Анто́ні Грабо́ўскі (па-польску: Antoni Grabowski; 11 чэрвеня 1857, Новэ Добрэ, цяпер Куяўска-Паморскае ваяводзтва — 4 ліпеня 1921, Варшава) — польскі інжынэр, адзін зь першых паэтаў эспэранта.

Антоні Грабоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 11 чэрвеня 1857(1857-06-11)[1][2][3]
Памёр 4 ліпеня 1921(1921-07-04)[1][2][3] (64 гады)
Пахаваны
Сужэнец Браніслава Грабоўская[d] і Анеля Грабоўская[d][4]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, пісьменьнік, эспэрантыст, перакладнік, інжынэр-хімік
Мова эспэранта, польская мова і нямецкая
Подпіс Выява аўтографу

Адукацыя і прафэсія

рэдагаваць

Пасьля яго нараджэньня сям’я пераяжджае ў Торунь. Грошай было мала, таму адразу пасьля заканчэньня базавай школы пачаў працаваць. Але вучобу не закідаў, самастойна падрыхтаваўся да паступленьня ў гімназію. Паступіўшы ў гімназію імя Нікалая Капэрніка, ён аперажае астатніх вучняў і два разы пераскокваў праз год. У верасьні 1879 году ён сканчае гімназію і пачынае вывучаць філязофію і прыродазнаўства ўва ўнівэрсытэце Ўроцлава. Затым ён праходзіць практыку як інжынэр па хіміі ў Заверці (Zawiercie) і іншых местах, якія цяпер знаходзяцца ў Чэхіі, пасьля чаго ўзначальвае тэкстыльную фабрыку ў Іванава-Вазьнясенску (горад за 250 км на паўночны ўсход ад Масквы).

Увесь гэты час ён працягвае паглыблена вывучаць хімію. Яго шматлікія тэхналягічныя вынаходзтвы зрабілі яго вядомым па ўсёй Эўропе. Грабоўскі апублікаваў мноства навуковых артыкулаў. Яго вынаходкі апісваюцца ў часопісах «Chemik Polski» і «Przegląd Techniczny». Ён перакладае ў той час выбітную кнігу па хіміі з ангельскай мовы на польскую, а затым становіцца чальцом камітэта па выпрацоўцы польскамоўнай тэхнічнай тэрміналёгіі. Празь некалькі гадоў у 1906 годзе выходзіць яго «Słownik chemiczny», першы хімічны слоўнік для палякаў.

Эспэранта і літаратура

рэдагаваць

Ужо пад час навучаньня ва ўнівэрсытэце Грабоўскі праяўляе павышаную зацікаўленасьць літаратурай. Ён становіцца чальцом Славянскага літаратурнага таварыства (Towarzystwo Literacko-Słowianskie) ва Ўроцлаве. Але цікавіцца Грабоўскі ня толькі польскай мовай і літаратурай, ён вывучае значную колькасьць іншых моваў. Акрамя польскай ён размаўляў на 9 іншых мовах і ў дадатак пасіўна валодаў прынамсі 15. Ня дзіва, што ён зацікавіўся і ідэяй міжнароднай мовы. У той час гэтую ролю выконвала мова валяпюк, і таму Грабоўскі вучыць гэтую мову. Але калі ён сустракаецца з аўтарам валяпюка Ёганам Шлэерам (Johann Martin SCHLEYER), высьветлілася, што нават сам аўтар ня здольны размаўляць на гэтай мове, яны працягвалі гутарыць на нямецкай. Зразумеўшы, што валяпюк не прыдатная для практычнага ўжываньня, ён больш не займаецца ёю, але не адмаўляецца ад ідэі міжнароднай штучнай мовы.

У 1887 годзе ён набывае і вывучае толькі што апублікаваную брашуру «Internacia Lingvo» (Міжнародная мова), у якой Людвік Замэнгоф прэзэнтаваў праект сваёй мовы, якая неўзабаве становіцца вядомай пад назвай эспэранта. Моцна ўражаны празрыстасьцю яе структуры і незвычайна хутка дасягнутай выразьлівасьцю, ён накіроўваецца ў Варшаву, наведвае Замэнгофа. Пад час іх сустрэчы адбыўся першы ў гісторыі дыялёг на эспэранта. Як і Замэнгоф, Антоні Грабоўскі ўсьведамляў важнасьць літаратуры для разьвіцьця мовы. Таму ён адразу ж пачынае ствараць: у 1888 годзе зьяўляецца яго пераклад «Мяцеліца» Пушкіна, У 1889 годзе ён перакладае «Браты» Ёгана Гётэ.

Калі ў 1904 годзе арганізуецца Варшаўскае таварыства эспэранта, Грабоўскі становіцца яго прэзыдэнтам. Ён працягвае быць прэзыдэнтам і пасьля пераўтварэньня яго ў Польскае таварыства эспэранта ў 1908, Дзякуючы яго дыпляматызму і аўтарытэту ён шмат разоў дапамагаў пазьбягаць расколу польскага таварыства, шукаць кампрамісы. У той жа час ён дзейнічае ў граматычнай сэкцыі Акадэміі эспэранта, публікуе артыкулы і праводзіць курсы мовы, у тым ліку ў школах Варшавы. Ужо ў 1908 годзе ў сваім артыкуле ён зьвяртае ўвагу на прапэдэўтычнае значэньне эспэранта. На канкрэтных прыкладах ён паказвае, як папярэдняе вывучэньне эспэранта дапамагае вучыць францускую і лацінскую мовы.

Грабоўскі зрабіў вельмі шмат для эспэрантысцкай літаратуры. Яму належыць шмат вершаў і паэм, як арыгінальных, так і перакладных. Сярод яго перакладаў: Адама МіцкевічаПан Тадэвуш»), Пушкін, Генрых Сянкевіч, Юльюш Славацкі, Ёган Гётэ, Балеслаў Прус і інш. У анталёгіі «El Parnaso de Popoloj» (З Парнасу народаў), якая выйшла ў 1913 годзе, зьмешчаны 116 твораў, 110 перакладаў, і 6 напісаных на эспэранта. Яму належыць адкрыцьцё і ўжываньне шэрагу мастацкіх прыёмаў, ён увёў у абыход тэрмін «адасізм» (рыфмаваньне падобных граматычных канчаткаў, напрыклад: verkadas/faradas), удзельнічаў у стварэньні Вялікага эспэранта-польскага слоўніка, шмат зь якіх нэалягізмаў сталі афіцыйнымі ў эспэранта. Грабоўскага называюць «бацькам эспэрантысцкай паэзіі».

З Грабоўскім зьвязана некалькі легендаў. Адна зь іх распавядае, як ведаючы яго захапленьне, яго неяк папрасілі штосьці прачытаць на эспэранта. Грабоўскі выразна прадэклямаваў нейкі верш. Пасьля дэклямацыі прысутныя пачалі крытыкаваць пачутае, закідаючы немілагучнасьць, штучнасьць, мешаніну моваў. Калі ўсе выказаліся, Грабоўскі патлумачыў, што прачытаў санэт Пэтраркі на італьянскай мове, гэтым ён паказаў ролю прымхаў у нэгатыўным успрыманьні эспэранта.

Апошнія гады жыцьця

рэдагаваць

У час Першай сусьветнай вайны сям’я Грабоўскага была падзеленая. Ён, як нямецкі падданы, павінен быў зьехаць у Нямеччыну, а яго родныя, большасьць якіх была падданыя Расейскай імпэрыі, пакінулі Варшаву. Потым зь нямецкай акупацыяй ён вяртаецца ў Варшаву, а сямейныя вярнуліся толькі калі Польшча набыла незалежнасьць. Грабоўскі гэты час жыў самотна і пакутаваў на хваробу сэрца, вылекаваць якую ня мог празь нястачу грошай. Памер ён ад інфаркту міякарда ў кніжнай краме ля вітрыны, дзе прадаваліся кнігі на эспэранта.

  1. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #130472115 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ а б Antoni Grabowski // International Music Score Library Project — 2006.
  3. ^ а б в Bibliothèque nationale de France A. Grabowski // data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  4. ^ https://partnersinternational.pl/blog/warto-poznac-inwestycje-hoza-42/

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Антоні Грабоўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў