Чэская мова
Чэ́ская мо́ва (па-чэску: čeština, český jazyk) — славянская мова індаэўрапейскай моўнай сям’і. Належыць да заходнеславянскай падгрупы[3][4][5].
Чэская | |
čeština | |
Мапа распаўсюджаньня славянскіх моваў, чэская мова | |
Ужываецца ў | Чэхіі Эўразьвязе Славаччыне |
---|---|
Рэгіён | Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | каля 12 мільёнаў[1] |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям’я |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Чэхіі, Эўразьвязе |
Рэгулюецца | Інстытут чэскай мовы пры АН Чэскай Рэспублікі |
Статус: | 1 дзяржаўная[d][2] |
Пісьмо | чэскі альфабэт[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | cs |
ISO 639-2(Б) | cze |
ISO 639-2(Т) | ces |
ISO 639-3 | ces |
SIL | CES |
Вылучылася з заходніх дыялектаў праславянскай мовы напрыканцы X стагодзьдзя. Чэская літаратура паўстала ў XIV стагодзьдзі, хоць першыя помнікі чэскай пісьменнасьці датаваныя XII стагодзьдзем.
Чэскай мовай карыстаюцца каля 11,5 мільёнаў чалавек, зь якіх прыблізна 10 млн пражываюць у Чэхіі. Цягам апошніх 150 гадоў эмігранты розных хваляў і іхнія нашчадкі расьсяліліся ў Славаччыне[6], ЗША[7], Канадзе, Нямеччыне, Аўстрыі[8], Румыніі, Аўстраліі, Украіне і некаторых іншых краінах.
Чэская мова, як і беларуская, належыць да фузыйных моваў, якія вызначаюцца складанай сыстэмай скланеньняў і спражэньняў. Правапіс ужывае рэфармаваную Янам Гусам лацінку. Найболей блізкія да чэскай славацкая, польская і сэрбалужыцкая мовы.
З 1 траўня 2004 году чэская мова ўваходзіць у сьпіс афіцыйных моваў Эўразьвязу. Кадыфікацыяй пісьмовага стандарту мовы займаецца Інстытут чэскай мовы Акадэміі навук Чэхіі[9].
Пісьмовасьць
рэдагавацьЧэская мова выкарыстоўвае лацінскі альфабэт, пашыраны наступнымі літарамі з дыякрытычнымі знакамі:
Вялікія | Á | Č | Ď | É | Ě | Í | Ň | Ó | Ř | Š | Ť | Ú | Ů | Ý | Ž |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Малыя | á | č | ď | é | ě | í | ň | ó | ř | š | ť | ú | ů | ý | ž |
Статус літары мае таксама дыграф ch, які ў абэцэдзе займае месца між h ды i. У іншамоўных словах таксама могуць ужывацца дыграфы dž (для запісу звонкага гуку č, напр. džbán, džus, džem, džíp) і вельмі рэдка dz (звонкі c). Але гэтыя дыграфы не разглядаюцца як асобныя літары.
На пісьме пасьлядоўна абазначаецца даўжыня галосных (штрыхі над літарамі, а над u або штрых, або кружок — апошні ў тых выпадках, калі гук [u:] ўтварыўся са старажытнага [o]). Літары для шыпячых і мяккіх зычных утрымоўваюць дыякрытычны знак гачык(cs) (па-чэску: háček «гаплік»), які ў большасьці выпадкаў выглядае як «птушачка» над літарай, а над літарамі з вэртыкальнай верхняй часткай (d, t) — як апостраф. Гачык над галоснай e азначае мяккасьць папярэдняй зычнай; звычайна літара ě адпавядае гуку, які пайшоў ад старога агульнаславянскага Ѣ). Літары q, w, x ужываюцца толькі ў запазычаньнях.
Чэскі правапіс мае ў сваёй аснове фаналягічны прынцып з пэўнымі гістарычнымі элемэнтамі. Гэта азначае, што адна літара (графэма), як правіла, ужываецца для запісу аднае фанэмы (а ня гуку) з тым, каб наблізіцца да марфалёгіі й этымалёгіі словаў і захаваць некаторыя элемэнты, адпаведныя гістарычнай форме мовы (напр. i/y, í/ý, ě, ú/ů).
