Марыля Верашчака
Марыля Верашчака (па-польску: Maryla Wereszczakówna; Марыянна Эва Верашчака (па-польску: Marianna Ewa Wereszczakówna) гербу Касьцеша (24 сьнежня 1799, Туганавічы — 28 сьнежня 1863) — шляхцянка, каханая Адама Міцкевіча, стрыечная сястра Ігната Дамейкі.
Герб «Касьцеша» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 24 сьнежня 1799 Туганавічы (цяпер Карчова, Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці) |
Памерла | 28 сьнежня 1863 |
Пахаваная | |
Род | Верашчака |
Бацькі | Антоні Верашчака Францішка Анцута |
Муж | Ваўжынец Путкамэр |
Дзеці | Станіслаў Путкамэр, Караліна Путкамэр, Зоф'я Путкамэр |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзілася ў Туганавічах як трэцяе дзіця Антонія Верашчакі, маршала шляхты наваградзкага павету і Францішкі (з дома Анцута), дачкі берасьцейскага судзьдзі.
Ахрышчаная 1 студзеня 1800 году ў Касьцёле сьвятой Ганны ў Варончы. Хроснымі бацькамі былі Іпаліт Дамэйка, зямельны наваградзкі натарыюс і Ганна Верашчака, наваградзкая падкаморая, дапамагалі Стэфан Верашчака (муж Ганны) і Караліна Дамейка (жонка Іпаліта).
Летам 1818 альбо 1819 году Адам Міцкевіч прыехаў разам з Тамашам Занам у Туганавічы, дзе і распачалося ўзаемнае, няспраўджанае і няшчаснае каханьне да Марылі Верашчакі.
На той момант Марыля Верашчака была ўжо заручоная з графам Ваўжынцам Путкамэрам гербу Бражаціцэ, зь якім пабралася шлюбам у 1821 годзе і засталася жыць у маёнтку ў Больцініках. Суседнім маёнткам у Плужынах кіраваў Міхал Верашчака, сябра Адама Міцкевіча; пасьля шлюбу Марылі там засталася жыць яе маці, а Міхал прыняў Туганавічы. 1 жніўня 1821 году ў Цырыне Адам Міцкевіч, на той час настаўнік ковенскіх школаў, з графіняй Путкамэр трымалі да хросту Францішка Саковіча.
Адам Міцкевіч бываў у Плужынах, Туганавічах і Больцініках: у Плужынах у жніўні 1821 з нагоды імянінаў каханай Міцкевіча паўстала баляда «Сьвіцязянка». Марылі быў адрасаваны верш «Да М***», упамянуты ў «Балядах і рамансах» і ў IV частцы «Дзядоў».
У чэрвені 1833 году Марыля Путкамэр з роду Верашчакаў з мужам Ваўжынцам былі арыштаваныя за сумесную дапамогу эмісару Марсэлю Шыманскаму.
Пахаваная 29 сьнежня 1863 году на цьвінтары пры касьцёле сьв. Яна Хрысьціцеля ў Беняконях.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Wawrzykowska-Wierciochowa D., Adam i Maryla. Dzieje romantycznej miłości Adama Mickiewicza i Maryli Wiereszczakówny, Instytut Wyd. Zw. Zaw., Warszawa 1990 r.
Літаратура
рэдагаваць- Krystyna Wojda, Przewodnik przedmiotowo-metodyczny.
- E. Gulczyński, Sprawa Marcelego Szymańskiego emisariusza wyprawy Zaliwskiego, Wilno 1933, s. 328