Язэп Пушча
Язэп Пушча (сапр. Ёсіф Паўлавіч Плашчынскі; 7 (20) траўня 1902, в. Каралішчавічы, Менскі павет — 14 верасьня 1964, Менск) — беларускі паэт, крытык, перакладчык. Адзін з арганізатараў літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і «Узвышша». Адна з буйнейшых постацяў літаратурнага руху на Беларусі даваеннай пары[1].
Язэп Пушча | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Л.Кудзер; Язэп Кудзер; Лясун; Пушча; А.Пушча; Л.Трыер |
Нарадзіўся | 20 траўня 1902 в. Каралішчавічы, Менскі павет, Расейская імпэрыя |
Памёр | 14 верасьня 1964 Менск, БССР |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, крытык, перакладчык |
Мова | беларуская мова |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 20 траўня 1902 у в. Каралішчавічы у сялянскай сям’і Паўла і Антаніны Плашчынскіх. Меў трох братоў і дзьвюх сясьцёр. Быў пятым сынам у сям’і. Вучыўся ў Каралішчавіцкім народным вучылішчы (1910—1913), у жніўні 1915 быў залічаны вучнем 2-й клясы Менскага вышэйшага пачатковага вучылішча. З 1918 па жнівень 1921 вучыцца ў Менскім рэальным вучылішчы. На гэтым час прыпадае яго знаёмства з творчасьцю Янкі Купалы, што, паводле яго словаў, «абудзіла... нацыянальную сьвядомасьць»[1]. У 1920 у роднай вёсцы пазнаёміўся зь Міхасём Чаротам. У жніўні 1921 працаваў настаўнікам у Каралішчавіцкай пачатковай школе. У 1921—1922 быў слухачом дзевяцімесячных курсаў беларусазнаўства Наркамасьветы БССР. Пасьля быў інспэктарам Мазырскага, Менскага ўездных аддзелаў народнай асьветы, выкладаў беларускую мову і літаратуру на агульнаадукацыйных курсах, у музычным тэхнікуме ў Менску.
Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1922 з публікацыі апавяданьняў. У 1923 быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», а пазьней — «Узвышша». У 1925—1927 вучыўся на пэдагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага щнівэрсытэту, адкуль перавёўся ў Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт (скончыў чатыры курсы ў 1929). Вярнуўся ў Менск, працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве.
Арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 прыгавораны да 5 гадоў высылкі. Працаваў бухгальтарам у г. Шадрынску на Ўрале (1931–1935), восем месяцаў (1935–1936) у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Язэпа Пушчы прадугледжвалася «спальваць»[2].
У 1937—1941 загадчык навучальнай часткі, дырэктар Манакоўскай сярэдняй школы Мурамскага раёну Ўладзімерскай вобласьці. У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце, вучыўся ў 2-м Маскоўскім пяхотным вучылішчы. Пасьля зноў у Мурамскім раёне, працаваў настаўнікам і дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы. Рэабілітаваны 30 студзеня 1956. У 1955 і 1956 наведаў Беларусь. 19 ліпеня 1958 зь сям’ёй вярнуўся ў Менск. Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1958.
Памёр 14 верасьня 1964 у Менску. Пахаваны ў Каралішчавічах.
Творчасьць
рэдагавацьПершыя вершы зьявіліся ў друку ў 1922 годзе. Да высылкі выйшлі зборнікі вершаў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929), а таксама паэмы «Песьня вайны» (1928) і «Цень Консула» (першапачатковая назва «Песьня акупацыі»), прасякнутыя ўражаньнямі аб Першай сусьветнай вайне, а таксама паэма «Крывавы плякат» (1930). Была падрыхтаваная да выданьня кніга «Мой маніфэст» (схаваная ў вульлі, а затым, пасьля арышту брата, спаленая сястрой Лёдзяй)[1]. Быў падрыхтаваны да друку, але ня выйшаў зборнік лірыкі «Грэшная кніга».
Пасьля прыезду ў Менску ў друку зьяўляюцца вершаваная казка «На Бабрыцы» (1960), кніга «Вершы і паэмы» (1960) і зборнік «Пачатак легенды» (1963).
На беларускую мову пераклаў аповесьць Аляксея Талстоя «Дзяцінства Мікіты» (1960).
Тэмы
рэдагавацьРаньняя лірыка Язэпа Пушча зазнала моцны ўплыў сялянскай стыхіі, што фармавала сьветаадчуваньне будучага паэта ў маленстве. У сваіх аўтабіяграфічных нататках Я. Пушча адзначаў:
Асабліва ў часе жніва захаплялі мяне мэлёдыі жніўных песень, якія, здавалася, коцяцца і коцяцца з шумам сьпелых жытніх каласоў у чыстыя блакітныя далі. Нездарма ж гэта матывы маёй раньняй лірыкі.
На думку В. А. Максімовіча, гэтая акалічнасьць абумовіла наяўнасьць у раньняй лірыцы Я. Пушчы імажынісцкай вобразнасьці і стылістыкі[3]. Гэтую асаблівасьць пісьма паэта заўважыў і дасьледнік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі ў артыкуле «Беларуская літаратура пасьля «Наша Нівы»:
|
На думку В. А. Максімовіча, імажынісцкая тэндэнцыя ў творчасьці паэта мела ня толькі ўласна літаратурны перадвыток, а была зьвязаная найперш з імажынісцкай вобразатворчасьцю раньняга С. Ясеніна, якога глыбока шанаваў Язэп Пушча[3]. Раньняй лірыцы Я. Пушчы ўласьцівы экспэрымэнтальны пошук магчымасьці выяўленчых сродкаў, слова, часткі, але ня цэлага. Ён не выходзіць за межы канстатацыі ўбачаных зьяваў. На думку М. Мішчанчука, першы зборнік паэта «Раніца рыкае» — прыклад таго, як фармальны экспэрымэнт адмоўна адбіваецца на паэзіі ў цэлым, але неабходны ў час пошуку новых паэтычных прыёмаў[5].
Свой другі паэтычны зборнік Язэп Пушча назваў «Vita», што азначае «жыцьцё». Як ён тлумачыў у прадмове, назва прыйшла ў часе яго сустрэчы з паэтам Н. Чарнушэвічам у А. Бабарэкі ў траўні 1923 г., калі яны хацелі вызначыць назву кірунку ў тагачаснай беларускай паэзіі:
Кожны з нас больш-менш пагаджаўся, што чарговае яе заданьне — сынтэз, стройная сугучнасьць рамантызму жыцьця зь яго рэалізмам, і гэта мы хацелі назваць словам «Vita» — жыцьцё — «вітаізм»[5]
Зборнік складаецца з чатырох разьдзелаў — «Жыцьцё», «Мэлёдыі», «Сугучнасьць» і «Нашы дні». Роздумнасьць выступае тут апанэнтам апісальнасьці і выцясьняе яе канчаткова. На думку М. Мішчанчука, калі ў першым зборніку рамантычная мара і вера ў гармонію перамагалі, то ў другім яны як бы сутыкнуліся з жорсткай рэальнасьцю і сталі на тым рубяжы, за якім будзе «трагедыйны разлад зь сьветам, зь людзьмі, з самім сабою, ранейшым»[5]. У вершах другога зборніку зьяўляецца трагедыйнасьць сьветаадчуваньня і тэмы дысгармоніі жыцьця. Паводле М. Мішчанчука, зборнік «Vita» засьведчыў паварот паэта да сталага, глыбока грамадзянскага адлюстраваньня рэчаіснасьці[5].
Бібліяграфія
рэдагаваць- Я. Плашчынскі. Кніга лірыкі, як мастацкае цэлае. «Вянок» М. Багдановіча. // Узвышша : часопіс. — 1927. — № 1. — С. 117—127.
- Запартыка, Ганна. З эпісталярнай спадчыны ўзвышэнцаў (Лісты Я. Пушчы да А. Бабарэкі) / Рэдкал.: Г. В. Запартыка (гал. рэд.) і інш. // Пра час «Узвышша» : Матэрыялы навук. канферэнцый узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 1999-2002). — Менск: БелНДІДАС, 2002. — С. 149—189.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Мішчанчук, М. І. «Лепш вольным птахам рэзаць шыр нябёсаў...» Эвалюцыя творчасці Язэпа Пушчы // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 68—71. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ а б Максімовіч В. А. // Шыпшынавы край: Старонкі беларус. літ. 20—30-х гг. XX ст.. — Мн.: УП «ІВЦ Мінфіна», 2002. — С. 13—31. — 160 с.
- ^ Гарэцкі, М. «Беларуская літаратура пасьля «Наша Нівы» // Маладняк. — 1928. — № 4. — С. 92.
- ^ а б в г Мішчанчук, М. І. «Лепш вольным птахам рэзаць шыр нябёсаў...» Эвалюцыя творчасці Язэпа Пушчы // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 75—85. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
Літаратура
рэдагаваць- Мікола Мішчанчук. «Душа не ведае спакою, калі на свет раджае верш…» // Літаратура і мастацтва : газэта. — 2012, 18 траўня. — № 20 (4666). — С. 6.
- Пушча Язэп // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Язэп Пушча(недаступная спасылка) на сайце «Родныя вобразы»
- Пушча Язэп // Беларускія пісьменнікі: 1917-1990. Менск: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
- Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк./Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 359 — 511 с. ISBN 985-03-0216-X
- Масей Сяднёў. «Масеева кніга»: Успаміны, старонкі дзёніка, эсэ. Язэп Пушча. / Мастак П. І. Іонаў. — Менск: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 246—250. — 318 с. — 5200 ас. — ISBN 5-340-01314-6
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Язэп Пушча на Беларускай Палічцы
- За стыль эпохі // Узвышша. — 1929. — № 1 (13) — С. 77—83.
- Сьнежаньская сьвежасьць // Узвышша. — 1929. — № 1 (13) — С. 21—25.
- Маўклівая радасьць мая // Узвышша. — 1929. — № 2 (14) — С. 3—7.