Рыгор Барадулін

беларускі паэт, эсэіст, перакладчык

Рыго́р Іва́навіч Бараду́лін (24 лютага 1935, Верасоўка, Ушацкі раён, цяпер Віцебская вобласьць — 2 сакавіка 2014, Менск, Беларусь) — беларускі паэт, эсэіст, перакладчык. Народны паэт Беларусі (1992).

Рыгор Барадулін
лац. Ryhor Baradulin
Рыгор Барадулін у 2010 годзе, Ушачы
Рыгор Барадулін у 2010 годзе, Ушачы
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Рыгор Іванавіч Барадулін
Псэўданімы Алесь Чабор, Авось Савось, Алесь Каліна
Нарадзіўся 24 лютага 1935(1935-02-24)[1]
хутар Верасоўка, Ушацкі раён, Беларуская ССР
Памёр 2 сакавіка 2014(2014-03-02) (79 гадоў)
Менск, Беларусь
Пахаваны
Бацькі Іван Барадулін[d]
Куліна Барадуліна[d]
Сужэнец Валянціна Барадуліна[d]
Дзеці Ілона Барадуліна[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці беларускі паэт, эсэіст, перакладчык
Гады творчасьці 1953 — 2014
Жанр верш, паэма, эсэ
Мова беларуская
Дэбют газэта «Чырвоная зьмена», 1953 г.
Прэміі Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1976), Народны паэт Беларусі (1992)
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com
Творы на сайце Kamunikat.org
www.baradulin.by

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 24 лютага 1935 году на хутары Верасоўка (афіцыйная назва на той час была «Гарадок ІІ Востраў-Сарочынскага сельсавету») ва Ўшацкім раёне (цяпер вёска Гарадок) у сям’і Івана й Куліны Барадуліных. У 1937 годзе хутар быў ліквідаваны, і сям’ю паэта перасялілі ва Ўшачы. Дзед паэта па мамінай лініі, Андрэй Гальвіньш, быў этнічным латышом. Бацька загінуў у 1944 годзе падчас Другой сусьветнай вайны ў партызанскім атрадзе. Навучаўся ва Ўшацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954), затым на філялягічным факультэце БДУ ў Менску (закончыў у 1959).

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях (сярод іх — газэта «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН (1984).

З'яўляўся сябрам СБП ды Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1990 да 1999 — ягоны прэзыдэнт), сябрам Партыі БНФ. З 1995 да 1997 году быў сябрам кіраўніцтва Беларускага Фонду Сораса.

Памёр увечары 2 сакавіка 2014 году, ва ўзросце 79 гадоў[2]. Разьвітальная паніхіда паводле грэка-каталіцкага й рыма-каталіцкага абрадаў прайшла 4 сакавіка 2014 году ў Менску ў Касьцёле Сьвятых Сымона і Алены[3]. Пахаваны побач з маці на Ўшацкіх могілках у Віцебскай вобласьці[4].

Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, унучка Дамініка.

Творчасьць

рэдагаваць
 
Стол з асабістымі рэчамі пісьменьніка

Пачаў друкавацца з 1953 году, першыя вершы былі зьмешчаныя ў газэце «Чырвоная зьмена». Першы зборнік паэзіі — «Маладзік над стэпам» — выйшаў у 1959 годзе. Цалкам плён працы Барадуліна складае каля 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі (сярод якіх шмат зборнікаў сатыры й гумару, а таксама вершаў для дзяцей), крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выходзілі ў сьвет зборы выбраных твораў паэта (у 1984 і з 1996 па 2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшла толькі чатыры.

Да 25-годзьдзя пантыфікату Папы Яна Паўла II Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Папы Рымскага «Рымскі трыпціх» і меў магчымасьць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 г. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.

Пераклаў на беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Яна Райніса (1980), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Фэдэрыка Гарсія-Лёркі (1975), «Мэлёдыя каліны» Івана Драча (1981), «Ветраліст» Габрыелі Містраль (1984), «Рубаі» Амара Хаяма (1989); «Слова пра паход Ігараў» (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Ўільяма Шэксьпіра, Джорджа Байрана, Яна Няруды, Нікаляса Гільена, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Бранеўскага, Сяргея Ясеніна, Расула Гамзатава, Сэсара Вальехі й іншых.

Родная мова зьяўляецца адной з тэмаў творчасьці Барадуліна. Ад маці яму перадалася незвычайная чуйнасьць да мовы. Багацьце вуснае народнапаэтычнае творчасьці, засвоенае зь дзяцінства, стала добрай асновай творчае індывідуальнасьці[5].

Чэрпаючы з народных запасаў моўнае культуры, паэт адкрывае неабмежаваныя магчымасьці словаформаў і спалучэньня словаў, вяртае забытым словам першародную сьвежасьць. Жывое маўленьне выходзіць за рамкі ўсталяваных літаратурных канонаў. У яго аснове — словаўтваральныя асаблівасьці народных гаворак, ад цэнтральных да паўднёва-ўсходніх, але найбольш паўночна-заходніх: кубло, лайно, гайня, ванцак, брыка, шчамель, каліва, адлега й інш. У дзеясловах I-га спражэньня 3-й асобы адзіночнага ліку замест канчатка ўжываюцца распаўсюджаныя на Віцебшчыне -іць, -ець: Іць, як ніць, зьвініць якраз па-ўшацку: // Брыка едзіць і гудзіць шчамель («У Задаброцьці»); Дома ж па мне дзеткі бядуюць, // Дзе ж наша мамка начуець («Аблачынка-самабранка»); Добра таго лаіць, хто сорам маіць («Улакладненьне да асабовага лістка па ўліку партызанскіх атрадаў»[5].

Замест літаратурнага -ф- паэт нярэдка ўжывае народнае -хв-: хварсіць, хвартух, Стахван і іншыя[5].

Як і ў жывое народнае гаворцы, у Барадуліна сустракаюцца запазычаньні зь іншых моваў — русізмы й калькі з расейскае мовы: пратаць, нятленна, убога, вуздэчка, адрогі й інш. У матчынай малітве расейскамоўныя словы захоўваюць беларускае вымаўленьне: Сахрані мяне, Божа, // Адныні давеку («Веды»). Ёсьць запазычаньні зь іншых моваў: сэнк’ю, адз’ю, барханы й іншыя[5].

Багата ў сваёй творчасьці Барадулін ужывае архаізмаў, таксама папаўняючы індывідуальны слоўнік шматлікімі ўласнымі новатворамі. Вельмі натуральна ад назоўнікаў і прыслоўяў утвараюцца дзеясловы нашчыць, надзеіць, ніцець, травець, курганець, шкурыць, звуглець, славяніцца, дзеўчыцца, нявесьціцца, ведзьміцца й іншыя[5].

З дапамогай суфіксаў утвараюцца новыя назоўнікі: Выгнаньні — заакіяньнік, // Крывіцкае песьні даньнік («Данчык»)[5].

Паводле аналёгіі з агульнаўжывальнымі словамі (сьвежына, ярына, чужына" паэт утварае новыя: палатніна, крамніна, даматканіна й інш. Ягонымі наватворамі можна лічыць і такія, як нарачонка, распушчонка й інш. Рыгор Барадулін вярнуў з забыцьця такія шырокавядомыя цяпер словы, як неруш і нагбом[5].

У прыметніках жаночага роду адзіночнага ліку ў родным склоне ўжываюцца канчаткі -ае, -ое, якія надаюць самабытнасьць гучаньню: крывіцкае песьні, птушынае гурмы, званы сьвятое Сафеі й іншыя[5].

Як і ў народнай мове, у Барадуліна можна сустрэць памяншальна-ласкальныя формы прыметнікаў і назоўнікаў: персьценькі, бялюткая, халадок, халерынка, сабачынка. Таксама ён уключае ў свае творы шмат прастамоўяў, зьніжанае лексыкі, словаў з эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай: выжлы, віжы, чмур, прычындальле, хваробішча[5].

Палітычныя

рэдагаваць

У школе Рыгор Барадулін не зьяўляўся ўдзельнікам піянэрскага руху: падчас запісу ў арганізацыю Барадулін зьбег са школы. Потым пра той факт, што ён не далучыўся да піянэрскай арганізацыі, настаўнікі забыліся, таму Рыгор Барадулін гэтак і ня стаў піянэрам. У юнацтве далучыўся да камсамолу. Падчас працоўнай дзейнасьці неаднаразова адхіляў прапановы далучэньня да шэрагаў КПСС.

У канцы 1980-х гадоў, падчас перабудовы й разьвіцьця зьвязаных зь ёю нацыянальна-адраджэнскіх рухаў у рэспубліках СССР, зьяўляўся актыўным удзельнікам грамадзкага руху Беларускі народны фронт «Адраджэньне», потым далучыўся да Партыі БНФ, якая ўтварылася на падмурку гэтага руху. На першых Прэзыдэнцкіх выбарах у гісторыі Беларусі (1994 год) разам з Васілём Быкавым актыўна падтрымліваў Зянона Пазьняка. З другой паловы 1990-х актыўнага ўдзелу ў палітыцы не прымае. У інтэрвію выказвае рэзкія антыкамуністычныя погляды.

Рэлігійныя

рэдагаваць

У дзяцінстве Рыгор Барадулін быў ахрышчаны рымска-каталіцкім сьвятаром. З канца 1980-х гадоў Барадулін адносіць сябе да вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (уніятаў). Пры гэтым не лічыў пытаньне канфэсійнай прыналежнасьці істотным, бо «Бог для ўсіх адзіны». 28 чэрвеня 2004 году разам з архімандрытам Сяргеем Гаекам меў асабістую аўдыенцыю з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ. Актыўна працаваў у жанры духоўнай лірыкі.

Прызнаньне і ўшанаваньне

рэдагаваць

У 1964 годзе Уладзімер Караткевіч прысьвяціў яму напісаную аповесьць «Ладзьдзя Роспачы» і падарыў яе рукапіс[6].

Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (1992). Узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады з Фэдэрыка Гарсіі Лёркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латыскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званьне Афіцэра Ордэну (4 ступень) 23 красавіка 1997 г.)[7] і мэдалём Францішка Скарыны. Барадулін зьяўляецца ганаровым доктарам БДУ й ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёну.

У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).

Бібліяграфія

рэдагаваць

Зборнікі паэзіі

рэдагаваць
  • Маладзік над стэпам. Мн., 1959 (перавыд. 2010, Менск);
  • Рунець, красаваць, налівацца! Мн., 1961;
  • Мех шэрых, мех белых. Мн., 1963;
  • Нагбом. Мн., 1963;
  • Дойны конь. Мн., 1965;
  • Красавік. Мн., 1965;
  • Неруш. Мн., 1966;
  • Адам і Ева. Мн., 1968;
  • Лінія перамены дат. Мн., 1969;
  • Экзамен. Мн., 1969;
  • Ай! Не буду! Не хачу! Мн., 1971;
  • Вяртанне ў першы снег. Мн., 1972;
  • Журавінка. Мн., 1973;
  • Рум. Мн., 1974;
  • Свята пчалы. Мн., 1975;
  • Суровая вымова. Мн., 1976;
  • Прынамсі… Мн., 1977;
  • Што было б тады, калі б? Мн., 1977;
  • Абсяг. Мн., 1978;
  • Белая яблыня грому. Мн., 1979;
  • Вечалле. Мн., 1980;
  • Ці пазяхае бегемот? Мн., 1981;
  • Паэма прызнання. Мн., 1982;
  • Амплітуда смеласці. Мн., 1983;
  • Выбраныя творы: У 2 т. Мн., 1984;
  • Абразы без абразы. Мн., 1985;
  • Азбука не забаўка. Мн., 1985;
  • Індыкала-кудыкала. МН., 1986;
  • Маўчанне Перуна. Мн., 1986;
  • Парастак радка, галінка верша: Артыкулы, эсэ. Мн., 1987;
  • Бервенізацыя. Мн., 1988;
  • Мудрэц са ступаю. Мн., 1988;
  • Вяртанне. Разам з В. Ждановічам. Мн., 1988;
  • Кобра ў торбе. Мн., 1989;
  • Самота паломніцтва. Мн., 1990;
  • Міласэрнасць плахі. Мн., 1992;
  • Трэба дома бываць часцей. Мн., 1993;
  • Азбука — вясёлы вулей. Мн., 1994;
  • Асобы рознай пробы. Мн., 1994;
  • Евангелле ад Мамы. Мн., 1995;
  • Аратай, які пасвіць аблокі: Эсэ і некананізаваныя ўспаміны. Мн., 1995;
  • Слаўлю чысты абрус. Мн., 1996;
  • Грышка, Мішка і Шчыпай ехалі на чоўне. Мн., 1996;
  • Здубавецце. Мн., 1996;
  • Збор твораў: У 4 т. Мн., «Мастацкая літаратура»: т. І — 1996, т. ІІ — 1998, т. ІІІ — 1999, т. IV — 2002;
  • Ішоў коця па канапе. Мн., 1997;
  • Як воўк калядаваў. Мн., 2000;
  • Лісты ў Хельсінкі. Мн., 2000;
  • Зорка спагады. Мн., 2000;
  • Босая зорка. Мн., 2001;
  • Калі рукаюцца душы: Паэзія з прозай. З Васілём Быкавым. Мн., 2003;
  • Дуліна ад Барадуліна. Радыё Свабодная Еўропа. Радыё Свабода, 2004;
  • Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю: Песні матчыны з Вушаччыны. Мн., 2005;
  • Ксты. Мн., 2005;
  • Ксты/Ksty. Мн., 2006;
  • Быць!/To Be! Мн., 2006;
  • Рымскі дыпціх. Полацк, 2006;
  • Рымскі трыпціх. Роздумы. Полацк, 2006;
  • Руны Перуновы. Мн., 2006;
  • Ксты. Выданне другое, дапоўненае. Мн., 2006;
  • Ксты/Ksty. Выданне другое, дапоўненае. Мн., 2007;
  • Выбраныя творы. Беларускі кнігазбор. Мн., 2008;
  • Выпаў грук у грома з рук. Мн., 2009;
  • Навошта. Мн., 2009;
  • Ксты. Выданне трэцяе, дапоўненае. Мн., 2009;
  • Халодная памяць вады. Мн., 2010;
  • Перакуленае/Опрокинутое. М., 2010;
  • «Вяльмуе Бог абраннікаў сваіх». Полацк, 2011;
  • Толькі б яўрэі былі!.. Мн., 2011;
  • Anima. Мн., 2011;
  • Сябры. Мн., 2013;
  • Лепей: Рукапісы 1952—2013. Мн., 2013.
  • У неба пехатою. Мн., 2014.

Пераклады зборнікаў іншых паэтаў

рэдагаваць

Творы Рыгора Барадуліна, перакладзеныя на расейскую мову

рэдагаваць
  • Аист на крыше: Стихи. М., 1966;
  • Избранная лирика. М., 1969;
  • Раскидач: Весёлые стихи. Мн., 1969;
  • Баллада Брестской крепости. Мн., 1975;
  • Небо твоих очей: Стихи и поэма. М., 1976;
  • Озеро у горизонта: Стихи. М., 1979;
  • Праздник пчелы. М., 1980;
  • Поэма признания: Стихи и поэмы. Мн., 1982;
  • Каждый четвёртый. Стихи. М., 1984;
  • Избранное: Стихотворения. Поэмы. 1955—1983. М., 1985;
  • Кошки в лукошке: Весёлые стихи и сказки. Мн., 1985;
  • Белая яблоня грома: Стихи. М., 1989.

Творы Рыгора Барадуліна, перакладзеныя на іншыя мовы

рэдагаваць

Эпісталярый

рэдагаваць
  • Лісты да Васіля Быкава. У кн.: Дажыць да зялёнай травы… Львоў, 2008;
  • Паслаў бы табе душу… Ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954—1971). Мн., 2009.

Навукова-папулярныя выданьні Рыгора Барадуліна

рэдагаваць
  • Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна. Мн., 2013.

Сьпіс моваў, на якія перакладзеныя творы Рыгора Барадуліна

рэдагаваць
  1. ^ Бородулин Рыгор Иванович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ Памёр народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Наша Ніва (2 сакавіка 2014). Праверана 2 сакавіка 2014 г.
  3. ^ Тысячы чалавек прыйшлі развітацца з Рыгорам Барадуліным
  4. ^ Іна Студзінская (4 сакавіка 2014) Беларусь разьвіталася з апошнім тытанам. Радыё Свабода. Праверана 4 сакавіка 2014 г.
  5. ^ а б в г д е ё ж з Л. М. Гарэлік. Барадулін Рыгор Іванавіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 73—75
  6. ^ Глеб Лабадзенка. На 23 старонках рукапісу цэнзары зрабілі Караткевічу 296 правак // Зьвязда : газэта. — 26 лістапада 2010. — № 228 (26836). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Пералік узнагароджаных на афіцыйным сайце Прэзідэнта Латвіі
  8. ^ Ferdinand Neureiter Weißrussische Anthologie. Ein Lesebuch zur weißrussischen Literatur. — München: Verlag Otto Sagner, 1983. — С. 206—208. — 230 с. — (Slavistiche Beiträge). — ISBN 3-87690-252-5 (ням.)
  9. ^ Станам на 2013 год. Ксты: — Рыгор Барадулін. — 4-е дапоўн. выд. — Мн.: Рым.-Катал. парафія св. Сымона і св. Алены, 2013. — 528 с, [8] л. іл. ISBN 978-985-6652-50-2.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. — Мн., 1992. — Т. 1. — С. 210—235
  • Барадулін Рыгор // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Л. М. Гарэлік. Барадулін Рыгор Іванавіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994.— 655 с. С. 73—75

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць