Конрад Валенрод (паэма)

Ко́нрад Валенро́д — раман-паэма Адама Міцкевіча, якая апісвае падзеі літоўскай і прускай гісторыі[1], напісаная ім у Пецярбургу паміж 1824 і 1828 гадамі. Выдадзеная ў лютым 1828 году паэма лічыцца адным з найбольш знакамітых літаратурных твораў польскага рамантызму.

Конрад Валенрод
Konrad Wallenrod, powieść historyczna z dziejów litewskich i pruskich
Першае выданьне Конрада Валенрода, Пецярбург (1828)
Жанр: эпічная паэма
Аўтар: Адам Міцкевіч
Мова арыгіналу: польская
Публікацыя: 1828
Выдавецтва: Караль Край(pl)
Электронная вэрсія
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору
Альф і Гальбан, ілюстрацыя Міхала Эльвіра Андрыёлі
«Сьмерць Конрада Валенрода», Міхал Эльвіра Андрыёлі (1895)
Конрад Валенрод, малюнак Уладзіслава Маяраноўскага (1844)

Пры нападзе на літоўскую вёску немцы, сярод іншых выкрадаюць хлопчыка Альфа. Хлопца прымае да сабе і выхоўвае, як роднага сына, сам Вялікі магістар Вінрых. Нягледзячы на добрае абыходжаньне з боку немцаў, хлопец, зьнешне скарыўшыся, употай трымае нянавісьць да Ордэну, захоўваючы гарачую любоў да зьнявечанай Радзімы, якую падаграе палонны літоўскі пясьняр, які нагадвае яму, што Альф павінен спачатку даведацца ад немцаў усё, а затым выкарыстаць веды супраць іх: «адзінай зброяю нявольнікаў ёсьць здрада». У першай жа сутычцы зь літоўцамі, у якой Альф бярэ ўдзел, ён пераходзіць на бок літоўцаў і дапамагае ім перамагчы. За ўдзел у бітве, ягоную адвагу і здольнасьць камандаваць у баі, літоўскі князь Кейстут аддае Альфу сваю дачку Альдону.

Тым ня менш, вайна працягваецца, Літва пакутуе ўсё больш і больш. Альф наведвае Ерусалім, пазьней выдае сабе за загінулага ў Сьвятой Зямлі пры невядомых абставінах графа Конрада Валенрода. Стары пясьняр падарожнічае зь ім у вобразе старога манаха Гальбана. Альф-Валенрод у сутычках з маўрамі і на рыцарскіх турнірах здабывае сабе вялікую славу. Па прыбыцьці ў ордэнскія ўладаньні, рэзыдэнцыю Вялікіх магістраў, крэпасьць Марыенбург Альф удзельнічае ў выбарах новага Вялікага магістра, дзе яго абіраюць пад імем слыннага і шляхетнага Конрада Валенрода.

Між тым, Альдона ўвесь гэты час праводзіла ў манастыры ў вежы недалёк ад Марыенбургу. Пасьля вяртаньня і абраньня Альф-Валенрод часта наведвае яе ноччу і гаворыць зь ёй пад вокнамі вежы. Між тым, пад ціскам з боку братоў-рыцараў Ордэну распачынаецца новая вайна зь Літвой. Падчас галоўнай бітвы Валенрод першым уцякае з поля бою, падстаўляючы нямецкае войска, якое прайграе бітву. Ацалелыя войскі церпяць ад голаду, бо іхныя запасы зьнішчаны літоўцамі. Нарэшце, наступае холад. Валенрод не клапоціцца аб захаваньні рэшткаў сваёй арміі, шмат рыцараў гіне ад голаду і маразоў.

Валенрода падазраюць у здрадзе, але і ён больш ня хоча помсьціць. Лічачы што ён поўнасьцю выканаў сваю клятву, Валенрод вырашае бегчы разам з Альдонай, але састарэлая Альдона ня хоча варушыць былыя адносіны і адмаўляе Альфу, жадаючы пакінуць усё так як ёсьць. Уначы да Валенрода прыходзяць змоўшчыкі, каб забіць яго, але той перш пасьпявае выпіць келіх з атрутаю. Даведаўшыся пра сьмерць Альфа, памірае і Альдона ў сваёй вежы, ня вытрымаўшы гора.

Гістарычная аснова твору

рэдагаваць

Гістарычны Конрад Валенрод сапраўды правёў некалькі паходаў супраць Літвы, якія скончыліся вялікімі паразамі Ордэну. Храністы-манахі недалюблівалі Валенрода за тое, што ён быў нядосыць шчодры да касьцёлу, адлюстроўвалі яго герэтыком і ворагам Ордэну, які панёс справядлівую кару нябёсаў. Паданьне зрабіла зь яго нават літвіна, які ўступіў быццам бы ў Ордэн з адзінай мэтай — адпомсьціць за спусташэньне сваёй Радзімы. Такім яго выявіў і Адам Міцкевіч. Акрамя таго, стварэньню Міцкевічам Конрада Валенрода папярэдніў уздым рамантычнага нацыяналізму(en) ў Нямеччыне, дзе падчас змаганьня з Напалеонам адным з сымбаляў нямецкага рамантычнага нацыяналізму становіцца гістарычная постаць нямецкага правадыра Армініюса(de), які доўгі час служыў рымлянам, каб трапіць да іх у давер, і, пасьля чаго, завёў іх у пастку ў Тэўтабургзкім лесе(de). У Тэўтабургзкай бітве(de) Армініюс разграміў тры рымскія легіёны, тым самым абараніў незалежнасьць сваёй Радзімы. Армініюс стаў сымбалем рамантычнага героя, у 1812 годзе знакамітай стала карціна рамантычнага мастака Каспара Давіда Фрыдрыха Магіла Армініюса.

Пераклады на беларускую мову

рэдагаваць

На беларускую мову сярод іншых пісьменьнікаў паэму часткова або цалкам перакладалі Янка Купала (уступ і частка І), Адам Гурыновіч (песьня «Вілія»)[2], першы поўны пераклад паэмы на беларускую мову выканаў Арцём Вярыга-Дарэўскі[3], аднак пераклад ня быў апублікаваны, а рукапіс згубіўся. Пасьля пераклад рабілі Пятро Бітэль, Кастусь Цьвірка[4].

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць
  • Пры выданьні паэмы ў Расейскай імпэрыі з тэксту рамана былі адцэнзураваныя радкі «Ты нявольнік, адзінай зброяй нявольнікаў ёсьць здрада» (Tyś niewolnik, jedyna broń niewolników jest zdrada)[5]
  • Прататыпам галоўнага героя быў Геркус Монтэ(lt).
  • Сярод некаторых прыхільнікаў тэорыі замаскаванага гістарызму рамана, паэма ўспрымаецца як алегорыя на праблемы польскіх патрыятычных колаў XIX стагодзьдзя.
  • Ва ўмовах гвалтоўнага насаджэньня чужой культуры і прымусовай русіфікацыі, па аналёгіі з гэтай вядомай паэмай Адама Міцкевіча, між патрыятычна настроенай шляхты XIX ст. былі папулярныя палажэньні «Валенрадызму», — палітычна-грамадзкага кірунку, які прадугледжваў карыстаньне выгодамі прыгнятальнікаў, якія потым будуць павернутыя супраць іх саміх; тыя этычна-маральныя палажэньні, якія мелі за аснову дактрыну Нікалё Мак’явэльлі[6][7].
  • «Конрад Валенрод» двойчы быў адаптаваны для опэры: опэра «Літвіны» (па-італьянску: I Lituani(it)) Амількарэ Панк’елі і «Конрад Валенрод» Уладзіслава Жэленскага (1885). Пад уражаньнем ад паэмы Міцкевіча Фрэдэрык Шапэн натхніўся на напісаньне сваёй ​​"Баляды №1 соль мінор"[1].
  1. ^ а б Jonathan Bellman (2009). Chopin’s Polish Ballade Op. 38 as Narrative of National Martyrdom. Oxford University Press US. p. 72. ISBN 978-0-19-533886-7.
  2. ^ Нацыянальнае канструяваньне Міцкевіча, Андрэй Катлярчук.
  3. ^ Вярыга-Дарэўскі Арцём, Леанiд Маракоў.
  4. ^ Філаматы і філарэты, Зборнік.
  5. ^ Ludwik Bazylow, Polacy w Petersburgu, 1984, s. 138—139.
  6. ^ Christopher John Murray (2004). Encyclopedia of the Romantic Era, 1760—1850, volume 2. Taylor & Francis. p. 740. ISBN 978-1-57958-422-1
  7. ^ Czeslaw Milosz (1984). History of Polish Literature. University of California Press. p. 220. ISBN 978-0-520-04477-7

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Конрад Валенрод (паэма)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў