Юрка Гаўрук

беларускі перакладчык, крытык, паэт, рэжысэр

Ю́рка Гаўру́к (6 траўня [ст. ст. 23 красавіка] 1905; Слуцак, цяпер Менская вобласьць, Беларусь — 1979; Менск, цяпер Беларусь) — беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысэр. Патрыярх беларускага нацыянальнага перакладу.

Юрка Гаўрук
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Юры Паўлавіч Гаўрук
Псэўданімы С. Дробуш
Нарадзіўся 23 красавіка (6 траўня) 1905
Памёр 18 лютага 1979(1979-02-18) (73 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці выкладнік, перакладнік, рэжысэр
Гады творчасьці 1926—1969
Жанр апавяданьне, верш, паэма, эсэ
Мова беларуская мова
Дэбют Зборнік апавяданьняў «Вясковыя рыскі» (1926)
Творы на сайце Knihi.com

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і службоўца. З 1915 сям’я Гаўрука ў бежанстве ў Пскове. Скончыў слуцкую школу 2-ой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве (1925). З 1924 запісваў на Случчыне беларускі фальклёр. Зьяўляўся сябрам літаратурнага таварыства «Маладняк». Увосень 1925 абраны дацэнтам катэдры беларускае мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931). У 1931—1935 дацэнт катэдры літаратуры Магілёўскага педынстытута, чытаў курс замежнае літаратуры і літаратур народаў СССР. Сябра Саюза пісьменьнікаў СССР (з 1934).

Арыштаваны 8 лютага 1935 у Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 асобай нарадай пры НКУС за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўленьня волі; высланы зь Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сыбіры, Комі АССР. Асабовая справа Ю. Гаўрука № 15523 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958. Пераехаў у Менск. У 1957—1967 працаваў памочнікам галоўнага рэжысэра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я.Коласа пастаўленыя ў яго перакладах п’есы з сусьветнае клясыкі.

Працаваў у галіне перакладаў з францускай, ангельскай, нямецкай, польскай, расейскай, украінскай на беларускую мову. Дэбютаваў перакладам у 1925 (верш Г. Гейнэ «Ткачы»). Свае творы друкаваў у часопісах «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і інш. Пераклаў п’есы У. Шэксьпіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўленая ў 1926), «Гамлет» (1935, 1964, пастаўленая ў 1946), «Атэла» (1954), «Канец — справе вянец» (пастаўленая ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра» (1982). У яго перакладзе ставіліся п’есы «Прыніжаныя і зьняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» бразыльскага драматурга Г. Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» Н. Хікмэта (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В. Гюго (1962), «Мяцеліца» Л. Ляонава (1965), «Дзядзька Ваня» А. Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Улада цемры» Л. Талстога (1969), «Залатая карэта» Л. Ляонава (1971), «Багна» А. Астроўскага (1972), «Доктар філязофіі» Б. Нушыча (1972), «Ноч памылак» О. Голдсьміта, «Выбух» І. Дварэцкага.

Напісаў зборнік краязнаўчых апавяданьняў «Вясковыя рыскі» (1926). Аўтар першае на Беларусі кніжкі паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928)[1]. У 1969 выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя», у 1975 — зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах», у 1990 — «Выбранае» (вершы і пераклады).

Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Ўкраінкі, У. Сасюры, П. Варанько, асобнымі выданьнямі выйшлі раман А. Сьціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А. Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навэлы» (1974), раманы Э. Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К. С. Прычард «Дачка ўрагану» (1977). На расейскую мову пераклаў аповесьць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К. Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака.

Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасьці» (1986).

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Агні ў прасторах: Выбраныя пераклады. Мн., 1975;
  • Узвіхраны ветразь: Вершы. Паэма. Пераклады. Мн., 1990;
  • Ступень адказнасці: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн., 1986.
  1. ^ Выданьне «Маладняка», у зборнік увайшлі творы Дж. Байрана, Ф. Шылера, Ш. Бадлера, Ў. Ўітмэна, Пэрсі Бішы Шэлі, П. Вэрлена, Ё. В. Гётэ, А. Міцкевіча і іншых заходнеэўрапейскіх і амэрыканскіх паэтаў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гаўрук Юрка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Гаўрук Юрка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 2. Верабей — Іваноў. — 541с.;іл. с. — ISBN 5-85700-075-0
  • Гілевіч Н. Майстар «з краю музыкі і слова» // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
  • Гілевіч Н. Паэт-інтэлігент брусаўскай школы: Памяці Ю. П. Гаўрука // Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
  • Ліўшыц У. «Быў чалавекам вельмі светлай душы» // у кнізе «Раскопкі вакол Горацкага Парнаса». - Горкі: 2001. С. 107—111.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Семяжон Я. Урокі настаўніка // ЛіМ. 1980, 16 мая;

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць