Дзяды
Дзяды́ (Дзень памяці продкаў) — славянскі народны памінальны абрад, рытуальная вячэра ў памяць памерлых продкаў. Дзядамі таксама называлі дзень, калі адбываўся абрад, і душы[1] нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі.
Народная традыцыя | |
Значэньне | Ушанаваньне памяці продкаў |
---|---|
Дата | 1-я субота лістапада |
У найбольш архаічнай форме захаваліся толькі ў беларусаў[1].
Звычай
рэдагавацьНа Дзяды памяць продкаў ушаноўваюць дома зваротам: «Сьвятыя дзяды, завём вас. Хадзіце да нас. Ёсьць тут усё, што Бог даў, чым толькі хата багата. Просім вас: ляціце да нас». Сямейны стол ставіцца пад бэлькай каля покуці, на якой напісаныя імёны родзічаў. Чальцы сям’і сядзяць за сталом без дакрананьня адно да аднаго. На накрыты стол ставяць няцотны лік страваў і запаленую грамнічную сьвечку. За сьвяточным сталом дзед расказвае ўнукам пра свайго дзеда, якія ў выніку спазнаюць свой род да 5-га калена. Дзеля ўшанаваньня памяці продкаў на стале асобна кладуць кавалкі пададзеных страваў. Таксама дараваньня зь іх боку просяць у малітве[2].
Гісторыя
рэдагавацьПаходзяць Дзяды з дахрысьціянскага балта-славянскага звычаю трызны, зьвязанага з культам продкаў. Пазьней абрад ускладніўся напластаваньнем хрысьціянскага культу.
Дзяды спраўлялі ў пэўныя дні, у залежнасьці ад мясцовасьці па некалькі разоў на год, часьцей вясной і ўвосень. Галоўнымі былі Зьмітраўскія Дзяды (асяніны) у суботу перад Зьмітравым днём (26 кастрычніка паводле старога стылю), а таксама на радаўніцу, перад масьленіцай, сёмухай.
На Дзяды гатавалі рытуальныя стравы (7 і больш няцотных сьвяточных і абрадавых страваў). Абавязковымі былі куцьця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Паводле звычаю, ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладвалі па кавалачку для нябожчыкаў і пакідалі на ноч: лічылася, што душы памерлых продкаў, якія прыходзяць на Дзяды, трэба пачаставаць.[3] А пасьля вячэры са стала не прыбіралі — для таго, каб памерлыя маглі за ім пасядзець у цішыні.
Абрад пакліканьня душаў памерлых на Дзядоў мастацка апісаны Адамам Міцкевічам у яго паэме «Дзяды».
Сучаснасьць
рэдагавацьУ сучаснай Беларусі праваслаўныя адзначаюць Дзімітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада. Каталікі ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў 2 лістапада. Першую акцыю ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў на Дзяды зладзілі моладзевыя згуртаваньні «Тутэйшыя» і «Талака» ў парку Янкі Купалы ў Менску ў 1987 годзе. У наступным годзе ў мітынгу 30 кастрычніка 1988 году прынялі ўдзел тысячы людзей. Упершыню з 1944 году на масавым мерапрыемстве быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Мітынг быў гвалтоўна разагнаны ўнутранымі войскамі. З таго часу ў Беларусі штогод праводзяць маніфэстацыі на Дзяды. Акрамя таго ў наступную суботу пасьля шэсьця ў Курапаты КХП БНФ падае заяўку на правядзеньне шэсьця ў Лошыцу.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Л. Дучыц. Дзяды // Беларуская міфалогія: Энцыклап. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Менск: Беларусь, 2004. С. 145
- ^ Аксана Катовіч, Янка Крук. Код продкаў // Зьвязда : газэта. — 2 лістапада 2013. — № 208 (27573). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Алесь Пілецкі. Дзяды // Наша Ніва, 31 кастрычніка 2009 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6 /Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.:БелЭн, 1998. — 576 с.: іл. — Артыкул «Дзяды». — С. 136.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3 / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл.; Артыкул «Дзяды». — С.234; Артыкул «„Дзяды“». Аўтар Вольга Герасімовіч. — С.234-235.
- Беларуская міфалогія: Энцыклап. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Менск: Беларусь, 2004.— 592 с.: іл. ISBN 985-01-0473-2.
- Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т.1, Ч.2. Спб, 1890.
- Романов Е. Белорусский сборник. Вып. 8. Вильна, 1912.
- Никифоровский Н. Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897.
- Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.