Літары ě і ů ня могуць стаяць у пачатку слова, таму што ě зьмякчае папярэдні зычны гук, а выкарыстаньне ů замененае іншымі спосабамі (пачатковы галосны /u:/ на пісьме перадаецца як ú).
|
|
Па ўзоры чэскай пісьмовасьці была створаная вельмі блізкая да яе славацкая. У пачатку XIX стагодзьдзя на чэскую сыстэму (зь некаторымі зьмяненьнямі) была пераведзеная харвацкая лацінка («гаевіца»). Па чэскім жа ўзоры праектуюцца найбольш распраўсюджаныя сыстэмы лацінізацыі некаторых іншых славянскіх моваў: беларускае, украінскае, расейскае, як і ўвогуле асноўныя стандарты лацінскае трансьлітарацыі кірыліцы. Яшчэ некалькі моваў (басьнійская, лякоцкая, летувіская, латыская, некаторыя саамскія варыянты, славенская і інш.) выкарыстоўваюць гачыкі над літарамі.
Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя чэская артаграфія захоўвала некалькі своеасаблівых старажытных абазначэньняў гукаў, якія сёньня выглядаюць вельмі нязвыкла:
- літара j ужывалася замест í для абазначэньня доўгага гуку [і];
- літара g ужывалася замест j для абазначэньня гуку [й];
- літара w ужывалася замест v.
Фанэтыка
рэдагавацьГалосныя
рэдагавацьУ чэскай мове 10 асноўных галосных гукаў: кароткія і доўгія варыянты гукаў [a], [e], [i] (на пісьме з гістарычна-этымалягічных прычынаў адлюстроўваецца дваяка: i і y), [o], [u]. Даўжыня галосных абазначаецца дыякрытычнымі знакамі (штрыхом ці кружком) і зьяўляецца сэнсаадрознай: drahá — «дарагая», dráha — «даро́га».
Націск сілавы, фіксаваны на першым складзе, з даўжынёй гукаў не зьвязаны, з-за чаго нязвыкламу вуху можа здавацца, што націск прыпадае на склад у сярэдзіне ці канцы слова.
Характэрныя складаўтваральныя [r] і [l]: vlk «воўк», krtek «крот», bratr «брат». Пры вымаўленьні такога складу зьяўляецца няяўны гук, які нагадвае вельмі кароткі [ы]. Існуюць цэлыя выслоўі безь ніводнага «сапраўднага» галоснага: Strč prst skrz krk («засунь палец у горла»).
Дыфтонгі [au], [eu], [ou] (першыя два пераважна ў запазычаньнях, апошні тыповы і для ўласна чэскіх словаў: doubrava, houknouti, kousati).
Зычныя
рэдагавацьМесца артыкуляцыі → | Губныя зычныя | Зубныя | Заднеязычныя зычныя | Гартанныя зычныя | ||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Спосаб артыкуляцыі ↓ | Губна-губныя зычныя | Губна-зубныя зычныя | Пухірыкавыя | Постпухірыкавыя | Палатальныя зычныя | Вэлярныя | Фарынгальныя зычныя | |
Насавыя зычныя | m | (ɱ) | n | ɲ | (ŋ) | |||
Выбухныя зычныя | p b | t d | c ɟ | k ɡ | (ʔ) | |||
Афрыкаты | t͡s d͡z | t͡ʃ d͡ʒ | ||||||
Фрыкатыўныя зычныя | f v | s z | ʃ ʒ | x (ɣ) | (h) ɦ | |||
Сьлізгальныя | j | |||||||
Дрыготкія зычныя | r r̝ | |||||||
Латэральныя зычныя | l |
Лексыка
рэдагавацьЧэскія навукоўцы ацэньваюць колькасьць запазычаньняў з праславянскай мовы ў сучасных чэскай і роднаснай славацкай у 98%, што больш за ўсе астатнія славянскія мовы[10].
Сярод іншамоўных словаў, як і ў большасьці эўрапейскіх моваў, шэраг тэрмінаў у галіне культуры і навукі былі запазычаныя з грэцкае (demokracie, parabola, typ — дэмакратыя, парабала, тып) і лацінскае моваў (škola, kříž, doktor, herbář — школа, крыж, доктар, гербарый). Празь цесныя гістарычныя кантакты частка словаў была запазычаная зь нямецкае (knedlík, šunka, taška, brýle, rytíř — кнэдлік, вяндліна, мяшок, акуляры, рыцар), у некаторых выпадках яны дайшлі празь іншыя мовы. Зь нямецкае паходзіць шэраг словаў з галіны рамесьніцкай тэрміналёгіі і слэнгу (hoblík, klempíř, ponk, šichta — гэбель, водаправоднік, варштат, вахта). У эпоху нацыянальнага адраджэньня частка словаў адмыслова была перанятая зь іншых славянскіх — польскае (báje, věda, půvab, otvor — байка, веда, прывабнасьць, адтуліна), расейскае (vzduch, příroda, chrabrý — паветра, прырода, адважны) і інш. Чэская тэрміналёгія стваралася штучна праз запазычаньне іншамоўных словаў, часта даслоўным перакладам (малпаваньнем). Многія з гэтых словаў засталіся ва ўжытку і цяпер. У XX стагодзьдзі з расейскае мовы ў чэскую прыйшлі ў асноўным палітычныя тэрміны (sovět, kulak, chozrasčot, polárník, rozvědka, celiny — савет, кулак, гасразьлік, палярнік, выведка, цаліна). З італьянскае паходзіць шэраг музычных тэрмінаў (duet, soprán, forte, piano — дуэт, сапрана, фортэ, піяна), з францускае — датычных моды (baret, blůza, manžeta — берэт, блюза, манжэта). Ангельская мова стала крыніцай спартовых тэрмінаў (fotbal, hokej, tenis — футбол, хакей, тэніс), а цяпер зь яе пераходзяць новаўвядзеньні ў вылічальных тэхналёгіях (software, hardware — праграмнае забесьпячэньне, апаратнае забесьпячэньне) і іншых галінах.
Маюцца запазычаньні з экзатычных моваў, часта празь іншыя мовы. З арабскае прыйшлі словы alkohol, káva, trafika (алькаголь, кава, тытунёвая крама), з турэцкае jogurt, klobouk, čapka, tasemnice (ёгурт, клябук, капялюш, тасьма), з кітайскае — čaj, kečup (гарбата, кетчуп), з гіндзі džungle, jóga (джунглі, ёга).
Правапіс запазычаных словаў залежыць ад ступені натуралізацыі:
- асыміляваныя словы падпарадкоўваюцца правілам напісаньня чэскае мовы, напрыклад telefon, televize, rádio, muzeum, kriket, akvárium (хоць дапускаецца і напісаньне televise, radio, museum);
- новыя і рэдкаўжывальныя словы звычайна захоўваюць арыгінальнае напісаньне, напр. hardware, image;
- асаблівую групу складаюць устойлівыя словазлучэньні — выразы, якія захоўваюць арыгінальны правапіс і не падпарадкоўваюцца чэскім правілам скланеньняў, напрыклад лацінскія ecce homo, corpus delicti, in statu nascendi, ab incunabulis, dies irae, францускія aperçu, á propos, enfant terrible, tête à tête, vis-à-vis, potpourri, parvenu; laissez-faire, laissez-passer; італійскія staccato, adagio, dolce far niente і да т.п.).
Як у многіх роднасных мовах, якія доўгі час разьвіваліся паасобку, падобныя па гучаньні чэскія і беларускія словы нярэдка маюць розны і нават супрацьлеглы сэнс (напрыклад, čerstvý — сьвежы; pozor — увага; hrad — замак; ovoce — садавіна; rodina — сям’я; і да т. п.).
Граматыка
рэдагавацьЧэская мова, як і беларуская, адносіцца да фузыйных моваў, якія вызначаюцца складанай сыстэмай скланеньняў і спражэньняў. Гэта выяўляецца праз багацьце слоўных формаў.
Часьціны мовы
рэдагавацьУ чэскай 10 часьцінаў мовы, сярод якіх адрозьніваюць зьмяняльныя і незьмяняльныя:
- зьмяняльныя
- незьмяняльныя (прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часьціца, выклічнік)
Род
рэдагавацьАдрозьніваюць 3 роды: мужчынскі, жаночы і ніякі. Акрамя таго, назоўнікі мужчынскага роду падзяляюцца на адушаўлёныя і неадушаўлёныя.
Лік
рэдагавацьАдрозьніваюць адзіночны і множны лікі.
Скланеньне
рэдагавацьЧэская мова мае 7 склонаў (назоўны, родны, давальны, вінавальны, клічны, творны, месны), якія ўжываюцца пры скланеньні чэскіх назоўнікаў, прыметнікаў, займеньнікаў і лічыльнікаў.
Пачатковаю формаю (лемай) імёнаў ёсьць, як правіла, назоўны склон адзіночнага ліку.
Спражэньне
рэдагавацьДзеясловы маюць 3 часы: мінулы, цяперашні і будучы.
Акрамя таго, па завершанасьці ці незавершанасьці дзеяньня адрозьніваюць дзеясловы закончанага (пэрфэктныя) і незакончанага (імпэрфэктныя) трываньняў. Дзеясловы закончанага трываньня ня маюць формы цяперашняга часу, яна супадае з формай будучага часу.
Адрозьніваюць 3 лады дзеясловаў: абвесны, умоўны і загадны. Паводле адносінаў між прадметам і дзеяньнем вылучаюць асабовыя і безасабовыя дзеясловы.
Пачатковаю формаю дзеяслова ёсьць інфінітыў.
Парадак слоў
рэдагавацьПарадак слоў вельмі гнуткі (вольны). Асноўным тыпам парадку зьяўляецца «дзейнік — выказьнік — дапаўненьне».
Дыялекты
рэдагавацьЧэская мова распадаецца на некалькі дыялектаў, носьбіты якіх у цэлым разумеюць адзін аднаго. У цяперашні час пад уплывам літаратурнае мовы межы між дыялектамі сьціраюцца. Чэскія дыялекты падзяляюцца на 4 групы[11]:
- Чэскія (багемскія) гаворкі (з размоўнай чэскай у якасьці кайнэ)
- Цэнтральнамараўская група гаворак (ганацкая);
- Усходнемараўская група гаворак (мараўска-славацкая);
- Сылескія гаворкі.
Памежныя землі, раней населеныя судэцкімі немцамі, нельга аднесьці да пэўнага дыялекту з-за размаітасьці насельніцтва.
Сьпіс Сўодэша для чэскае мовы
рэдагаваць
|
|
Разьвіцьцё
рэдагавацьПершай славянскай літаратурнай мовай на тэрыторыі сучаснай Чэхіі была стараславянская мова, якая выкарыстоўвала ў якасьці альфабэту прынесеную каля 836 году братамі Кірылам і Мятодам глаголіцу.
Чэская мова вылучылася з заходняга дыялекту праславянскай напрыканцы 1 тысячагодзьдзя. Аднак чытаць і пісаць у той час умела пераважна толькі духавенства, і функцыі пісьмовай мовы выконвалі лацінская і стараславянская мовы.
Першымі пісьмовымі дакумэнтамі чэскай мовы зьяўляюцца рэлігійныя песьні і кароткія тэксты, вядомыя як глосы (па-чэску: glosy), напісаныя ў XII і XIII стагодзьдзях. Яны пісаліся так званым прымітыўным правапісам, які выкарыстоўваў звычайную лацінку для запісу неўласьцівых латыні гукаў (адна літара выкарыстоўвалася для розных гукаў).
У XIV і XV[12] стагодзьдзях зьяўляюцца першыя творы прыдворнай літаратуры, чэская мова пранікае ў дзяржаўныя дакумэнты. У XIV стагодзьдзі на чэскую мову былі ўпершыню перакладзеныя ўсе часткі Бібліі, праўда, не як зьвязны твор. У іх для запісу чэскіх гукаў выкарыстоўваліся састаўныя літары. На мяжы XIV—XV стагодзьдзяў была праведзеная рэформа правапісу, зьвязаная зь імем Яна Гуса, якая ўвяла ў чэскую мову дыякрытычныя знакі. Ян Гус таксама працаваў над перакладам усіх частак Бібліі. Вялікі ўнёсак у разьвіцьцё чэскай літаратуры дало вынаходзтва кнігадрукаваньня. У 1475 годзе на чэскай мове быў упершыню надрукаваны Новы Запавет, а ў 1488 годзе ўся Біблія. Тым ня менш, клясычны чэскі пераклад Бібліі, Краліцкая Біблія, быў выдадзены ў 6 частках толькі ў 1579—1594 гадох.
З паразай паўстаньня 1618—1620 гадоў(cs) і пачаткам Контрарэфармацыі пачаўся паступовы заняпад чэскай пісьмовай літаратуры, які быў выкліканы змушанай эміграцыяй некаталіцкай інтэлігенцыі. І ў гэты час, тым ня менш, выходзілі кнігі на чэскай мове, аднак яны падвяргаліся строгай цэнзуры. Па Новым земскім укладаньні (па-чэску: Obnovené zřízení zemské) (1627, 1628) у Чэхіі і Маравіі другой дзяржаўнай мовай станавілася нямецкая, якая мела роўныя правы з чэскай (на падставе пражываньня тамака вялікай колькасьці немцаў).
У XVIII стагодзьдзі нямецкая мова была ўведзена ў якасьці адзінай ва ўсіх габсбурскіх землях. Для пасьпяховай кар’еры нямецкай мовай трэба было валодаць як роднай. Шматлікія чэскія паны так анямечваліся, што забывалі сваю родную мову. Заняпаду чэскай мовы спрыялі езуіты, зьнішчаючы чэскія кнігі і рукапісы, якія яны лічылі ерэтычнымі. Пры кіраваньні Марыі-Тэрэзіі ў вышэйшых, сярэдніх і пачатковых школах уводзілася выкладаньне на нямецкай мове, а пры Ёсіфе II бязь веданьня нямецкай стала немагчыма паступіць у гімназію. У 1784 годзе нямецкая мова канчаткова стала мовай выкладаньня ў гімназіях і Праскім унівэрсытэце, наўзамен лацінскай мовы. Ва ўсіх урадавых установах таксама была ўведзеная нямецкая мова.
Поўнае непрызнаньне з боку аўстрыйскіх імпэратараў земскай самастойнасьці Чэхіі прывяло да ўзьнікненьня ў канцы XVIII стагодзьдзя руху нацыянальнага адраджэньня, які ўзмацніўся са скасаваньнем у XIX стагодзьдзі прыгоннага права. У 1792 у Праскім унівэрсытэце была арганізаваная катэдра чэскай мовы, у 1793 годзе чэская стала выкарыстоўвацца ў сойме.
У XIX стагодзьдзі чэская літаратура ізноў дасягнула росквіту. З розных спробаў кадыфікацыі чэскай мовы ўсеагульна была прынятая граматыка Ёзэфа Добраўскага, якая ўпершыню выйшла ў 1809 годзе. У 1830—1835 гадах быў выдадзены пяцітомавы чэска-нямецкі слоўнік Ёзэфа Юнгмана. Разьвіваецца публіцыстыка і мастацкая літаратура, якія значна наблізіліся да паўсядзённай мовы. Зьніклі некаторыя перажыткі састарэлага правапісу Краліцкай Бібліі. Менавіта ў гэты час літаратурная чэская мова стала больш-менш паходзіць да сучаснае.
Падабенства да славацкай мовы
рэдагавацьЧэская і славацкая мовы вельмі падобныя і ўтвараюць кантынююм, плаўна пераходзячы адна ў адну. Адрозьненьні ў лексыцы чэскай і славацкай моваў нават меншыя, чым паміж некаторымі дыялектамі славацкае мовы. Некаторыя дыялекты адносяць да адной або другой мовы толькі ў залежнасьці ад тэрытарыяльнай прыналежнасьці.
У значнай меры за час існаваньня супольнае дзяржавы — Чэхаславаччыны — у Чэхіі і Славаччыне склаўся пасіўны чэска-славацкі білінгвізм, чэхі звычайна без праблемы разумеюць славацкую і наадварот. У рэчышчы тагачаснай палітыкі ў міжваеннай Чэхаславаччыне (1918—1938) абедзьве мовы разглядаліся як два варыянты аднае літаратурнае мовы. Узаемаразуменьне абодвух моваў ацэньваецца ў 95%[13].
Афіцыйны статус
рэдагавацьЧэскай мовай карыстаецца пераважная большасьць грамадзянаў Чэхіі. Паводле дзеючага заканадаўства, суды, сьледчыя і адміністратыўныя органы вядуць справаводзтва па-чэску[14] (фінансавыя інстытуцыі таксама і па-славацку[15]). На таварах абавязкова павінна прысутнічаць інструкцыя па выкарыстаньні па-чэску[16].
Грамадзяне, якія не валодаюць чэскай мовай, маюць права карыстацца паслугамі перакладніка (напрыклад, у судзе). У адпаведнасьці з Хартыяй фундамэнтальных правоў і свабод(cs) этнічныя меншасьці маюць права карыстацца ўласнымі мовамі[17].
Чэская мова таксама можа ўжывацца ва ўсіх афіцыйных актах у Славаччыне, што абумоўлена Артыкулам 6 Акту пра мовы меншасьцяў Славаччыны 184/1999 Zb. А з 1 траўня 2004 року чэская мова ўваходзіць у сьпіс афіцыйных моваў Эўразьвязу.
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Ethnologue report for language code: ces (анг.). Lewis, M. Paul (ed.), 2009. Ethnologue: Languages of the World, Sixteenth edition
- ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ Селищев А. М. Славянское языкознание. Западнославянские языки. — Государственное учебно-педагогическое издательство Наркомпроса РСФСР. — М., 1941. — С. 22.
- ^ Широкова А. Г. Западнославянские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — С. 164.
- ^ Bauer J., Lamprecht A., Šlosar D. Historická mluvnice češtiny. — Praha: SPN, 1986. — С. 25.
- ^ Tab. 12 Obyvateľstvo SR podľa materinského jazyka – SODB 2011, 2001 (славацк.)
- ^ Detailed Language Spoken at Home and Ability to Speak English for the Population 5 Years and Older by States: 2006-2008 (ACS) Detailed Tables (анг.)
- ^ Bevölkerung 2001 nach Umgangssprache, Staatsangehörigkeit und Geburtsland (ням.)
- ^ Ústav pro jazyk český Akademie věd České republiky
- ^ František Kopečný Základní všeslovanská slovní zásoba. — Praha: Academia, 1981. — citováno dle Karlík, Nekula, Rusínová (1995)
- ^ Karlík, Nekula, Pleskalová. Encyklopedický slovník češtiny. — Praha: Nakladelství Lidové noviny, 2002. — С. 393.
- ^ Селищев А. М. Славянское языкознание. Западнославянские языки. — Государственное учебно-педагогическое издательство Наркомпроса РСФСР. — М., 1941. — С. 36.
- ^ Breton R. Atlas jazyků světa: Soužití v křehké rovnováze / T. Duběda. — Praha: Albatros, 2007. — С. 19. — ISBN 978-80-00-01883-6
- ^ Zákon ČNR č. 202/1990 Sb. o loteriích a jiných podobných hrách, § 46a; Zákon ČNR 455/1991 Sb. o živnostenském podnikání, § 71 odst. 3; Zákon ČNR 582/1991 Sb. o organizaci a provádění sociálního zabezpečení, § 123d; Zákon 99/1963 Sb. občanský soudní řád, § 18; Zákon 141/1961 Sb. o trestním řízení soudním (trestní řád), § 2 odst. 14 a §§ 28 – 29
- ^ Zákon ČNR č. 337/1992 Sb. o správě daní a poplatků, § 3
- ^ Zákon 634/1992 Sb. o ochraně spotřebitele, § 11
- ^ Ústavní zákon č. 2/1993 Sb. Listina základních práv a svobod, č. 25
Літаратура
рэдагаваць- Селищев А. М. Славянское языкознание. Западнославянские языки. — М.: Государственное учебно-педагогическое издательство Наркомпроса РСФСР, 1941. — С. 27-190
- Сталл П. Обиходно-разговорный чешский язык. // Вопросы языкознания, 1960, № 2. — С. 11-20
- Широкова А. Г. Из истории развития литературного чешского языка. // Вопросы языкознания, 1955, № 4. — С. 35-54
- Lehr-Spławiński T. Tło ugrupowania gwar czeskich. // Studia i szkice wybrane z językoznawstwa słowiańskiego. Seria 2. — Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1966. — S. 251—258.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць Вікіпэдыя мае вэрсію чэскай мовай |
У Вікікнігах можна знайсьці дадатковыя матэрыялы па тэме артыкула: |
Чэская мова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Вікіслоўнік зьмяшчае матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |