Ігнат Дамейка
Ігна́т Даме́йка (польск. Ignacy Domeyko; гішп. Ignacio Domeyko; 31 ліпеня 1802, Вялікая Мядзьвядка — 23 студзеня 1889, Сант’яга, Чылі) — філямат, удзельнік паўстаньня 1830—1831 гадоў, беларускі[3], польскі і чылійскі навуковец-дасьледнік, геоляг, мінэроляг, рэктар Чылійскага ўнівэрсытэту, Нацыянальны герой Чылі[4].
Ігнат Дамейка лац. Ihnat Damiejka | |
па-польску: Ignacy Domeyko | |
Дата нараджэньня | 31 ліпеня 1802[1] або 3 ліпеня 1802[2] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 23 студзеня 1889[2] (86 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Віленскі ўнівэрсытэт |
Занятак | географ, прафэсар унівэрсытэту, мінэроляг, геоляг, горны інжынэр, мэтэароляг |
Навуковая сфэра | геалёгія і мінэралёгія |
Месца працы | Чылійскі ўнівэрсытэт |
Вядомы як | «Грандэ Эдукатор» («Вялікі Асьветнік») |
Сябра ў | Познаньскае таварыства сяброў навук[d], Таварыства філяматаў і Кракаўскае навуковае таварыства[d][2] |
Бацька | Іпаліт Казіміравіч Дамейка[d] |
Маці | Караліна з Анцутаў[d] |
Узнагароды | Ганаровы доктар мэдыцыны Ягелонскага ўнівэрсытэту |
Подпіс | |
Займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Летувы. 2002 год у сувязі з 200-годзьдзем нараджэньня Дамейкі UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі». Імя Дамейкі носіць у тым ліку вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana); малая плянэта 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадзкіх установаў па ўсім сьвеце.
Біяграфія
рэдагавацьРаньнія гады
рэдагавацьНарадзіўся ў маёнтку Мядзьвядка (сустракаецца таксама варыянт Недзьвядка) Наваградзкага павету Менскай губэрні (цяпер у Карэліцкім раёне за 15 км на захад ад Міру) у сям’і старшыні Наваградзкага земскага суда Іпаліта Дамейкі (1764—1809) і Караліны з роду Анцутаў (памерла ў 1832). Дзяцінства Ігнася прайшло ў беларускай вёсцы.
У сем гадоў малы Ігнась страціў бацьку. Маці засталася пасьля яго сьмерці з трыма сынамі і дзьвюма дочкамі. На дапамогу ёй прыйшлі бацькавы браты. Адзін зь іх — Ігнат Дамейка, які меў агранамічную адукацыю, узяў на выхаваньне свайго малога цёзку да сябе ў маёнтак Жыбуртоўшчына ў Лідзкім павеце, што за 12 вёрст ад паштовай станцыі Наваельня. Дзядзька прывучаў малога Ігнася гаспадарыць на зямлі.
Другі дзядзька — Юзаф Дамейка, які атрымаў асьвету ў Нямеччыне, у славутай фрайбурскай Горнай акадэміі і меў у сваім доме немалую калекцыю мінэралаў і прыродазнаўчых кніг, імкнуўся зацікавіць пляменьніка дакладнымі навукамі і ў першую чаргу сваёй любімай мінэралёгіяй і прафэсіяй геоляга. Дзеля гэтага ён вырашыў аддаць Ігнася ў школу айцоў-піяраў у Шчучыне, дзе шмат увагі надавалася прыродазнаўчым навукам, бо школьную праграму для яе склаў былы яе выкладчык, вядомы батанік і мінэроляг Станіслаў Юндзіл. У школе піяраў быў добры мінэралягічны музэй, багатая бібліятэка.
З 1812 году разам з старэйшым братам Адамам Дамейкам Ігнат навучаўся ў школе ордэну піяраў у Шчучыне. Па сканчэньні школы ў 1816 годзе паступіў на фізыка-матэматычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту.
14-гадовы Ігнат Дамейка быў адным з самых юных студэнтаў унівэрсытэту. У чэрвені 1817 году атрымаў ступень кандыдата філязофіі. Вучобу скончыў у першай палове 1820 году. У далейшым, у 1822 годзе, наведваў лекцыі астранома Пятра Славінскага, у 1823 годзе слухаў лекцыі філёзафа Юзафа Галухоўскага і гісторыка Яўхіма Лялевеля. У чэрвені 1822 году яму была прысуджаная ступень магістра філязофіі.
Таварыства філяматаў
рэдагавацьЗ 1820 году браў удзел у Таварыстве філяматаў[5] разам зь Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам. Меў кансьпіратыўнае імя Жэгота (пад гэтым імём яго ўвасобіў у сваёй паэме «Дзяды» А. Міцкевіч[6]). Браў удзел у дзейнасьці даччыных арганізацыяў філяматаў — таварыства філядэльфістаў, прамяністых, загадваў бібліятэкай філяматаў.
У лістападзе 1823 году арыштаваны. Разам з большасьцю арыштаваных яго заключылі ў сьценах базылянскага манастыра Сьвятой Тройцы ў Вільні. Дзякуючы намаганьням сваякоў у студзені альбо лютым 1824 году Ігнат Дамейка быў вызвалены. Вырак суду, замацаваны імпэратарам 14 жніўня і абвешчаны 16 верасьня 1824 году, быў, у параўнаньні з выракамі, напрыклад, Тамаша Зана альбо Яна Чачота, мяккім: судовае рашэньне прадпісвала жыць пад наглядам паліцыі ў сямейным маёнтку бяз права куды-небудзь выяжджаць альбо займаць дзяржаўныя пасады.
Ігнат Дамейка пасяліўся ў вёсцы Запольлі на Лідчыне, а потым у вёсцы Жыбуртоўшчыне паблізу Зьдзецелу. Зрабіў пераклад на польскую мову песьні Асіяна і Каран (разам са сьвятаром Дыянізам Хлявінскім). Пачаў досьледы з вырошчваньня жывёлы на навуковай аснове, укараняў сельскагаспадарчыя навінкі, будаваў млыны, вінакурні, тартакі. Аднак, жыцьцё абшарніка ня вабіла. Пазьней Міцкевіч у паэме «Дзяды» паказаў Дамейку ў вобразе агранома Жэготы (так называлі яго сябры з унівэрсытэту).
У 1829 годзе паліцэйскі нагляд з Ігната Дамейкі быў зьняты. Гэта дазволіла браць удзел у легальнай грамадзкай дзейнасьці. У 1830 годзе ён быў абраны ў гарадзенскі соймік.
Паўстаньне, эміграцыя
рэдагавацьУ тым жа 1830 годзе ўпершыню выехаў зь Літвы (Беларусі). Наведаў Варшаву, дзе сустрэў Яўхіма Лялевеля. Калі ён вярнуўся на радзіму, пачалося паўстаньне 1830—1831 гадоў у Польшчы і Беларусі. Дамейка ўзяў у ім удзел, ваяваў ў атрадах ген. Дэзыдэрыя Хлапоўскага, адзін час разам з Эміліяй Плятэр і яе стрыечнымі братамі Ц. і В. Плятэрамі. Пасьля прайгранай бітвы пад Шаўлямі ўлетку 1831 году разам зь іншымі паўстанцамі адступіў у Прусію, дзе быў інтэрнаваны.
У канцы таго ж 1831 году атрымаў дазвол на выезд і ў пачатку 1832 году выехаў у Дрэздэн. У Дрэздэне І. Дамейка зноў сустрэўся з Адамам Міцкевічам. Выяжджаў у Саксонію, Швайцарыю, наведаў Фрайбург, дзе пазнаёміўся з Горнай акадэміяй.
Францыя
рэдагавацьУ жніўні 1832 году разам з Адамам Міцкевічам і іншымі эмігрантамі перабраўся ў Парыж, які на той час быў цэнтрам жыцьця эмігрантаў з тэрыторыі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Браў удзел у жыцьці розных эмігранцкіх аб’яднаньняў. Дапамагаў Міцкевічу перапісваць паэму «Пан Тадэвуш». Наведваў лекцыі ў вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага ўнівэрсытэту і ў Францускай калегіі, займаўся ў Батанічным садзе, браў удзел у геалягічных экскурсіях.
У 1834 годзе паступіў у Горную школу (франц. École des Mines). У 1837 годзе склаў геалягічную, гідраграфічную і гаспадарчую мапы былой Рэчы Паспалітай і напісаў да яе вялікі камэнтар (мапа і камэнтар не былі выдадзеныя, матэрыялы выкарыстоўваліся ў іншых выданьнях). У 1837 годзе атрымаў дыплём горнага інжынэра.
Чылі
рэдагавацьУ 1837 годзе прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сэрэна ў г. Какімба (за тры месяцы вывучыў гішпанскую мову). У 1838 годзе атрымаў званьне прафэсара. У г. Какімба Дамейка выкладаў да 1846 году (цяпер тамтэйшы ўнівэрсытэт носіць яго імя).
Праводзіў разнастайныя дасьледаваньні. Камплектаваў мінэралягічныя калекцыі, заснаваў фізычную лябараторыю, навуковую бібліятэку, заалягічную калекцыю. У 1845 годзе выдаў кнігу на гішпанскай мове з апісаньнем побыту, культуры, мовы, індзейцаў араўканаў, у далейшым перакладзеную на некалькі моваў.
Па заканчэньні кантракту пераехаў у Сант’яга. У 1847 годзе атрымаў катэдру хіміі ў Чылійскім унівэрсытэце (гішп. Universidad de Chile) (адрэдагаваў праект рэформаў унівэрсытэту і школаў). У сьнежні 1848 году атрымаў чылійскае грамадзянства.
У 47-гадовым веку Ігнат Дамейка пазнаёміўся ў сакавіку 1850 году з 16-гадовай чылійкай Энрыкетай Сотамаёр Гусман (1834—1870) і 7 ліпеня 1850 году пабраўся зь ёй шлюбам, пражыўшы разам яшчэ дваццаць гадоў.
У 1852 годзе Ігнат Дамейка быў прызначаны кіраўніком дэлегатуры па справах вышэйшай школы і з таго часу пачаў актыўна займацца арганізацыяй адукацыі і навуковых установаў Чылі. У заснаванай зь яго ініцыятывы Горнай школе былі падрыхтаваныя чылійскія нацыянальныя кадры выкладчыкаў горнай справы, геолягаў, мінэролягаў.
Ігнат Дамейка ўвёў у Чылі мэтрычную сыстэму мераў і вагі. Арганізаваў мэтэаралягічную службу ў Сант’яга-дэ-Чылі.
У 1867 годзе быў абраны рэктарам Чылійскага ўнівэрсытэту і пераабіраўся чатыры разы. Да 1883 году быў рэктарам унівэрсытэту. Ад рэктарскай пасады адмовіўся ў знак пратэсту супраць захопніцкай вайны Чылі з суседняй Пэру.
Працягваў займацца мінэралягічнымі дасьледаваньнямі. Адзін зь першых дасьледнікаў Атакамы — самай сухой пустыні сьвету. Вывучаў знойдзены ў Атакаме мэтэарыт, дасьледаваў абарыгенаў Паўднёвай Амэрыкі. Арганізаваў вывучэньне мінэралёгіі і геалёгіі Андаў. Займаўся будаўніцтвам шахтаў і капальняў па здабычы медзі, срэбра, золата. У гарах адкрыў паклады невядомага навуцы альгамату срэбра — аркерат, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры. Яго вучань Ніколас Нарньё знайшоў багатую срэбраную жылу, якую назваў імем свайго настаўніка — «Міна дэ Дамейка».
Навуковыя працы, якіх налічваецца каля 130, пісаў пераважна па-француску і гішпанску. Стварыў падручнікі па хіміі, мінэралёгіі (на гішпанскай ды францускай мовах). Некалькімі выданьнямі выйшаў яго падручнік і разам з тым навуковая праца Elementos de mineralojia' (1854, 1860, 1879), зь некалькімі дадаткамі.
Падтрымліваў сувязі з унівэрсытэтамі Варшавы і Кракава, пасылаючы туды свае працы і іншыя выданьні, якія выходзілі ў Чылі. Клапаціўся пра стварэньне ў Кракаве мінэралягічнага музэю. Стаў сябрам многіх эўрапейскіх навуковых таварыстваў.
Позьнія гады, прыезд у Беларусь
рэдагавацьУ 1884 годзе Ігнат Дамейка накіраваўся ў Эўропу. З сабою таксама вёз вялікую мінэралягічную калекцыю — падарунак некалькім эўрапейскім унівэрсытэтам. Улетку разам з сынамі прыбыў у Бардо. У Парыжы сустрэўся зь сябрамі юнацтва Ўладзіславам Ласковічам і Язэпам Багданам Залескім, наведаў сям’ю Ўладзіслава Міцкевіча, сына знакамітага паэта. У Кракаве быў з энтузіязмам прыняты навуковай грамадзкасьцю. Пабываў у Варшаве і Вільні. Наведаў Мядзьведку, Мір, Наваградак і Крашын (увогуле, у сучаснай Беларусі ёсьць 17 населеных пунктаў, зьвязаных з імем Ігната Дамейкі), пакланіўся бацькоўскім магілам. У Крашыне пасадзіў дубок. Гэтае падарожжа было лягічным завяршэньнем жыцьцёвага шляху. Зусім не выпадкова ён пісаў у свой час Адаму Міцкевічу з Чылі[7]:
Натуральна, перарадзіцца я ніколі не змагу і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, або ў Панар (Вільня) — усё роўна памру літвінам…» | ||
Увосень вярнуўся ў Парыж. У 1885 годзе спыняўся ў Рыме (атрымаў аўдыенцыю ў Папы Рымскага Леона XIII) і Нэапалі, затым зноў наведаў Кракаў, адкуль зь Пятром Сямёненкам накіраваўся ў паломніцкае падарожжа па Сьвятой зямлі. Вярнуўся ў Парыж, затым зноў кароткачасова вярнуўся на радзіму і правёў там два зь лішнім гады, ненадоўга зрэдку выяжджаючы.
У красавіку 1887 году Кракаўскі Ягелонскі ўнівэрсытэт прысвоіў Дамейку ступень ганаровага доктара мэдыцыны.
Улетку 1888 году накіраваўся ў Чылі. У дарозе цяжка захварэў. Памёр 23 студзеня 1889 году ў Сант’яга. Быў пахаваны на сродкі чылійскага ўраду. Дзень яго пахаваньня быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы, а сам ён быў абвешчаны нацыянальным героем.
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьІмя Ігната Дамейкі носіць вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As), выяўлены самім дасьледнікам; фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana) — новы від адкрыты на поўначы Чылі; малая плянэта 2784 Domeyko, адкрытая чылійскім астраномам Карлам Торэсам ў 1975 годзе.
Ammonites Domeykanus Dufr — аманіт Дамейкі — від аманіту, адкрыты Дамейкам у фармацыі юрскага пэрыяду ў ваколіцы Chanarcillo. Andiela Domeykoi — новы від каўчуканосу. Azylea Domeyki — aзалія Дамейкі — гатунак азаліі, выгадаваны варшаўскім садоўнікам у 1845 г. Trigonia Domeykoana — від сьлімака. Nautilus Domeykus d’Orb — від акамянелых малюскаў, адкрыты Дамейкам у 1841 годзе.
У Чылі ёсьць невялікае мястэчка Дамейка у адміністрацыйным рэгіёне Атакама, паміж гарадамі Ла-Сэрэна і Вальенар, у якім жыве каля 1 тыс. жыхароў. Пуэрта-Дамейка (Puerto Domeyko) — порт Дамейкі на паўднёва-заходнім беразе возера Льянкіуэ (Llanquihue) — другога па велічыні возера ў Чылі. Lugarejo Domeyko — пасёлак каля порта Дамейка[8].
У Сант’яга стаіць помнік «Грандэ Эдукатору» («Вялікаму Асьветніку»).
У яго гонар названыя ўнівэрсытэт і нацыянальная бібліятэка ў Сант’яга; вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні, Менску і Наваградку.
Польская бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе (гішп. Biblioteca Polaca Ignacio Domeyko'), некалькі ліцэяў, іншых навучальных і навуковых установаў Чылі.
На месцы родавай сядзібы Дамейкаў у Вялікай Мядзьвядцы (Карэліцкі раён) ўсталяваны памятны валун. У школе вёскі Крупава Лідзкага раёну створаны музэй, у якім на дадзены час сабрана каля 500 экспанатаў, у тым ліку кніга І. Дамейкі «Мае падарожжы», выдадзеная пры жыцьці навукоўца ў Вільні. Да 200-годзьдзя Ігната Дамейкі ў вёсцы пасаджана алея ў яго гонар.
У Карэлічах традыцыйна праходзяць чытаньні, прысьвечаныя жыцьцю і дзейнасьці Ігната Дамейкі.
2002 год у сувязі з 200-годзьдзем нараджэньня Дамейкі, ЮНЭСКО назвала «Годам Ігната Дамейкі». Юбілейныя мерапрыемствы пад патранажам прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага і прэзыдэнта Чылі Рыкарда Лагаса прайшлі ў Чылі, а таксама ў Беларусі і Летуве. У верасьні 2002 году на браме базылянскага манастыра сьв. Тройцы ў Вільні, дзе Дамейка быў у турэмным зьняволеньні ў часе сьледзтва па справе філяматаў, была адкрытая мэмарыяльная табліца зь яго барэльефам (скульптар Валдас Бубялявічус, архітэктар Ёнас Анушкявічус).
Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь ў 2002 годзе выпусьціў памятную манэту ў гонар Ігната Дамейкі[9]. У яго гонар выпускаліся манэта ў Польшчы, паштовыя маркі ў Польшчы і Чылі, паштовая картка з арыгінальнай маркай у Летуве.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Філаматы і філарэты. Зборнік / укладаньне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі й камэнты Кастуся Цьвіркі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1998. — С. 279—322. — 400 с. — (Серыя І. Мастацкая Літаратура). — 10 100 ас. — ISBN 985-6318-21-1
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ а б в г http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/domeyko-ignacy-zegota/
- ^ Вядомыя беларусы. Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь.
- ^ Мазоўка Н. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 203.
- ^ Доўнар Т. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995. С. 408.
- ^ Наталля Мазоўка. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 202.
- ^ Домейко Игнатий Ипполитович, Республиканская научно-техническая библиотека
- ^ Станіслаў Суднік. Да пытання нацыянальнага самавызначэння Ігната Дамейкі // «Лідскі летапісец» №19.
- ^ История и культура Беларуси. Памятные монеты, посвященные "200–летию со дня рождения Игната Домейко" (рас.). Сайт Нацыянальнага банку Беларусі. Праверана 26 кастрычніка 2010 г.
Літаратура
рэдагаваць- Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі. Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў // Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Энцыклапедыкс», 2002. — 136 с., [4] іл. ISBN 985-6599-64-4.
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1
- Пас Дамейка Леа-Пласа. Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі (1802—1889). Мінск: Выдавецкі дом «Звязда», 2017
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Paz Domeyko. A Life in Exile. Ignacy Domeyko 1802—1889. — Sydney, 2005. ISBN 0-646-44728-9. (анг.)
- Paz Domeyko Lea-Plaza. Ignacio Domeyko. La Vida de un Emigrante. — Santiago, 2002. Random House Mondadori (Editorial Sudamericana). ISBN 956-262-161-8. (гішп.)
- Ignotas Domeika Lietuvai, Prancūzijai, Čilei. 1802—1889. Ignacy Domeyko for Lithuania, France, Chile. Ignacy Domeyko Lituanie, France, Chili. — Vilnius: Vilniaus universitetas, Lietuvos istorijos institutas, Lietuvos nacionalinis muziejus, 2002. ISBN 9955-415-20-7. (лет.) (анг.) (фр.)
- Garbowska J., Jakubowski K. Ignacy Domeyko: (1802—1889). — Warszawa — Lida: Towarzystwo Kultury Polskiej Ziemi Lidzkiej, 1995. ISBN 83-901353-6-1. (пол.)
- Ignacy Domeyko. Moje podróże: pamiętniki wygnańca. — Wrocław: Ossolineum, 1962. (пол.)
- Kośka M. Ignacy Domeyko. — Warszawa: DiG, 1998. ISBN 83-7181-062-8. (пол.)
- Ryn Z. J. Ignacy Domeyko — obywatel świata. — Kraków: Jagiellonian University Press, 2002. ISBN 83-233-1552-3. review, Polish language (пол.)
- Wójcik Z. Ignacy Domeyko: Litwa, Francja, Chile. — Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 1995. ISBN 83-904914-2-7. (пол.)
- Ryn Z. J. Ignacio Domeyko — ciudadano de dos patrias. — Antofagasta: Universidad Catolica del Norte, 1994. (парт.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Genealogia rodu Domeyko. Genealog - Genealogia Chilena. Праверана 26 кастрычніка 2010 г. (гішп.)