Ігнат Даніловіч

расейскі гісторык

Ігна́т Мікала́евіч Даніло́віч (польск. Ignacy Daniłowicz; 10 жніўня 1788, вёска Грыневічы Вялікія Бельскага павету Падляскага ваяводзтва — 12 ліпеня [ст. ст. 30 чэрвеня] 1843, Графэнбэрг, цяпер Есенік, Паўночная Маравія) — правазнаўца і гісторык, дасьледнік гісторыі права Вялікага Княства Літоўскага, адзін зь першых дасьледнікаў помнікаў заканадаўства і летапісаньня Беларусі і Літвы.

Ігнат Даніловіч

лац. Ihnat Daniłovič
Ігнат Даніловіч
Дата нараджэньня 28 жніўня (8 верасьня) 1788
Месца нараджэньня в. Грыневічы Вялікія Бельскага павету Падляскага ваяводзтва
Дата сьмерці 30 чэрвеня (12 ліпеня) 1848 (59 гадоў)
Месца сьмерці Графэнбэрг, Паўночная Маравія
Месца вучобы Віленскі ўнівэрсытэт
Занятак гісторык
Навуковая сфэра Гісторыя права
Месца працы Віленскі ўнівэрсытэт
Харкаўскі ўнівэрсытэт
Кіеўскі ўнівэрсытэт
Маскоўскі ўнівэрсытэт
Сябра ў Кракаўскае навуковае таварыства[d][1]
Навуковая ступень доктар юрыдычных навук[d]

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Сын беларускага[2] ўніяцкага сьвятара Мікалая Даніловіча[3]. Першапачатковую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам свайго дзядзькі, ксяндза-піяра Міхаіла Даніловіча. Пасьля навучаўся ў Ломжынскай піярскай школе (скончыў у 1801), Беластоцкай гімназіі (1807) і на юрыдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту, дзе атрымаў ступень магістра права (1812).

Служыў сакратаром пры губэрнатары Беластоцкай вобласьці, прызначаным Напалеонам. З 1814 року выкладаў у Віленскім унівэрсытэце мясцовае права.

Зьбіраючы матэрыялы па гісторыі старажытнай Літвы, наведаў Варшаву, Санкт-Пецярбург і Маскву. Студэнты прыносілі свайму прафэсару пэргамэнтныя і іншыя рукапісы, пераважна з уніяцкіх цэркваў і кляштараў. З 1821 року быў сябрам «правінцыйнага камітэту», зацьверджанага ў Вільні для падрыхтоўкі выпраўленага выданьня Літоўскага Статуту і з 1822 року сябрам прафэсарскае камісіі, якой была даручана падрыхтоўка новага расейскага перакладу Статуту.

У сувязі са справай філяматаў І. Даніловіч быў звольнены ў ліку іншых прафэсараў, абвінавачаных у шкодным уплыве на моладзь. Яму было загадана зьехаць з так званых польскіх губэрняў (1824). У пачатку 1825 року ён быў прызначаны ў Харкаўскі ўнівэрсытэт прафэсарам расейскага і правінцыйнага права. Да пэрыяду перабываньня І. Даніловіча ў Харкаве адносяцца ягоныя капітальныя выданьні, падрыхтаваныя яшчэ ў Вільні, «Statut Kazimierza IV, pomnik z XV wieku uchwał litewskich» (Вільня, 1826 — першы заканадаўчы помнік Вялікага Княства Літоўскага 1468 року, знойдзены Даніловічам у бібліятэцы графа Мікалая Румянцава і памылкова аднесены ім да 1492 року) і «Latopisiec Litwy i Kronika ruska» (Вільня, 1827 — летапіс Літвы і Хроніка руская, знойдзеная І. Даніловічам у Беластоцкай вобласьці і дагэтуль вядомая пад ягоным імем).

 
Ігнат Даніловіч. К. Я. Канеўскі, 1831

У 1830 року І. Даніловіч быў запрошаны Міхаілам Сьпяранскім у II аддзяленьне Ўласнай Ягонай Імпэратарскай Вялікасьці канцылярыі для працаў над зводам законаў, якія дзейнічалі ў «далучаных ад Польшчы губэрнях». Гэты «Звод мясцовых правоў заходніх губэрняў», перапрацаваны пасьля чыноўнікамі II аддзяленьня і асобым камітэтам зь мясцовых юрыстаў, быў надрукаваны ў 1836 року невялікай колькасьцю асобнікаў (у 1910 перадрукаваны юрыдычным факультэтам Пецярбурскага ўнівэрсытэту пад наглядам прафэсара Міхаіла Пэргаманта і прыват-дацэнта барона А. Нольдэ, пад назвай «Звод мясцовых законаў Заходніх губэрняў»). Ён не атрымаў моцы закону з прычыны скасаваньня мясцовага права загадам 25 чэрвеня 1840 року. На загад М. Сьпяранскага І. Даніловіч таксама сабраў запісы па гісторыі майдэборскага права, якія падрыхтавалі скасаваньне гэтага права ва Ўкраіне.

У 1835 року І. Даніловіч был прызначаны прафэсарам крымінальнага права ў зноўку адчынены Кіеўскі ўнівэрсытэт Сьвятога Ўладзімера. Ён быў першым дэканам юрыдычнага факультэту і, акрамя крымінальнага права, чытаў лекцыі мясцовых законаў, адначасна працуючы над падрыхтоўкай выданьня першага Літоўскага Статуту. Ня маючы на гэта ўласных сродкаў, І. Даніловіч марна зьвяртаўся па дапамогу да археаграфічнай камісіі, паказваючы на значэньне гэтага помніка. З Кіева ён прыслаў у II аддзяленьне «Агляд гістарычных зьвестак пра стан зводу мясцовых законаў Заходніх губэрняў» (перавыдадзены Пецярбурскім унівэрсытэтам у 1910 року), які зьмяшчаў гісторыю крыніцаў літоўска-польскага права і паслугаваў уводзінамі да Заходняга зводу.

У 1839 року пасьля часовага закрыцьця Кіеўскага ўнівэрсытэту ў сувязі са студэнцкімі хваляваньнямі выкладчыкі-палякі, якія працавалі ў ім, былі разьмешчаныя ў іншых унівэрсытэтах. І. Даніловіч быў пераведзены ў Маскву, на катэдру законаў добраўпарадкаваньня і дабрачыньня Маскоўскага ўнівэрсытэту. Але і тут ён да сваёй галоўнай катэдры далучыў чытаньне мясцовых законаў заходніх губэрняў.

У 1841—1842 навучальным року І. Даніловіч зноў меў выкладаць новы прадмет і перайсьці на катэдру грамадзянскіх законаў Царства Польскага. Гэтая новая перамена нанесла апошні і рашучы ўдар па ягоным здароўі і прывяла да страты разумовых сілаў. У 1842 ён мусіў пакінуць службу і вярнуўся ў Кіеў. Памёр у Маравіі, знаходзячыся на лекаваньні.

 
«Skarbiec dyplomatów papieskich, cesarskich, królewskich, książęcych…». Вільня, 1860

Працы прыхільніка натуральнага права І. Даніловіча адлюстроўваюць ідэі францускіх асьветнікаў XVIII стагодзьдзя. Ён высока цаніў дасягненьні францускай рэвалюцыі (аб’яднаньне тэрыторыі дзяржавы, вызваленьне сьвецкай улады ад падпарадкаваньня царкве, разбурэньне ўлады фэўдалізму, абвяшчэньне роўнасьці ўсіх перад законам). Навуковец быў супраць умяшальніцтва законадаўцы ў свабоду думкі, выступаў супраць прыгоннага права, выказваўся за грамадзянскі шлюб і раўнапраўе сужэнцаў, крытыкаваў непарыўнасьць царкоўнага шлюбу[4]. Як выбітны знаўца фэўдальнага права і помнікаў заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага І. Даніловіч у сваіх працах падкрэсьліваў усебаковую распрацаванасьць права ВКЛ. Ён адзін зь першых зьвярнуў увагу расейскіх гісторыкаў права на неабходнасьць дасканалага вывучэньня гісторыі дзяржавы і права ВКЛ і захаваньня для нашчадкаў помнікаў права. Ён марыў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае і мову Статутаў[5].

Працы І. Даніловіча па літоўскім заканадаўстве:

  • Opisanie bibliograficzne dotąd wiadomych rękopismow i drukowanych exemplarzow Statutu Litewskiego («Dziennik Wilenski», 1823; па-расейску зь некаторымі зьмяненьнямі ў «Журнале Министерства народного просвещения», 1838, № 2) — бібліяграфічнае апісаньне ўсіх вядомых рукапісаў і друкаваных асобнікаў Літоўскага Статуту;
  • Dorywcze uwagi o hypotekach (Санкт-Петербург, 1835);
  • Historyczny rzut oka na prawodawstwo Litewskie (Wilno, 1837; першапачаткова па-нямецку ў «Dorpater Jahrbücher», 1834).
  • Взгляд на литовское законодательство и литовские статуты («Юридические записки Редкина», том I, 1841).

Пра начытанасьць І. Даніловіча ў замежнай літаратуры можна меркаваць з нататкі, падрыхтаванай ім у 1818 року на просьбу князя Чартарыйскага з параўнаньнем кодэксу Напалеона з польскім правам. Яе выдаў Аляксандар Краўсгар пад назвай «Kodeks Napoleona w porównaniu z prawami polskiem i litewskiem» (Warszawa, 1905).

У 1826 року Ігнат Даніловіч першым апублікаваў Судзебнік Казімера 1468 году («Daniłowicz, I. Statut Kazimierza Jagiellończyka, pomnik najdawnieyszych uchwał litewskich z XV wieku... Wilno, 1826.»), у 1827 — «Latopisiec Litwy i Kronika ruska» (летапіс, цікавы як крыніца зь мінуўшчыны Літвы й Русі, знойдзеная ім у Беластоцкай вобласьці). Складзены І. Даніловічам збор рукапісаў і выпісак з больш як 2500 крыніцаў надрукаваны пасьмяротна ў двух тамох у 1860—1862 роках у Вільні пад назвай «Skarbiec diplomatów», у тым ліку «Беларуска-літоўскі летапіс 1446 году».

Артыкул І. Даніловіча «Пра літоўскія летапісы» (у «Журнале Министерства народного просвещения», 1840, № 11) да пачатку XX стагодзьдзя заставаўся карысным дапаможнікам па гістарычнай бібліяграфіі Вялікага Княства Літоўскага. Разам з князем Дз. Абаленскім ён выдаў «Книгу посольскую метрики Великого княжества Литовского» (Масква, 1843). Акрамя таго, апублікаваў «Исторический взгляд на древнее образование городов славянских до XIII стол.» (у «Сборн. общ. ист. и древн. росс.», IV, 1841) і іншыя працы.

Валодаў беларускай, польскай, лацінскай, нямецкай, францускай і расейскай мовамі.

  1. ^ http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/danilowicz-ignacy/
  2. ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Даніловіч Ігнат Мікалаевіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 205.
  3. ^ Ignacy Daniłowicz — wielki syn wsi Hryniewicze (пол.) Kamunikat. Бельскі гостінэць № 4. Праверана 24 красавіка 2012 г.
  4. ^ Развитие правовой науки в Вильнюсском университете (рас.) Юридическая Россия. Министерство образования и науки РФ. Праверана 1 студзеня 2010 г.
  5. ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Даніловіч Ігнат Мікалаевіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 206.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Ігнат Даніловічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў