Язэп Семяжон
Язэ́п Семяжо́н (сапраўднае імя Ёсіф Ігна́тавіч Семяжо́наў; 16 лістапада [ст. ст. 3 лістапада] 1914 , в. Пятровічы Ігуменскага павету Менскае губэрні, Расейская імпэрыя (цяпер у Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці) — 16 жніўня 1990, Менск, БССР) — беларускі перакладнік. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982).
Язэп Семяжон | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Ёсіф Ігнатавіч Семяжонаў |
Нарадзіўся | 16 лістапада 1914 |
Памёр | 16 жніўня 1990 (75 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пераклад, паэзія |
Гады творчасьці | 1931—1990 |
Мова | беларуская мова[1], расейская мова[1], ангельская мова[1], француская мова[1], нямецкая[1], італьянская мова[1], польская мова[1], чэская мова[1], славацкая[1] і летувіская мова[1] |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і лесьніка. Пасьля заканчэньня Сьмілавіцкай сярэдняй школы (1930) працаваў у пятровіцкім калгасе «Перамога» рахункаводам, вучыўся на драматычных курсах у Менску. У 1932—1934 — актор Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатру (БДТ-3). Скончыў факультэт замежных моваў Менскага пэдагагічнага інстытуту (1938).
Курсант афіцэрскай школы ў Маскве, у 1938—1940 — камандзір узводу разьведвальнага палку. Удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, у савецка-фінляндзкай вайне, быў паранены. Настаўнічаў у роднай вёсцы. З канца 1940 да сакавіка 1942 ізноў у Чырвонай арміі, удзельнічаў у баявых дзеяньнях Другой сусьветнай вайны на заходнім фронце. У 1942—1953 — ваенны перакладнік. Дэмабілізаваўся ў 1959.
Выкладаў замежныя мовы ў Менскай сувораўскай вучэльні (1953—1960), у БДУ (1961—1975), адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь» (1962—1967). Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1954.
Быў чальцом Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, чальцом Беларускага Рэспубліканскага Камітэту «За вяртаньне на Радзіму».
Памёр 16 жніўня 1990 году ў Менску, пахаваны на Пятровіцкіх могілках, на радзіме[2] (паводле іншых зьвестак — на Паўночных могілках Менску).
Літаратурная дзейнасьць
рэдагавацьДэбютаваў вершамі ў 1931 годзе ў часопісе «Беларуская работніца і сялянка» (публікацыя ня выяўленая).
Перакладамі пачаў займацца з 1938. Перакладаў з ангельскай, францускай, нямецкай, італьянскай, польскай, чэскай, славацкай, расейскай, летувіскай і іншых моваў. У ягоным перакладзе выйшлі «Кароль Лір» Ў. Шэксьпіра («Трагедыі», 1954), кніжка паэзіі Дж. Радары «Нэапаль бяз сонца» (1955), Р. Бэрнза «Шатляндзкая слава» (1957) і «Вам слова, Джон Ячмень» (1983), раман М. Твэна «Жанна д’Арк» (з Н. Цімафеевай, 1961), складанка клясычнай і сучаснай паэзіі Віетнаму «Апалены лётас» (1968), паэма беларускага паэта-лацініста М. Гусоўскага «Песьня пра зубра» (1973), кніга выбраных перакладаў паэзіі «Сем цудаў сьвету» (1977), раман Г. Ота «Пара ў дарогу, буслы!» (з У. Чапегам, 1982), паэма А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1985), зборнік Дж. Байрана «Лірыка» (1989), камэдыі У. Шэксьпіра «Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце», «Утаймаваньне наравістай» (зборнік У. Шэксьпіра «Тры камэдыі», 1989).
Выступаў з артыкуламі па пытаньнях мастацкага перакладу.
Узнагароды
рэдагавацьУзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Дружбы народаў, Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, польскім ордэнам Залатой Зоркі Заслугі і мэдалямі.
Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1982) за пераклад паэмы М. Гусоўскага «Песьня пра зубра». Заслужаны работнік культуры Беларусі (1989).
Літаратура
рэдагаваць- Семяжон Язэп // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Семяжон Язэп // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Язэп Семяжон. Беларускі перакладчык, крытык, празаік, паэт Біяграфіі. Родныя вобразы (14 кастрычніка 2009). Праверана 3 чэрвеня 2010 г.
- Пераклады Язэпа Семяжона Беларуская Палічка. knihi.com. Праверана 18 лістапада 2014 г.