Францішак Геранім Малеўскі

Францішак Геранім Малеўскі (па-польску: Franciszek Hieronim Malewski; 21 жніўня 1800, Вільня10 красавіка 1870, Санкт-Пецярбург) — журналіст, публіцыст, мэмуарыст; сябра Таварыства філяматаў, знаўца заходнеэўрапейскай літаратуры і праўных помнікаў Вялікага Княства Літоўскага. Сябра Адама Міцкевіча і Аляксандра Пушкіна

Францішак Геранім Малеўскі
Фр. Малеўскі на малюнку Валенція Ваньковіча
Род дзейнасьці журналіст, публіцыст, мэмуарыст, філямат, праўнік
Дата нараджэньня 21 жніўня 1800
Месца нараджэньня Вільня
Дата сьмерці 10 красавіка 1870
Месца сьмерці Санкт-Пецярбург
Грамадзянства Сьцяг Расеі Расейская імпэрыя
Месца вучобы
Занятак журналіст, адвакат, юрыст, публіцыст
Навуковая сфэра права[1], публіцыстыка[1] і журналістыка[1]
Бацька Сымон Малеўскі
Жонка Гэлена Шыманоўская
Дзеці Адам, Марыя, Юзэф і Ян
Узнагароды
Ордэн Сьвятой Ганны
Ордэн Сьвятой Ганны

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 21 жніўня 1800 году ў Вільні ў сям’і рэктара Віленскага ўнівэрсыстэта Сымона Малеўскага. Ужо ў маладым узросьце дасканала авалодаў многімі эўрапейскімі мовамі — францускай, нямецкай, ангельскай, італьянскай, лацінскай і польскай[2].

Віленскі ўнівэрсытэт

рэдагаваць

У 1815 годзе скончыў Віленскую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсыстэта. 4 лістапада 1817 году з ініцыятывы Адама Міцкевіча быў прыняты ў Таварыства філяматаў[3], дзе становіцца сурэдактарам «Філямацкіх статутаў» і аўтар праектаў рэформ таварыства. З 7 верасьня 1818 году — генэральны сакратар таварыства[3].

Быў чальцом Таварыства сяброў, у якім арганізаваў Статыстычны камітэт па збору геаграфічных і этнаграфічных матэрыялаў акругі Віленскага ўнівэрсытэту, для якога разам зь Міхалам Рукевічам падрыхтаваў інструкцыю «Геаграфічнае апісаньне, альбо інструкцыя ў зьбіраньні зьвестак для вывучэньня парафіяў», што ўтрымлівала праграму па вывучэньні літоўскага краю, яго прыроды, геаграфіі, складу насельніцтва, мовы розных станаў грамадзтва і чужаземных на яе ўплываў[4]. За нелегальны распаўсюджаньне брашуры яе наклад быў цалкам канфіскаваны царскімі ўладамі.

Удзельнічаў у стварэньні Таварыства філярэтаў, для якога распрацаваў статут і неўзабаве быў абраны віцэ-прэзыдэнтам арганізацыі[4]. Таксама спрабаваў стварыць Саюз літоўскай моладзі і Саюз маладых адвакатаў.

У жніўні 1821 году пры падтрымцы графа Адама Храптовіча заснаваў ў Шчорсах школу з ланкастарскай сыстэмай навучаньня, якую пазьней спрабаваў пашырыць на ўсе літоўскія губэрні[4]. Заклікаў пераймаць досьвед шчорсаўскай школы на старонках віленскага друку.

Па сканчэньні Віленскага ўнівэрсытэту пакінуты для падрыхтоўкі на званьне прафэсара. Дзеля гэтага яго накіроўваюць за мяжу, дзе ён зь лістапада 1821 па сакавік 1822 знаходзіўся ў Варшаве, пасьля выехаў у Бэрлін, дзе слухаў лекцыі вядомых нямецкіх навукоўцаў[5]. У 1822 годзе наведаў Вену, Ляйпцыг, Дрэздэн і Прагу.

У сувязі з працэсам над філярэтамі 20 сьнежня 1823 году быў арыштаваны ў Бэрліне па патрабаваньні вялікага князя Канстанціна[3]. 1 лютага 1824 году выданы расейскім уладам і дастаўлены спачатку ў Варшаву, дзе яго дапытвае сам вялікі князь. Міжвольна становіцца прычынаю раскрыцьця Таварыства філяматаў[5]. У красавіку 1824 году прывезены ў Вільню. Тагачасныя падзеі апісвае ў сваім «Турэмным дзёньніку». 14 жніўня 1824 году прыгавораны да дэпартацыі ў глыб Расеі. Выехаў зь Вільні 25 кастрычніка 1824 году; па дарозе сустрэўся з Адамам Міцкевічам і разам зь ім паехаў спачатку ў Санкт-Пецярбург, у Міністэрства асьветы, а пасьля ў Адэсу, дзе яго было даручана выкарыстаць як выкладчыка тамтэйшай гімназіі[3]. 19 верасьня 1825 быў накіраваны ў Маскву, дзе яго разам з Адамам Міцкевічам залічылі на службу ў канцылярыю маскоўскага генэрал-губэрнатара князя Д. В. Галіцына[5]. У 1827 годзе яны разам спрабавалі арганізаваць выданьне часопіса «Iris», але не атрымалі згоды ўладаў. У сьнежні 1827 Францішак Малеўскі перабраўся ў Санкт-Пецярбург[3].

Санкт-Пецярбург

рэдагаваць

З 1829 году працаваў пры 3-м дэпартамэнце Сэната ў аддзяленьні Мэтрыкі ВКЛ; з чэрвеня 1834 году мэтрыкант; пазьней стаў дырэктарам аддзела Мэтрыкі ВКЛ і тайным саветнікам[3]. У 1830 годзе разам з былым настаўнікам Віленскага ўнівэрсытэту Ігнатам Даніловічам і Аляксандрам Каравіцкім працаваў над кадыфікацыяй права для губэрняў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Сабраныя Малеўскім, Даніловічам і Каравіцкім матэрыялы ўвайшлі ў «Полное собрание законов Российской империи» ў 45 тамох, выдадзенае ў 1830 годзе, а таксама ў «Свод законов Российской империи» ў 15 тамох (1832—1839). Па заканчэньні працы Францішак Малеўскі быў узнагароджаны ордэнам Сьвятой Ганны і атрымаў прэмію 10 тысячаў рублёў срэбрам. Таксама яму прызначалі пажыцьцёвую пэнсію ў 3 тысячы рублёў штогод[6]. За заслугі ў складаньні збору быў вылучаны на пасаду сэнатара, аднак яе ня прыняў[3].

Францішак Малеўскі быў знаёмы з прадстаўнікамі перадавое расейскае інтэлегенцыі і дзекабрыстамі Аляксандрам Бястужавым і Кандраціем Рылеевым. Доўгі час сябраваў з Аляксандрам Пушкіным[а 1]. Пра сустрэчы расейскай інтэлегенцыі ў доме Марыі Шыманоўскай яе дачка Алена пазьней узгадавала:

  Перад палуднем прыйшлі да нас п. Малеўскі, кн. Вяземскі і п. Пушкін. П. Пушкін прынёс альбом, у якім зрабіў запіс. Разам з гэтымі панамі мы паехалі на Васільеўскі востраў, дзе жыве мастак Ваньковіч. Там мы глядзелі партрэты Міцкевіча і Пушкіна, што прызначаліся для выставы ў Варшаве. Абодва вельмі падобныя. Адтуль мы паехалі да мастака Арлоўскага...[7]  

У студзені 1832 году адбываецца вясельле Францішка Малеўскага з Аленай Шыманоўскай. Праз колькі часу яе сястру — Цэліну ўзяў замуж Адам Міцкевіч, такім чынам філяматы сталі швагерамі. Пазьней у Малеўскіх нарадзіліся дзеці: Адам, Марыя (пазьней стала жонкай міцкевічавага сына Ўладзіслава), Юзэф і Ян.

Памёр Францішак Малеўскі 10 красавіка 1870 году ў Санкт-Пецярбургу.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Філаматы і філарэты / укладаньне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі й камэнты Кастуся Цьвіркі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1998. — С. 249—266. — 400 с. — (Серыя І. Мастацкая Літаратура). — 10 100 ас. — ISBN 985-6318-21-1


Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Пра сустрэчы і сяброўства Францішка Малеўскага з Аляксандрам Пушкіным глядзіце: Черейский Л. А. Пушкин и его окружение / АН СССР. Отд. лит. и яз. Пушкин. комис. Отв. ред. В. Э. Вацуро. — 2-е изд., доп. и перераб. — Л.: Наука. Ленингр. отд-ние, 1989. — С. 248—249 і 58 том «Литературного наследства» (С. 263—268)
  1. ^ а б в Malewski, Franciszek Hieronim // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 249. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  3. ^ а б в г д е ё Малеўскі Францішак Геранім // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  4. ^ а б в Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 250. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  5. ^ а б в Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 251. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  6. ^ Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 252. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  7. ^ Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 253. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).