяне баранілі сваю сьвятыню, казакі разагналі вясковую грамаду нагайкамі й «сьлёзы Рагнеды журчалі ў рэчцы Княгінцы»[6].
Юнацтва
рэдагавацьЗ 1919 году Алімпія добраахвотна служыла ў Войске Польскім у якасьці кур’еркі, такім чынам прымала ўдзел у польска-савецкай вайне. Пасьля вайны скончыла унівэрсытэту імя Стэфана Баторыя ў Вільні па спэцыяльнасьці геаграфія, геалёгія. У 1926 г. папралася шлюбам з эканамістам Віленскага ўнівэрсытэту Станіславам Сьвяневічам, выхоўвала чатырох дзяцей. З 1928 году працавала настаўніцай геаграфіі. У 1936—1941 годзе была настаўніцай геаграфіі ў віленскай гімназыі сясьцёр бэнэдыктак(pl), зачыненага савецкімі ўладамі ў 1946 годзе.
Навуковая дзейнасьць у галіне геамарфалёгіі
рэдагавацьПершы досьвед геалёгіі атрымала працуючы асыстэнткай Мечыслава Ліманоўскага(pl) ў галіне геамарфалёгіі. Удзельнічала ў дасьледаваньні Вяльлі й тэрасаў даліны(lt) ракі Вака[7]. Разам зь вядомай этналягіняй Цэзарыяй Бадуэн дэ Куртэнэ(pl) [c] апісала тэрасы Вяльлі ў ваколіцах Вільні[8].
Навуковая дзейнасьць у галіне этнаграфіі й фальклярыстыкі
рэдагавацьУ 1920—1930-я гады Алімпія Сьвяневіч у ваколіцах Вязынкі пачала займацца зьбіраньнем народных песьняў, арганізоўвала ў Маладэчне, Радашкавічах, Вільні выставы беларускіх тканінаў і нацыянальнага адзеньня, адначасова з тым дасьледавала творчасьць Адама Міцкевіча.
Ваенныя годы
рэдагавацьВаенныя гады й першы год пасьля заканчэньня вайны яна правяла ў Вязынцы й Вільне, у разлуцы з мужам, які ў апошні момант быў выратаваны ад расстрэлу ў Катыні, пасьля чаго быў вязьнем Лубянкі й гулагаў (савецкія ўлады спадзяваўся выкарыстаць яго веды ў галіне нямецкай эканомікі), а потым не пасьпеў далучыцца да арміі Андэрса й у рэшце, пасьля працяглага знаходжаньня ў Тэгеране й Ерусаліме, застаўся ў Вялікабрытаніі.
Пасьляваенныя годы
рэдагавацьУ 1946 годзе Алімпія Сьвяневіч разам з чатырма дзецьмі змагла рэпатрыявацца ў Польшчу й пасялілася ў Тчэве дзе выкладала геаграфію й біялёгію ў мясцовай адміністрацыйна-гандлёвай сярэдняй школе[d]. У Тчэве дасьледніца зацікавілася фальклёрам кашубаў, дасьледавала дзейнасьць стваральніка кашубскай граматыкі й першага кашубскага пісьменьніка Флярыяна Цэйновы(pl), вядомага як «Будзіцель кашубаў». Дзякуючы частым скажэньням прозьвішча яна пазьбегла рэпрэсый, зьвязаных зь дзейнасьцю мужа, які раскрыўшы на Захадзе праўду пра Катынскае злачынства. Будучы шматгадовым сябрам Польскага эскурсыйнага таварыства, яна стала ініцыятарам дзейнасьці ў гэтай установе Эскурсыйнага клюбу школьнай моладзі (у далейшым пад эгідай Польскага турыстычна-эскурсыйнага таварыства). У 1957 годзе яна пакінула краіну й далучылася да мужа ў Інданэзыі. З 1963 года разам з мужам жыла ў Паўночнай Амэрыцы. Спачатку пасяліліся ў Злучаныя Штаты Амэрыкі ў невялікім горадзе Нотр-Дам(en), у штаце Індыяна, дзе ў 1967 годзе падчас Шасьцідзённай вайны разам з мужам падпісала ліст «Салідарнасьці зь Ізраілем», падрыхтаваны Юзэфам Чапскім[9]. Потым пераехалі ў Канаду, пасяліліся дя гораду Галіфакс, у правінцыі Новая Шатляндыя. Памёрла 15 чэрвеня 1974 году каля Галіфаксу, дзе й былі пахаваны разам з мужам.
Сям’я
рэдагавацьБыла замужам за эканамістам Віленскага ўнівэрсытэту Станіславам Сьвяневічам, у шлюбе мела чатырох дзяцей: Марыя Нагенць(pl)[e], Вітальд Сьвяневіч, Ежы Сьвяневіч, Бэрнадэта Сьвяневіч-Шчэглоўская[f]. Унук Алімпіі Сьвяневіч Павал Сьвяневіч(pl) стаў вядомым у Польшчы эканамістам і географам, нейкі час займаў пасады дарадцы прэзыдэнта Польшчы.
Дасьледаваньне творчасьці Адама Міцкевіча
рэдагавацьПрадметам асаблівай цікавасьці Алімпіі Сьвяневіч ў эміграцыі стаў фальклёр і ў асаблівасьці тэма выкарыстаньня беларускага фальклёру ў творчасьці Адама Міцкевіча. У сакавіку 1971 г. яна выступіла ў «Польскім Навуковым Таварыстве» ў эміграцыі ў Лёндане з дакладам "Інтэрпрэтацыя «Дзядоў Міцкевіча на аснове беларускага фальклёру» (які быў адданы ў друк ў «Штогоднікам Польскага Навукова Таварыства на эміграцыі(pl)» том 21, 1970/1971)[10]. Больш шырокая праца на гэтую тэму, першапачаткова прадстаўленая для публікацыі ў парыскай «Культуры», засталася ў машынапісе. Увогуле пачатак дасьледаваньня творчасьці Адама Міцкевіча паходзіць яшчэ з ўнівэрсытэцкіх часоў Алімпіі Сьвяневіч, якая мела вельмі добрую этнаграфічную майстэрню ў Віленскім унівэрсытэце Стэфана Баторыя. На цікавасьць да этнаграфіі паўплывалі яе настаўнікі ў гэтае галіне Цэзарыя Бадуэн дэ Куртэнэ Эрэнкройц Янджэевіч(pl) й знакаміты дасьледнік Палесься Казімер Машынскі(pl) Алімпію цікавілі вытокі беларускага сьвята Дзяды. Дзеля гэта дасьледавала народны фальклёр у вёсцы Сяледчыкі[g]. Падчас этнаграфічных дасьледаваньняў Алімпіі Сьвяневіч узьнікла навуковая спрэчка зь вядомым прафэсарам Станіславам Піганям(pl), які таксама дасьледаваў Дзяды, толькі каля Коўна й Вільні, але сьцьвярджаў, што Дзяды паходзяць ад веснавога абраду — Радаўніцы, якое нібыта прыйшло з праваслаўем[11]. Алімпія Сьвяневіч насуперак Станіславу Піганю даказвала, што Дзяды маюць паганскія, дахрысьцінянскія карані[12]. У Польскім навуковым таварыстве на эміграцыі яна апублікавала на гэтую тры артыкулы: «Пахаваньне, памінкі й Дзяды ў вёсцы Сяледчыкі», «Беларускія Дзяды» і «Інтэрпрэтацыя Дзядоў Міцкевіча паводле беларускага фальклёру». У 2018 годзе дзякуючы Торуньскаму Этнаграфічны музэ. імя Марыі Знамяроўская-Пруфэрава й дасьледніцы Гражыны Харытанюк-Міхей, якая напісала прадмову да выданьня, нарэшце выйшла манаграфія Алімпіі Сьвяневіч «Interpretacja Dziadów Mickiewiczowskich na podstawie skarbca kultury białoruskiej» [13]. Алімпія Сьвяневіч таксама рыхтавала дысэртацыю пра постаць Макрыны Мечыслаўскай, але так і не змагла яе скончыць.
Сяброўства зь сям’ёй Янкі Купалы
рэдагавацьЯшчэ іншая сувязь яднала Замбжыцкіх зь беларускай культурай. Паводле хатняй традыцыі іх сяброўства зь сям’ёй Янкі Купалы ішло на некалькі пакаленьняў углыб. Бацька вялікага паэта трымаў у арэндзе фальварак, які належаў да маёнтку Вязынка. Зноў жа паводле сямейнай традыцыі будучы паэт павінен быў вычыцца чытаць пры двары. Будучая жонка паэта Ўладзіслава, якая сябравала зь Вікторыяй Баброўскай[h], выдатна ведала польскую мову, у маладосьці ўдзельнічала ў тайным навучаньні. Баброўская неаднаразова абараняла яе ў судзе, гаварыла: «Дай, коцечка, мне свой выклік, пайду за цябе, і ўсё будзе добра», потым сама ішла ў паліцэйскі ўчастак. На гэта паліцыя ў Менску: «Поймаем — молодая учит, как вызовем в канцелярию — старуха является»[14].
Працы
рэдагаваць- Olimpia Swianiewiczowa. Interpretacja Dziadów Mickiewiczowskich na podstawie folkloru Rocznik Polskiego Towarzystwa Naukowego na Obczyźnie. — 1972. — T. XXI. — S. 1-12.
- Olimpia Swianiewiczowa, Interpretacja Dziadów Mickiewiczowskich na podstawie skarbca kultury białoruskiej. — Toruń: Muzeum Etnograficzne im. Marii Znamierowskiej-Prüfferowej w Toruniu, 2018. — 156 с. — ISBN 8361891218, ISBN 9788361891215
- Stanisław Apolinary Zambrzycki, Wiersze, z komentarzem Olimpii Swianiewiczowej, redaktorzy Maria Swianiewicz-Nagięć. — Pruszków: Oficyna Wydawnicza "Rewasz", 2022. — 294 с. — ISBN 978-83-8122-061-3
Бібліяграфія
рэдагаваць- Н. Тэйлар-Тэрлецка, Пранікненне ці сімбіёз культур? Двор Замбжыцкіх у Вязыні. Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы), Мінск, 2010. С. 197—202.
- Grażyna Charytoniuk-Michiej, Obrzęd dziadów w dokumentach i cyklu Mickiewicza, Slawistyczny Ośrodek Wydawniczy (SOW). Instytut Slawistyki Polskiej Akademii Nauk, Warszawa 2011, ss. 298
- (N. Taylor, Prawzór «Dziadów» Mickiewiczowskich w nowym świetle (na podstawie badań Olimpii Swianiewiczowej), w: Wilno i ziemia Mickiewiczowskiej pamięci, t. 2: W kręgu literatury i sztuki, pod. red. E. Feliksiak, E. Sidoruk, Białystok 2000
- Stanisław Swianiewicz (1899—1997) : ekonomista, sowietolog, historyk / pod. red. Benona Gazińskiego. Olsztyn : Instytut Nauk Politycznych Uniwersytetu Warmińsko-Mazurskiego, 2010.
- Jerzy Starnawski, Olimpia Swianiewiczowa, w: Słownik badaczy literatury polskiej, tom IV (redaktor Jerzy Starnawski), Wydawnictwo Uniwersytetu Łódzkiego, Łódź 2001, s. 328 (там м.ін. дапушчана памылка ў дзявочым прозвьшчы Zembrzyska і назьве роднага маёнтку Wiazynia)
- Gaigalas, A., 2003. Geologija Stepono Batoro universitete (1919—1939). «Geologija Vilniaus universitete, Tarptautinės konferencijos medžiaga». Vilniaus universiteto leidykla, Vilnius,43-70.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Алімпія Чэкатоўская прыходзілася хроснай маці Янку Купалу.
- ^ Невядома ці была Алімпія Сьвяневіч асабіста знаёмая зь Янкам Купалам праз тое, што сям'я Луцэвічаў пакінула Вязынку да пераезду бацькоў Алімпіі, але вядома, што Алімпія сябравала з жонкай Купалы Уладзіславай Луцэвіч[5].
- ^ Цэзарыя была дачкой вядомага польскага мовазнаўцы Яна Нечыслаў Бадуэн дэ Куртэнэ(pl), які акрамя навуковай дзейнасьці быў знакаміты нетыповымі для таго часу ідэямі фэмінізму, экалягізму, пацыфізму
- ^ У Тчэве Алімпія разам з чатырма дзецьмі апынулася без падтрымкі, атрымлівала дапамогу ў выглядзе адзеньня, якое выдала амэрыканская арганізацыя UNRRA. Пасьля прыезду яна была зьдзіўлена тым, што ў Памор’і генэрала Юзэфа Гальлера, якога лічылі адным з вызваліцеляў заходніх земляў, шанавалі больш, чым Юзэфа Пілсудзкага, які больш імкнуўся далучыць тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.
- ^ Стала вядомай біялягіняй.
- ^ Займалася ў тым ліку біяграфічнымі дасьледаваньнямі сваіх бацькоў, таксама памяцьцю аб ахвярах Катынскага расстрэлу. Апісвала сваю маці, як асобу рэлігійную й разважлівую.
- ^ У 1972 годзе Сяледчыкі і іншыя навакольныя населеныя пункты былі аб’яднаны з Вязынай у адну вёску, на сёньняшні момант аб былой вёсцы нагадвае вуліца “Сяледчыкі” ў Вязынцы на месцы былой вёскі.
- ^ Вікторыя Баброўская - родная цётка Алімпіі Сьвяневіч і арганізатарка падпольнага навучаньня польскай мове.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Н. Тэйлар-Тэрлецка, Пранікненне ці сімбіёз культур? Двор Замбжыцкіх у Вязыні. Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы), Мінск, 2010. С. 198.
- ^ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Замбржыцкі» — С. 239.
- ^ Н. Тэйлар-Тэрлецка, Пранікненне ці сімбіёз культур? Двор Замбжыцкіх у Вязыні. Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы), Мінск, 2010. С. 197.
- ^ Kowalewska Zofja Ze wspomnień wygnańca z roku 1863. — Wilno: Księgarnia Józefa Zawadzkiego, 1911. — С. 216. — 262 с.
- ^ Н. Тэйлар-Тэрлецка, Пранікненне ці сімбіёз культур? Двор Замбжыцкіх у Вязыні. Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы), Мінск, 2010. С. 201.
- ^ Н. Тэйлар-Тэрлецка, Пранікненне ці сімбіёз культур? Двор Замбжыцкіх у Вязыні. Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы), Мінск, 2010. С. 198.
- ^ Swianiewiczowa, O., 1938. «Proneries terasės Vokės slėnyje» (vertė B. Tijūnaitytė), Kosmos, t. XIX, 143—147.
- ^ Swianiewiczowa, O., Baudoin de Courtenay, K., 1929. «Terasy Wilii w obrębie miasta Wilna», Pamiętnik zjazdu Słowianskich Geografow i Etnografow w Polsce w roku 1927, t. I, Kraków, 223—224.
- ^ Józef Czapski Korespondencja. Solidarności z Izraelem. Do redaktora „Wiadomości”. — Londyn: Wiadomości (tygodnik emigracyjny), Nr 37 (1119) z 10 верасьня 1967. — С. 6. — 6 с.
- ^ Olimpia Swianiewiczowa. Interpretacja Dziadów Mickiewiczowskich na podstawie folkloru Rocznik Polskiego Towarzystwa Naukowego na Obczyźnie. — 1972. — T. XXI. — S. 1-12.
- ^ S. Pigoń, Formowanie «Dziadów» części drugiej. Rekonstrukcja genetyczna, Warszawa 1967
- ^ Grażyna Charytoniuk-Michiej, Obrzęd dziadów w dokumentach i cyklu Mickiewicza, Slawistyczny Ośrodek Wydawniczy (SOW). Instytut Slawistyki Polskiej Akademii Nauk, Warszawa 2011, ss. 298
- ^ Olimpia Swianiewiczowa Interpretacja Dziadów Mickiewiczowskich na podstawie skarbca kultury białoruskiej. — Toruń: Muzeum Etnograficzne im. Marii Znamierowskiej-Prüfferowej w Toruniu, 2018. — 156 с. — ISBN 8361891218, ISBN 9788361891215
- ^ Н. Тэйлар-Тэрлецка, Пранікненне ці сімбіёз культур? Двор Замбжыцкіх у Вязыні. Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы), Мінск, 2010. С. 201.