Шавінізм

ідэалёгія нацыянальнага вяршынства

Шавіні́зм (франц. chauvinisme) — прапаганда этнічнай і расавай вынятковасьці з распальваньнем міжэтнічнай варожасьці(en), што суправаджаецца этнічнай дыскрымінацыяй. У 1870-я гады ў Ангельшчыне атрымаў назоў джынгаізм(en). Увасабляецца праз захопніцкі напад на іншую краіну і прыгнёт этнічнай меншасьці. Грунтуецца на перакананьні ў прызначэньні асобнага народу прывіваць іншым народам свае культуру і лад жыцьця. У крайнім выглядзе праявіўся ў фашызьме. Жывіць сучасны расізм. Для прыхаванага распаўсюду выкарыстоўваецца прымальная для ўсіх грамадзка-асьветная ідэалёгія, бесчалавечнасьць якой выяўляецца толькі на позьняй ступені масавага псыхозу і гвалту (нацыянал-сацыялізм). На ўзроўні дзяржаўнага кіраваньня вядзе да генацыду (галакост жыдоў і цыганоў у Трэцім Райху, армянаў у Асманскай імпэрыі 1915—1916 гадоў) і этнічнага выгнаньня[1].

Паходжаньне тэрміну

рэдагаваць

Тэрмін паходзіць ад прозьвішча прыхільнага да захопніцкіх паходаў Напалеона І Банапарта навабранца Нікаля Шавэна(en) ў п’есе братоў Шарля-Тэадора і Жана-Іпаліта Каньяр(fr) «Трохкаляровая кукарда» (1831)[1].

Адрозьненьне ад нацыяналізму

рэдагаваць

У адрозьненьне ад нацыяналізму, шавінізм выяўляецца толькі ў дамінуючай, панавальнай нацыі. Раней шавінізм было прынята лічыць формай нацыяналізму, але цяпер дасьледнікі нацыяналізму праводзяць грань паміж нацыяналізмам, уяўлялым зь сябе амбівалентную самаідэнтыфікацыю этнаса, і шавінізмам, дзе самаідэнтыфікацыя групы ствараецца «ад адваротнага».

Прыклады

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Расейскі фашызм

У пачатку 1990-х гадоў мілітарызаваны расейскі шавінізм узьнік у войску на аснове імпэрскіх традыцыяў пад назовам рашызм[2] (русізм)[3][4]. Панятак спарадзіў савецкі журналіст курдзкага паходжаньня Карэм Раш (нар. 2 студзеня 1936 г.; сяло Ако, Армянская ССР) сваім эсэ «Армія і культура», выдадзеным ў 1989 годзе ў Маскве[2] Выдавецтвам Міністэрства абароны СССР . У першым разьдзеле («Памяць — фактар абаронны») свайго эсэ К. Раш выказаў «асабістае перакананьне, што мы зрабілі верны, палітычна мудры і рашучы крок, увёўшы войскі ў Аўганістан» у 1979 годзе. Таксама ён цьвердзіў, быццам менавіта «працяглыя войны расейскага самадзяржаўя па ўціхамірваньні Каўказу, якія доўжыліся ледзь не паўстагодзьдзя, спарадзілі з боку расейскіх афіцэраў Лермантава, Марлінскага, Адаеўскага, а таксама Пушкіна выдатныя паэмы, вершы і прозу». Далей зьмясьціў заклік: «Абнаўленьню жыцьця мае спадарожнічаць ачышчэньне роднай мовы… ад штампаванага газэтнага хламу… запас словаў захламлены ў нас… заходнімі запазычаньнямі». Таксама Раш цьвердзіў, быццам «Баброк, Ярмак, Перасьвет, Калаўрат, Платаў, Сувораў і, нарэшце, Жукаў» былі людзьмі «найвышэйшай духоўнасьці», і назваў «здаровым сэнсам» тое, што «Пётар I указам 1722 году прызначыў вайскоўцаў кіраваць нават праваслаўнай царквой»[5].

У 2-ім разьдзеле «„Порна“ і рок — новая зброя» К. Раш заявіў, быццам савецкае войска «здолела… зьберагчы каштоўныя традыцыі расейскага войска», і быццам «маральныя асновы грамадзтва… можна пахіснуць, дастаткова ўкараніўшы ў неабмежаванай колькасьці рок, дыска, відэа». У трэцім разьдзеле «Ратнік — слова сьвятое» ён абвясьціў, што «мастацтва… можа стаць „пятай калёнай“ у сваёй краіне», і адзначыў, што расейскія пісьменьнікі не прысьвяцілі «Кузьме Мініну — ніводнай кнігі, ніводнай паэмы, ніводнай песьні». У 4-ым разьдзеле «Армія — станавы хрыбет» Раш цьвердзіў «аб адмысловым прызначэньні Расеі», і што «вайсковец… вышэйшы за цывільнага паводле ролі, паводле прызначэньня, паводле прызваньня». У 5-ым разьдзеле ён заявіў: «Няма больш дакладнай прыкметы распаду маральных сашчэпаў грамадзтва за наёмную армію… Нам няма чаго тут пераймаць у Амэрыкі». І заклікаў: «У армейскія бібліятэкі і ўсе ваенныя вучэльні маюць прыйсьці нашыя выдатныя гісторыкі Тацішчаў, Карамзін, Салаўёў, Ключэўскі, Сяргеевіч, Грэкаў» імпэрскага пэрыяду[5].

У сьнежні 1994 г., адразу пасьля пачатку першай расейска-чачэнскай вайны, прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Джахар Дудаеў ухваліў сваім указам «Канцэпцыю нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя», што ўлучала апісаньне русізму: «Русізм — адмысловая форма чалавеканенавісьніцкай ідэалёгіі, заснаванай на вялікадзяржаўным шавінізьме, поўнай бездухоўнасьці і амаральнасьці. Адрозьніваецца ад вядомых формаў фашызму, расізму, нацызму адмысловай лютасьцю як да чалавека, так і прыроды, да самога Творцы Сусьветаў. Прынцып дзеяньня — зьнішчэньне ўсяго і ўсяе, тактыка выпаленай зямлі. Адрозьніваецца шызафрэнічнай формай маніі сусьветнага панаваньня. Валодаючы рабскай псыхалёгіяй, паразытуе на хлусьлівай гісторыі, на экспансаваных тэрыторыях і народах. Русізму ўласьцівы пастаянны палітычны, юрыдычна-прававы, ідэалягічны тэрарызм»[3].

15 студзеня 1997 г. заснавальнік і старшыня Народнай нацыянальнай партыі Расеі(en) Аляксандар Іваноў(en) зьмясьціў свой артыкул «Мая вера — русізм» у маскоўскай газэце «Эра Расеі». У тым артыкуле ён заявіў, што «Русізм у першую чаргу грунтуецца на расавых якасьцях славяна-русаў». Тамсама А. Іваноў цьвердзіў, быццам расейцы ёсьць «бацькамі ўсіх народаў Эўропы» і прапанаваў «шлях»: «зьнішчыць сам панятак „кансэнсус“ і… ісьці да панаваньня, …каб заваяваць права загадваць». Далей ён абвяшчаў: «Мы ўспадкуем Эўропу і Азію. Мы, расейцы, вучыць русізм, складзем кіроўны слой будучай Белай імпэрыі ад Акіяну да Акіяну». Таксама А. Іваноў выступіў супраць народаўладзьдзя і нацыяналізму: «Трыюмф неразьвітых душаў выяўляецца ў дзяржаўным ладзе, тыпу дэмакратычнага. Трыюмф неразьвітых душаў выяўляецца таксама і ў местачковым нацыяналізьме, тыпу ўкраінскага, беларускага, сыбірскага, казацкагаЧорт — гэта дэмакратычная таўкучка». І нават цьвердзіў, быццам «не было ў [Расейскай] імпэрыі ні беларусаў, ні ўкраінцаў», якіх абазваў бела- і маларосамі адпаведна. Ён зьмясьціў у артыкуле і заклік «расейцы маюць… заняць абсалютна ва ўсіх сфэрах дзяржаўнага мэханізму ўсе кіроўныя пасады, а таксама ператварыць абсалютна ўсе СМІ ў рупар ідэяў русізму», бо, на ягоны погляд, «Расея створаная… толькі для расейцаў». Пры гэтым дадаў, быццам «праваслаўе — гэта рэлігія сотняў тысячаў гадоў», і «калі мы ня будзем ваяваць — вайна ўвойдзе да нас»[4].

У лютым 2000 г., напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі(en), Аляксандар Іваноў пад мянушкай «партыйны ідэоляг» зьмясьціў у сваёй газэце «Я — расеец» артыкул, у якім заявіў: «Пуцін, як палітычны дзяяч, ёсьць гіпэрмастом між марксізмам і русізмам… Пуцін даволі ўмела вядзе замежную палітыку… Станоўчае значэньне Пуціна як палітыка складаецца ў тым, што ён, ня гледзячы ні на што, працягвае весьці Каўкаскую вайну»[6].

  1. ^ а б Сяргей Яцкевіч. Шавінізм // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 355-356. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  2. ^ а б Аляксандар Кулеш. Ці стане войска беларускім // Спадчына : часопіс. — 1992. — № 4. — ISSN 0236-1019.
  3. ^ а б Джахар Дудаеў. Русізм як галоўная крыніца гвалту // Канцэпцыя нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя = Концепция национально-государственной политики Чеченской Республики Ичкерия. — Грозны: 1994. — С. 2. — 13 с.
  4. ^ а б Аляксандар Іваноў-Сухарэўскі. Мая вера — русізм  (рас.) // Эра Расеі : газэта. — 15 студзеня 1997. — № 1 (24).
  5. ^ а б Карэм Раш. Армія і культура // Ваенныя прыгоды = Военные приключения / склад. Станіслаў Гагарын. — Масква: Ваенвыдавецтва, 1989. — Т. 1. — С. 393-447. — 448 с. — ISBN 5-203-00973-2
  6. ^ Партыйны ідэоляг. Не падлашчвайцеся да Бога  (рас.) // Я — расеец : газэта. — Люты 2000. — № 48.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць